ЖАНРЫ

Стасевы прыгоды (на белорусском языке)

Прус Болеслав

Шрифт:

Нарвала ўжо з палавiну рэшата, амаль столькi ўжо, колькi трэба, i тут на дарозе пачулася шалясценне дробнай, павалочыстай хады i пастукванне кiя ў зямлю. Разам з гэтым кавалiха пачула як быццам гутарку.

– Супакоiшся ты ў мяне калi-небудзь цi не?
– пытаўся стомлены жаночы голас.

Кавалiсе здалося, што ў адказ на гэтыя словы пачуўся невыразны шэлест, як быццам хтосьцi цягнуў кiй па пяску. Пасля зноў некалькi крокаў i пастукванне, спалучанае з тым асаблiвым шэлестам.

– Сукiн сын!
– гаварыў злосны голас.
– Так ты мне дзякуеш, што я табе столькi свету паказала!.. Згнiў бы недзе пад плотам або згарэў, як грэшная душа, каб не я... Дурань!..

Зноў зашалясцела.

– I дурны, вядома ж. З пастухамi табе найлепш кампанаваць, а не са мной... Вось тады ўжо ты быў бы разумны, каб цябе сабакi пагрызлi або хто-небудзь на свiных касцях паламаў. Клышаногi!..

Кавалiха выпрасталася i за некалькi крокаў ад плота ўбачыла на дарозе згорбленую бабулiну з кiем у руцэ. На плячах у старое была поўная чагосьцi дзяруга, а з-пад хусткi вылезла некалькi сiвых касмылёў, якiя трэслiся разам з галавой.

– Каго гэта вы, матуля, так лаеце?.. Гжыбiна!..
– гукнула, смеючыся, Шарачыха.

Старая павярнулася да яе.

– Гэта вы, кавалiха?
– спыталася, падыходзячы да плота.
– Пахвалёны вам!.. А я якраз хацела i да вас зайсцi. Ад бацькi слова. Зусiм забылася б з-за гэтага юды!..

Кажучы гэта, яна ўзняла свой кiй i страсянула iм.

– А што ж там тата мне наказвалi?
– хутка спыталася Шарачыха.

– Ды вось... блытаецца ў маiх нагах i не толькi не памагае, але ж яшчэ перашкаджае хадзiць. За тое, што я яго з гною падняла!..

– А што татка наказваў вамi?
– нецярплiва паўтарыла кавалiха.
– Былi вы сёння ў млыне?..

– Ды была, была... Лажыся, падлюга!
– злосна сказала яна свайму кiю, кiнуўшы яго на край пляценнiка.
– Замаўляла Салтысiку лiхаманку, што калоцiць яго ўжо другi тыдзень, а па дарозе ўчора зайшла ў млын.

– Татка здаровыя?..

– Уга!.. Толькi казаў, каб Малгося заўтра прыехала да яго са Стасiкам, а ваш - каб таксама быў у нядзелю ў млыне...

Бабуля, вiдаць, забыўшыся пра свой кiй, абаперлася на плот i гаварыла далей:

– Яно, бачыце, так: гэты ваш арганiст, Завада, зямлю купляе i хоча ў Ставiньскага, ну, у таты вашага, пазычыць пяцьсот злотых. Быў у сераду ў млыне i прасiў, але Ставiньскi кажа: "А чаму гэта я вам буду грошы пазычаць, калi васпан пакрыўдзiў каваля i ў злосцi з iм?.."

– Добра татка сказалi яму!
– перапынiла Шарачыха.

– Тады арганiст кажа яму: "Я з кавалём памiруся i буду сына яго вучыць". А стары яму: "Ну дык памiрыся, васпан". А той на гэта: "Калi ж баюся я ў кузню зайсцi, бо ён мяне аддубасiць. У вас я быў бы смялейшы, яшчэ б i пару бутэлек мёду паставiў, каб памiрыцца..."

– Круцель!
– перапынiла кавалiха.
– А цi даўно ён казаў, што ў святой бiблii напiсана: кавалi i камiнарнiкi ад Каiна i ад Хама паходзяць, з iх нараджаюцца братазабойцы?.. Каб ён удушыўся!..

– Ну, а калi ў святой бiблii так напiсана, дык арганiст не вiнават, сказала старая.

– Брэша!
– усхадзiлася кавалiха.
– Мы i самi ведаем, дзе што стаiць... Ад Хама паходзяць мужыкi, а мой жа не мужык, а ад Каiна - туркi, а мой жа не турак. Нiкога не забiў!..

Гжыбiна любiла пахвалiцца сваiмi ведамi пра "патомкаў Хама", але цяпер яна далiкатна маўчала, памятаючы, што справу мае з асобай пiсьменнай, а да таго ж - з дачкой млынароў Ставiньскiх!

– Зайдзiце ў хату, адпачнiце, - сказала раптам гасцiнная Шарачыха, гледзячы на стомленую старую.

– Не магу, - адказала бабуля i схапiла свой кiй.
– Трэба iсцi да Матэвушыхi, карову абкурыць, бо апушыла... Ну, - дадала яна, страсянуўшы кiй, - а ты мне добра спраўляйся рэшту дарогi, а то я цябе...

– Што вы гаворыце?
– спынiла яе кавалiха.

– А як мне не гаварыць?.. Няхай, зладзюга, проста падскаквае, а не валачэцца, як п'яны...

– Гэта вашы ногi, бабуля, не спраўляюцца, кiй не паможа!

– Ат!
– нецярплiва махнула бабуля рукой.
– Хадзiлi ж яны восемдзесят гадоў, чаго ж iм цяпер падводзiць?.. Заставайцеся з богам!..

– Iдзiце з богам!
– сказала ўслед бабулi кавалiха.

Калi яна засталася адна, зноў узлавалася на арганiста.

"Бачылi вы, - думала, - чалавека майго пакрыўдзiў, вопратку яму паплямiў, а цяпер ужо хоча мiрыцца, калi грошы спатрэбiлiся... Няма дурных!
– шапнула, пагразiўшы кулаком у той бок, дзе шэрая званiца.
– I грошай не дастанеш, i зямлi не купiш, i яшчэ я табе на людзях усё выгавару!.. Скулу табе, жабрацкi павадыр!.."

Хочучы як найхутчэй выказаць свае меркаваннi мужу, яна пераскочыла цераз плот i пабегла ў кузню. Ёй здавалася, што ўвесь свет ужо ведае пра арганiставу крывадушнасць, бо нават пукаты, палаплены мех зласней, чым заўсёды, соп i сыпаў з зяпы гаручыя iскры.

Малгося выклiкала мужа i перадала яму прынесеную бабуляй вядомасць.

– I дзякуй богу, калi арганiст хоча памiрыцца, - адказаў дабрадушна замурзаны асiлак, праслухаўшы жончын расказ.

Маладая гаспадыня ажно рукi заламала ад жаху.

– I ты i з iм памiрыўся б?
– гукнула яна.

– Само сабой...А хто будзе вучыць Стасiка? Можа, прафесар?..

– Ты з iм памiрышся за тое, што ён табе на мазгаўнi разбiў бутэльку?

– Дык жа не мазгаўня лопнула, а бутэлька...

– За тое, што ён цябе капцюхом назваў, з камiнарнiкам параўнаў?

Калi я не памыюся, дык i капцюх. Усе пра гэта ведаюць, а ты найраней, гаварыў каваль, не цямячы, чаго яна так расхадзiлася.

Шарачыха страсянула галавой.

– Галоўка мая бедная!
– залямантавала.
– Во, долечку я сабе выбрала!.. Хiба ж ты мужчына?.. Твой жа бацька з маiм дзядзькам у войску служыў, а ў цябе анiякага гонару?.. Я баба, - гаварыла яна задыхана, - а вочы яму выдзерла б, а ты мiрыцца хочаш?.. Гэта ты - муж Ставiньскай, жонку з гнязда шляхецкага ўзяў, а сораму ў вачах няма?..

Каваль нахмурыўся.

– Чаму гэта ўжо i сораму няма?
– мармытнуў ён.

– Бо з арганiстам мiрыцца хочаш...

– А чаму гэта я хачу?

– Ты толькi што сам гэта казаў?

– Чаму казаў?.. Гэта ты казала, што бацька так загадаў, ну, а нам яго слухаць належыцца...

– А цi ж мой татка - твой бацька?.. Не табе яго трэба слухаць, а мне... Ты не павiнен мiрыцца з арганiстам, калi б я нават i хацела па таткаваму загаду...

Паколькi хлопцы ў кузнi, чуваць было трохi, пачалi ўжо вадзiцца за чубы, кавалю захацелася туды, да працы, а можа, проста вызвалiцца ад клапатлiвай гутаркi з жонкай, i таму ён сказаў энергiчна:

Поделиться с друзьями: