Станаўленне
Шрифт:
Цяпер Мішка быў злосны, i я бачыў, што ён хоча задрацца з крычатоўцамі: то скажа якое брыдкае слова на ix, то пхне ў спіну апошняга, то чарпане наском у снег так, каб ён ляцеў пярэднім на галовы.
Крычатоўцы нават не азіраліся, як не бачылі i не чулі гэтага, подбегай трусілі да лесу, дзе дарогі нашы разыходзіліся. Першая ішла Камця, адною рукою яна трымала сумку, прыціскала да боку, другою махала i калі прыспешвала, то шырэй ступалі i мы, калі замаруджвала, то ўсе збіваліся, наступалі адзін аднаму на ногі. Тады Мішка піхаў у плечы крычатоўцаў, усяк зневажаў ix, лаяўся.
— Не трэба, — прасіў я, — не чапай ix.
Камця, пачуўшы гэта, падбягала ўперад, за ёю прыспешвалі хлопцы, i бойка зрывалася.
Ля хвайняку мы разышліся. Крычатоўцы падаліся лесам, а мы павярнулі ўправа, ля краёў маладняку патрусілі ў свой край вёскі.
— Казіне, казіне! — крычаў Мішка, — Бэ-э-э!
— Смагаль, смагаль! — нарэшце асмеліліся, азваліся i тыя.
— Бэ-э-э! — дражніў ix Мішка i падскакваў на месцы — страшыў, што пабяжыць за імі.
Тыя аж выцягваліся, так уцякалі.
— Дурань ты! — упікнуў я Мішку. — Вялікі, але дурань.
— Ты на каго гэта, гэўрык, пляцеш? — Ён падышоў да мяне i звузіў вочы. — Ды я цябе адным пальцам… Як камара… Я, калі захачу, вашу школу перакулю — i не будзеце сваім розумам хваліцца…
Я не спалохаўся, не адступіў, глядзеў яму ў твар i бачыў, як дрыжыць яго губа, як ён, дужы, разгубіўся, пачуўшы, што я сказаў.
— Дык хто я? — прасіпеў ён.
— Ты — дурань, ты сам ніводнай задачкі не рошыш…
Гэта ўжо яго раззлавала, ён размахнуўся рукою — i я са сполахам убачыў, як з яго рукава вылецела прывязаная на гумцы гірка i стала набліжацца да майго твару. Я не паспеў ухіліцца — гірка пляснула мне па пераносіцы.
Я нема завыў ад болю, закрыў твар рукою.
— Будзеш ведаць, як агрызацца… — сказаў Мішка, як апраўдваў сябе.
Я са злосці, крыўды нагнуўся, схапіў жменю снегу, не баяўся, што зноў пападзе (колькі ўжо баяцца), кінуў яго ў твар Мішку.
— Ну ты, гэўрык! — Ён адступіў, закрыў твар рукавом. — Не лезь, а то растапчу… — гразіўся, але біцца не збіраўся, адыходзіў.— У мяне не паскачаш… Вы павінны мяне баяцца… Як агню… А будзеш абзываць — будзеш палучаць. Вытры нос… Калі дома пажалішся, то яшчэ… Заступнік зялёны!..
— Я… Я… — мне хацелася сказаць тое, што думаў, але слёзы душылі, нос балеў, i я не мог стрымаць плачу.
Так, плачучы, з крыўдаю i злосцю, мучачыся, што нічога не магу зрабіць Мішку, прыйшоў дахаты.
3
Ужо летам, калі мы не хадзілі ў школу, калі ў садах акругляліся, трацілі горасць i пачыналі цукравець яблыкі, бацька паслаў мяне ў Крычаты. Там я быў часта, хадзіў па розных патрэбах, але адзін ішоў туды першы раз. Як нашы матлашылі казінцаў у сваёй вёсцы, так i яны, залавіўшы нас на сваім хутарку, стараліся адпомсціць, не выпусціць цэлымі; калі не наштурхаюць ці не дадуць кухталёў, то хоць прабягуць, пастрашаць ды каменняў услед нашпурляюць…
Бацька ўкаваў калёсы аднаму крычатоўцу, i вось цяпер я ішоў да яго па плату. Тупаў i асцерагаўся, каб не злавілі мяне там аднаго i не адлупцавалі, бо не забыліся, як на днях Мішка ля нашай вёскі пераняў Тосіка, паваліў яго, адабраў торбачку, у якой той нёс з нашага магазіна цукар, i насыпаў у яе пяску…
Калі я мінуў Шабунеў лес, выйшаў на луг i ўбачыў, што ля крычатоўскага моста купаецца многа хлопцаў, я ўзяў ля абочыны i засунуў у кішэні пару камянёў. Мяне згледзелі, павылазілі на бераг. Я падрыхтаваўся да бойкі.
— Хадзі, Стасік, пакупаемся, — паклікаў мяне Тосік, але я мала верыў яго дабраце, думаў, што заманьвае.
Я адмовіўся купацца, стараўся хутчэй падысці да моста i перабегчы яго. Азіраючыся, перайшоў i бачыў, што гнацца за мною не збіраюцца. Тады я, адышоўшыся, прысеў, каб мяне ніхто не бачыў, i выкінуў з кішэні камяні.
Калі я забраў плату i вяртаўся дамоў, мяне сустрэла Камця. Здаецца, яна падрасла за лета, стала высокая, загарэлая, леташняя яе сукенка была маленькаю.
— Дзе ты быў? — спытала яна.
Я прызнаўся.
— А мне ровар купілі,— пахвалілася яна.
У мяне такіх радасцей не было, таму я прамаўчаў.
— У Прудах школу адкрылі,— сказала яна. — I мы будзем хадзіць не да вас, а да ix, бо туды бліжэй.
Я пачуў гэта i засумаваў, што мы не будзем больш бачыцца, што цяпер ужо могуць крыўдзіць яе прудзяне, i ніхто, можа, за яе не заступіцца.
— Пачакай мяне, — прамовіла яна i пабегла ў сваю хату, хутка вярнулася i несла ў руках лусту батона, намазанага мёдам.
Белы хлеб мы елі толькі па святах, а так мама пячэ на нядзелях сухарыкі.
— На, — сказала Камця i падала лусту. — Бяры, у нас многа булак.
Я ўзяў i са смакам пачаў уплятаць, хоць шкадаваў: ніяк не мог выхітраваць, каб мёд быў на лусце i яго з’ядаць, бо ён цёк па пальцах i капаў на зямлю.
— Хочаш пакатацца на ровары? — спытала Камця.
— Хачу, — сказаў я.
— Прыходзь заўтра, таты i мамы не будзе дома, то мы i пакатаемся. Прыйдзеш?
— Прыйду, — з радасцю прамовіў я.
— Прыходзь, толькі Мішкі не бяры з сабою. Я не дам яму катацца…
— Я яму нічога не скажу, — паабяцаў я.
Толькі што перастаў ліць, як з дзіравага мяха, дождж. Рассунуліся, пасвятлелі на небе шэрыя хмары — павіднела, стала высокае, блакітнае неба. Прыпякло i прыпарыла.
Камця i я сядзелі ля рэчкі, глядзелі, як блішчыць на сцяблах асакі вада, збіраецца ў кроплі i падае долу. Яшчэ нядаўна мы былі ў хаце, сцішана сядзелі i ca сполахам слухалі, як лютаваў, ляскаў гром, жудасна паліла неба маланка, як ліло, — здавалася, затопіць усё на свеце. Калі пацішэла, пакацілася навальніца кудысьці за Налібакі, мы выбеглі з хаты i гойсалі па цёплых лужынах, пырскаліся, абліліся з ног да галавы вадою, а пасля прыбеглі сюды, на пясчаны бераг крычатоўскай ракі. Тут мы часта ўжо гулялі, ляпілі з мокрага пяску домікі — «школу, магазін, хаты».
Я глядзеў на Камцю i бачыў: за лета яна добра паправілася. Як хадзіла ў школу, была бледная, тоненькая, як сцяблінка, цяпер пачырванела, налілася сілаю, здароўем. Вельмі пекная стала, глядзіш i нельга наглядзецца. Ды яшчэ гэтыя вочы — сінія-сінія, глянеш — i сэрца замірае. I голас яе мне падабаецца — мяккі такі, тоненькі, гаворыць — ручаёк па каменьчыках бурлікае…
— Стаська, ты такі няўмека, — кажа Камця. — Растаптаў хатку цёці Зосі i страху ca школы сарваў. Ці ты вучыцца не хочаш?