Стасевы прыгоды (на белорусском языке)
Шрифт:
Налiтаваўшыся з мацi, усе смяялiся цяпер са здарэння, за выключэннем ключнiцы, якой вельмi забалела тое, што Стась - не сын яе пана.
– Ды такi ж разумны!.. Ды такi ж прыгожы!.. Нават з радзiмкай на шыi, мармытала старая.
* * *
Каб усё закончыць як найдакладней, скажам, што арганiст, уладзiўшы з суддзёй справу ягомасця ксяндза, завёз Шарачыху да бацькi i там трэцi раз расказаў вядомую гiсторыю перапалоханаму Ставiньскаму. Выехаўшы з млына ў той самы дзень, чацвёрты раз расказаў яе кавалю, а пяты - ксяндзу.
У нядзелю, пасля iмшы, Ставiньскi з дачкой i ўнукам, а таксама ўсе парабкi высыпалi на мост, прыгледзецца да таго, як з боку горада ў аднаконнай брычцы о, дзiва!
– каваль Шарак сядзеў побач з арганiстам Завадам, як родныя браты.
Стары млынар выступiў перад двума памiранымi ворагамi з доўгай i нуднай прамовай пра неабходнасць прабачыць адзiн аднаму, што было тут ужо зусiм лiшнiм. Пасля паклiкаў усiх на абед, а затым уручыў арганiсту пяцьсот злотых беспрацэнтнай пазыкi на тры гады. У вынiку гэтага арганiст часта паўтараў людзям павучальную сентэнцыю:
– Дарагiя браты! Калi я прыгадваю сваё жыццё, мне дакладна вiдно, як гэта лiтасцiвы пан бог нiколi не пакiдае людзей такiх, як я - добрасумленных i справядлiвых. In saecula saeculorum!..*
* На векi вякоў!.. (лац.)
У панядзелак арганiст быў ужо пры касцёле, Шарак у кузнi, Стась забаўляўся з Куртам на двары, пад наглядам Магды, а кавалiха працавала ў агародзе.
Каля поўдня перад iхнiм домам спынiлася фурманка, з якое нейкi нетутэйшы чалавек зняў прыгожае каштанавае цялятка з белай зорачкай на лбе. Паколькi малы чацвераногi выразна баяўся разгаўканага сабакi i не хацеў iсцi, фурман узяў яго адной рукой за карак, другой за хвост i такiм спосабам падвёў да здзiўленай Шарачыхi.
– Што гэта?.. Адкуль гэта?..
– спыталася гаспадыня.
– А гэта вам панi Лоская падарыла на пасаг для вашага хлопчыка, - адказаў чалавек.
– Юзiк!.. Магда!.. Сюды хадзiце! У Стася будзе карова!.. З маёнтка яму прыслалi, - крычала захоплена жанчына, цалуючы цялятка, якому не менш захоплены Курта патрохi аскубаў хвост.
Такiм эпiлогам закончылася Стасева прыгода.