ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

«Калі б я захацеў страсянуць гэтае дрэва рукамі, я не змог бы.

А вось вецер, які мы нават не бачым, тузае яго і гне, куды хоча. Найгорш нас гнуць і тузаюць нябачныя рукі».

Хлопец устаў і сказаў, сумеўшыся: «Я чую Заратустру, а якраз я толькі што думаў пра яго».

Заратустра спытаўся: «Чаго ж ты палохаешся? З чалавекам адбываецца тое самае, што і з дрэвам.

Чым больш ён імкнецца ўгору, да святла, тым мацней карані яго імкнуцца ў глыбіню зямлі, уніз, у змрок — у зло».

«Так, у зло! — усклікнуў хлопец. — Як жа ты здолеў зяглянуць мне ў душу?»

Заратустра засмяяўся і сказаў: «Некаторыя душы нельга адамкнуць: на тое іх трэба спачатку выдумаць».

«Так, у зло! — зноў усклікнуў хлопец. — Ты сказаў праўду, Заратустра. Я перастаў верыць самому сабе з таго часу, як памкнуўся ўгору, і ніхто ўжо цяпер не верыць мне. Як жа такое сталася?

Я мяняюся занадта хутка: маё «сёння» абвяргае маё «ўчора». Падымаючыся, я часта пераскокваю прыступкі, і гэтага не даруе мне ніводная прыступка.

Калі я ўгары, я заўсёды адчуваю сябе самотна. Ніхто не гаворыць са мною, холад адзіноты кідае мяне ў дрыжыкі. Чаго ж мне трэба на вышыні?

Мая пагарда расце разам з запалам; чым вышэй я падымаюся, тым больш пагарджаю тым, які падымаецца. Чаго ж мне трэба ўгары?

Мне брыдка за тое, што я падымаюся і што спатыкаюся! Я смяюся са сваёй задышкі! Як ненавіджу тых, якія лётаюць! Як я стаміўся на вышыні!»

Тут хлопец змоўк. А Заратустра зірнуў на дрэва, каля якога яны стаялі, і сказаў:

«Самотна стаіць на гары гэта дрэва, высока ўзнялося яно над чалавекам і над зверам.

І калі б яно загаварыла, не знайшлося б нікога, хто зразумеў бы яго, — так вынёсла яно вырасла.

І вось яно чакае і чакае, — а чаго яно чакае? Так блізка ссуседзілася яно з хмарамі: ці не чакае яно першай маланкі?»

Калі Заратустра сказаў гэта, хлопец усклікнуў, пляснуўшы рукамі: «Ты маеш рацыю, Заратустра. Я хацеў сваёй пагібелі, калі імкнуўся ўгору, і ты — маланка, якое чакаў я! Паглядзі, што зрабілася са мною, пакуль ты тут са мною: зайздрасць да цябе разваліла мяне!» — так гаварыў хлопец, горка плачучы. А Заратустра абняў яго і павёў за сабою.

І калі прайшлі яны крыху дарогі, загаварыў Заратустра: «Заходзіцца сэрца маё. Лепш за ўсякія словы гавораць мне твае вочы, што табе пагражае небяспека.

Ты яшчэ не свабодны — ты толькі шукаеш свабоды. Стамілі цябе твае пошукі і забралі твой сон.

Ты імкнешся ў свабодную вышыню, зорак прагне твая душа. Але і благія твае памкненні прагнуць свабоды.

Твае дзікія сабакі рвуцца на волю; яны брэшуць ад радасці ў сваіх падзямеллях, пакуль твой дух імкнецца разбурыць усе вязніцы.

Ты сам яшчэ вязень, прагны свабоды: мудрая душа ў такіх вязняў, але разам з тым падступная і нядобрая.

Свабодны духам павінен ачысціцца. Бо ў ім яшчэ шмат астрожнага змроку і цвілі — вока яго павінна ачысціцца.

Так, я ведаю небяспеку табе. Але заклінаю цябе сваёй любоўю і надзеяй: не адкідай сваёй любові і надзеі!

Высакародна ты любіш пакуль што, і высакародна любяць цябе, а твае нелюбы злосна зіркаюць табе ў плечы. Ведай, што высакародны ўсім папярок дарогі.

«Добрым» таксама ён заважае; калі ж яны яго называюць добрым, дык гэтым самым хочуць прыняць яго з дарогі.

Высакародны хоча стварыць новае і новую цноту. Добры хоча захаваць старое, каб яно заставалася цэлае.

Але не ў тым небяспека высакароднаму, што ён зробіцца добры, а што знахабіцца, зробіцца перасмешнікам і знішчальнікам.

Я ведаў высакародных, якія страцілі сваю найвышэйшую надзею. І вось цяпер яны ўзводзяць паклёпы на ўсе высокія памкненні.

І вось цяпер яны жывуць, зрываюць без сораму кароткія ўцехі і ставяць перад сабою мізэрныя мэты — не больш як на дзень выстарчае гэтых мэтаў.

«Дух — таксама салодкі шал» — так кажуць яны. І разбіліся крылы ў іх духу, і цяпер ён поўзае ўсюды і апаганьвае ўсё, што грызе.

Калісьці яны мерыліся стаць героямі, сёння яны ласуны. Сёння смутак і жудасць — ім за герояў.

Але любоўю сваёй і надзеяй заклінаю цябе: хавай героя ў сваёй душы! Як святыню хавай сваю найвышэйшую надзею!»

Так сказаў Заратустра.

Пра прапаведнікаў смерці

Ёсць прапаведнікі смерці, і на зямлі поўна людзей, якім патрэбна пропаведзь агіды да жыцця.

Зямля кішыць лішнімі, жыццё сапсавана процьмай жывых. О, калі б можна было абяцаннем «вечнага жыцця» вынадзіць іх з гэтага жыцця!

Прапаведнікаў смерці называюць «жоўтымі» або «чорнымі». А я хачу паказаць вам іх у іншых колерах.

Вось яны, гэтыя жахлівыя, што носяць у сабе драпежнага звера і не маюць іншага выбару, акрамя пажады і самакатавання. Але і пажада іхняя — таксама самакатаванне.

Яны яшчэ нават не рабіліся людзьмі, гэтыя жахлівыя: няхай жа яны прапаведуюць агіду да жыцця і гінуць самі!

Вось яны, сухотныя душою — толькі нарадзіліся, а пачынаюць ужо паміраць і трызняць вучэннем пра стому і адмаўленне.

Яны вельмі хацелі б смерці, дык давайце ж пахвалім іх волю! Будзем асцярожныя, каб не ажывіць гэтых мерцвякоў і не пашкодзіць гэтыя жывыя трупы!

Яны сустракаюць хворага, альбо старога, альбо нябожчыка; і адразу кажуць: «жыццё абвергнута»!

Але абвергнуты толькі яны самыя і іхнія вочы, якія бачаць толькі аблічча сутнага.

Глыбока запанураныя, прагныя да ўсяго дробнага і выпадковага, што цягне з сабою смерць, — так яны чакаюць яе, сцяўшы зубы.

Альбо яшчэ: хапаюцца за салодкае, кпяць са сваёй гарэзлівасці; трымаюцца за жыццё, як за саломіну, і кпяць, што трымаюцца за саломіну.

Іх мудрасць маўляе: «Дурань, хто жыве далей, але хто ж бо з нас не дурань! І ў гэтым — уся дурнота жыцця!»

«Жыццё — толькі пакута» — так кажуць іншыя і не хлусяць: дык жа дайце сабе клопату зрабіць так, каб вашае жыццё спынілася! Пастарайцеся скончыць жыццё, якое для вас — пакута!

І хай такою будзе запаведзь вашае цноты: «Забі сябе сам! Украдзь сябе ў жыцця!»

Поделиться с друзьями: