Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Станаўленне

Далідовіч Генрых

Шрифт:

Хоць быў я невінаваты, але мне, здаецца, адразу ж палягчэла ад гэтай навіны. Усцешыўся, што i маці з бацькам супакоіліся, не будуць думаць абы-чаго пра мяне ды саромецца перад вёскаю. Сапраўды ж, было б не паказацца нікому на вочы, каб я аказаўся злодзеем. Заадно радаваўся, што i з мяне спала абвінавачванне. Ужо ў маладыя свае гады я адчуў: няма на свеце болей пакутлівага ды гораснага, чым хітра прыдуманы паклёп, падазрэнне.

Увечар, калі вярнуўся з работы бацька, маці запатрабавала:

— Падавай, Васіль, на Вішняўца ў суд. Няхай патрасуць, каб не задзіраў нос ды не распускаў рукі. Няхай пакараюць, што дзіця ў пасцель уклаў, душу пакалечыў…

— Абышлося ўсё, дык i добра, — буркнуў бацька, здаецца, саромеючыся, што меў злосць, не верыў мне.

— Дзе ж яно «добра»?! — не адступала маці,— Ён хоць папрасіў выбачэння, што нас абразіў, дзіця набіў?

Бацька ўнурыў галаву i нічога не адказаў. Закурыў i зморшчыў лоб.

— Каб ён быў чалавек, меў душу i сэрца, дык сам прыйшоў бы i перад невінаватым дзіцем на калені стаў бы… — папікала маці бацьку за падатлівасць ды заадно выказвала сваю злосць на Вішняўца. — Але ён не прыйшоў i не прыйдзе, бо мы зашмат патураем яму, усё дароўваем. Іншы перадумаў бы ды чалавекам стаў, а ён толькі свінее…

Маці ў той вечар яшчэ доўга дакарала бацьку, кляла майго крыўдзіцеля. Я сам сабе рашыў: трэба абавязкова пакараць Вішняўца. I я пакараю яго. Сваёю пагардаю.

Сапраўды, я доўга, пакуль жыў у вёсцы, пагарджаў Вішняўцом, хоць, здаецца, гэтым надта яго не бянтэжыў. Спачатку пры сустрэчах ён пасміхаўся, жартаваў, нават пакепліваў з мяне, а пасля, бачачы, што я пазіраю на яго спадылба, абмінаў мяне i абы-што нагаворваў за вочы. Нібы не ён мне, а я яму зрабіў прыкрасць.

6

Прайшлі гады, i тая даўняя мая крыўда, як казаў ужо, паволі забылася ці ўспаміналася ўжо не з такім, як у маленстве, болем. Ажыла, абзыўнулася, калі ўбачыў старога ўжо Вішняўца на пляцоўцы каля нашай кватэры. Дагэтуль добрыя пятнаццаць гадоў ён не трапляў мне на вочы ні ў сталіцы, ні ў тым гарадку, дзе цяпер жыве, ні ў нашай вёсцы, куды i ён, як кажуць, зрэдку прыязджае.

…Пасля сустрэчы з Вішняўцом я даў сабе зарок: стрымлівайся з усіх сіл i без дай прычыны не крыўдзі чалавека. Калі ведаеш цяжар крыўды, болю, дык не трэба свядома жадаць гэтага некаму.

Помнік на ўзгорку

Лявончык, задумаўшыся, сек каля дрывотні галлё. На хвілінку запыніўся, каб адпачыць, зірнуў на блізкую сценку: тудою шпарка, угнуўшы галаву, ехаў на веласіпедзе Рыгор Бурак. Да рамы было прывязана кассе, да багажніка прымайстравана загорнутая ў анучку каса.

«Паехаў выбіваць нагледжаную лапінку травы», — падумаў Лявончык. Пазайздросціў, што Бурак старэйшы, але гэткі яшчэ рухавы, дужы. Лічы, два тыдні былі на сенакосе, на Шубіне, касілі, пераварочвалі, грэблі, стагавалі сена, млелі ад спякоты, смагі ды ад аваднёў i камароў, толькі сёння вярнуліся дадому — а ён, бачыш, зноў за касу. Праўда, i ён, Лявончык, не песціўся на ложку, але ўсё роўна аж паківаў галавою: ну, Бурак! Жылісты яшчэ, стары корч! Спраўнейшы нават за некаторых маладых.

Падумаў гэтак i захваляваўся. А што, калі Бурак падаўся ў яго норцік? Кожны гаспадар з вёскі мае ў лесе, у кустах ці каля рэчкі невялікі лапік, які па няпісанаму закону лічыцца толькі яго. Лявончык спрадвеку выкошваў Ярылаў норт. Але сёння гэты Бурак можа ўплішчыцца туды. Ён, бадай, болей за ўсіх з вёскі не любіць Лявончыка, зычыць яму толькі бяды i ліха. Можа, яшчэ i больш за Салавейчыкаву Ганну, хоць тая ўвогуле ні з ім, ні з жонкаю не гаворыць. Няпрыязь іхняя даўняя, яшчэ з маладых гадоў. З вайны.

«Пабягу i я, — сцепануўся i ажывіўся Лявончык, — закашу свой норт. Тады ўжо ні Бурак, ні іншы хто не ўлезе».

Ён усадзіў у калоду сякеру i падаўся ў дрывотню па касу i брусок.

Калі хуценька трусіў да дарогі, запыніла жонка. Яна збірала з бульбоўніку, што ўжо лашчыў вочы белымі, чырвона-фіялетавымі i сінімі кветкамі, каларадскіх жукоў. Падняла галаву, зірнула на яго ca здзіўленнем.

— Ты куды? Паляжаў бы…

Ён зірнуў на яе, невысокую, худую, быццам невылечна хворую, з выцвілымі вачыма, i нічога не сказаў. Бо i цяпер убачыў у яе позірку не толькі спачуванне, але i затоены боль, нават пакуту — за яго некалішнюю памылку, Гэтая памылка каменем ляжыць на яго i яе сэрцы.

— Прыйдзе час — наляжуся… — буркнуў, калі мінаў яе.

Жонка нічога больш не прамовіла, здаецца, з жалем пазірала, як ён ідзе — цяжка, прыгорбіўшыся, без ранейшай жвавасці, хоць i вымагаецца з усіх сіл здавацца бадзёрым. Сёння яго крануў гэты спачувальны жончын позірк, бо дабрыня, пяшчота заўсёды дарагія, але ён не ведаў, як аддзячыць. Не ўмеў, нават асцерагаўся гаварыць жонцы цёплыя словы. Больш бурчаў, злаваўся, чым быў ласкавы. I дзяцей не вельмі атуляў увагаю, любоўю.

Адчуваў: зараз, пад старасць, за ўсё гэта трэба дорага плаціць. Хочацца i мець ласку, i самому быць ласкавым. Не выходзіць такое, простае, чалавечае, i ў гэткія гады — значыць, неяк не так, як трэба, ты, чалавек, жывеш, не тое робіш.

Узбоч бульбянога поля, на поплаўчыку, бегаў, ловячы белага матыля, унук Пецька. За летні месяц, што пабыў у ix, паправіўся. Знікла з твару нездаровая белізна, заявілася ружовасць, падужэў i набраў моцы, як маладое дрэўца на добрай зямлі.

— Дзед, ты куды? — падбег. Патрусіў побач. Сёмы годзік хлопцу, але высакаваты — яму ўжо вунь па грудзіну. Чорныя што смоль валасы, вочы. Увесь у бацьку.

— Далёка, — усміхнуўся. Перад унукам, якога пакінуў бацька, не мог быць строгі.

— I я хачу з табою, — папрасіўся Пецька.

— Босы? Без маечкі? — запытаў з мяккім дакорам. — Там цябе авадні скусаюць, змяя цне. Прыедзе ў суботу маці, захоча ўбачыць свайго аднаго-адненькага сыночка — а Пецька хворы… Дык яна ж тады дзеда i бабу з хаты выгане… Ідзі лепш у сад, парэчак спелых пашукай ці трускавак.

Пажартаваў, прытуліў унука — той прыхінуўся, з мальбою пазіраў у вочы. Не памятаючы бацькі, не ведаючы мужчынскай ласкі, цягнецца да дзеда. За ім — як нітка за іголкаю.

Пазіраючы ў вялікія i глыбокія ўнукавы вочы, Лявончык зноў сумеўся. A раптам i ў ix хутка заявіцца папрок? Родныя дзеці гэтаксама некалі цягнуліся да яго, надта сыны, але пасля, калі пасталелі, пайшлі ў людзі i пабачылі свет, не толькі зчужэлі, папікалі за мінулае, a i адвярнуліся…

— Застанься дома, унучак, — папрасіў.— Я хутка вярнуся. Заўтра ўжо вазьму з сабою. Паедзем на коніку ў лес па галлё.

Пецька паслухаў, адстаў. А Лявончык зірнуў туды-сюды, ці не ідзе хто па дарозе, i прыспешыў крок. Не хацеў ні з кім сустракацца. У апошнія гады ён наогул любіў хадзіць i працаваць адзін, чужаніўся людзей, гулянак, стараўся не пазіраць нікому ў вочы. I людзі абыходзілі яго i жонку, не запрашалі на вяселлі ці хрэсьбіны, не прыходзілі ў пазыкі. Гэтая пагарда, абыякавасць, канечне, не былі без дай прычыны, але зусім забівалі яго дух.

Поделиться с друзьями: