ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

Калісьці душа з пагардай глядзела на цела; і тады чымсьці найвышэйшым лічылася гэтая пагарда. Душа прагнула бачыць зблажэлае цела, агіднае і галоднае, — так спадзявалася яна выбавіцца ад яго і ад зямлі.

О, тая душа сама была худая, агідная і галодная: жорсткасць была ў сама высокай асалодзе гэтай душы.

Але скажыце мне, братове мае, што кажа ваша цела пра вашу душу? Ці не ёсць душа ваша ўбоства, і бруд, і жалю вартая задаволенасць?

Сапраўды, чалавек — гэта брудны паток. Трэба быць морам, каб увабраць брудны паток у сябе і не занячысціцца.

Бачыце — я вучу вас пра Звышчалавека: ён — гэта мора, дзе можа захлынуцца ўся ваша вялікая погардзь.

Што ёсць сама высокае, якое вы можаце перажыць? Гэта — часіна вялікай пагарды: часіна, калі вашае шчасце робіцца вам такой самай гідотай, як ваш розум і цнота.

Часіна, калі вы кажаце: «Што ёсць маё шчасце? Яно — убоства, і бруд, і жалю вартая самазадаволенасць. А маё шчасце павінна быць такое, каб апраўдвала і самое жыццё!»

Часіна, калі вы кажаце: «Што ёсць мой розум? Ці дамагаецца ён ведаў, як леў сваёй ежы? Мой розум — убоства, і бруд, і жалю вартая самазадаволенасць!

Часіна, калі вы кажаце: «Што ёсць мая цнота? Яна яшчэ не змусіла мяне шалець. Як я стаміўся ад свайго зла і дабра! Усё гэта — убоства, і бруд, і жалю вартая самазадаволенасць!»

Часіна, калі вы кажаце: «Што ёсць справядлівасць мая? Не бачу, каб быў я жар і вуголле. А справядлівы — жар і вуголле!»

Часіна, калі вы кажаце: «Што ёсць мілажальнасць мая? Хіба мілажальнасць не крыж, да якога прыбіваюць таго, хто любіць людзей? Але мая мілажальнасць — не ў крыжаванні!»

Ці ж не вы казалі так? Ці ж не вы крычалі так? О, калі б я чуў, як крычалі вы так!

Не вашы грахі — ваша задаволенасць енчыць да неба, ваша скнарнасць у грэху вашым енчыць да неба!

Дзе ж тая маланка, каб лізнула вас сваімі языком? Дзе той шал, якім вы прышчэплены мусіце быць?

Бачыце, я вучу вас пра Звышчалавека: ён — тая маланка, ён — гэты шал!»

Калі Заратустра сказаў сваю казань, нехта крыкнуў з натоўпу: «Досыць мы ўжо наслухаліся пра танцора на вяроўцы; дай нам пабачыць яго!» І вось людства смяялася з Заратустры. А скакун на вяроўцы, думаючы, што запрашаюць яго, пачаў свае штукі.

4

Заратустра глядзеў на людзей і дзіву даваўся. Пасля ён сказаў так:

«Чалавек — гэта вяроўка, напятая паміж жывёламі і Звышчалавекам, вяроўка над прорваю.

Небяспечна ісці, небяспечна станавіцца на пераходзе, небяспечна азірацца, небяспечна баяцца і спыняцца.

Велічнае ў чалавеку тое, што ён мост, а не мэта: што вартае ў чалавеку любові, дык гэта тое, што ён — пераход і захад.

Я люблю таго, хто не ўмее жыць інакш, як у імя свайго захаду, бо ён на пераходзе.

Я люблю таго, хто мае ў сабе вялікую пагарду, бо ён — вялікі шанавальнік і страла палымянасці, што тужыць па тым беразе.

Я люблю не таго, хто шукае за зоркамі прычыны загінуць і стаць ахвярай, а таго, хто ахвяруе сабою зямлі, каб калі-небудзь яна зноў зрабілася зямлёй Звышчалавека.

Я люблю таго, хто спазнае і спазнаваць хоча, каб калі-небудзь жыў Звышчалавек. Бо такога ён хоча захаду сабе.

Я люблю таго, хто працуе і вынаходзіць, каб пабудаваць жытло Звышчалавеку і падрыхтаваць яму зямлю, жывёл і расліны: бо такога ён хоча захаду сабе.

Я люблю таго, хто любіць цноту сваю: бо цнота — гэта воля да захаду і страла палымянасці.

Я люблю таго, хто не пакідае сабе аніводнай кроплі духу, а прагне быць цалкам духам сваёй цноты: так, нібы дух, праходзіць ён па мосце.

Я люблю таго, хто з цноты сваёй робіць вабу і лёс: толькі дзеля сваёй цноты ён яшчэ хоча жыць і болей не жыць.

Я люблю таго, хто не хоча мець лішне шмат цнотаў. Адна цнота — больш за дзве, бо яна той вузел, на якім трымаецца лёс.

Я люблю таго, чыя душа раскідае сябе, хто не хоча падзякі і сам не дзякуе: бо ён заўсёды дорыць і не хоча ацаліць сябе.

Я люблю таго, хто саромеецца, калі шчасціць яму ў гульні, і хто пытаецца ў сябе: няўжо я няшчасны гулец? — бо ён прагне страціць усё.

Я люблю таго, хто кідае залатыя словы наперадзе ўчынкаў сваіх і заўсёды робіць больш, чым абяцае: бо ён хоча захаду сабе.

Я люблю таго, хто апраўдвае будучыя пакаленні, а мінулым дае збавенне, бо ён хоча пагібелі ад сённяшніх.

Я люблю таго, хто карае Бога свайго, бо ён свайго Бога любіць: бо ён мае загінуць ад гневу Бога свайго.

Я люблю таго, чыя душа глыбокая нават у сваіх пошасцях; хто можа загінуць ад малога выпрабавання: самохаць ідзе ён па мосце.

Я люблю таго, чыя душа перапоўнена так, што ён забывае сябе і ўбірае ў сябе ўсе рэчы: так усе рэчы нясуць яму захад.

Я люблю таго, хто свабодны духам і свабодны сэрцам; таго, чыя галава — толькі часцінка ягонага сэрца, — а сэрца вядзе яго да захаду.

Я люблю ўсіх, падобных да цяжкіх кропляў, што падаюць адна за адной з чорнай хмары, якая навісла над чалавецтвам: яны запабягаюць блізкасць бліску маланкі і гінуць, як вешчуны.

Бачыце, я — вяшчун маланкі, я — цяжкая кропля з хмары; а завуць тую маланку — Звышчалавек…»

5

Сказаўшы гэтыя словы, Заратустра зноў паглядзеў на натоўп і змоўк. «Вось стаяць яны і смяюцца, — казаў ён свайму сэрцу, — не разумеюць мяне: не на іхнія вушы казань мая.

Няўжо спачатку трэба ім аглушыць вушы, каб яны навучыліся слухаць вачыма? Няўжо трэба грымець, як літаўры, і трашчаць, як прапаведнікі каяння? Ці, можа, яны вераць толькі заікам?

У іх ёсць нешта, чым яны ганарацца. Як жа яны называюць тое, чым ганарацца? Называюць «адукацыяй», яна нібыта адрознівае іх ад пастухоў.

Таму яны і не любяць прымаць на сябе слова «пагарда». Што ж, я звярнуся да іх гонару.

Я хачу сказаць ім пра сама пагарднае, а яно — гэта апошні чалавек».

І гаварыў Заратустра да людзей такімі словамі:

«Наспела чалавеку паставіць перад сабою мэту. Трэба пасадзіць расадзіну сваёй найвышэйшай надзеі.

Пакуль яшчэ шчодра родзіць ягоная глеба. Але прыйдзе час, і зубожыцца яна і знясіліцца, і выноснае дрэва больш не вырасце на ёй.

Гора! Блізіцца час, калі чалавек ужо не пусціць над людзьмі стралы сваёй палкасці, і цеціва ягонага лука адвыкне трымцець!

Поделиться с друзьями: