Станаўленне
Шрифт:
— Ну, што вы сёння зрабілі? — пытаецца маці i палівае нам на рукі халодную ваду.
Мы з бацькам намыльваем рукі, крэкчам i не спяшаемся адказваць. Другім часам я не вытрымаў бы, адразу пахваліўся б, але сёння маўчу, чакаю, што скажа бацька.
— Мы заробім скора Стасю на боты, — кажа ён.
— Малайцы! — радуецца маці.— I я вас сёння нечым пачастую…
Мы заходзім у хату, садзімся за стол. Маці высыпае ў глыбокую місу гарачую бульбу, пара з якой валіць пад столь, i ставіць маласольныя гуркі. Як убачыў я картоплю, у мяне так пацяклі з рота слінкі, што я перастаў стрымлівацца, быць «сталым», напоўніцу набіў рот бульбаю, толькі зяхаў: была яна надта гарачая, апякала рот. Дасюль я, здаецца, не ведаў, што бульба такая смачная.
— Гэта вам, мужчынам, — усміхнулася маці, узяла з паліцы невялікі кавалак сала, адрэзала два роўныя кусочкі, падала мне i бацьку.
Я добра ведаю, што ў нас ужо няма свайго сала, кончылі яшчэ вясною, хрэсьбінамі. Сама мама i бабуля сала не ўзялі, хрумстаюць гуркі i запіваюць бульбу расолам, i хоць часта гавораць, што посная гэта яда, некалі будзе лепшая, але сёння маўчаць, i, здаецца, усе задаволеныя. Толькі наша Ганька не радуецца, не засмучаецца, спіць сабе — сапе ў носік i цмокае губкамі…
— Мама, дзе вы ўзялі сала? — спытаў я, калі крыху збіў голад.
— Вы зарабілі,— кажа яна. — Занесла сёння Пётрыкавым серп, што вы змайстравалі, вось i далі. Так што i ты ўжо наш карміцель…
Я ўсміхаюся, нават бянтэжуся: так мне добра. I тут жа думаю, што, відаць, i бабуля, i маці гэтаксама хацелі б пакаштаваць сала, i я ўзяў нож, адрэзаў ад свайго кусочка i ім па скрыліку.
— Еш сам, сынок, — адмаўляецца бабуля. — Мы тут пры доме… А вы ж у кузні…
I бацька, як толькі цяпер я заўважыў, не еў сала, глядзеў на мяне i пасміхаўся, адрэзаў два кусочкі, падаў ix кабетам, хоць тыя нізавошта не хацелі браць. Узялі толькі тады свае долі, калі сказаў, што i ён не будзе есці.
Крычаты
1
Чуў я раней у сваім налібоцкім краі, як знаёмяцца чужыя людзі:
— Адкуль самі будзеце?
— З Налібак.
— А я з Хлябовіч, з Янковіч…
Толькі не помню, каб пахваліўся хто, што ён з Крычатоў — за вярсту якую схаваўся за нашым мястэчкам, за Шабуневым лесам, такі невялікі хутарок, хат дзесяць, не болей. Спытаюць незнаёмыя крычатоўца, дзе жыве, — нiколi не прызнаецца, скажа: стаіць яго хата «непадалёку Рудні, Янковіч ці Пільніцы»…
Месца, на якім аселі Крычаты, i добрае, i нядобрае: жывуць людзі на беразе шырокай ракі. У ёй многа шчупакоў, ментузоў, плотак — хапае круглы год i свежай рыбы, i сушанай, самі ўволю ядуць i прадаюць, добрую капейку бяруць. Не ведаюць людзі гopa i на сена: месца ля ix нізкае, мокрае, не скора высушваецца — расце трава ў пояс, пахкая, ядкая. I коні ахвотна ядуць i каровы.
Але ў крычатоўцаў мала ворыўнай зямлі: вясною выходзіць з берагоў рака, залівае поле; вада стаіць да чэрвеня, не дае ні араць, ні што лапатаю пасадзіць. А то ворыва забірае лес — ля самага хутарка накідваецца, прыжываецца самасейка, а воддаль уросся, укамліўся бор Налібоцкай пушчы. Дровы, ягады, грыбы блізенька, хоць лапатаю грабі, a зямлі, каб зрабіць добрыя грады ці пасадзіць бульбу, няма.
З-за гэтай зямлі яшчэ раней, за панамі, не хацелі нашы местачкоўцы браць крычатовак, a дзяўчат з вёскі нельга было зацягнуць да ix на хутар. Удавалася ў мястэчку якая бедная ці брыдкая дзяўчына, пасміхаліся: «Табе толькі за крычатоўца ісці…»
Вось так гадамі чужыя людзі абнеслаўлялі гэты лапік зямлі, пасміхаліся, забываліся пра яго, успаміналі, калі выходзіла сваё сена i трэ было дакупіць, ці ўзяць у ix рыбы, мёду або піва, якое ўмелі рабіць толькі на гэтым хутарку. Бралі i стараліся, каб ніхто пра гэта не ведаў… I благая слава трымалася, ліпла да крычатоўцаў, як смала…
Як i я помню ўжо, у Крычатах да самага калгаса не было ні школы, ні магазіна, з ix хутара ніхто не вывучыўся за настаўніка, урача, самае вялікае— налоўчваліся хлопцы рабіць бочкі, шыць касцюмы ды кажухі, век цягаліся па свеце па заработках, прыставалі ў прымы, каб пакінуць меншым кусок зямлі, a самім сесці на жончын.
Праўда, казінцы (так яшчэ завуць крычатоўцаў) амаль усе ўмелі добра спяваць i іграць на цымбалах, гармоніках. Калі паблізу бывала якое вяселле ці вечарынка, казінцы тады хадзілі каралямі: ігралі іхнія баяністы i цымбалісты, i тады ix паважалі, нават зайздросцілі, бо i танцоры былі яны спраўныя, люба глянуць было, як яны танцуюць. Вальсамі ды полькамі іхнія хлопцы знясільвалі дзяўчат, танцавалі падоўгу, прыпеўвалі, скакалі, траслі валасамі, грукалі ботамі, i ніхто з імі не мог параўнацца.
Праходзілі танцы, i забывалася гэтая павага, i нават адчувалі гэта i нашы дзеці-янкоўцы i не толькі помнілі, але i часта крычатоўцам-аднакласнікам стараліся не даць пра гэта забыцца.
Яны хадзілі ў нашу пачатковую школу, то мусілі часцей, чым нашы, падмятаць у класе, не старацца на ўроках добра адказваць i не атрымліваць пяцёрак; калі гулялі ў хованкі, ім даводзілася часцей шукаць, а не хавацца.
У нашай школе самым старэйшым i дужым быў Мішка — стараста другой змены. З раніцы вучыўся першы i трэці клас, пасля полудня — мы, другакласнікі, i большыя.
Мішка быў высокі, плячысты, пад носам у яго ўжо чарнеліся вусы — ён яшчэ да вайны адзін ці два гады вучыўся ў польскай школе, «нямала пастаяў на коленках у кутку». Дома ён араў, касіў, піў з мужчынамі гарэлку, на вечарынках агрызаўся са сталымі хлопцамі, не «папускаўся», каб над ім так жартавалі, як над намі, на гадоў восем меншымі за яго. Ён і ў школе не надта слухаўся маладой настаўніцы, часта даводзіў яе да плачу, i тая пасылала каторага з нас, каб мы паклікалі Мішкавага бацьку. Але мы, гэўрыкі, як ён дражніў нас, не хадзілі i не клікалі: баяліся Мішкі. З ім дружылі толькі пераросткі Пятро i Віця, але гэтаксама надта не пярэчылі яму.
2
…У той лютаўскі дзень яны завяліся з-за сцежкі. Праўда, яе спачатку не было: пакуль мы вучыліся, вецер круціў i перасыпаў снег, гнаў па полі, залізаў ім санную дарогу, i нам трэ было ісці па цальнягу.
Мішка, Віця i я жылі на другім ад школы канцы вёскі, i нам ладны кавалак дарогі выпадала ісці разам з крычатоўцамі, бо мы хадзілі не вуліцаю (так было далей), а па полі, напрасткі. Вось, калі выйшлі на голае поле, Мішка i пагнаў крычатоўцаў таптаць сцежку, а сам цягнуўся па ix слядах i падганяў: «Ну, ну, гэўрыкі!»
Крычатоўцы, усе дробныя, нядужыя, спачатку паслухаліся, як i заўжды, мяняліся па чарзе, ішлі след у след, але хутка стаміліся, набралі ў боты снегу, памарозілі ногі i сталі прасіцца падмяніць ix, але Мішка нават i слухаць не хацеў пра гэта, піхаў ix у плечы i гнаў наперад. Тады яны адмовіліся ісці першымі, збіліся ў кучку i плакалі, пагражалі, што раскажуць настаўніцы.
Мішка пасміхаўся, абы-што гаварыў, з месца не кратаўся, стаяў, сціскаўся ад холаду, калючага ветру, цёр халодныя шчокі i загадваў крычатоўцам падавацца. Я не вытрымаў холаду ды гэтай гыркатні i, абышоўшы ўсіх, памкнуўся таптаць сцежку, але Мішка хапіў мяне за плячо, прыцягнуў да сябе, прасіпеў: «Што — шкода ix стала? Эх ты, гэўрык!..»