ЖАНРЫ

Стасевы прыгоды (на белорусском языке)

Прус Болеслав

Шрифт:

"Ой, каб ты ж мяне ды падвёз!.." - падумала кавалiха, аднак не паспела папрасiцца, хоць i iшла блiзка за дрындулетам.

У гэтай двухколцы, такой адмысловай, ехаў пан Лоскi, памешчык i гмiнны суддзя. Ён вяртаўся з суда дахаты i напэўна ж ахвотна падвёз бы стомленую i прыгожую жанчыну, калi б заўважыў яе. Як на тую бяду, пан суддзя сядзеў глыбока задуманы i не толькi не заўважыў Шарачыху на паваротцы, але нават не чуў яе паспешлiвага дыхання.

Падарожнiкi дабралiся да падножжа ўзгорка. Двухколка валаклася памалу; следам за ёю кавалiха цягнула свой цяжар.

Да вяршынi ўзгорка было крокаў з дзвесце, - нялёгка. I кавалiха вырашыла зрабiць сабе палёгку за кошт каня. Доўга не думаючы, яна прычапiла дышаль свайго вазка да восi двухколкi.

План быў цудоўны: прычэплены дышаль трымаўся выдатна, вазок са Стасем ехаў яшчэ лепш, а маладзiца хоць трохi перадыхнула. Толькi б на ўзгорак!..

Сама яна iшла за вазком i, паддаўшыся стоме, аберуч моцна трымалася за яго край. Было ёй значна лягчэй, так лёгка, што ахвотна прайшла б такiм чынам удвая даўжэйшую дарогу, чым з дому ў млын. Ды што ты зробiш, калi на гэтым свеце чалавечыя радасцi вельмi хутка праходзяць!.. Яны праехалi ўжо да палавiны ўзгорка... Яшчэ толькi крокаў з пяцьдзесят да вяршынi... Дзякуй табе, конiчак, што ты нас сюды ўзвалок!.. Пара ўжо i адчапiць вазок ад двухколкi...

Конь раптам пайшоў рыссю, i двухколка, а за ёю вазок i Стась - падалiся з узгорка ўнiз!..

Шарачыха акамянела. Пакуль паспела крыкнуць "стойце!" - суддзёва двухколка i Стасеў вазок былi ўжо ў далiне.

– Ратуйце!
– заенчыла маладзiца, бегучы за iмi з распасцёртымi рукамi. Маланкай у галаве яе прамiльгнула думка, што вазок можа перакулiцца ад любога каменя...

Але вазок плыў у пяску, як у пуху, малыя колцы круцiлiся i вiлялi, як шалёныя, Стась ад хуткай язды быў надзвычай задаволены... Суддзя, нiчога не ведаючы, быў не менш за Стася вясёлы, а конь яго, якому раптам палягчэла, ажно пырхаў ад радасцi i ледзь не рваўся ў галоп.

Спачатку Шарачысе здавалася, што яна дагонiць уцекачоў, што яе хоць пачуюць. Ды дзе там... Спынiлася, хочучы крыкнуць з усiх сiл, хоць бы i лёгкiя лопнулi. Аднак толькi раскрыла рот - i голас у яе замёр... Убачыла, як штосьцi ўпала з вазка. Дабегла блiжэй, - толькi хустка... Конь запаволiў... Яна наблiзiлася яшчэ больш. Ужо выразна ўбачыла Стасеву галоўку i ручкi, што так хораша ляжаць уздоўж...

– Стасiчак мой!.. Ратуйце!..

Вазок закалыхаўся i пакацiўся яшчэ хутчэй. Ужо i ручак малога не вiдно, i галоўка ледзь заўважаецца, ужо i вазок усё меншы ды меншы...

Шарачыха не магла зразумець, чаму гэта перад канём не вырасце земляны вал, чаму неба не перагародзiць дарогу, чаму дрэвы не перасцiгаюць двухколку. Колькi птушак сядзiць у гнёздах, бачыць матчын адчай, аднак нiводная не ляцiць на дапамогу. Каб хоць якая адна птушачка крыкнула таму пану "стой!", каб хоць каторы камень у такую цяжкую хвiлiну прачнуўся ад вечнай дрымоты. Дарма! Усё маўчыць...

Яна зiрнула на неба. Над самай яе галавой вавёрка спакойна абгрызае шышкi. Воблакi стаяць на адным месцы. Сонца смажыць, як i раней... Зiрнула на дарогу, а там - двухколка ўжо невыразная, а вазок ледзь-ледзь жаўцеецца. Здавалася, што ў тым няшчасным вазку ляжыць яе сэрца, гвалтоўна вырванае з грудзей, i павезлi яго бязлiтасна, богведама куды, а яно прывязана да яе нiткай, што ўсё танчэйшая ды танчэйшая. Яшчэ хвiлiна - i нiтка лопне, а разам з ёю i сэрца, i жыццё беднай мацi!

Двухколачка паступова ўсё меншала i знiкала памiж раскалыханай зелянiны дрэў. Ужо ён такi, як птушка... Цяпер на момант прапаў, потым зноў паказаўся... Зноў знiк...

Шарачыха працерла вочы, поўныя пылу i слёз. Нiчога не вiдно!.. Выбегла на сярэдзiну дарогi. Нiчога... Перайшла на другi бок... Штосьцi ўдалечынi мiльганула, ды раптам знiкла... Зняможаная ўшчэнт, прыцiснутая цяжарам болю, яна ўпала тварам на зямлю i, скруцiўшыся ў клубок, пачала выць, як самка, ад поўных грудзей у якой адарвалi малое.

Тады на ўзгорку, дзе яе напаткала бяда, паказаўся конiк у аглаблях, за iм - набожна выбрытая фiзiяномiя чалавека, якi сядзеў у невялiкай, але вельмi траскучай брычцы. Шарачыха не чула траскатнi, не бачыла, што нехта едзе, але затое ён, той падарожны, заўважыў скурчанага на дарозе чалавека i спынiў каня.

"П'яная цi мёртвая?
– падумаў урачыста выбрыты падарожнiк.
– Халеру падхапiла цi хто-небудзь забiў?.. Ехаць далей цi вярнуцца?.."

Гледзячы з вышынi свайго сядзення на юдаль чалавечай роспачы, ён баяўся разбойнiкаў, халеры i судоў i ўжо за лейцы пацягнуў, каб павярнуць назад, ды тут яму згадалася Евангелле, дзесяты раздзел ад святога Лукаша, тое месца, што чытаецца на дванаццаты тыдзень пасля сёмухi, "Пра параненага i самарытанiна": "I падышоўшы, перавязаў раны яго, палiўшы iх алеем i вiном; i пасадзiўшы на асла свайго, прывёз у гатэль i там меў клопат аб iм".

Дзякуючы гэтаму ўспамiну брычка пакацiлася наперад, аднак вельмi паволi i асцярожна, аж да жанчыны. Потым брычка спынiлася, i самарытанiн, што сядзеў у ёй, выхiлiўшыся, злёгку штурхануў кавалiху канцом пугаўя.

– Гэй, вы!
– гукнуў.
– In nomine Patris et...*

* У iмя айца i... (лац.)

Шарачыха ўсхапiлася i, гледзячы шалёнымi вачыма ў паголены твар падарожнага, шапнула:

– Пан арганiст?..

– Ды я!
– адказаў ён.
– А што здарылася?

– Стась мой загiнуў!.. Ах, божачка!..
– заенчыла яна i абаперлася на край брычкi.

– Як жа гэта?.. Цыганы яго ўкралi?.. Божа моцны!..

Шарачыха сяк-так расказала, што здарылася.

– Ат! Пасмейся, панi, з гэтага!
– закрычаў арганiст.
– Гэта якраз нейкi шляхцiц ехаў... Божа моцны!.. Ну, а такiя дзяцей не крадуць. Сядай, панi, у брычку! Et cim spiritu Tuo...*

* I з духам тваiм... (лац.)

– А чаго?

– Як гэта - чаго? Божа моцны!.. Будзем шукаць хлопца, i амэн!..

– Ён ужо, можа...

Што ўжо, можа? Панi думае, што ён нежывы? А каго ж я тады вучыць буду?.. Калi я павiнен вучыць яго, калi ён будзе мець, божа моцны, шэсць год, дык хлопчык анiяк не памрэ на другiм годзе... In saecula saeculorum...*

* Навекi вякоў... (лац.)

Арганiставы довады, а больш за ўсё яго лацiнская мова былi такiя непераможныя, што кавалiха моўчкi села ў брычку i пакорлiва памясцiлася на козлах, тварам да арганiста. Але верны, хоць i гарачы, слуга святога касцёла не мог згадзiцца з гэтым.

– Прашу вас вельмi... Божа моцны!
– ускрыкнуў ён.
– Вельмi прашу на сядзенне, а я на козлiкi пайду... Introibo ad altare Dei...*

* I наблiжуся да божага алтара... (лац.)

– Пане арганiст, ды што ж вы робiце?..

– Так!.. Быў бы я, божа моцны, чалавек зусiм без адукацыi, каб панi, жонка i дачка маiх сяброў, сядзела на козлах... Я кiрую канём, я сядаю на козлах... Sicum erat in principio...*

* Падобна да таго, як было спачатку... (лац.)

Шарачыха выканала загад арганiста, не асмельваючыся зiрнуць яму ў вочы. Гэта ж яна дзеля таго, каб дапячы яму, выбралася сёння ў дарогу!.. Але бог, якi дбае пра слуг сваiх, пераблытаў планы адпомсты i зрабiў так, што якраз арганiст i выбавiць яе з бяды.

Поделиться с друзьями: