Стасевы прыгоды (на белорусском языке)
Шрифт:
– Дык навошта вы пыталiся, калi самi ведалi?
– закрычаў узлаваны жыд.
– Не хачу апраўдвацца перад кожным лахмеем!
– адказаў ганарлiва арганiст, хочучы крануцца з месца.
– Едзьма ўжо, едзьма, - прасiлася Шарачыха.
– Ай, вай, якi вялiкi пан!
– крычаў жыд, хапаючыся за лейцы.
– Пан арганiст! Я пану штосьцi скажу!.. Можа, пан прыходзiў бы да мяне кожную нядзелю iграць на шарманцы?..
Натоўп вакол брычкi выбухнуў рогатам. Горды арганiст збялеў, удараны ў найбольш чулае месца свайго гонару, а ў вачах яго блiснула жаданне помсты. Ён узняўся на козлах i, выпрастаўшы сваю доўгую постаць, закрычаў магутным i ўрачыстым голасам:
– Лейбусь!.. Я хрышчу цябе... In nomine Patris...*
* У iмя айца... (лац.)
– Ай, вай!.. Нягоднiк! Свiное вуха!..
– закрычаў натоўп, разбягаючыся па рыначным пляцы.
У гэты момант арганiст сцебануў каня i брычка пакацiлася ў клубах пылу, пад рогат i лаянку натоўпу.
Ехалi спорнай рыссю хвiлiн з дзесятак. Шарачыха раз-поразу ўставала i, пахiстваючыся на дрыготкай брычцы, глядзела на дарогу.
– Пан арганiст!..
– А што?
– Гэта далёка?
– З мiльку будзе, хутка даедзем!
Конiк быў дужы i шустры, але ўжо i на яго гладкай поўсцi пачалi паказвацца плямы поту.
– Эй, малы!
– падахвочваў яго арганiст.
Часамi пыл, што валокся за iмi, як хвост, параўноўваўся з брычкай, забягаў наперад i тры пары вачэй засыпваў дробным пяском. Тады конiк апускаў галаву памiж каленяў i пырхаў, арганiст працiраў вочы тоўстым рукавом, i толькi бедная мацi глядзела на дарогу, не прыкрываючы павекаў.
– Пан арганiст!..
Арганiст ведаў ужо, пра што яна, i адказваў, не чакаючы пытання:
– Вунь там, памiж дрэвамi!.. Бачыце?.. Хвiлiн за некалькi даедзем.
Павярнулi направа. Некалькi чалавек капалi ў полi роў. Вазок спынiўся.
– Эй, людзi!
– гукнуў арганiст, махнуўшы аднаму з iх.
Чалавек палажыў лапату i пайшоў да брычкi. Шарачышына сэрца калацiлася, як малаты ў кузнi, як быццам вазок iмчаўся, хоць ён i стаяў.
– Пан вярнуўся дахаты?
– спытаўся арганiст у чалавека, што падыходзiў.
– Ага!
– А вазка вы за ягонай двухколкай не бачылi?
– Ага, бачылi.
– I дзiця было там?
– Мусiць, было, бо нештачка ўсярэдзiне траслося.
– Шчыра дзякуем!
– Едзьце здаровы!.. Яно ваша?
– Не маё... гэтай панi!
– адказаў арганiст, паказваючы пугаўём назад.
– Пан арганiст, - азвалася кавалiха.
– Чаго?
– Пусцiце мяне з брычкi... Я пехатой пайду, бо мне здаецца, што хутчэй зайду...
– Не балбачыце, панi, дарма... Эй, малы!
– Ой, божа мой, божачка!.. Цi ж знайду я яго!..
– шаптала кавалiха, укленчыўшы на дрыготкiм дне брычкi.
Конь iмчаўся галопам. Можа, з вярсту ад маёнтка арганiст заўважыў нешта шэрае, што хутка кацiлася ад аднаго краю дарогi да другога. Калi пад'ехалi блiжэй, ён пазнаў сабаку, якi з апушчанай галавой бег перад брычкай.
– Курта!
– гукнуў арганiст.
– Глядзi, панi, ваш Курта тут!
Сабака, убачыўшы кавалiху, заякатаў, загаўкаў, пачаў скакаць то да брычкi, то да храпы каня, якi пырхаў ды абганяўся як мог. Верны сабака, выпушчаны з хлява, прыбег следам Стасевага вазка ажно сюды.
– Усё iдзе добра!
– сказаў арганiст, напяўшы лейцы.
Брычка спынiлася каля дваровай брамы.
Кавалiха саскочыла з брычкi, ступiла некалькi крокаў i раптам абаперлася аб шула брамы - так закружылася галава. Арганiст узяў яе за руку, i так яны пайшлi да дома ўслед за Куртам, якi ўсё гаўкаў, скакаў i круцiўся вакол самога сябе.
Усе паны якраз сядзелi на верандзе, абедалi. Падарожныя затрымалiся каля плота, нясмела гледзячы туды, дзе панства, а Курта раптам iрвануўся ў той бок.
За iм пабегла кавалiха. Задыханая, з узнятымi рукамi яна ўпала на каленi пры канцы стала, дзе на прыполе ў ключнiцы сядзеў Стась - жывы, выспаўся i ўсмiхаецца.
– Пайшоў прэч ты, нягоднiк!
– перапалохана крычала ключнiца на Курту, якi намагаўся ўскочыць на яе прыпол.
– Мацi! Мацi!
– загаманiлi паны, гледзячы, як жанчына, павалiўшыся на зямлю, з крыкам цалавала пухкiя Стасевы ножкi.
Перапынiлi абед, паўставалi i падышлi да таго канца стала, дзе адбывалася пацешная сцэна: дзве жанчыны сварылiся за дзiця.
Шарачыха хацела забраць сваё, а ключнiца не аддавала.
– Гэта мой сын! Мой Стасiчак!
– крычала мацi.
– Ды хто вы такая?
– крычала, мацуючыся з ёю, ключнiца.
– Таксама... нахабства!.. Хапае такое далiкатнае дзiця, нiбы аполец сала!
– Бо гэта маё!..
– Што ваша?.. Гэта сын нашага пана, тут усе вам скажуць!.. Такi прыгожанькi... Во, бачыце... Пан прыйшоў... Аддай пану хлопца!..
Усе госцi адкрыта смяялiся.
– На табе, паны смяюцца, - не супакойвалася ключнiца, - а гэта ж панаў сын!.. Падобненькi!.. Пайшоў прэч, сабачая морда!
– зноў закрычала яна на Курту.
Шарачыха, не ўстаючы з каленяў, павярнула галаву i здзiўлена паглядзела на таго, каго назвалi Стасевым бацькам. Паглядзела i сказала з наiўнаю прастатой:
– Не быў бы ён такi прыгожанькi, каб быў вашага пана. Гэта сын каваля... Юзафа Шарака!..
Тут азваўся арганiст i сваёй урачыстай мовай пацвердзiў, што згубленае дзiця, якое пры святым хрышчэннi атрымала iмя Станiслаў, з'яўляецца законным сынам Юзафа i Малгажаты з дома Ставiньскiх-Шаракоў.
Вестку, якая выплыла з такой важнай крынiцы, панi Лоская ўспрыняла з вялiкiм задавальненнем; затое пан суддзя ўсмiхнуўся, нiбы з'еўшы мыла.
– Фью, фью!
– свiснуў стары палкоўнiк i дадаў: -Пайшло!..
Суддзя скрывiўся яшчэ больш i абыякава махнуў рукой.
– Я вельмi рад, - сказаў ён, - што бедны хлопец так хутка знайшоў сям'ю!..
– Гэта нагадвае мне байку пад назвай "Лiса i вiнаград", - дадаў палкоўнiк.
Жанчыны прыкусвалi губы, суддзя круцiўся, як на шпiльках, арганiст нiчога не разумеў, а Шарачыха не чула, занятая Стасем.
Лiшне было б гаварыць, што арганiста прымусiлi яшчэ раз расказаць, як яно здарылася са Стасем.