Станаўленне
Шрифт:
— Хачу, — збянтэжана кажу я.
— А чаму тройкі маеш?
— Таму, — насупіўся я, нічога не сказаў болей, апусціў галаву долу, пасля разбурыў нагамі «школу».
— А я буду вучыцца на настаўніцу, — усміхнулася Камця.
Я маўчаў.
Яна падсела да мяне:
— Стаська, як вырасцем, мы з табою будзем жаніцца?
— Не ведаю, — прамовіў я. — У вас сваіх хлопцаў многа, яны цябе возьмуць.
— Я за ix не хачу ісці замуж, — сказала Камця.
— Чаму? — абрадавана спытаў я.
— Яны б’юцца, за валасы цягаюць, — прызналася яна, — я не хачу з імі дружыць. А ты не б’ешся, за нас, крычатоўцаў, заступаешся. Ці i ты будзеш насміхацца?
— Не, — запэўніў я.
— Але ты мяне ўсё роўна не возьмеш, — сказала з жалем Камця.
— Чаму? — я ледзь не пакрыўдзіўся.
— З вашай вёскі нашых не бяруць, — прамовіла яна. — Вы — местачкоўцы… А мы… Мы — казіне…
— Я вазьму цябе.
— Праўда? — узрадавалася i яна. — I бацькі баяцца не будзеш?
— Не, — зноў запэўніў я i захваляваўся: бацькі я пабойваўся. Ён не крычаў так многа, не бедаваў, як маці («О божа! Нашто мне гэта гора на галаву!»), калі я рабіў блага, a гаварыў разок і, калі было не па яго, браўся за папружку… Вось i думаў я, ці дазволіць ён мне ажаніцца з крычатоўкаю Камцяю, бо сапраўды дасюль з нашай вёскі ніхто з імі не парадніўся… — Калі тата не дазволіць, то я маму папрашу. Яна добрая…
— Мы будзем жыць у нас, — сказала Камця. — Я прывыкла тут.
— I я прывык да сваіх Янковіч, — прамовіў я, i мне стала шкода роднай вёскі.
— А як пажэнімся, будзем разам гуляць? Ці ты захочаш камандаваць мною?
— Не, — сказаў я i адчуў на сваім твары цень.
Падняў галаву: перад намі стаяў Гаптар — Камцін бацька — малы, няголены, злосны. Ступіў i патаптаў сваімі ботамі нашыя «хаткі».
— Дык вось чаго сюды ходзіць пан местачковец… — сказаў ён, i я ўбачыў, што ён п’яны, стаіць i хістаецца, не можа ўтрымацца на нагах. Рэдкія валасы яго апалі на лоб, рукі ён трымаў у кішэнях штаноў i растапырваў ix у бакі. Час ад часу ён ікаў, плюскаў вачамі.
Я ўскочыў.
— Вы… Каб нагі тваёй тут не было, — ён зноў ікнуў, аж трасянуўся. — Мне вы… Пасміхаецеся век… Вон, — ступіў, пагразіў рукою, — вон, не магу бачыць.
Я сарваўся з месца i куляю памчаўся дадому.
— Дзе ты гэта бываеш? — накінулася на мяне маці, калі ўбачыла задыханага ў двары.
Я не сказаў, дзе быў.
— Гойсае недзе, а тут хоць разарвіся: дзіця плача, з рук не злазіць, нешта трэба зрабіць па гаспадарцы, свінні развярнулі загарадку i вылезлі… Ды ў школе людзей збіраюць, відаць, будуць у калгас запісвацца, то трэба схадзіць.
— Мама, — калі яна крыху паспакайнела, спытаў я, — чаму крычатоўцы горшыя за нас?
— Чаго гэта яны горшыя? — здзівілася яна. — Людзі як людзі.
— А чаму з ix смяюцца? — спытаў я.
— Смяецца той, хто розуму не мае, — сказала маці.— Гэта ўсё з некаляшняга… Тады, за панамі, яны бяднейшыя былі, меней зямлі мелі. Цяпер усе роўныя… I яны, i мы скора будзем калгаснікамі.
— А ты не будзеш смяяцца з ix? — хвалюючыся, запытаў я.
— Я ніколі, сынок, не смяялася, бо i сама такая была, ні капелькі не багацейшая, — сказала маці, i я зарадаваўся: значыць, i з Камці не будзе пакепліваць, дазволіць, каб мы пажаніліся.
Мне вельмі хацелася схадзіць у Крычаты, сустрэцца з Камцяю i расказаць ёй пра гэта. Але я баяўся яе бацькі, які нечага неўзлюбіў мяне, i не пайшоў. Сумаваў, кожнага дня хацеў убачыць Камцю.
4
Хутка, калі трэ было на днях ісці ў школу, я пачуў ад людзей, што Гаптар прадаў хату, скаціну, сабраўся з’язджаць з Крычатоў.
— Можа, i добра робіць чалавек, — гаварыла маці бацьку, — паедзе ў горад i жыць, як усе, будзе… А тут нялёгка яму: Мішуковы яшчэ за палякамі не аддалі замуж Манькі — пасумаваў нямала… Хоць яна плача цяпер, што не пайшла за Гаптара, можа, шчаслівейшая была б, а то яе Стэфусь — багацей — у паліцыі быў, светёй i дзецям завязаў. Ды i надакучыла, відаць: крычатовец ды крычатовец… Маладыя не такія ўжо, не разбіраюцца, хто адкуль. А старыя… Такі ўжо гонар!.. Хоць цяпер каторыя крычатоўцы, каго не спалілі ў вайну, лепей за нашых жывуць.
Мне вельмі хацелася ўбачыць Камцю, я перасіліў свой страх i пабег у Крычаты.
Гаптар, паголены, у вычышчаных старых хромавых ботах, у белай кашулі, зашпіленай на верхні гузік, выносіў з хаты клункі i лажыў на воз. Там ужо ляжалі мяхі з мукою, цабэркі, стаяў куфар, абвязаны вяроўкаю. На мяне Гаптар нават не глянуў.
Заплаканая, папраўляючы на галаве хустку, выйшла з хаты невысокая, гарбаценькая гаспадыня, абаперлася на частакол i загаласіла.
— Сціхні! Горш не будзе. Такое ўжо дабро пакідаем i славу… — абураўся Гаптар.
— Што не было, а свой куточак, — плакала жанчына.
— А ты дзе там? — крыкнуў гаспадар. — Ідзі, са сваім кавалерам развітайся, бо паедзем ужо. Не развітацца няможна: местачковы кавалер!
— Зусім здурэў,— папракнула яго жонка.
— Хіба няпраўду гавару? — незалюбіў Гаптар, са злосцю глянуў на жонку. — Даўся мне іхні гонар!
— Калі што было…
З сенцаў выйшла Камця. Падышла да мяне i нічога не магла сказаць. Сёння яна зноў была бледная, худзенькая, зусім нямоглая. Стаяла i плакала.
З-за сенцаў выбег рудаваты сабачка, жаласна скуголіў i цёрся гаспадыні аб ногі. Тая дастала з кішэні акраец хлеба i падала яму. Шчанюк нават не нагнуўся да куска, глядзеў на кабету i скуголіў.
— I шчаня ростань чуе… — зноў заплакала жанчына.
— Ну, скарэй… — ужо не са злосцю, а спакойна сказаў Гаптар, адвярнуўся, нацягнуў брылёўку на вочы.
— На, на памяць, — прамовіла Камця i падала мне невялікі, загорнуты ў паперу ад шпалераў, пакуначак.
Я ўзяў падарунак i не мог сказаць ні слова. Маўчала i Камця, толькі з яе вока выкацілася i паплыла па шчацэ празрыстая, як расінка, слязіна. Нешта ў душы маёй перавярнулася, заныла, i я не вытрымаў, заплакаў. Яшчэ мацней загаласіла i Камця.
— Ну, пайшлі, дачка, на воз, — падышоў і ціха сказаў Гаптар. — Усё роўна ехаць трэба…
— Камця i вы, цёця, я ніколі нічога благога не скажу на Крычаты, — прамовіў я.
— Дзякуй, сынок, — пацалавала мяне ў лоб гаспадыня. — Будзь шчаслівы i не забывай нас. I будзь заўсёды такі разумны… Дасць бог, яшчэ ўбачымся… — яна ўзяла Камцю за руку i павяла да воза.
Нечакана падышоў да мяне Гаптар, падаў моўчкі руку, моцна паціснуў маю, не прамовіў i слова, зноў хутка-хутка пайшоў да калёс. Я зусім разгубіўся, стаяў i глядзеў, як яны паселі — гаспадар уперадзе, спіною да мяне, а жанчыны прымасціліся ззаду, тварам сюды.
Гаспадар цмокнуў, махнуў лейцамі, i конь крануўся. Заляскалі на возе цабэркі, зацерлася аб атосу пярэдняе кола, правае задняе кола было зусім крывое, ківалася ў бакі i шмаравала па лястцы.
Жанчыны сталі махаць рукамі — сваёй хаце і, відаць, мне. Следам за імі бег i шчанюк.
Я, разгублены i заплаканы, стаяў на чужым пустым двары i адчуваў, як штосьці вялікае, дарагое, моцнае выплывае з маёй душы, імкнецца туды, за лес, у якім схаваўся нагружаны клункамі воз…