ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

Стары пайшоў, але адразу вярнуўся, несучы Заратустру хлеб і віно. «Благія тутэйшыя мясціны галодным, — сказаў ён, — таму і жыву тут. Чалавек і звер ідуць да мяне, да пустэльніка. Але ж гукні і спадарожніка свайго, ён згаладаўся не менш за цябе».

Заратустра сказаў: «Было б цяжка яго ўгаварыць падзяліць са мной ежу, бо мёртвы мой спадарожнік».

«Што мне да таго, — буркнуў стары, — хто стукаецца да мяне ў дом, хай бярэ, што яму падаюць. Ежце і бывайце».

Пасля Заратустра ішоў яшчэ дзве гадзіны, даверыўшыся дарозе і зорнаму небу, бо прывык ён хадзіць поначы і любіў глядзець у твар усім, хто спіць. Але як пайшло на заранак, Заратустра апынуўся ў цемнай нетры, і не было відаць ніякай дарогі. Тады паклаў ён мёртвага ў дупло дрэва, — каб убараніць яго ад ваўкоў, — а сам лёг на мох пад дрэвам. І адразу заснуў, стомлены целам, але непахісны душою.

9

Доўга спаў Заратустра, і не толькі зара, але і полудзень прайшліся па твары ягоным. Але нарэшце расплюшчыліся яго вочы: з подзівам глянуў Заратустра на лес, ахінуты глыбокаю цішынёю, са здзіўленнем зірнуў усярэдзіну сабе самому. Потым хуценька ўстаў, як марак, калі раптам убачыць зямлю, і ўзрадаваўся; бо адкрыў ён новую ісціну. І так сказаў свайму сэрцу:

«Святло сышло на мяне: мне патрэбны паслядоўцы, і жывыя, не мёртвыя паслядоўцы, не трупы, якіх я нясу, куды захачу.

Паслядоўцы жывыя патрэбныя мне; таму і пойдуць яны за мною туды, куды я захачу.

Святло сышло на мяне: не да народу прамаўляе Заратустра, а да паслядоўцаў! Не павінен Заратустра быць пастухом і сабакам статку!

Звесці многіх са статка — вось дзеля чаго я прыйшоў. Гневацца будуць на мяне народ і статак: разбойнікам назавуць пастухі Заратустру.

Я сказаў «пастухі», яны ж завуць сябе добрымі і справядлівымі. Пастухамі назваў іх я, а яны завуць сябе вернікамі правільнай веры.

Зірніце на гэтых добрых і справядлівых! Каго яны болей за ўсё ненавідзяць? Таго, хто разбівае скрыжалі іх каштоўнасцяў, хто разбурае і пераступае, — але ж ён і ёсць стваральнік.

Зірніце на вернікаў! Каго яны болей за ўсё ненавідзяць? Таго, хто разбівае скрыжалі іх каштоўнасцяў, хто разбурае і пераступае, — але ж ён і ёсць стваральнік.

Паслядоўцаў шукае стваральнік, а не трупы, не статкі, не вернікаў. Тых, што будуць ствараць разам з ім, шукае стваральнік: тых, што напішуць новыя каштоўнасці на новых скрыжалях.

Паслядоўцаў шукае стваральнік і тых, што сажнуць жніва разам з ім, бо ўсё ў іх паспела да жніва. Не хапае толькі сотні сярпоў; таму зрывае ён каласы і прыкра яму.

Паслядоўцаў шукае стваральнік такіх, што ўмеюць вастрыць сярпы. Іх назавуць разбуральнікамі і пагарднікамі дабра і зла. Але яны — жняцы і бяседнікі за святочным сталом.

Тых, хто будзе ствараць разам з ім, хто будзе жаць разам з ім, субяседнікаў шукае Заратустра: што яму трупы і пастухі з іхнім быдлам!

А ты, першы мой паслядоўца, бывай! Добра схаваў я цябе ў дупле, надзейна схаваў ад ваўкоў.

Але расстаюся з табою, бо мой скончыўся час. Паміж дзвюма зорамі адкрылася мне новая ісціна.

Не буду я ні пастухом, ні далакопам. І з народам ужо не гаварыцьму ніколі: апошні раз гаварыў я да мёртвага.

Са стваральнікамі, са жняцамі, з субяседнікамі хачу я з'яднацца: я пакажу ім вясёлку і ўсе ступені Звышчалавека.

Усім самотным сваю песню я буду спяваць: і тым, што самотныя ўдвух; і тым, што яшчэ маюць вушы, каб чуць нечуванае, — ім укладу я ў сэрца цяжар шчасця майго.

Я іду да сваёй мэты, я іду сваёю дарогаю; я пераскочу цераз марудлівых і нядбайных. Хай будзе мой шлях іхнім захадам!»

10

Так сказаў Заратустра свайму сэрцу, а сонца стаяла ў зеніце; і тут паглядзеў ён угору, бо пачуў над сабою пранозлівы птушыны крык. І што ж! Шырока кружляючы ў небе, лунаў арол і нёс змяю, але не так, як носяць здабычу: змяя абвівалася вакол яго шыі, нібы сяброўка.

«Гэта мае звяры! — сказаў Заратустра, рады ад шчырага сэрца. — Сама гордая жывёліна пад сонцам і сама мудрая жывёліна пад сонцам — выправіліся ў дарогу.

Яны хацелі даведацца, ці жывы яшчэ Заратустра. А праўда, ці жывы яшчэ я?

Мне небяспечней сярод людзей, чым сярод звяроў, небяспечнымі сцежкамі ходзіць Заратустра. Няхай жа вядуць мяне звяры мае!» Сказаўшы гэта, згадаў ён словы святога старца ў лесе, уздыхнуў і прамовіў сэрцу свайму:

«Я хацеў бы стаць разумнейшым! О, калі б я стаў такі ж мудры, як мая змяя!

Але я немагчымага прагну: прашу гордасць сваю, каб яна заўсёды ішла з маёй мудрасцю разам.

І калі мая мудрасць пакіне мяне — а яна так любіць мяне пакідаць, — хай тады ўжо і гордасць мая заадно з дурнотай адыдзе!»

Так пачаўся захад Заратустры.

Заратустравы казані

Пра тры пераўтварэнні

Я скажу вам пра тры пераўтварэнні духу: як дух зрабіўся вярблюдам, вярблюд — ільвом і, нарэшце, леў — дзіцём.

Шмат цяжкага выпала духу, моцнаму духу, трываламу, здольнаму да шанавання: найцяжэйшага, найневыноснейшага прагне ягоная моц.

«Што ёсць цяжкае? — пытаецца трывалы дух, становіцца, як вярблюд, на калені і хоча, каб яго добра наўючылі.

Героі, што ёсць найцяжэйшае? — пытаецца трывалы дух. — Ці не тое, што я магу ўзняць на сябе і радавацца сваёй сіле?»

Ці не азначае гэта: прынізіцца, каб убольваць сваю пыху? Ці прымусіць заззяць сваю дурасць, каб пасмяяцца з мудрасці?

Альбо гэта азначае: пакінуць сваю справу, калі яна якраз святкуе перамогу? Альбо ўзысці на высокую гару, каб змусціць змусціцеля?

Альбо гэта азначае: карміцца жалудамі і травой пазнання і дзеля праўды трываць душэўны голад?

Альбо гэта азначае: хварэць і адганяць суцешнікаў і запрыязніцца з глухімі, якія ніколі не чуюць, чаго ты хочаш?

Альбо гэта азначае: увайсці ў брудную ваду, калі яна ёсць вада праўды, і не аганяцца ад халодных жаб і цёплых жаб?

Альбо гэта азначае: любіць сваіх пагрэбнікаў і падаць руку здані, якая хоча нас запалохаць?

Усё найцяжэйшае бярэ на сябе дух трывалы: падобніцца цяжка наўючанамі вярблюду, які спяшаецца ў пустыню; спяшаецца ў сваю пустыню і ён.

А там, у пустэльнай пустыні, адбываецца другое пераўтварэнне: там дух робіцца ільвом, каб здабыць сабе волю, ён хоча зрабіцца і гаспадаром сваёй пустыні.

Поделиться с друзьями: