Станаўленне
Шрифт:
Магазіншчыца ўсміхаецца i падае «мужчынскія» штонікі, я хачу сам узяць ix, але мяне перапыняе маці:
— Не бяры сваімі рукамі.
— Як на яго, — кажа магазіншчыца, — лепшага не падбераце.
— Вымажа за дзень, падзярэ за тыдзень, — цяпер усміхаецца i маці.
— Ды яны, дзеці, такія. У мяне чацвёра, дык не набрацца ні касцюмаў, ні абутку, — згаджаецца магазіншчыца.
Я слухаю ix i не веру, што магу не толькі падраць, але нават выпацкаць такі чысценькі, з прыемным пахам касцюм. Я не прылягу ў ім, прыйду са школы, зніму яго, вычышчу i павешу ў шафу, дома буду бегаць у старым. Я сёлета пастараюся добра вучыцца, лепш, як летась, каб стаць лётчыкам…
Маці дае магазіншчыцы грошы, знімае з мяне пінжак i азіраецца: у магазін заходзіць высокі вусаты мужчына.
— Ой, якія краслатыя штаны табе, хлопец, купілі,— сур’ёзна кажа ён. — Я такіх краслатых не насіў бы.
Я гляджу на яго, разгубліваюся, адчуваю, што вочы мае туманеюць, бо ў ix збіраюцца слёзы.
— Не слухай яго, хлопчык, дзядзька смяецца, — суцяшае мяне магазіншчыца, бярэ пінжак, штаны, абгортвае ix папераю, звязвае вяровачкаю — Харошанькі касцюмчык… Насі на здароўе i вучыся добра.
Я забываюся ад шчасця сказаць якое добрае слова, толькі калі маці штурхнула ў бок, апомніўся, прамовіў: «Дзінькую».
–
Маці папрасіла магазіншчыцу паказаць блакітную хустку, узяла яе, разгледзела, відаць, хацела купіць, бо доўга не аддавала, але нехаця палажыла на прылавак, апраўдалася:
— Тоненькая вельмі…
Мы развіталіся з магазіншчыцай i вусатым дзядзькам-жартуном i выйшлі на двор. Парыла, было душна i ціха; ніводзін лісточак на бярозах не кратаўся, маўчалі, млосна блішчалі драты, вакол стаяла прыглушаная разамлелая ціш. Я прыклаў руку да грудзей i чуў, як радасна тохкае сэрца.
— Не паспеем мы, Стась, да навальніцы зайсці дадому, — занепакоілася маці,— а пра кніжкі i забыўся, лётчык… Пабеглі хутчэй.
Мы подбегам падаліся ў кнігарню, з яе — у прадуктовую лаўку: трэба купіць булак, цукру, запалак, цукерак маёй сястрычцы — лічы, не быў у мястэчку, калі вярнуўся без гасцінцаў…
Дождж, уліўны, цёплы, грыбасей, дагнаў нас у лесе, абрынуўся як з вядра. Пасвяжэла, пацягнула ветрыкам, пасля бліснула, асляпіла маланка, а за ёю звонка ляснуў гром. Маці зняла з ног туфлі, i мы сышлі з дарогі, сталі пад густой маладою елкай. Увачавідкі змыўся з лесу шэры пыл, вакол усё азелянілася, сабраліся ў спадзінках мутныя ручайкі, падхапілі i панеслі ігліцы, растрэсенае сена.
— Бацька на рабоце, мы гуляем, а сена мокне, — бядуе маці.— Не зусім добра ўсё выйшла… Пападзе нам сёння. Хіба як папяросамі бацьку ўлагодзім, каб не крычаў. Ну, пакажы…
Я падаю ёй пакунак. Яна развязвае матузок, разгортвае паперу i разглядвае.
— Добры касцюмчык! — радуецца маці.— I колер харошы, i падкладачка мякенькая, i моцненькі. Я таго не мела ў твае гады… Шануй толькі.
— Ara, — згаджаюся я.
— Мы адзяём, кормім, а ты вучыся… Цяпер вучыцца можна: хочаш на настаўніка падавайся, хочаш на лётчыка старайся. Ты шчаслівы, што нарадзіцца ведаў калі…— кажа маці, задумваецца i як бы сумуе аб нечым. — Ну, стала далека грымець, то падаліся, сынок. Не з цукру, не растанем.
Мы выйшлі з-пад елкі, пабеглі па сцежцы, цёплых мутных лужынах, i я чуў, як дробна, гулка шалясцяць па маім пакунку празрыстыя чыстыя кроплі дажджу.
1973
Новы свет
Спечаныя яблыкі на галінках
За чатыры гады вайны
Нябёсы ўдосыць нагрэліся…
…I гэтая раніца была надта золкая: сцюдзёніла густая, кроплістая, сівая ад холаду раса. Ад яе аб’інелі за ноч сцены ды платы i нібы лёдам пякло ў босыя ногі. Было яшчэ холадна i ад настылага, высокага, аж да неба, густа-белага сырога туману, што напоўз на хутар, у Амшарок, з рэчкі i з Раўка — блізкай вялікай лагчыны.
Казік стаяў за хлявом i — яшчэ амаль сонны — пазяхаў i пазіраў удалечыню, але ні поля, ні Раўка, ні блізкіх, за вярсту, Янковіч, у якіх некалі, да польскай камасацыі [1] жылі яго дзед i бацька, не было з-за туману відаць. Бачыліся толькі зусім побач, за крокаў дваццаць, на выгане іхнія рыжаватай масці даўганогі конь i бела-жоўтая карова, навязаная вяроўкамі за ўбітыя ў зямлю калочкі: цяпер, вайною, усе гаспадары тут, на хутары, пасуць быдла ля дому. Шэрсць у каровы i каня была гэтаксама аб’інелая, a вяроўкі, што цягнуліся па зямлі, дык зусім змакрэлі, абабілі расу вакол калкоў.
1
Камасацыя — хутарызацыя.
Казік павярнуўся i зірнуў на хутар, дзе павінны былі відаць уроскідку тры нізкія, накрытыя саломаю суседскія хаты, але i ix цяпер схаваў белы, перамяшаны з дымам туман. Ля самога Казіка, здаецца, не было ніякага туману, a імжэла нешта сырое i дробненькае — ні то дожджык, ні то імглістая морась, — сеялася, халадзілася i ліпла да твару, як мокрае павуцінне.
Як пастаяў некалькі хвілін, Казік зусім адышоў ад сну i чамусьці не захацеў вяртацца ў цёплую, душнаватую пасля ночы хату, стаяў, пазіраў на туман i гадаў: адкуль ён бярэцца? Чаму такі густы i белы, куды пасля, калі прыгрэе сонца, дзенецца? Бо ўжо добра ведаў, што пасля такіх туманоў бывае вельмі цёпла, суха, сініцца i здаецца бяздонным, надта ж высозным неба…
Каб не гэты туман, не такая яшчэ рань, дык Казік цяпер пабег бы да свайго сябрука, Паланевічавага Стасіка. Яны ўчора ўдвух употай хадзілі ў блізкі Шабунеў лес, да Ям, дзе на тым тыдні ішоў вялікі бой — дзе, як гаварылі сталыя, партызаны зрабілі засаду на немцаў i паліцыянтаў, якія ехалі з Івянца ў Налібацкі гарнізон.
Ля Ям, як было добра чуваць, стралялі ад полудня да вечара, запалілі лес, i ён, высока ўскідваючы агонь i задымліваючы неба, гарэў некалькі дзён, пакуль полымя не зжэрла Кавалёў бор i не выскачыла на сенажаць, прабегла па казянюсе — сівых бародках, — ды па маладой атаве, прычарніла яе i не атухла. Зачапілася толькі на сухім балоце, на торфе, задымелася, пайшло пад зямлю. Адтуль усе гэтыя дні, а надта раніцамі i вечарамі цягнуўся бела-сіні дым, пахнуў едкім, гарэлым смуродам. Гаварылі, што там, на балоце, праваліўся пазаўчора ў выгаралую яміну конь — бег i шуснуў у прысак. Але агню ніхто чамусьці не тушыў. Перад вайною калі аднойчы сухі торф упалілі крычатоўскія пастухі, дык збівалі i залівалі агонь усім мястэчкам.
Вечарамі i ўночы, калі гарэў Шабунеў лес, страшна было не толькі выйсці на светлы ад недалёкага агню двор, але i спаць у хаце, у якой на сценах блішчалі, трымцелі чырвоныя водсветы, было жоўта-чырвона; каб не бачыць гэтага святла, гэтых колераў, бацька завешваў акно ад лесу дзяругаю, якая ружова свяцілася i ўсё роўна прапускала ў хату бурае святло, i маці, не могучы заснуць, бедавала, што гэта каторы ўжо год робіцца на свеце, што далей будзе, калі нарэшце настане спакой…
Казік i Стась учора змовіліся i хадзілі туды, да Ям, шукаць патроны, без якіх у ix не абыходзілася ні адна гульня. Сам Казік, можа, не падаўся б, пабаяўся, каб не ўспароцца на міну, паасцерагаўся б i бацькі, бо той крычаў за яго «гульні ca смерцю», але яго падгаварыў i звёў старэйшы на гады чатыры сябрук: ён меў нямецкі пісталет i хацеў знайсці да яго патронаў.
У свежых акопчыках i паблізу ў шыгаллі яны набралі з шапку жоўценькіх, з вострымі i тупымі дзюбкамі патронаў; задымленых гільз, што пахлі гарэлым порахам i былі чорныя ў сярэдзіне, не бралі: яны, Казік i Стасік, былі ўжо завялікія для такіх «цацак». Казік выпараў яшчэ з ігліц гранату з драўлянаю ручкаю, але Стась забраў яе сабе, сказаў, што ён ужо ведае, як разбіраць i складваць гранаты, кідаць ix, каб узрываліся, але з гэтай гранатай яны сходзяць заўтра на рэчку, на Сядзіўную, — раскладуць на беразе агонь, усунуць яе — во бабахне i рыбы наглушыць.