Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Каталіцкі манаскі ордэн босых кармелітаў быў «жабрацкі», што вынікае з яго назвы, але зусім нябедны. У Горадні кармелітаў асадзіў каштэлян віленскі Андрэй Катовіч, які ў 1650 г. разам з жонкаю Варварай ахвяраваў ім пляц насупраць праваслаўнай Крыжаўзвіжанскай царквы (Чэснага крыжа). Выява гэтага помніка захавалася на вядомай гравюры Горадні 1568–1572 гг., дзе сярод нізкай жылой забудовы направа ад моста праз Нёман адлюстравана значнае па памерах, круглае ў плане драўлянае збудаванне, завершанае светлавым барабанам з купалам і галоўкай. Верхні ярус будынка абкружала балюстрада. Незвычайнасць кампазіцыі дае падставы меркаваць, што царква была зрублена «ў стоўп», а не характэрным для славянскіх земляў спосабам — гарызантальнымі вянкамі. Вядома, царква Чэснага крыжа належала рамесніцкаму цэху гарбароў, аднаму з буйнейшых у горадзе, а ў XVII ст. стала вуніяцкай.

Першы драўляны касцёл кармелітаў, узведзены насупраць царквы, пазначаны на планах Горадні 1655 і 1706 гг. Простакутны ў плане будынак з гранёнай алтарнай апсідай, арыентаванай на поўдзень, відавочна, неаднаразова цярпеў ад пажараў і аднаўляўся. Манастыр атрымліваў дадатковыя ахвяраванні ў 1670 і 1676 гг. і паступова пашыраў свае ўладанні за кошт вуніяцкай абшчыны. У грамаце, выдадзенай вуніяцкім мітрапалітам Кіпрыянам Жахоўскім, у 1674 г. кляштару кармелітаў перададзены ўчастак царквы і могілкі брацтва Чэснага крыжа.

Новыя мураваныя кляштарныя будынкі і касцёл, вырашаныя як цэласны архітэктурны ансамбль, былі ўзведзены паміж 1738 і 1765 гг. на другім баку Мастовай вуліцы, насупраць старога манастыра. Касцёл атрымаў нетрадыцыйную арыентацыю алтаром на захад. На ўсход да развілкі і павароту па-сярэдневяковаму вузкай вуліцы выходзіў пышна дэкарыраваны галоўны фасад. Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя збудавання вызначалася падкрэсленай самастойнасцю галоўнага фасада адносна агульнай тэктонікі храма. Яго асноўная частка разам з алтаром уяўляла сабою простакутную ў плане трохнефавую базіліку, да заходняга тарца якой прылягаў двухпавярховы аб'ём з сакрысціямі і манастырскай скарбніцай. Галоўны ўсходні фасад меў характэрную для позняга барока глыбінна-прасторавую структуру, якая адпавядала вузкаму, выцягнутаму па шырыні базілікі нартэксу, раскрапаванаму па баках квадратнымі ў плане аб'ёмамі. Характэрна, што аб'ёмы гэтыя завяршаліся не вежамі, а схільнымі дахамі з валютамі на тарцах. Такім чынам, у адрозненне ад большасці помнікаў віленскага барока, якія мелі дзве шмат'ярусныя вежы на галоўным фасадзе, фасад гарадзенскага касцёла кармелітаў быў бязвежавым.

Культавыя будынкі звычайна ставілі на ўзвышаных месцах і іх імклівыя ажурныя вежы ўзбагачалі маляўнічыя панарамы гарадоў і мястэчак. У дадзеным выпадку такія вежы страчвалі ўсялякі сэнс, таму што сілуэты вежаў зніклі б на фоне высокага берага Нёмана. Думку аб дакладным разуменні стваральнікаў ансамбля спецыфікі яго горадабудаўнічай сітуацыі пацвярджае таксама нетрадыцыйнае размяшчэнне званіцы касцёла і лаканічнасць яе архітэктурнага вырашэння. Невысокі чацвярык званіцы, накрыты пакатым шатром-каўпаком, узвышаўся над зімовай сакрысціяй, размешчанай на паўночна-заходнім рагу будынка, і вызначаўся простым і стрыманым ордэрным дэкорам.

Галоўны ўсходні фасад касцёла кармелітаў успрымаўся з абмежаванай прасторы вузкай вуліцы ў моцным ракурсе і быў падобны на хвалістую тэатральную кулісу. Вертыкальныя ордэрныя элементы ў выглядзе спараных пілястраў, пастаўленых на высокі цокаль, стваралі дынамічную трохмерную кампазіцыю, якая паступова разгортвалася перад прыхаджанамі. Свабодны, пульсуючы рытм гарызантальных чляненняў галоўнага фасада не залежаў ад вышыні бакавых нефаў базілікі. Але дзякуючы буйным валютам па баках другога яруса і атыкавага франтона, уся кампазіцыя фасада аб'ядналася ў адно выразнае цэлае. Пластычны ярусна-пірамідальны абрыс фасада паўтаралі глыбокія нішы-табернаклі. У прасценках паміж пілястрамі на ўсіх трох ярусах у іх знаходзіліся поўныя руху барочныя скульптуры святых. У цэнтры кампазіцыі па восі сіметрыі фасада размяшчалася глыбокая ложа з каванай агароджай, прызначаная для музыкаў, якія гралі падчас урачыстых цырыманіялаў. Ляпная аздоба галоўнага фасада і інтэр'ера храма мела вытанчаны, некалькі здрабнёны, ракайльны характар. Капітэлі пілястраў, картушы супрапортаў, завіткі валют, першапачаткова ўвенчаныя дэкаратыўнымі вазамі з фігурным абрысам, спляталіся мудрагелістымі лініямі, цякучымі і неакрэсленымі. Разнастайныя і складаныя формы арачных праёмаў узбагачалі маляўнічы сілуэт галоўнага фасада.

Усе астатнія фасады касцёла і кляштара былі пазбаўлены аздобы і па кантрасту з галоўным фасадам выглядалі асабліва манументальна і сурова. Трохпавярховы будынак кляштара стаяў у адну лінію з двухпавярховым аб'ёмам сакрысцій, што прылягаў да алтарнай часткі храма. Гэтыя аб'ёмы накрываў агульны двухсхільны дах, так як вышыня паверхаў сакрысцій была большая, а кляштар пастаўлены ніжэй па рэльефу. У гэтым таксама відавочны ансамблевы падыход пры стварэнні ўсяго комплексу.

На ўсіх трох паверхах рытмічна паўтораныя келлі манахаў перакрываліся мураванымі скляпеннямі і злучаліся светлымі калідорамі. На першым паверсе калідор працягваўся ўздоўж паўднёвага фасада касцёла і вёў да аднапавярховай прыбудовы трапезнай з кухняй, пякарняй, кладоўкамі, што прылягала з паўднёвага боку да галоўнага фасада касцёла і мела асобны выхад на Маставую вуліцу. Размеркаванне памяшканняў рознага прызначэння ў асобных будынках ажыццяўлялася ў супрацьпажарных мэтах. Падобнае «функцыянальнае заніраванне», як гавораць цяпер, выяўленае ў агульнай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі, на той час было даволі рэдкай, амаль адзінкавай з'явай.

Пасля скасавання 1843 г. манастыра босых кармелітаў кляштарныя муры перайшлі ваеннаму ведамству, у сувязі з чым зрабілі абмеры будынкаў. Пры рэканструкцыі комплексу пад акруговы суд у 1875 г. зноў праведзеныя абмеры ўжо не адпавядалі папярэднім — часткі будынкаў да таго часу ўжо не існавала. У 1881 г. муры кармелітаў перайшлі ва ўласнасць горада. Амаль праз 20 гадоў, у 1903 г., пачалася новая так званая «рэканструкцыя» комплексу і будаўніцтва на яго аснове вайсковых казарм Гарадзенскага крапаснога батальёна. Пры гэтым разабралі касцёл з яго цудоўным фасадам аж да самых скляпенняў крыпты. Так знік назаўсёды ўнікальны помнік позняга беларускага барока, адзін з непаўторных архітэктурных ансамбляў Горадні, выявы якога засталіся толькі на старых паштоўках.

Базыльянская святыня

Адным з багацейшых у Беларусі сярод вуніяцкіх манастыроў быў кляштарны комплекс ордэна базыльянаў у Быцені, што пад Слонімам, як вызначалі раней у краязнаўчых выданнях (зараз Івацэвіцкі раён Берасцейскай вобласці).

Гісторыя існавання базыльянскага кляштара поўная драматызму. Першы яго фундатар, маршалак слонімскі Рыгор Трызна разам з жонкаю Рэгінаю з Сапегаў у 1607 г. падараваў базыльянам маёнтак Дзяткавічы і заснаваў манастыр. Іх нашчадак Мікалай Трызна, падскарбій Вялікага Княства Літоўскага, у 1626 і 1640 гг. таксама ахвяраваў сродкі на будаўніцтва манастыра і царквы. Каля 1654 г. была змуравана невялікая зімовая Спаса-Праабражэнская царква, якая ацяплялася і непасрэдна злучалася з жылымі памяшканнямі манастыра.

У надзейна ўмацаваным быценскім кляштары падчас паўстання Б. Хмяльніцкага хаваліся вуніяты з Украіны і іншых месцаў. З 1656 г. у быценскім манастыры знаходзіўся кіраўнік базыльянскага ордэна Бенедыкт Цярлецкі. Тут захоўваліся таксама нятленныя мошчы старца Сімеона Стаўроўскага, настаяцеля манастыра з 1640 г.

Вялікая мураваная саборная царква была ўзведзена пасля 1673 г. пад кіраўніцтвам настаяцеля манастыра Іосіфа Пяткевіча. У 1710 г. храм кансекраваны ў гонар свяшчэннамучаніка Язафата (вуніяцкага архібіскупа Я. Кунцэвіча, забітага ў час паўстання ў Віцебску ў 1623 г.).

Спадчыннік згаслага вуніяцкага роду Трызнаў падскарбій надворны Рэчы Паспалітай Антоній Тызенгаўз у 1775 г. адабраў быценскі манастыр у базыльянаў і перадаў католікам. Верагодна, у гэты час саборны храм быў ператытулаваны ў гонар святой Тройцы. У 1839 г. каталіцкі кляштар зноў прымусова перадаецца праваслаўным. Пры гэтым складаецца на польскай мове інвентар быценскага манастыра, належачага дыцэзіі Літоўскай, павету Слонімскага, губерніі Гарадзенскай ад 6 ліпеня 1839 г. з апісаннем царквы, кляштарных і фальваркавых будынкаў, вёскі і інш. У інвентары гэтым паведамляецца, што «царква пад тытулам святой Тройцы вымуравана стараннем і накладам фундатара Мікалая Трызны». І далей, што храм гэты «фігуры крыжовай», з паўкруглымі бакавымі фасадамі. Акрамя дзвюх вежаў, што аздабляюць галоўны фасад, ёсць яшчэ трэцяя вежа над сярэдзінай царквы, якая ў выглядзе ліхтара абапіраецца на чатыры слупы. Сярэдняя вежа мае восем акон і дае святло ўсёй царкве. Усе вежы накрыты бляхай і маюць крыжы драўляныя, абітыя бляхай. Унутры царква атынкавана і пабелена. Дах на ёй новы, гонтавы. За ўваходам у царкву ёсць бабінец у трох прыдзелах, «мураваны і скляпеністы», над ім узведзены хоры для пеўчых. Акон горных 12 з кратамі, на фасадных вежах чатыры акны і г.д.

Прыведзены ў адаптаваным выглядзе гэты інвентар з'яўляецца каштоўным дакументам па архітэктуры базыльянскага комплексу, таму што ў 1915 г. падчас ваенных дзеянняў першай сусветнай вайны царква значна пацярпела. Аб гэтым сведчаць фотаздымкі помніка, зробленыя віленскім Таварыствам аматараў навук у 1930-ыя гг. Нейкі час храм знаходзіўся ў напаўразбураным стане, але ўжо ў 1929 г., часткова адноўлены, дзейнічаў. У час Другой сусветнай вайны і пасля яе саборная царква і манастырскі корпус зруйнаваны канчаткова.

Поделиться с друзьями: