Страчаная спадчына
Шрифт:
Галоўны фасад касцёла размяшчаўся амаль у адну лінію з падоўжным фасадам вялізнага трохпавярховага Г-падобнага ў плане будынка калегіума, узведзенага ў 1635–1648 гг. На генеральным плане Пінска канца XVIII ст. бачна, што паміж касцёлам і калегіумам наперад ад іх чырвонай лініі выступаў у бок плошчы невялікі, таксама мураваны будынак аптэкі. Гэта характэрная рыса дзейнасці езуітаў: свае лячэбныя ўстановы яны звычайна выносілі ў месцы найбольш даступныя для парафіян. У комплекс, абнесены мураванай сцяной, уваходзілі асобныя будынкі шпіталя, канвікта і бурсы, падрабязнае апісанне якіх даецца ў інвентары, зробленым у хуткім часе пасля скасавання ордэна ў 1773 г. Там жа прыведзена апісанне неіснуючага цяпер касцёла святога Юр'я ў прадмесці Каралін, які належаў пінскім езуітам. У 1631–1639 гг. па фундацыі пінскага старосты калегіум сярод іншых гарадскіх участкаў атрымаў пляцоўкі, дзе стаялі праваслаўныя цэрквы: Юр'еўская, Дзімітраўская і Спасаўская. З 1638 г. пры калегіуме існавала філасофска-тэалагічная школа, дзе выкладалі вядомыя езуіты-палемісты Нарушэвіч і Баболя. У 1729 г. тут жа пачала працаваць уласная друкарня.
У названым вышэй архіўным інвентары пры апісанні будынка касцёла пазначана, што ён адноўлены пасля пажару папярэдняга і абвалу яго скляпенняў, «новы ад фундамента» і яшчэ не завершаны. Гэта азначае, што велічны гмах, які можна бачыць на фотаздымках 1930-ых гг. з выявамі Пінска і іншых графічных крыніцах, быў цалкам нанава пабудаваны ў трэцяй чвэрці XVIII ст. у стылі позняга барока. Выяў больш ранняга помніка не захавалася. Новы касцёл, як пазначана ў інвентары, узведзены «ў форме крыжа», «вялікі і пышны», пакрыты гонтам і меднымі лістамі. Дзве вежы на галоўным фасадзе аздаблялі балкончыкі. На паўднёвай з іх знаходзіўся гадзіннік, які біў кожную чвэрць гадзіны. Крылы трансепта таксама ўзведзены нанава ад фундамента вышынёй «роўна з магістрацкім мурам» (ратушай). Пад бакавой «па правай руцэ» капліцай размяшчаўся мураваны склеп (крыпта), дзе знаходзілася надмагілле Андрэя Баболі.
Над ламаным дахам калегіума, пакрытым дахоўкай, узвышалася 25 комінаў. Ніжні паверх калегіума раней адкрываўся ў манастырскі дзядзінец галерэяй «аб сямі аркадах», якая пазней была забудавана.
З 1787 г. муры рэзідэнцыі езуітаў перайшлі вуніяцкаму ордэну базыльянаў, а ў 1800 г. комплекс перададзены праваслаўнаму мужчынскаму Богаяўленскаму манастыру.
На праектным плане Пінска 1800 г. побач з невялікай выявай планіровачнай сітуацыі цэнтральнай часткі горада прадстаўлены праект рэканструкцыі фасадаў касцёла і калегіума езуітаў з мэтай надання ім рыс стылю класіцызму, што панаваў у той час. На гэтым чарцяжы купал на сяродкрыжжы адсутнічае, а крылы трансепта паказаны ступеньчатымі, з аднасхільнымі дахамі. У часы буржуазной Польшчы, калі храм зноў прыналежаў католікам, крылы трансепта, па вышыні роўныя з цэнтральным нефам, разам з алтарнай апсідай былі накрыты пластычнымі купалападобнымі дахамі, утвараючы ў плане лацінскі крыж. На сяродкрыжжы ўзвышаўся несапраўдны глухі барабан з купалам і цыбулепадобнай галоўкай.
У пасляваенныя гады выдатны помнік дойлідства спайціг амаль трывіяльны для нашай культурнай спадчыны лёс — касцёл быў разбураны і зруйнаваны дашчэнту. Даўно і хаатычна забудавана жылымі дамамі і крамамі тэрыторыя старажытнага замка. Як трохпалубавы карабель, адзінока плыве над Пінай і гарадскімі плошчамі велічны гмах былога калегіума па крутых хвалях гісторыі.
Цуд з дрэва
Агульны лёс спусташэння і знішчэння ў XIX ст. расейскім царскім урадам багатых манастырскіх комплексаў розных каталіцкіх ордэнаў напаткаў і выдатны помнік беларускага драўлянага дойлідства — храм святой Тройцы ў Слуцку. Езуіцкія місіі ў Беларусі, як мы ўжо адзначалі, размяшчаліся звычайна ў буйных гарадах і складаліся з касцёлаў, калегіумаў, канвіктаў, бібліятэк, аптэк, шпіталяў і шэрага іншых служб. Манументальныя мураваныя гмахі касцёлаў стваралі прыгожыя, выразныя па сілуэту горадабудаўнічыя дамінанты. Езуіты будавалі заўсёды ў стылі барока, прадвеснікам і прыхільнікам якога быў гэты рэлігійны ордэн. Мастацкія формы барока, разлічаныя ўздзейнічаць на эмоцыі і пачуцці веруючых, адпавядалі ідэалагічнай праграме езуітаў, таму гэткая непарыўная сувязь існавала паміж імі, хаця будаўніцтва езуітаў і не вычэрпвала ўсёй шматграннасці мастацтва барока.
Сярод шматлікіх езуіцкіх рэзідэнцый па архітэктурнаму вырашэнню і горадабудаўнічай сітуацыі, зрэшты, па будаўнічаму матэрыялу, вылучалася толькі іх рэзідэнцыя ў Слуцку. Яна складалася з двух асобных комплексаў з драўлянымі пабудовамі ў розных частках горада. Абодва гэтыя комплексы ўжо даўно зніклі. Гістарычныя звесткі аб іх накладваліся адна на адну і ў навуковай літаратуры, пачынаючы з Энцыклапедыі Аргельбранда, стала паўтарацца стэрыятыпная даведка, што езуіцкі касцёл Святога Духа ў Слуцку пабудаваў з дрэва ў 1704 г. староста рэчыцкі Геранім Клакоцкі.
На падставе шматлікіх архіўных крыніц больш дакладна гісторыю існавання рэзідэнцыі езуітаў у Слуцку раскрыў вядомы польскі даследнік Е. Пашэнда. Ён даказаў, што адзін з комплексаў знаходзіўся ў Зарэччы, адразу за мастом праз р. Случ, а другі — на Падвале, з левага боку, калі ісці з цэнтра ад Остраўскай брамы. Кожны з іх меў сваю гісторыю фундацый, будаўніцтва, знішчэння.
Комплекс у Зарэччы ўзнік на месцы былога двара Г. Клакоцкага, які аддаў свой маёнтак ордэну, а сам у 1707 г. на сорак другім годзе жыцця стаў манахам. У 1714 г. комплекс пераймяноўваецца ў калегіум. Пры ім той жа Клакоцкі фундаваў і распачаў будаўніцтва драўлянага касцёла. У навагодні вечар 1715 г. адбылося асвячэнне храма ў гонар святой Тройцы, як вызначыў Е. Пашэнда. Калегіум складаўся з некалькіх пабудоў, арганізаваных вакол унутранага двара. Углыбіні ад вуліцы знаходзіўся галоўны драўляны жылы дом на падмурку, з ганкам на слупах. Па баках ад яго размяшчаліся два таксама драўляныя флігелі, у адным з іх былі кухня і сталовая. Адзіны мураваны будынак бібліятэкі, ці скарбец для захавання найбольш каштоўнай маёмасці ад пажараў, пастаўлены воддаль у агародзе ў 1724 г. У 1732 г. пабудавана званіца, а ў хуткім часе пасля гэтага побач са старым будынкам з'явіўся новы корпус калегіума.
Другі комплекс, што на Падвале, месціўся на невялікай пляцоўцы і ўключаў драўляныя будынкі канвікта і касцёла Святога Духа, пабудаванага каля 1720 г. паводле праекта прэфекта гэтай навучальнай установы Яна Клаўса, на месцы больш ранняй капліцы таго ж наймення.
Пасля скасавання езуіцкага ордэна ў 1773 г. абодва комплексы перайшлі да Камісіі Народнай Адукацыі. У Зарэччы каля дваццаці гадоў дзейнічала школа, але ў красавіку 1804 г. усе будынкі былога калегіума, за выключэннем бібліятэкі, і Троіцкі касцёл згарэлі. Канвікт доўгі час стаяў закінуты. У 1819 г. пры касцёле Святога Духа стварылі дом міласэрнасці і кляштар марыявітак, але ў 1840 г. манастыр быў закрыты, а касцёл разабраны.
Гэтыя сумныя падзеі, здаецца, назаўсёды сцёрлі з твару горада сляды яго цікавай гісторыі, але ў зборах Чартарыйскіх Музея Народовага ў Кракаве сярод архітэктурных малюнкаў і чарцяжоў захаваўся ўнікальны дакумент, які дазваляе зазірнуць у мінулае Слуцка. На адным баку даволі моцна пашкоджанага ліста паперы прадстаўлены папярочны разрэз купальнага культавага будынка, на другім — план таго ж будынка, але гэтым бокам ліст наклеены на новую паперу і ўбачыць план можна толькі на святло. Е. Пашэнда атрыбуціруе архіўны дакумент, як праект Троіцкага касцёла езуітаў у Слуцку, што знаходзіўся ў Зарэччы, і робіць на яго падставе рэканструкцыю гэтага ўнікальнага збудавання. Даследнік адзначае, што выдатны помнік «сваёй арыгінальнай формай заслугоўвае пачэснае месца ў гісторыі драўлянага дойлідства і павінен трапіць у падручнікі па гісторыі польскай архітэктуры». Тым больш ён павінен трапіць у падручнікі па гісторыі архітэктуры Беларусі, як яшчэ адна старонка яе страчанай спадчыны.
У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у Менску захоўваецца інвентарнае апісанне касцёла езуітаў у Слуцку 1802 г., зробленае лацінкай. Прыводзім яго пераклад часткова: «…у некалькіх кроках ад брамы касцёл драўляны з брусоў цёсаных у васьміграннік са скарбніцай, пры ім закрысціі і крухта з чатырма па вуглах капліцамі, што выступаюць звонку, прыбудаваныя ў даўжыню… мае зверху вежаў пяць… над крухтай і хорам франтон са скульптурай… вокнаў вялікіх і меншых і зусім маленькіх з шклом большым і меншым і шклом дробным у волава і дрэва апраўленых — 73. У касцёле падлога і скляпеністая столь з дошак, у купале, пасярэдзіне адкрытым, быццам пад цыркуль. Гэткая ж столь і над алтаром, вышэй яна плоская, як у капліцах… унутры зала аптычна размалявана… галоўны алтар пакрыты чорным лакам, срэбрам і пазалотай… над крухтай хоры сніцарскай работы на касцёл пышна павернуты… паміж сценамі размешчаны ізломам дзве капліцы, аздобленыя разьбой і размалёўкай, амбон цёмна-зялёны з пазалочанымі промнямі… у скарбніцы печ круглая з кафляў белых з блакітнай палівай…» і г.д.
Гэтае апісанне даволі дакладна адпавядае чарцяжам, што захоўваюцца ў Кракаве. З плана відавочна, што аснову кампазіцыі збудавання складаў няроўнабаковы васьмігранны неф (простакутнік са зрэзанымі пад 45 вугламі). Па падоўжнай восі да яго прылягалі пяцігранны алтарны эруб (прэсбітэрый), а з другога боку шматгранная крухта. Да чатырох вуглавых граняў нефа былі далучаны чатыры квадратныя ў плане капліцы, а па баках прэсбітэрыя размяшчаліся дзве даволі вялікія па плошчы сакрысціі, роўныя з ім па даўжыні. Адпаведна графічнаму маштабу, памеры будынка наступныя: даўжыня нефа 27 локцей, шырыня — 24, даўжыня прэсбітэрыя — 12, шырыня — 10,5; бок капліцы — 7. Локаць у дадзеным выпадку прыняты роўным 56 см пры маштабе чарцяжу 1: 100.
Больш складана дакладна вызначыць вышынныя суадносіны аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі збудавання, таму што на папярочным разрэзе па цэнтру нефа адлюстраваны не ўсе часткі храма. З яго відавочны, у першую чаргу, прапорцыі і канструкцыя скляпеністага перакрыцця нефа, барабана, купала і ліхтарыка над ім з фігурным завяршэннем — «банькай». Так, у адрозненне ад гладкіх цыбулепадобных галовак расейскіх праваслаўных храмаў, называлі складаныя па сілуэту, звычайна гранёныя, барочныя завяршэнні вышынных элементаў культавых збудаванняў у Рэчы Паспалітай. Але цікава, што на чарцяжы паказаны таксама дзве капліцы, якія не маглі трапіць у разрэз: адна цалкам, а другая часткова, без завяршэння. Пры гэтым яны дадзены не ў праекцыі, а разгорнуты на 45 градусаў і прадстаўлены ў натуральных прапорцыях. Відавочна, што неф і капліцы былі роўнай вышыні і мелі агульны карніз. Вышэй яго чацвярык капліцы пераходзіў у чацверыковую вежу-званіцу з фігурнай банькай, крыху адметнай ад галоўнай. На стрыжні крыжа быў умацаваны флюгер.