Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Станаўленне

Далідовіч Генрых

Шрифт:

…Зіма па-ранейшаму стаяла бясснежная. Увесь снежань плыло нізкае шэрае неба, па-асенняму цабанілі дажджы. Лінула было ў адзін дзень шэрай вадзяной хлюпанкай, паляжала яна колькі хвілін на цёплых стрэхах i знікла.

У самым канцы снежня высокае i светлае стала неба, густа высыпалася ноччу зоркамі — цяпло згарнулася, узяўся іней i ўбяліў зямлю. Вада высушылася, выдзьмулася, схапілася лядком. Зямля стала цвёрдая i звонкая, гулі на моцныя маразы драты, але зімы, снежнай, з гарэзнымі, шалёнымі мяцеліцамі, не было.

Адзе зноў было адзінока, сумна i холадна на душы, яна нават здзіўлялася, чаму так нервуецца, злуецца часта на дзяцей. Яна чакала снегу, надумалася: настане снежная пара — штосьці новае, блізкае i радаснае народзіцца ў яе душы, i сама яна стане весялейшая, убачыць тое, чаго дасюль не магла разгледзець. Тады больш ахвотней i радасней здасца работа, лягчэй будзе пераносіць кпіны фізіка i літаратара, маладых жанатых настаўнікаў: яны ўвесь час пацвельваліся з яе, жартавалі, што ёй трэба выходзіць замуж — усю яе нудоту як рукой здыме. «Можна быць нешчаслівай з мужам, але нельга быць шчаслівай без мужа», — гаварылi яны.

«Вой, вельмі!» — адмахвалася Ада, але адчувала, што ёй тут больш не варта заставацца, варта паехаць адсюль i папрасіцца ў другую школу.

Так думала яна, пакуль зноў не прыйшоў Пеця. Аднойчы ён дагнаў яе па дарозе ў школу i сказаў, што будзе вечарам, ля шасці гадзін, чакаць яе за школьным садам.

«Я ж такая цікавая, як мая алгебра…» — хацела папракнуць яна, але не паспела: Пеця абмінуў яе i хутка-хутка пайшоў, не аглядаючыся.

«Што гэта з ім? — здзівілася яна. — Можа, ён тады толькі пажартаваў? Можа, ён калі не кахае, дык хоць захапіўся мною?»

Дома Ада падышла да люстэрка. Зірнула ў яго — i прыпынілася: якая яна поўная, мажная, як замужняя кабета.

«Трэба меней есці,— падумала, — я павінна пахудзець i пастрайнець».

Яна, галодная, вярнулася ў свой пакойчык, падумала пра Пецю. Пасля прылегла, але заснуць не магла, пазірала ў акно, на аб’інелы двор. Снегу там яшчэ не было, але платы, вецце так намерзлі, што былі белыя, як студзенем у вялікі мароз.

Звечарэла. Хоць i да шасці было яшчэ далёка, але неба ўжо выцемнілася, стала густа-шэрае, i ў ім не бачылася ні сонца, ні светлай палоскі ад яго. У гэты час Ада звычайна садзілася правяраць сшыткі, але сёння за ix не ўзялася.

Сёння, мусіць, Пеця, нечакана надумала яна, захоча пацалаваць яе, але трэба яму не дазволіць, сказаць: «Няхораша вы тады сказалі» ці «Пацяшаць сяброў абразамі другіх несумленна». Яна паднялася, доўга вычэсвалася i круцілася ля люстэрка.

«Не трэба так гаварыць, — перадумала яна. — Лепш памаўчаць. Але, божа мой, якая я непрыгожая! Лепш у мяне розуму напалавіну менш было б, а красы ўдвая болей… Можа, добра, што хоць Пеця звярнуў на мяне ўвагу…»

Яна яшчэ падумала, ці можна дазволіць Пецю пацалаваць яе, пра што яны будуць гаварыць. Што ён невывучаны — не бяда, яна паможа яму паступіць у які тэхнікум.

Ада апранула лепшую сукенку, новае паліто i, хвалюючыся, выйшла з хаты, пайшла хутка, каб ніхто не мог убачыць яе.

Супакоілася толькі за вёскай, суцішыла крок. Яе дагнаў на веласіпедзе школьнік, пазваніў, але, пазнаўшы, аб’ехаў, хітра ўсміхнуўся, як усё ведаў, i панёсся віхрам наперад па дарозе.

Сцямнела; Ада ўзіралася i старалася разгледзець сярод слупоў, ствалоў дрэў чалавека. Мусіць, i не ўбачыла б, каб не іскры ад цыгарэты. Калі яна падышла на агеньчык, чалавек кінуў недакурак на зямлю — ускінуліся іскры.

Гэта быў Пеця; цяпер ён нервова таптаўся, прыкурваў новую цыгарэту.

«Ён таксама, мусіць, такі смяльчак, як i я».

Ада падышла i нічога не сказала, падумала: няхай загаворыць ён; зняла з рук рукавіцы, паправіла хустку на галаве.

— Ада Іванаўна, — сапраўды першы загаварыў Пеця, — у вёсцы ўсе гавораць, i маці мая хоча… Але лепш вы пачытайце… — i ён хутка дастаў з кішэні паперку i падаў ёй.

Ада захвалявалася, ведала, што гэта прызнанне ў каханні, хацела сказаць, што цёмна, але Пеця дастаў з кішэні ліхтарык i пасвяціў ёй. Яна пачала чытаць i бачыла, як ён непісьменна піша; ірвануў халодны вецер, працяў яе, ажно ў яе пакацілася сляза. А можа, яна i заплакала, бо не дачытала гэтага ліста — нечакана зашумела ў галаве, забалелі скроні: у Пеці, выходзіць, была дзяўчына, i ён сябраваў з ёю колькі гадоў, пісаў з войска, i гэтая Таня ўвесь час пісала яму.

— Што вы, Пеця, — Ада ніяк не магла знайсці патрэбных слоў,— ні ваша Таня, ні вы не павінны адчуваць перада мною ніякай сарамлівасці i маральнага абавязку, — пасля яна адчула, што не тое гаворыць. — Гэта вам трэба перад Таняй апраўдвацца, а не перада мною…

Пеця стаяў i маўчаў.

— Ідзіце цяпер да яе i супакойце, — сказала Ада, захінулася хусткаю ад ветру, што калюча біў у твар, слязіў вочы, але яна старалася не заплакаць. Пасля адчула, што слёз не было, вырываўся толькі боль, яна адкінула на спіну галаву, чула, як апякае шыю холад. Адплюшчыўшы вочы, заўважыла: на небе высвецілася маленькая ранняя зорка i адзінока замігцела ў далёкім небе.

«Ёй там, у небе, гэтак жа, мусіць, холадна, як i мне цяпер тут, на зямлі?»

Пахадзіла за вёскаю, паслухала, як шуміць вецер, парыпвае частакол, рыпяць недзе далека вароты. Паглядзела, як знаёмая кабета скубла са стога сена, скубла i прыпынялася, дзьмула сабе на адубянелыя рукі. Дома Ада не правярала сшыткаў, не пісала планаў: рашыла быць такой, як ёсць. Пасля напісала на імя дырэктара заяву, прасілася адпусціць яе ca школы. Яна не ведала, куды паедзе, дзе будзе рабіць, але рашыла выехаць з гэтай вёскі.

Назаўтра дырэктар чытаў яе заяву i здзіўляўся:

— Чаму, Ада Іванаўна? Хто вас пакрыўдзіў?

— Ніхто мяне не крыўдзіў,— адказала яна.

— Паслухайце, — сказаў дырэктар, — дзе вы ў нашым раёне знойдзеце лепшую школу? Да горада блізенька, умовы працаваць выдатныя, гадзін, зарплаты павінна ж хапаць. Што вам у нас не спадабалася?

«Усё гэта добра, — падумала яна, — але ж я не толькi настаўнік, але i чалавек, дзяўчына… А гэтага ў заяве не напішаш».

— Падумайце яшчэ, Ада Іванаўна, — гаварыў дырэктар, — мы вас можам адпусціць, але не зможам затым назад узяць. Хоць хто будзе вучыць дзяцей, пакуль каго на ваша месца знойдуць?

Ада маўчала.

— Мы да вас прывыклі, Ада Іванаўна, — падышоў да яе дырэктар, усміхнуўся, — i дзеці, бацькі ix вас любяць i паважаюць. Вы тут патрэбны чалавек. Неўзабаве калгас у новым доме дасць вам кватэру, купіце сабе «Масквіч»… Праз год пяць мы вас заслужанай настаўніцай зробім… Чаго вам яшчэ лепшага шукаць, хацець?!

Ада не ўтрымалася i ўсміхнулася: так заспакойваюць маленькіх дзяцей, расказваючы ім «добрыя» казкі. Нечакана яна (аж дырэктар здзівіўся) падалася да акна, за ім было шэра, нават цемнавата: навісла густое неба. Яно цямнела, а пасля пачало выбельвацца. Ада аж скаланулася: на дварэ ціха i павольна сыпаўся сухі лёгкі сняжок, якога яна столькі чакала.

Поделиться с друзьями: