Страчаная спадчына
Шрифт:
Непадалёку ад гэтага касцёла, на старых могілках, знаходзілася невялікая мураваная капліца з адным алтаром, якая датуецца другой паловай XVIII ст. Яна мела драўлянае перакрыцце і 5 вокнаў.
Апошнім змураваным у XVIII ст. стаў манастыр базыльянаў. У 1631 г. заснаваныя драўляныя манастыр і царква перададзены кцітарамі базыльянам. На тым жа месцы ў горадзе, пры вуліцы, якая пераходзіла ў Кобрынскі шлях, пазней пабудаваны мураваныя царква і вучылішча.
Мураваную царкву ў імя святых Пятра і Паўла пачалі будаваць пасля 1788 г. У плане гэтая вуніяцкая царква ўяўляла звычайны для Беларусі тып трохнефавага базілікальнага каталіцкага храма з прэсбітэрыем, роўным па пралёту сярэдняму нефу. Інтэр'ер перакрывалі мураваныя скляпенні. Над уваходам размяшчаліся хоры з арганам. Да прэсбітэрыя, які не меў іканастаса, прылягалі дзве сакрысціі. У царкве акрамя вялікага алтара было 6 малых. Пазалочаныя і пасярэбраныя алтары, якія перанеслі са старой царквы, не зусім падыходзілі да новай.
Галоўны фасад царквы з дзвюма вежамі па баках застаўся незавершаным і неатынкаваным. Паверхня фасада ўяўляла спалучэнне трох увагнутых цыліндрычных частак, утвораных групамі пілястраў.
На абмерных чарцяжах захаваўся план і фасад драўлянага манастыра — адзіны з вядомых прыкладаў збудаванняў гэтага тыпу. Кляштар меў П-падобную канфігурацыю (хутчэй Е-падобную. — Т.Г.) і ўключаў трапезную, 14 келляў і кладоўку. Кухня знаходзілася ў асобным будынку. Кляштар быў пастаўлены на мураваным фундаменце і атынкаваны звонку. Тарцы крылаў мелі паўвальмавыя дахі, шчыты якіх былі аздоблены дэкаратыўнай дыяганальнай шалёўкай.
Побач з царквой базыльянамі было ўзведзена пяцікласнае мураванае двухпавярховае вучылішча, перададзенае пазней Віленскай вучэбнай акрузе.
У пэўнай ступені да разглядаемых манументальных храмаў можа быць залічана берасцейская катэдральная вуніяцкая царква святога Мікалая. Яна размяшчалася на поўдзень ад базыльянскага кляштара. Паданне звязвае яе заснаванне з узнікненнем Берасця. Аднак невядома, калі царква стала катэдральнай. У ёй адбылося абвяшчэнне вуніі 1596 г., якая падпарадкавала праваслаўную царкву Беларусі папе рымскаму.
Л. Паеўскі (аўтар кнігі «Брест-Литовск и его древние храмы». Горадня, 1894) апісвае яе як мураванае крыжападобнае збудаванне з драўляным купалам над сярэдзінай даха, накрытага гонтай. Аднак малаверагодна, што Паеўскі піша аб старажытнай царкве. На плане 1798 г. яна пазначана як незавершаная. У справе 1819 г. таксама падкрэслена, што яна не закончана, без падлогі, перакрыццяў, даха, аконных рам. У Цэнтральным Дзяржаўным Ваенна-Гістарычным архіве знаходзяцца план і праект перабудовы фасадаў гэтай царквы. Аднак, у якой ступені крыжападобная ў плане царква паўтарала кампазіцыю старажытнай царквы святога Мікалая, — невядома.
На тым жа плане Берасця пазначаны тры драўляныя цэрквы (да пераходу ў вунію — праваслаўныя) і праваслаўны манастыр. Верагодна, што і ў замку, па аналогіі з іншымі беларускімі гарадамі, таксама была царква. Паеўскі лічыць, што гэта — Крыжаўзвіжанская царква. Адзіным праваслаўным манастыром сярод шматлікіх каталіцкіх кляштараў быў Сямёнаўскі, пабудаваны на поўдні Валынскага прадмесця і знесены, як і царква, падчас будаўніцтва Берасцейскай крэпасці. І цэрквы, і манастыр былі вельмі старажытнымі. Даты іх узнікнення невядомы.
Разгледжаныя манастыры Берасця не толькі дазваляюць уявіць сабе манументальныя гарадскія збудаванні 30-ых гг. XIX ст., але і значна пашыраюць веды па гісторыі беларускага барока XVII–XVIII стст. У гэтых помніках побач з рысамі, агульнымі для архітэктуры ўсяго краю, ёсць кампазіцыі з авальным планам і фасадамі з нізкімі вежамі, характэрнымі для мясцовага варыянта стылю.
Алена Квітніцкая
Архіўныя матэрыялы пра велічныя культавыя ансамблі Берасця, цалкам загінуўшыя, упершыню былі выяўлены, даследаваны і апублікаваны А. Квітніцкай у 1979 г. З удзячнай памяццю пра даследніцу, якая шмат зрабіла для пашырэння ведаў пра беларускую архітэктурную спадчыну, мы палічылі патрэбным цалкам перакласці і данесці да шырокага кола чытачоў гэты артыкул, надрукаваны ў маладаступным вузкапрафесійным выданні. Для паўнаты карціны намі ўключаны сюды разгляд гісторыі будаўніцтва і знішчэння берасцейскага касцёла і калегіума езуітаў, апублікаваны Квітніцкай у другім артыкуле. Толькі ў апошні час з'явілася цікавая публікацыя І.Лаўроўскай, якая крыху дапаўняе прадстаўленыя матэрыялы і раскрывае працяглую агонію знішчэння помнікаў Берасця. Яна цытуе ўражанні Юліяна Нямцэвіча аб наведванні ім у 1816 г. Берасця — горада свайго юнацтва, «сталіцы роднага ваяводства». Ён адзначае: «Не рэдкія, а перыядычныя, магчыма, наўмысныя пажары, заняцце дамоў на пастой салдатамі… зрабілі гэты горад бязлюдным і ўбогім. Усе манастыры спустошаны вайсковымі шпіталямі… у брыгіцкім кляштары салдаты размясціліся разам с манашкамі ў адным будынку».
У Берасці ад моцных пажараў згарэла ў 1802 г. 160 дамоў, у 1828 г. — 220 будынкаў, сярод іх вуніяцкая царква і кляштар брыгітак, у 1833 г. — 156 прыватных жылых дамоў і базыльянскі кляштар. Пасля гэтага жылое і культавае будаўніцтва на цытадэльным востраве было забаронена.
Касцёл аўгусцінцаў, напрыклад, сістэматычна гарэў у пачатку XIX ст.: у 1801 і ў 1808 гг., але ў 1814 г. быў адноўлены. Прыблізна на яго месцы ў 1870–1872 гг. спланавана і ўзведзена праваслаўная гарнізонная царква ў псеўдавізантыйскім стылі, якая ў 1920 г. пры Польшчы зноў перабудавана пад касцёл з рысамі архітэктуры былога касцёла аўгусцінцаў. У 1939 г. будынак храма стаў гарнізонным клубам, а ў 1972 г. закансерваваныя рэшткі яго ўключаны ў мемарыяльны ансамбль «Берасцейская крэпасць-герой».
У 1656 г. самы значны на той час у горадзе кляштар бернардзінцаў, дзе праходзілі ўрачыстыя службы і земскія соймы, быў разабраны па загаду гетмана Вялікага Княства Літоўскага Паўла Сапегі для ўмацавання абарончага вала ад пагрозы шведскага нашэсця. Аднак ён жа выплаціў ордэну з казны кампенсацыю ў 80 000 злотых. У аднаўленні храма прымалі ўдзел і берасцейскія мяшчане, і славутыя магнаты. У крыпце касцёла, знесенага пры будаўніцтве крэпасці, знаходзіліся надмагіллі Пятра Пацея, Яна Галемскага, Паўла Сапегі, Гераніма Валовіча, Аляксандра Звежы, Марцыяна Трызны і іншых. У жылых будынках мужчынскага і жаночага бернардзінскіх кляштараў, пасля 1794 г. прыстасаваных пад кадэцкі корпус, размясціўся вайсковы шпіталь. У 1918 г. кляштар бернардзінцаў быў узарваны немцамі.
Даўжэй за іншых існавалі касцёл і кляштар брыгітак, прыстасаваныя ў 1830 г. пад следчую турму. Захаваўся здымак касцёла 1930-ых гг. Калі знік помнік, невядома: ці разбураны ў час Другой сусветнай вайны, ці пасля яе разабраны на цэглу.
Карабель над Пінай
У кніжцы «Антычныя афарызмы» ў рубрыцы «Кожнаму сваё» мне трапіў некалькі незвычайны крылаты лацінскі выраз, які перакладаецца так: «Бернард любіў даліны, Бенядыкт — горы, Францыск — невялікія гарады, Ігнаці — знакамітыя сталіцы». Чалавеку, недасведчанаму ў гісторыі рэлігіі, гэты афарызм можа здацца незразумелым і загадкавым. Справа ў тым, што тут маюцца на ўвазе заснаваныя гэтымі людзьмі розныя каталіцкія ордэны, якія мелі пэўныя традыцыі размяшчэння сваіх місій у тых ці іншых месцах. Адзін з найбольш старажытных ордэнаў, бернардзінскі, заснаваны святым Бернардам Клервоскім, будаваў манастырм пераважна ў сельскай мясцовасці, ордэн святога Бенядыкта, як бачым, у гарах. Жабрацкі ордэн францысканцаў, створаны святым Францыскам Асізкім, аддаваў перавагу невялікім мястэчкам, а арыстакратычны ордэн езуітаў, заснаваны ў 1540 г. святым Ігнаціем Лаёлам, мясціўся ў асноўным у буйных гарадах. З гэтага вынікае, што азначаны афарызм зусім не антычны, а познемедыявістычны і належыць самае ранняе да канца XVI ст., калі ўжо дастаткова выразна склаліся адпаведныя традыцыі.
Працэс пашырэння дзейнасці езуіцкага ордэна ў Вялікім Княстве Літоўскім і будаўніцтва ім сваіх рэзідэнцый у самых значных гарадах дзяржавы яскрава пацвярджае лацінскі афарызм. Паслядоўнасць была такая: Вільня, Полацак, Нясвіж, Горадня, Віцебск, Слуцак і сярод гэтых вядомых культурных цэнтраў — Пінск, сталіца Беларускага Палесся.
Пінск упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісу пад 1097 г. На працягу сваёй шматвяковай гісторыі горад упарта захоўваў вялікае дзяржаўнае і эканамічнае значэнне: цэнтр княства ў XIII ст., ён пазней адыгрываў істотную ролю ў гандлёвых зносінах з Каралеўствам Польскім. У 1581 г. Пінск атрымаў самакіраванне на аснове магдэбургскага права. Разам з ім кароль Стэфан Баторый даў гораду прывілей на кірмашы, гандлёвыя дні і кантракты.
Езуітаў у Пінску асадзіў у 1631 г. вялікі канцлер літоўскі Альбрыхт Станіслаў Радзівіл, які з 1623 г. зяўляўся старостай віленскім і пінскім. Па яго фундацыі ў цэнтры горада, каля старажытнага замчышча, пачалося будаўніцтва мураваных будынкаў касцёла і калегіума. Іх закладка суправаджалася перанясеннем у 1635 г. адной з вуліц горада. Касцёл Дзевы Марыі размяшчаўся па восі вуліцы Азёрскай, а галоўным дзвюхвежавым фасадам выходзіў на важнейшую ў планіровачнай структуры горада гандлёвую плошчу, дзе стаялі крамы, адбываліся мнагалюдныя кірмашы. З усходняга боку над вялікай адкрытай прасторай плошчы высока ў неба ўзносіліся стромкія шмат ярусныя вежы храма езуітаў. Яго грандыёзныя памеры, велічная архітэктура ўражвалі і захаплялі.