Танцавальны марафон
Шрифт:
– З чаго Вы ўзялi? – насцярожыўся стары.
– Вы самi сказалi «наш Iван Мiкалаевiч».
Гаспадар на хвiлiну задумаўся, пачмокаў губамi, адсунуў ад сябе кубак з гарбатай.
– Я ў пераносным сэнсе, – стрымана патлумачыў ён i, шукаючы падтрымкi, паглядзеў на жонку.
– Пра Шапавалава ведаем толькi харошае, – знайшлася гаспадыня i таропка выпалiла: – Ён нам як родны сын. І не вiнаваты зусiм Iван Мiкалаевiч. Дый той, другi, таксама не вiнаваты… Справа далiкатная…
– Што тут далiкатнiчаць, праз Гальку мужыкi пабiлiся, яна звяла, – не сцярпеў гаспадар i нечакана папярхнуўся, зайшоўся цяжкiм грудным кашлем.
Фiлiпаўна замiтусiлася, паставiла на стол блакiтную цукарнiцу з трэснутай накрыўкай i з вузкага скасавуранага шкапчыка, якi вiсеў каля акна, дастала бутэлечку з лекамi. Адкруцiла металiчную пробку i напоўнiла яе мутнаватай вадкасцю. Пакой iмгненна запаланiлi прытарныя бальнiчныя пахi. Стары цяжка праглынуў мiкстуру i вачыма, поўнымi слёз, паглядзеў на жонку, махнуў рукой. Фiлiпаўна даволi моцна пачала стукаць яго далонню па спiне. Пасля гэтых няхiтрых i, напэўна, частых аперацый кашаль у старога прапаў гэтак жа хутка, як i пачаўся.
У Хмары часцей застукала сэрца, калi пачуў пра бойку памiж Шапавалавым i, як зразумеў, чарговым палюбоўнiкам Александровiч. Ён з цяжкасцю стрымлiваўся, каб не пачаць задаваць пытаннi, але своечасова спахапiўся, вырашыў даць магчымасць суседзям Александровiч апраўдаць учынак улюбёнца Шапавалава.
– Галька – злыдня, – аддыхаўшыся, працягваў стары. – Пакуль Iван Мiкалаевiч быў у рэйсе, зацягнула ў ложак другога.
– Шапавалаў – мужчына вiдны, а той, другi, – стары, малы, пляшывы… – рэзкавата кiнула, як выплеснула, Фiлiпаўна.
– Во-во, – вышчарыўся гаспадар, – лысы, нягеглы, але ж калi Галька выбрала, напэўна, мае ў штанах.
– Мае, толькi не тое, што думаеш… – прабурчала гаспадыня. – На грошы спакусiлася дурнiца.
– Не памятаеце, калi тое было? – насцярожана ўдакладнiў Хмара i адразу пашкадаваў, што ўставiў свае пяць капеек.
Старыя iмгненна замаўчалi, насупiлiся. Узнiклае напружанне парушаў толькi настырны струменьчык вады, якi весела цурчаў з непрыкрытага крана.
– Цi не ў той дзень мы чакалi тэлемайстра? – першая парушыла маўчанне Фiлiпаўна i няспешна засоўгала нягнуткiмi нагамi ў калiдор. Рыпнулi дзверы, праз хвiлiну голас гаспадынi пачуўся з другога пакоя, але слоў было не разабраць.
– І ўсё ж, дзе мне знайсцi Александровiч? Яна бывае дома? – па-змоўнiцку азiрнуўшыся на дзверы, за якiмi знiкла гаспадыня, спытаў Хмара ў старога.
– Цяперака не знойдзеце, – важна пачмокаў губамi гаспадар. – Той, другi, павёз нашу кралю на нейкiя астравы. На Нары цi што?
– Не на Нары, а на Канары, – увайшоўшы, паправiла мужа Фiлiпаўна.
– Усё адно, – адмахнуўся стары. – Нары, Канары… Па мне, лепш нары…
– Вось, зiрнiце, – гаспадыня падала лейтэнанту гарантыйны талон на рамонт тэлевiзара. – У той дзень, як прыходзiў майстра, Iван Мiкалаевiч пабiў Гальчынага кавалера.
– Чацвёртага лiпеня, – уголас прачытаў Хмара.
– Правiльна, – пагадзiўся стары, – яшчэ гэты майстра разнiмаў петухоў.
7
І ўсё ж, такi важны факт, як бойка палюбоўнiкаў Александровiч, не змянiў поглядаў Хмары на справу Шапавалава. Наадварот, ён яшчэ больш упэўнiўся, што нiякага крымiналу ў раптоўнай смерцi Шапавалава няма. Ды i адкуль той крымiнал мог узяцца, калi насiлля ў адносiнах да памерлага не было, аб чым гавораць сведкi, што пацвердзiла i экспертыза. Хмара не пярэчыў Мiкулiчу, якi часцяком апеляваў ускоснымi нават не фактамi, а меркаваннямi, разумеў, што пераканаць падпалкоўнiка ён зможа, толькi даказаўшы, што адбыўся няшчасны выпадак.
«Яму што, няма чым заняць следчых? – у думках злаваўся лейтэнант. – Цi мо правярае мае прафесiйныя здольнасцi? Калi так, то ўпустую трацiць час», – злосць штурхала Хмару да самастойных i больш рашучых дзеянняў.
Пакiнуўшы кватэру забытых людзьмi i Богам суседзяў Галiны Александровiч, лейтэнант спярша хацеў паведамiць Мiкулiчу пра бойку з удзелам Шапавалава, але нешта стрымала, напэўна, прынiжанае, задзетае самалюбства. «Мiкулiч загадаў высветлiць сапраўдную прычыну таго, чаму хворы Шапавалаў знаходзiўся на танцах, – разважаў Хмара, наперад пралiчваючы, чым зможа апраўдацца. – Што ж, буду шукаць, а як знайду – тады i далажу пра ўсё адразу».
На вулiцу Кузьмы Чорнага Хмара дабраўся хвiлiн за трыццаць. З матэрыялаў справы было вядома, што па месцы жыхарства Шапавалава быў прапiсаны дваццацiпяцiгадовы сын Сяргей, хоць з бацькам ён i не жыў. Не было сумненняў, што цяпер Шапавалаў-малодшы атабарыцца ў бацькавай кватэры. Хмара не дамаўляўся на сустрэчу, але разлiчваў, што ўдасца пагаварыць не толькi з суседзямi, а i з новым гаспадаром.
Лейтэнанту пашэнцiла. Дзверы ў кватэру адчынiў высокi, неймаверна шырокi ў плячах чарнявы хлопец. Шырока пасаджаныя шэрыя вочы паволi абмацалi Хмару з галавы да пят, на лбе з’явiлася некалькi глыбокiх зморшчын. Вiдавочна, Шапавалаў сiлiўся ўзгадаць няпрошанага госця.
– Я з мiлiцыi, – прадставiўся Хмара. – А Вы Сяргей Iванавiч?
– Угу, – хiтнуў галавой хлопец i разгублена ўздыхнуў: – Цяпер тут жыву.
– Мне трэба задаць Вам некалькi пытанняў, будзем гаварыць тут цi…
– Заходзьце, – спахапiўся Шапавалаў i не тое што саступiў месца, а неяк адсунуў сябе ад уваходу.
«Ну i шафа!» – трошкi з зайздрасцю падумаў пра здаравяка Хмара i з цёмнага калiдорчыка адразу ўвайшоў у пакой. Ад нечаканасцi лейтэнант аслупянеў, ён чакаў убачыць што заўгодна, толькi не вялiзную, ад сцяны да сцяны, штангу, якая манументальна высiлася на двух матрацах. Праваруч, каля дальняй сцяны, стаяў незасланы ложак, каля яго пузацiлiся чатыры блiскучыя чорныя гiры. Больш у пакоi нiчога не было, калi не лiчыць цюлевых занавесак на вокнах i каляровай на ўсю сцяну рэпрадукцыі, прыклеенай скотчам да шпалер, на якой, напяўшы мускулы, застыў лысы волат з тупым выразам на твары.
– Гасцей не чакаў, – прыкрываючы коўдрай ложак, незадаволена буркнуў Шапавалаў i адразу спахапiўся, вiнаватая ўсмешка скрывiла твар. – Мацi хацела пусцiць кватарантаў, а мне патрэбна спортзала… Дом старой пабудовы, столь высокая – тое што трэба.
Хударлявы Хмара з ўсiх вiдаў спорту па-сапраўднаму любiў толькi шахматы, таму захапленне «спортзалай» успрыняў скептычна.
– Не хацеў бы я жыць нiжэй паверхам, – лейтэнант шматзначна некалькi разоў стукнуў нагой па падлозе i адразу перайшоў да справы: – А хачу спытаць толькi аб адным: чаму Ваш бацька пайшоў на танцы, ён жа быў хворы?
– Ведаеце, а пра суседзяў я i не падумаў, – як i не чуў Хмару Шапавалаў. – Лiчыце, што ў мяне могуць быць праблемы?
– Праблемы будуць, калi з вышынi росту гэтая жалязяка грукнецца на падлогу.
– Я думаю пра iншае, – кульнуўся з нагi на нагу Шапавалаў i пачасаў патылiцу. – Я сто дзесяць кiлаграмаў ды штанга дзвесце… Падлога не правалiцца?
– Слухай, Сяргей, – перайшоў на ты Хмара, – тваё жалеза яшчэ прынясе непрыемнасцi, а калi не будзеш адказваць на мае пытаннi, гарантую непрыемнасцi ўжо сёння…