Страчаная спадчына
Шрифт:
У 1780 г. Магілеў стаў месцам сустрэчы расейскай імператрыцы Кацярыны II і аўстрыйскага імператара Іосіфа II. У памяць гэтай падзеі манархі ва ўрачыстай абстаноўцы заклалі краевугольны камень у падмурак храма, тытулаванага ў гонар святога Іосіфа. Асвячэнне храма адбылося ў 1798 г., а ў 1802 г. сюды са Спаса-Праабражэнскага манастыра пераведзена праваслаўная катэдра, і з гэтага часу ён стаў галоўным катэдральным саборам горада.
Архітэктуры Іосіфаўскага сабора былі ўласцівы характэрныя для расейскага класіцызму манументальнасць і лаканічнасць выразных сродкаў, заснаваных на выкарыстанні антычнай ордэрнай сістэмы. Аднак і гэты помнік вызначаўся своеасаблівасцю. Сабор меў трохчасткавую глыбінна-прасторавую структуру, тыповую для драўляных беларускіх храмаў, у адрозненне ад больш характэрных гэтаму стылю цэнтрычных кампазіцый. Да квадратнага ў плане асноўнага аб'ёма, завершанага паўсферычным купалам на круглым барабане, з усходу прылягала паўкруглая алтарная апсіда з конхавым пакрыццем, а з захаду — простакутны прытвор з двухсхільным дахам. Усе часткі аб'ядналіся агульным поясам антаблемента, што падкрэслівала гарызантальную будову мас.
Галоўны фасад сабора ўпрыгожваў строгі і ўрачысты шасцікалонны порцік дарычнага ордэра, па баках якога размяшчаліся глыбокія нішы са скульптурамі святых Іосіфа і Кацярыны, патронаў-заснавальнікаў храма. Плоскасці сцен бакавых фасадаў раскрапоўвалі накладныя чатырохкалонныя дарычныя порцікі, падкрэсліваючы такім чынам характэрную класіцызму важнасць і значнасць усіх фасадаў.
Вонкавая класічная строгасць збудавання не адпавядала дакладна арганізацыі яго інтэр'ера і маскіравала цікавае канструкцыйнае вырашэнне купала з дзвюма абалонкамі. У цэнтральнай частцы храма чатыры масіўныя апоры, злучаныя магутнымі паўцыркульнымі аркамі пры дапамозе ветразяў, падтрымлівалі ніжнюю абалонку купала, прарэзаную 12 арачнымі праёмамі і круглай адтулінай уверсе сферы. Верхнюю абалонку купала падтрымліваў круглы барабан з 12 круглымі вокнамі-люкарнамі. Праз праёмы ніжняй абалонкі праглядваліся фрэскавыя роспісы на паверхні верхняй сферы, асветленыя люкарнамі, што стварала ілюзорны эфект прарыву ў нябесную сферу, населеную святымі і анёламі.
Новай для беларускага дойлідства была незвычайная арганізацыя ўнутранай прасторы сабора. Аснову яе складала васьмігранная падкупальная зала. Алтарная частка, абмежаваная паўкруглай апсідай і выгнутай алтарнай перагародкай, таксама ўтварала ў плане правільную геаметрычную фігуру — круг. Цэнтрычнасць яе кампазіцыі падкрэслівала шасцікалонная альтанка-ратонда з паўсферычным купалам, размешчаная ў алтары.
Паміж вонкавымі сценамі і падкупальнымі апорамі ўтвараліся вузкія праходы, перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі, што надавала ім падоўжны накірунак і выгляд бакавых нефаў. Тая ж тэма працягвалася і ва ўваходным аб'ёме, які двума радамі спараных іянічных калон, абліцаваных светла-жоўтым і зялёным мармурам, падзяляўся на тры нефы. У гэтым відавочна імкненне спалучыць новыя мастацкія прынцыпы архітэктуры класіцызму з традыцыйнай для беларускіх храмаў папярэдняга часу базілікальнасцю.
У дэкаратыўным афармленні інтэр'ера вялікую ролю адыгрывалі фрэскавыя роспісы, круглая скульптура, рэльефныя медальёны, абліцоўка паліхромнымі мармурамі і архітэктурны дэкор у тэхніцы грызайль. У мастацкім аздабленні сабора прымаў удзел вядомы расейскі мастак У. Л. Баравікоўскі, які напісаў восем вялікіх абразоў для іканастаса і, магчыма, з'яўляўся аўтарам роспісаў скляпенняў.
Па праекту М. А. Львова вуліца перад Іосіфаўскім саборам была пашырана і ўтворана плошча ў выглядзе авала, якая атрымала назву Саборнай. Кампазіцыйным цэнтрам рэгулярнага горадабудаўнічага ансамбля стаў сабор, размешчаны па папярочнай восі сіметрыі плошчы. З другога боку яе замыкала манументальная брама. Падоўжную вось плошчы падкрэслівалі чатыры аднатыпныя пабудовы на рагах вуліцы. Форму авала стварала невысокая агароджа, якая злучала з процілеглых бакоў плошчы гэтыя пабудовы. Іосіфаўскі сабор знаходзіўся на той жа Вялікай Шклоўскай вуліцы, што і сабор Богаяўленскага манастыра, але на большай адлегласці ад старажытнага цэнтра горада. У XIX ст. Вялікая Шклоўская вуліца была перайменавана ў Дняпроўскі праспект.
Пры параўнанні праектных чарцяжоў сабора і акварэлі пачатку XIX ст. з выявай Саборнай плошчы з фотаздымкам пачатку XX ст. можна ўбачыць, што першапачаткова вельмі пакаты купал храма пазней набыў больш стромкі контур, магчыма, з-за кліматычных умоў. Але ў асноўным будынак не пацярпеў за стагоддзе істотных змен.
Відавочна, што расейскі царскі ўрад ставіўся з павагай да праваслаўных святынь Магілева. Аднак горкі лёс напаткаў іх у савецкі час. Не толькі гэтыя, але і шматлікія іншыя архітэктурныя ансамблі старажытнага горада зруйнавалі не войны, а рэалізацыя праектаў «сацыялістычнай рэканструкцыі».
У 1930-ых гг. узнікла ідэя перанесці сталіцу БССР з Менска ў Магілеў, далей ад дзяржаўнай мяжы, якая праходзіла каля мястэчка Негарэлае. Гэтая ідэя не проста «насілася ў паветры». Яна знайшла канкрэтнае ўвасабленне. У красавіку 1938 г. урад БССР прыняў пастанову аб сацыялістычнай рэканструкцыі Магілева. У 1936–1939 гг. ішла работа над генеральным планам гэтай рэканструкцыі (арх. Н. Трахтэнберг, М. Андросаў і інш.), адпаведна якому ў горадзе быў пабудаваны Дом Саветаў (арх. І.Лангбард), куды пераводзіліся рэспубліканскія ўстановы. Адначасова ажыццяўлялася метадычнае знішчэнне помнікаў культавай архітэктуры безадносна да іх канфесійнай прыналежнасці. За адну ноч Магілеў страціў 9 культавых ансамбляў.
Аснову генеральнага плана складала рэканструкцыя забудовы галоўных вуліц старажытнага горада — Вялікай Шклоўскай і Ветранай, названых адпаведна Першамайскай і Ленінскай. На іх і знаходзіліся разгледжаныя намі помнікі. На месцы выдатнага ансамбля архітэктуры класіцызму — Іосіфаўскага сабора і Саборнай плошчы — у 1938–1940 гг. узведзена гасцініца «Дняпроўская» (арх. А. Воінаў).
Адначасова зняслі Спаса-Праабражэнскі сабор, які размяшчаўся ў Спаскім завулку, крыху воддаль ад Ветранай вуліцы, адкуль шырока адкрываўся ў бок Дняпра і сваім вытанчаным сілуэтам са шматлікімі вярхамі ўзбагачаў панараму горада. Апошнім загінуў Богаяўленскі сабор, знесены ўжо пасля Другой сусветнай вайны па новаму генеральнаму плану аднаўлення і рэканструкцыі Магілева 1947–1950 гг., разам з гарадской ратушай, пабудаванай у 1679–1681 гг. Так ішлі рэканструкцыя і аднаўленне, пазбавіўшыя горад гістарычнай памяці.
Манастыры Берасця XVІІ-XVІІІ стагоддзяў
Берасце — беларускі горад на мяжы з Польшчай — з'яўляецца адным з найбольш старых славянскіх гарадоў. Першае летапіснае паведамленне аб ім адносіцца да 1017 г. У той час ён называўся Бярэсцем — ад бярэсты — адной з парод вяза. Горад ад пачатку быў крэпасцю, што абараняла тут перакрыжаванне гандлёвых шляхоў на Варшаву, Вільню, Маскву і Кіеў. Ён ляжаў ля сутокаў рэк Буга і Мухаўца на больш высокім правым беразе насупраць замка, які размяшчаўся на штучнай выспе.
Пагранічнае Берасце шмат разоў пераходзіла з рук у рукі. У пачатку XI ст. яно належала тураўскім князям, пазней яго заняло войска Яраслава Мудрага (1044), і яно стала ўладаннем кіеўскіх князёў, затым у сярэдзіне XII ст. перайшло да валынскіх князёў. Вялікі князь літоўскі Гедзімін паклаў у 1319 г. пачатак уладанню горадам Вялікім Княствам Літоўскім. Па трэцяму падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Берасце адышло да Расеі.
6 чэрвеня 1833 г. на месцы старажытнага Берасця распачалося будаўніцтва новай магутнай крэпасці. Яго каталіцкія кляштары, скасаваныя яшчэ раней, пры ўзвядзенні крэпасці былі ці знесены, ці непазнавальна перабудаваны. Ацалеў адзіны дамініканскі касцёл, пераўтвораны ў фарны, але і яго ў 1848 г. напаткаў трагічны канец. Горад па загаду ад 27 чэрвеня 1834 г. быў перанесены на адлегласць 600 сажняў ад гласіса крэпасці на паўночны ўсход.
У Цэнтральным ваенна-гістарычным архіве Масквы знаходзяцца абмеры мураваных берасцейскіх кляштараў і касцёлаў, праведзеныя ў 1830 г. з мэтай пераабсталявання будынкаў пад установы іншага прызначэння. Гэтыя чарцяжы дазваляюць уявіць манументальныя збудаванні Берасця ў тым выглядзе, які яны мелі да пераўтварэння старога горада ў крэпасць, да фактычнага яго знішчэння.
Берасце з'яўлялася адным з буйнейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. Яго спрыяльнае гандлёва-стратэгічнае размяшчэнне прывяло да хуткага развіцця горада і росквіту будаўніцтва. У 1441 г. Берасце ўвайшло ў колькасць галоўных гарадоў Княства. Сюды з'язджаліся дзяржаўныя дзеячы і духавенства. У канцы XVIII ст. на яго тэрыторыі, акрамя праваслаўных культавых збудаванняў і пышнай мураванай сінагогі XVI ст., знаходзілася дзесяць мураваных каталіцкіх і вуніяцкіх храмаў і кляштараў, разгляду якіх і прысвечана дадзеная праца.
Няправільная па абрысам, абумоўленым характарам мясцовасці, тэрыторыя горада падзялялася вузкімі вуліцамі, што ўтваралі нерэгулярную сетку невялікіх кварталаў. За межамі горада вуліцы пераходзілі ў гандлёвыя шляхі, на падыходзе якіх да галоўнай рынкавай плошчы размяшчаліся манументальныя мураваныя культавыя збудаванні. Каталіцкія кляштары і касцёлы займалі ключавыя пазіцыі ў горадзе. У XVII ст. існавалі кляштары бернардзінцаў, аўгусцінцаў і дамініканцаў.
У 1605 г. быў заснаваны і зрублены з дрэва касцёл і кляштар бернардзінцаў на месцы, дзе пазней паўсталі мураваныя будынкі гэтага кляштара. Як вынікае з планаў Берасця XVIII ст., касцёл знаходзіўся ў Валынскім прадмесці, каля маста праз раку Мухавец. Першы драўляны будынак вельмі хутка згарэў. Ян Чапельскі даў бернардзінцам у 1622 г. багаты фундуш, дзякуючы якому будаўніцтва мураваных касцёла і кляштара паскорылася. У 1623 г. адбылося асвячэнне касцёла Яна Хрысціцеля. Касцёл уяўляў сабой трохнефавую базіліку, перакрытую мураванымі скляпеннямі. Яго структура — звычайная для трохнефавых касцёлаў Беларусі. З паўднёвага боку да касцёла прылягала квадратная ў плане, перакрытая мураваным крыжовым скляпеннем капліца Пацееў (кцітараў), у якой знаходзіўся алтар Божай Маці. Падобныя капліцы нярэдка прыбудоўваліся да храмаў (касцёлы дамініканцаў у Стоўбцах і бернардзінцаў у Слоніме). Унутры касцёла — вялікі алтар у прэсбітэрыі і 8 бакавых алтароў. Падлога ў сярэднім нефе, прэсбітэрыі і часткова ў бакавых нефах — мармуровая, у астатніх частках — драўляная. Касцёл атынкаваны і пабелены ўнутры і звонку. Дах над галоўным нефам з дахоўкі, над бакавымі — з гонты.