ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

Пачуццё і дух — толькі прылады і цацкі: за імі крыецца Самасць. Самасць шукае вачыма пачуццяў і слухае вушамі духу.

Самасць заўсёды слухае і шукае: яна параўноўвае, падпарадкоўвае, заваёўвае і разбурае. Яна пануе і загадвае нават твайму «Я».

За думкамі і пачуццямі тваімі, браце мой, стаіць магутны валадар, невядомы мудрэц — Самасць яго імя. У тваім целе жыве ён, ён і ёсць тваё цела.

У цела больш розуму, чым у тваёй найвышэйшай мудрасці. І хто ведае, навошта ўвогуле патрэбна целу твая найвышэйшая мудрасць?

Твая Самасць смяецца з твайго Я і яго гордых падскокаў. «Што мне тыя выдыганні і ўзлёты думкі? — кажа яна сабе. — Бакавая дарога да маёй мэты. Я — толькі шлейка майму «Я», і ўдыхаю ў яго ягоныя паняцці.

Самасць умаўляе «Я»: «тут адчувай радасць!» І «Я» радуецца і думае, як яму скаштаваць гэтай радасці, — яно ж і павінна так думаць.

Пагарднікам цела хачу я сказаць сваё слова. З пашаны ўзнікла іхняя пагарда. Што ж гэта такое, што стварае пагарду і пашану, каштоўнасць і волю?

Творчая Самасць стварыла сабе пагарду і пашану, гэта яна — творца радасці й смутку. Творчае цела зрабіла сабе розум як прыладу сваёй волі.

Нават у дурасці і ў пагардзе вы, пагарднікі цела, служыце Самасці. Я кажу вам: вашая Самасць хоча памерці і адварочваецца ад жыцця.

Яна ўжо не можа рабіць таго, да чаго найболей імкнецца, — тварыць звыш сябе. Гэтага яна хоча найболей, і ў гэтым яе найбольшае жаданне.

Аднак ёй ужо позна імкнуцца да гэтага: і вось — Самасць прагне пагібелі.

Вашая Самасць жадае смерці — таму і аддалі вы цела пагардзе! Бо вы ўжо не можаце тварыць звыш сябе.

Вось чаму абураецеся вы на жыццё і на зямлю. Неўсвядомленая зайздрасць хаваецца ў косым позірку вашай пагарды.

Не, не пайду я па вашай дарозе, вы, пагарднікі цела! Вы мне не кладка да Звышчалавека!

Так сказаў Заратустра.

Пра радасці і шалы

Браце мой, калі ёсць у цябе цнота, і калі яна твая цнота, дык навошта, каб ты валодаў ёю супольна з усімі.

Вядома, табе хочацца лашчыць яе і называць імем, жартуючы, тузаць за вуха і быць з ёю запанібрата.

Глядзі ж! Цяпер імя, якім ты назваў яе, зрабілася супольным, і ты сам зрабіўся часцінай народу і натоўпу разам з цнотаю сваёю!

Лепш, калі ты скажаш: «Нельга ні выказаць, ні назваць імем тое, што ёсць пакута і слодыч маёй душы, а таксама голад майго нутра».

Хай будзе твая цнота занадта высокая, каб даваць ёй імя: а як давядзецца табе гаварыць пра яе, не саромейся заікацца.

А заікаючыся, кажы так: «Гэта маё дабро, і я люблю яго; яно падабаецца мне ўсё цалкам, і я адзін хачу дабра.

Ні патрэбы маёй натуры, ні божага закону, ні чалавечага ўстанаўлення я не хачу бачыць у цноце маёй; не хачу, каб яна стала мне ўказніцай дарогі на неба, у рай.

Прадмет любові маёй — зямная цнота: у ёй мала мудрасці і зусім мала сэнсу, зразумелага ўсім.

Але гэтая птушка зладзіла ў мяне сваё гняздо, таму я люблю і шчыра пешчу яе, і цяпер яна ў мяне выседжвае залатыя яечкі».

Так ты павінен заікацца і хваліць сваю цноту.

Калісьці цябе вярэдзілі палкія шалы, і ты называў іх ліхімі. А цяпер ёсць адны толькі цноты: яны выраслі з тваіх шалаў.

Ты ўклаў сваю найвышэйшую мэту ў гэтыя шалы, паклаў яе ў сваё сэрца: радасцямі і цнотамі зрабіліся яны цяпер.

Хай ты з роду запальчывых, альбо з пахацінцаў, альбо з фанатыкаў, альбо з помслівых — усё-такі, урэшце, усе шалы твае ператварыліся ў цноты і ўсе твае дэманы ў анёлаў.

Калісьці трымаў ты дзікіх сабак у сваіх сутарэннях: і вось — у галасістых птушак яны абярнуліся.

З труцізны сваёй ты згатаваў сабе бальзам: ты даіў карову журбы — а цяпер п'еш салодкае малако з яе вымя.

І нічога ліхога з цябе больш не вырасце, хіба што зло, якое ўзнікае з барацьбы тваіх цнотаў.

Браце мой, калі шчасце з табою, дык у цябе толькі адна цнота, і не больш: тады табе лягчэй, ісці цераз кладку.

Пачэсна мець многа цнотаў, але гэта — цяжкая доля; і многія выпраўляліся ў пустыню і мярцвілі сябе, бо стамляліся быць вайной і рысталішчам сваіх цнотаў.

Браце мой, ці ж гэта не ліха — войны і бітвы? Аднак гэтае ліха патрэбнае, як патрэбныя зайздрасць і недавер, і паклёп паміж тваімі цнотамі.

Зірні, — як кожная цнота прагне найвышэйшага: яна патрабуе ўсяго твайго духу, каб ён стаў яе вешчуном, яна хоча ўсёй тваёй сілы ў гневе, любові, нянавісці.

Кожная цнота раўнівая, а рэўнасць — жахлівая рэч. І цноты могуць гінуць ад рэўнасці.

Ахоплены яе полымем, нібы скарпіён, цаляе ў сябе сваім джалам.

О, браце мой, ці ж ты не бачыў, як цнота кляне і джаліць сябе?

Чалавек — гэта нешта, што трэба адолець: і таму ты павінен любіць свае цноты, бо праз іх ты загінеш…

Пра бледнага злачынцу

Вы не хочаце забіваць, пакуль жывёла не стане на калені, вы, суддзі і ахвярныя разнікі? Бачыце, бледны злачынец кіўнуў: у вачах у яго вялікая пагарда.

«Маё «Я» — нешта, што трэба адолець: маё «Я» — прычына вялікай пагарды да чалавека», — кажуць вочы ягоныя.

Тое, што ён сам судзіў сябе, было ў яго найвялікшай хвілінай: не дацца ж упасці ў Ніжэйшасць таму, хто ўзвысіўся!

Няма іншага збавення, акрамя хуткай смерці таму, хто так пакутуе ад самога сябе.

Суддзі, са спагады павінны вы забіваць, а не з помсты і, забіваючы, думаць, каб жыццё апраўдала вас!

Мала толькі замірыцца з тым, каго вы караеце смерцю. Хай будзе ваш смутак любоўю да Звышчалавека: так апраўдаеце вы працяг вашага жыцця!

«Вораг», — павінны сказаць вы, а не «ліхадзей»; «хворы», — павінны сказаць вы, а не «мярзотнік»; «шаленец», — павінны сказаць вы, а не «грэшнік».

А ты, акрываўлены суддзя, калі б ты надумаў уголас выказаць тое, што ўчыніў ужо ў думках, кожны закрычаў бы: «Далоў гэты бруд і ядавітага гада!»

Поделиться с друзьями: