Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Танцавальны марафон
Шрифт:

– Вы б зашпiлiлiся.

– Аднаму – расшпiлiся, другому – зашпiлiся! – засмяялася жанчына. – Не мужыкi, а нейкi дзiцячы сад. Зрэшты, я ў сябе дома i хаджу як хачу!

Хмара змаўчаў, ён адчуваў сябе вiнаватым у тым, што парушыў планы Казаковай. Але цяпер яго турбавала iншае. Лейтэнант хацеў убачыць чалавека, якi выйдзе з пад’езда, нават прыўзняўся на дыбачкi, але марна – замiналi балконы. У адчыненую фортку было чуваць, як завялася машына, i праз хвiлiну чорны блiскучы «джып» знiк у арцы дома.

– Прыходзiў не той, каго я чакала, – па свойму расцанiўшы маўчанне следчага, паведамiла Казакова i, трошкi счакаўшы, цяжка ўздыхнула: – Вось так усё жыццё…

«Чакала аднаго, клалася ў ложак са мной, у калiдорчыку флiртавала з трэцiм…» – ледзь не вырвалася ў Хмары, але ён своечасова стрымаўся i як мага спакайней зазначыў:

– У вас, Марыя Васiльеўна, не кватэра, а нейкi прытон.

– Што тут, лепш спытайцеся ў свайго калегi маёра Бараны! – iмгненна змянiлася Казакова, голас зазвiнеў, як напятая струна. – І не чытайце мне мараль, сама разбяруся! Шляюцца тут ўсякiя!

Маўчалi доўга. Хмара чакаў, пакуль гаспадыня памые кубачкi i зноў зварыць сабе кавы. Калi маўчанне зрабiлася зусiм невыносным, лейтэнант цiха спытаўся:

– А праўда, што Сiдоркiну пад шэсцьдзесят?

– Праўда, – кiўнула Казакова i з нейкiм жалем дадала: – Пашэнцiла з iм Галiне, канечне, калi дурнiцай не будзе…

– Пашэнцiла? – здзiвiўся лейтэнант. – Ён жа стары для яе.

– Што вы, маладыя, разумееце? – усмiхнулася Казакова. Раздражнёнасць знiкла, па яе твары блукаў загадкавы цень, вочы блiшчэлi хцiвымi агеньчыкамi. – Багаты мужчына старым не бывае!..

Хмара ўсё зразумеў, зрэшты, i пытанняў да Казаковай больш не было. І ўсё ж лейтэнант не спяшаўся, марудзiў. Яму да няўсцерпку карцела даведацца, за каго прыняла яго Казакова, чаму пацягнула ў ложак i якая роля ў гэтым маёра Бараны.

– Позна, – цiха ўздыхнула гаспадыня, – i пытаннi ў Вас скончылiся.

– А Вы дзе працуеце? – нечакана для сябе спытаў Хмара.

– Часова ў фiрме «Венера», – з сумам адказала жанчына i працяжлiва дадала: – Кан-суль-тан-там…

– Разам з Александровiч?

– Так.

– Чамусьцi нiхто не пацвердзiў месца працы Галiны Вiктараўны.

– І не пацвердзяць. Мы з Галiнай прайшлi перападрыхтоўку i з тэрапеўтаў пераквалiфiкавалiся ў сексапатолагаў. Цяпер працуем у «Венеры» пазаштатнымi кансультантамi, пакуль атрымаем лiцэнзii на самастойную практыку.

– А што, тэрапеўты сталi менш патрэбныя? – з’едлiва спытаў Хмара, але, убачыўшы вочы Казаковай, адразу пашкадаваў аб неабачлiвай вольнасцi. Толькi было позна, гаспадыня адрэагавала iмгненна, сцебанула наводмаш i з вiдавочнай асалодай:

– Калi такая жанчына, як я, напалохала Вас – справа дрэнь. Вам, малады чалавек, абавязкова трэба звярнуцца да сексапатолага. І чым хутчэй, тым лепш.

Лейтэнант нечакана ўсё зразумеў.

– Колькi ж каштуе кансультацыя?

– Вам не па кiшэнi.

– А Баране?

– Ведаеце, чым адрознiваецца мiлiцыянер ад доктара? – прапускаючы мiма вушэй пытанне Хмары, у сваю чаргу пацiкавiлася Казакова.

Хмара адмоўна пахiтаў галавой.

– Праўда для доктара – выратаванне для пацыента, а праўда, сказаная мiлiцыянеру, звычайна заканчваецца лаўкай падсудных.

– Цiкавая фiласофiя, – усмiхнуўся Хмара, – толькi я не разумею…

– Зараз зразумееце, – перапынiла лейтэнанта Казакова. – Яшчэ адзiн рэбус: а чым падобныя доктар i мiлiцыянер? – жанчына перавяла дыханне i, не даючы следчаму часу на роздум, сама ж адказала: – Тым, што i аднаму, i другому трэба гаварыць праўду i толькi праўду, бо iнакш не дапаможаш… А цяпер – рэзюме: мне не падыходзiць нi першае, нi другое, а толькi трэцяе: спытайцеся ў самога Бараны…

9

Лейтэнант Хмара суха i лаканiчна дакладваў Мiкулiчу пра падзеi мiнулага дня. Праўда, засталося за кадрам тое, як ён ледзь не трапiў у ложак да Казаковай, але гэтая недарэчнасць да справы Шапавалава не мела нiякiх адносiн, i Хмара не ўзгадваў учарашнюю прыгоду. Канечне, паводзiны Казаковай i тым больш напаўлегальная праца ў «Венеры» заслугоўвалi ўвагi, але, як лiчыў Хмара, не следчага камiтэта, а мiлiцыi нораваў. Падчас даклада лейтэнант не без задавальнення для сябе адзначаў, што Мiкулiч расчараваны. Хмара быў перакананы, што Мiкулiч усумнiўся ў ягонай прафесiйнай годнасцi, i гэта закранула за жывое, балюча сцебанула па самалюбстве. Лейтэнант трыумфаваў i нават не хаваў празмернай радасцi, якая бруiлася з вачэй, вусны не-не дый крывiла скептычная ўсмешка. Вопытны Мiкулiч бачыў i разумеў прычыну ўзнёслага настрою падначаленага, яму iмпанавала тое, што Хмара – не сляпы выканаўца, мае гонар i прафесiйную злосць у добрым сэнсе гэтага слова. Мiкулiч чакаў, што следчы падвядзе вынiк сваёй працы, але лейтэнант лоўка ўхiлiўся ад усялякiх высноў, абачлiва пакiўнуўшы апошняе слова за iм, начальнiкам.

«Разумны, толк будзе», – у думках ухвалiў падначаленага Мiкулiч, а ўголас нечакана для лейтэнанта спытаў:

– Вы думаеце, што мне няма чаго рабiць, калi прымусiў правяраць i пераправяраць даўно вядомае?

– У нейкi момант я i сапраўды пачаў схiляцца да таго, што смерць Шапавалава – не недарэчнасць, а хiтра спланаваная акцыя, – зноў ухiлiўся ад прамога адказу Хмара.

– Цiкава, цiкава, – задаволена крактануў у кулак падпалкоўнiк. – Напэўна, знойдзеныя ў нябожчыка семсот долараў пасеялi сумненнi?

– І не толькi, – Хмара завёўся з паўабарота. – Прымусiла ўсумнiцца Александровiч, якая падчас допыту вяла сябе не зусiм шчыра. Па-першае, схiтравала – прамаўчала пра свайго новага палюбоўнiка Сiдоркiна. Александровiч, як вядома, заявiла, што Шапавалаў – ейны каханак i без пяцi хвiлiн муж. Выходзiць, манiла?! І рабiла гэта наўмысна, каб выгарадзiць Сiдоркiна. Разлiк просты: нiхто не павiнен западозрыць, што смерць Шапавалава магла быць вынiкам звычайнай разборкi на глебе рэўнасцi. Як-нiяк, а мужыкi праз яе пабiлiся. Што, калi мiлiцыя дакапаецца?

– Лагiчна, – падахвоцiў следчага Мiкулiч.

– Цяпер – другое, i асноўнае. Александровiч утаiла, што яна ўрач-тэрапеўт i месцам працы пазначыла сумнiцельную фiрму. Не памылюся, калi скажу, што яна разлiчвала на нашу iнертнасць, што капаць глыбока не будзем. Дарэчы, так i здарылася. Псiхалагiчна разлiчыла правiльна: навошта турбаваць сяброўку нябожчыка, амаль нявесту? Чалавеку i без гэтага хапiла лiха. А цяпер, таварыш падпалкоўнiк, дадзiм юрыдычную адзнаку дзеянням доктара (падкрэслiваю: доктара!) Александровiч. Няма сумнення ў тым, што яна разам з Шапавалавым пiла гарэлку, шампанскае, яна падбухторыла мужыка на дваццацiхвiлiнныя скокi «танцавальнага марафона». Заўважце, што Александровiч ведала i пра шалёныя дозы антыбiётыкаў падчас лячэння запалення лёгкiх, i пра хворае сэрца палюбоўнiка. Як урач, а тым больш тэрапеўт, ведала i пра пэўныя абмежаваннi ў пiтве, ежы, фiзiчных нагрузках i магла прадбачыць развiццё падзей з такiм букетам хвароб, – Хмара замаўчаў, яму чамусьцi здалося, што Мiкулiч зараз пасмяецца з ягоных падазрэнняў, якiя, дарэчы, сам i пасеяў у душы. – Канечне, гэта толькi мае асабiстыя меркаваннi, i цяпер яны нiякага значэння не маюць. Вядома, што Шапавалаў пайшоў у клуб «Каму за трыццаць» па грошы, праўда, ягонага даўжнiка мы не знайшлi. Сустрэўся ў клубе з Александровiч, а вось выпадкова цi з яе боку быў нейкi зламысны намер – таямнiца. Што здарылася потым, не падпадае нi пад адзiн артыкул крымiнальнага кодэкса. Шапавалаву сiлком гарэлку не ўлiвалi, усё астатняе таксама ён рабiў не пад прымусам.

Поделиться с друзьями: