Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Танцавальны марафон
Шрифт:

– На гэта не разлiчвайце, – Казакова крутнулася да плiты, бразнула чайнiкам, чыркнула электрычнай запальнiчкай. – Будзем гаварыць сёння, госцi пачакаюць.

Хмару гэта задавальняла, напэўна, больш чым гаспадыню. Ён уздыхнуў вальней, падсунуў да акна крэсла, уладкаваўся так, каб свежае паветра з расчыненай форткi абвявала твар.

– Вы на самай справе лiчыце, што Iван памёр не сваёй смерцю? – стоячы спiнай да лейтэнанта i нешта штукуючы над плiтой, насцярожана спыталася Казакова.

– Мы правяраем розныя версii, – адказаў Хмара i адчуў сябе нiякавата.

Версiя пра тое, што Шапавалава маглi забiць, што легкадумна зляцела з языка, цяпер патрабавала тлумачэнняў, а гэта не ўваходзiла ў планы следчага. Няўпэўненасць – дрэнны памочнiк, асаблiва ў выпадку з Казаковай.

– Вы мне туману ў вочы не напускайце, каб так сцвярджаць, трэба мець факты! – з завiднай упэўненасцю брала iнiцыятыву гаспадыня.

«Лепш было б перанесцi размову на заўтра, за апошнiя пятнаццаць хвiлiн яна другi раз заганяе мяне ў кут», – са скрухай падумаў лейтэнант. Ён хацеў сказаць нешта пра магчымых ворагаў Шапавалава, пра тое, што ў гэтай гiсторыi не зразумелая роля Александровiч, але, замацоўваючы сваю перавагу, Казакова iшла ў наступ.

– Толькi не трымайце мяне за дурнiцу. Па адукацыi я – урачтэрапеўт i вынiкi судова-медыцынскай экспертызы чытала, кумекаю што да чаго… Гэта – першае, а другое i асноўнае ў тым, што мiлiцыя нiколi не шукала i не будзе шукаць работу, асаблiва там, дзе эксперты сказалi сваё.

«Каб твае словы ды Мiкулiчу ў вушы!» – падумаў Хмара, а ўголас запярэчыў:

– Усе пад Богам ходзiм, эксперты – таксама людзi.

– Згодна, – пагадзiлася Казакова, – але ж памылкi, наколькi вядома, няма. Што вы накапалi такога, каб адпрацоўваць версiю забойства?

Хмара марудзiў. Ён дачакаўся, пакуль гаспадыня напоўнiць вадой кубачак з растваральнай кавай, ад цукру адмовiўся i, прымаючы пахучы напой, спакойна, але цвёрда зазначыў:

– Прапаную памяняцца ролямi. Я, Марыя Васiльеўна, буду задаваць пытаннi, а Вы – адказваць.

Казакова ўзняла на Хмару вялiкiя здзiўленыя вочы. Нечакана ў iх заскакалi няўрымслiвыя, гарэзлiвыя агеньчыкi.

– Паўгадзiны таму Вы былi зусiм iншы!..

– Час мяняе людзей, – буркнуў Хмара i зрабiў невялiкi глыток. Кава была своечасова, яму даўно хацелася прамачыць горла. – Такiм чынам, я хачу ведаць, хто выклiкаў Вашага хворага брата дваццаць шостага лiпеня ў клуб «Каму за трыццаць».

– Напэўна, той, хто прынёс Iвану грошы…

– Семсот баксаў?

– Семсот… І хто ж гэта? – Казакова неяк здзiўлена паглядзела на Хмару. – Навошта ж даўжнiку было пазбаўляцца ад Iвана? Аддаць, каб праз гадзiну забiць?

– А калi дапусцiць, што вярнулi толькi частку? – загарэўся лейтэнант.

– Выключана, – запярэчыла Казакова. – Напярэдаднi мы сустракалiся, i Iван казаў пра семсот долараў. Ён сядзеў за гэтым самым сталом i радаваўся, як дзiця: лiчыў, што грошы прапалi, аж не – вярталiся, i менавiта семсот… А вось пра даўжнiка змаўчаў, хоць я i пыталася.

– Вядома, што Шапавалаў у той вечар быў з Александровiч.

– Толькi не Галька! – ускрыкнула, замахала рукамi Казакова. – Яна мужыкам даўгi не вяртае, iншым разлiчваецца…

– Нават так? – здзiвiўся Хмара. – Мабыць, Вы Галiну Вiктараўну добра ведаеце?

– Са студэнцкiх часоў, разам у медiнстытуце вучылiся.

– Сябравалi?

– Цяжка сказаць, – Казакова на iмгненне задумалася, спахмурнела. – Быў час, i сябравалi.

– А калi дапусцiць, што новы кавалер Галiны Александровiч быў вiнен Шапавалаву грошы? Быў жа выпадак, што яны пабiлiся. Можа, зусiм i не грошы таму прычынай, а рэўнасць?

– Хто гэта Вам пра рэўнасць наплявузгаў? – пляснула ў далонi сястра Шапавалава. – Цi не плямяш мой?

Хмара насцярожыўся, ён больш не хацеў анiякiх сюрпрызаў ад непрадказальнай Казаковай.

– Суседзi Александровiч упэўнены, што Шапавалаў быў неабыякавы да Галiны Вiктараўны.

– Лухта! – сказала, як адрэзала, Казакова. – Папаўся Сiдоркiн пад гарачую руку… Галька ў сваiм амплуа, любiць зводзiць мужыкоў. І прычына бойкi не ў рэўнасцi, а ў тым, што Александровiч, пакуль Iван быў у рэйсе, залезла ў ложак да ягонага сына. Сцерва яна, а мужыкi морды б’юць адзiн аднаму. Усунуў нос Сiдоркiн не ў сваю справу i атрымаў кухталёў.

– Я зусiм заблытаўся, – цяжка ўздыхнуў лейтэнант. – Шапавалаў што, працягваў сустракацца з Александровiч? У той вечар яна была на месцы трагедыi з iм.

– Нiчога Вы не заблыталiся, – засмяялася Казакова. – Трэба ведаць Гальку, яна спала з iмi ўсiмi i пасля разборак… Напэўна, тым вечарам Сiдоркiна побач не было, вось i крутнулася да Iвана. А праз два днi паляцела на Канары. Вось так, мiл чалавек, жыццё складваецца…

– А што з сябе ўяўляе гэты Сiдоркiн?

– Завуць Сцяпанам, займаецца нейкiм бiзнесам.

У гэты момант у калiдорчыку зацяўкаў сабака, i адразу пералiвам зайшоўся званок. Гаспадыня падхапiлася, машынальна паправiла прычоску i ўжо з прачыненых дзвярэй, па-змоўнiцку прыклаўшы ўказальны пальчык да пульхных вуснаў, гарэзлiва прашаптала:

– Я яго хутка справаджу.

Было зразумела, што завiтаў той, каго чакала гаспадыня, для каго былi падрыхтаваны i шчодрая пачостка, i канапа з гарой бялюткiх падушак.

З калiдора данесліся прыглушаны мужчынскi бас i пералiвiсты смех Казаковай. Хмара насцярожыўся, прыслухаўся, мiжволi падумалася: а што ён скажа, калi застукаюць на кухнi з кубачкам кавы ў руках? Лейтэнант падхапiўся, зрабiў крок, але адразу ж спынiўся, панура ўставiўшыся на ногi. Праз хвiлiну ён вярнуўся на месца. Рашучасць i пыха знiклi, выветрылiся, як i не было.

«Ну, выкулюся я з гэтай цеснай кухнi, – разважаў Хмара, – тыцну пад нос хахалю Казаковай мiлiцэйскае пасведчанне, заяўлю, што я тут па важнай дзяржаўнай справе. А што далей? Той убачыць мяне босага – i нiякiх слоў не трэба».

Следчы толькi цяпер дапетрыў, чым можа абярнуцца такая неабачлiвая дробязь. Ён напоўнiў кубачак моцнай кавай i, адпiваючы гарачы напой маленькiмi глыткамi, прымусiў сябе супакоiцца i засяродзiцца на галоўным. А яму было над чым падумаць.

«Мiкулiч правы, – разважаў Хмара, – цяпер вiдавочна, што Шапавалаў прыйшоў у клуб „Каму за трыццаць“ не бавiць час, а па справе. Семсот долараў – грошы немалыя, i зразумела, чаму Шапавалаў махнуў рукой на хваробу. Доўг забраў i застаўся з Александровiч. І сапраўды, сцерва, а не баба – круцiла любоў i з Шапавалавым, i з Сiдоркiным, i з Шапавалавым-малодшым. Не сустрэлася б яна тым вечарам з Шапавалавым, як пiць даць, застаўся б чалавек жывы. Але ж якi крымiнал у тым, што нябожчык пацёгся за спаднiцай? Пiў, гуляў, кiнуўся ў шалёныя скокi – i надарваўся. Значыць, Мiкулiч будзе вымушаны паставiць кропку».

– На чым мы спынiлiся? – перапынiла Хмаравы развагi Казакова.

Жанчына выглядала ўзбуджанай, твар трошкi запунсавеўся, выразныя дзiкаватыя вочы iскрылiся жамчужынкамi. Яна не звяртала анiякай увагi на тое, што халат зашпiлены ўсяго на адзiн гузiк – вынiк даўгаватага развiтання з каханкам. Казакова нахiлiлася над сталом, узяла кубачак, прыгубiла i адразу капрызна зморшчылася:

– Фу, цярпець не магу халодную каву!

Хмара зноў убачыў тое, што не павiнен быў бачыць, i, адчуваючы, што чырванее, iмпэтна падхапiўся на ногi, крутнуўся да акна.

Поделиться с друзьями: