Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Танцавальны марафон
Шрифт:

Казакова, стрыечная сястра Шапавалава, жыла на другiм канцы горада, у мiкрараёне Малiнаўка, i Хмара дабраўся на вулiцу Слабадскую толькi а дваццаць другой гадзiне. У нейкi момант следчы засумняваўся, што робiць правiльна, – усё ж пазнавата для вiзiтаў, але падштурхоўвала апраўданне: дом новы, не тэлефанiзаваны, а позвай выклiкаць сведку – доўгая песня.

Хмара таропка пакiнуў прапахлы прытарным цыгарэтным дымам лiфт, зрабiў да дзвярэй з блiскучымi лiчбамi «107» некалькi крокаў, а ў кватэры ўжо цяўкала, вiскатала сабачанё. Не паспеў лейтэнант дакрануцца да званка, як дзверы адчынiлiся, i на парозе ўзнiкла рослая, пышнагрудая жанчына з маленькiм, у далонь, сабакам на руках. Яго быццам тут чакалi. Сабака быў настолькi маленькi, што, каб не брахаў, яго проста можна было зблытаць з кажаном – толькi вочы ды вушы, як крылле. Гэтае тварэнне бiла дрыготка, i гаспадыня ласкава дакранулася чырвоным кiпцюрыкам да мiнiяцюрнай галоўкi, пашкрабала за вушкам i, вывучаючы Хмару, какетлiва схiлiўшы прыгожую галоўку да пляча, цiха ўздыхнула:

– Ну-ну, супакойся, мiлы, нам нiчога не пагражае.

Убачыўшы гаспадыню, Хмара нечакана разгубiўся, нават засумняваўся, цi туды трапiў.

– Вы – Марыя Васiльеўна Казакова?

– Я, красунчык, – цiха адказала гаспадыня i, бачачы разгубленасць госця, ледзь прыкметна ўсмiхнулася.

Хмара ведаў, што Казаковай трыццаць восем гадоў, але цяпер, у гэтым зацемненым калiдорчыку, ён не рызыкнуў бы вызначаць яе ўзрост. Лейтэнант бачыў перад сабой маладую, надзiва прыгожую i абаяльную дзяўчыну. Натуральнага белага колеру валасы прыгожымi локанамi спадалi на плечы, блакiтыя вочы глядзелi па-дзiцячы адкрыта, разгублена i трошкi задзiрлiва. У iх блукалi какецтва i адначасова непрыхаваная цiкаўнасць да невядомага чалавека. Хмара разумеў, што Казакова кагосьцi чакала – i раптам ён…

Сабачанё перастала вiскатаць, вiдаць, змiрылася з прысутнасцю Хмары, прызнала за свайго, адчайна затузалася i, адчуўшы волю, слiзганула ў кiшэню мяккага плюшавага халата гаспадынi. Напэўна, там была будка гэтага мышаняцi з вялiкiмi вушамi.

– Я з мiлiцыi, – аблiзнуў сасмяглыя вусны Хмара i палез у кiшэню па пасведчанне.

– Ад Бараны? – iмгненна змянiлiся вочы Казаковай, быццам пацямнелi. Глыбокая складачка на пераноссi раздзялiла вузкiя чорныя броўцы. Жанчына выцягнула з кiшэнi сабачаня, апусцiла на падлогу i, лёгка падштурхнуўшы да невялiкага матраца, строга скамандавала: – Марш на месца!..

Хмара, спрабуючы ўзгадаць, хто такi Барана, замарудзiў з адказам. Ён кульнуўся ў калiдор, гаспадыня шчоўкнула за ягонай спiнай двума замкамi i, праходзячы мiма, не гледзячы на лейтэнанта, запрасiла:

– Заходзь у пакой, а то суседзi занадта вушатыя…

Хмара пасунуўся следам i, як толькi апынуўся ў пакоi, Казакова замкнула i гэтыя дзверы. Пакой быў даволi вялiкi i ўтульна абстаўлены. Цiха грала музыка, пасярэдзiне, памiж двух крэслаў, стаяў столiк, на якiм пузацiлiся бутэлька шампанскага i графiн з бурштынавым напоем, пэўна, каньяком. У талерках – чорная iкра, чырвоная рыба, тонка парэзаная вэнджанiна. Асобна, у адмысловай крышталёвай вазе – апельсiны, вiнаград, лiмоны. Па чыстых прыборах Хмара зразумеў, што стол накрыты на дваiх i, канечне, не для яго. Праваруч, пад вялiкiм, на ўсю сцяну, дываном высiлася неймаверна шырокая разасланая канапа. Бялюткiя прасцiны i гара падушак сляпiлi вочы. Пахла лавандай, кавай, апельсiнамi i нечым яшчэ, ад чаго кружылася галава. Злева блiшчэла за цюлевымi занавескамi акно, дзверы на балкон былi трошкi прачыненыя, i Хмара накiраваўся туды, каб хватануць свежага паветра i вызвалiцца ад нечакана навалiўшагася пажадлiвага наслання. З нейкага моманту ён злавiў сябе на тым, што думае, глядзiць на Казакову не як на сведку, а як на спакуслiвую i жаданую жанчыну.

– Ты – следчы? – усё тым жа строгiм i адначасова заклапочаным голасам спыталася гаспадыня.

– Так, – кiўнуў Хмара i, убачыўшы, як тонкiя пальчыкi з чырвонымi кiпцюркамi пачалi расшпiльваць гузiкi на плюшавым халаце, iмгненна пачырванеў. Ён хацеў запярэчыць, абурыцца, але даўкi саладкаваты камяк нечакана перастрэў у гарляку, з грудзей лейтэнанта вырвалася дзiўнае i дзiкае: «У-у-ух!» Ён стаяў, як спаралiзаваны, глядзеў на прыгажуню шырока расплюшчанымi вачыма i чамусьцi кiваў галавой, быццам падбадзёрваючы i прыспешваючы.

– Перадай твайму прыдуркаватаму Баране, што ты – апошнi… Маёр абнаглеў. Я што, да самай пенсii буду абслугоўваць сталiчных мiлiцыянераў? Хiба ва ўсiм Мiнску iншых баб няма?..

Халат саслiзнуў на падлогу, засланую мяккiм варсiстым дываном. Казакова, не зважаючы, пераступiла праз яго i, на хаду распускаючы валасы, сабраныя на патылiцы пад перламутравай шпiлькай, нават не азiрнуўшыся на Хмару, паплыла да канапы. Крок, другi, пантоплi нячутна саслiзнулi са стройных ножак.

– Што стаiш, як нецалаваны? – кiнула цераз плячо Казакова i жвава шмыганула пад бялюткую прасцiну. – У цябе трыццаць хвiлiн, я гасцей чакаю…

Хмары здалося, што на яго вылiлi вядро кiпеня, стала горача, кашуля iмгненна прылiпла да спiны. Ён кiнуўся да выхаду, iстэрычна затузаў дзвярную ручку, паспрабаваў адамкнуць замок, але гэта яму не ўдалося. «Во ўлiп дык улiп… – затахкала ў скронях. – Пастка, правакацыя…»

– Яшчэ не распрануўся? Можа, ты не адзiн? – зразумеўшы паводзiны Хмары па-свойму, здзiвiлася Казакова.

Хмара не мог павярнуць галавы, ён баяўся натыкнуцца на смяшлiвае вочка вiдэакамеры, але яшчэ больш баяўся ўбачыць голую Казакову.

– Ды адчынiце Вы гэты замок! – нарэшце прарвала лейтэнанта. – Чорт ведама што!..

– Ты, пэўна, i сапраўды, нецалаваны.

У наступны момант гарачае дыханне апякло Хмары шыю, жаночыя грудзi пругкiмi бугаркамi дакранулiся да здранцвелай спiны, i ён адчуў, як часта-часта тахкае жаночае сэрца. Лейтэнант i вокам не паспеў мiргнуць, а цёплыя пальчыкi далiкатна расшпiлiлi гузiкi на кашулi i пажадлiва лашчылi ягонае цела. У галаве ў Хмары ўсё пераблыталася, ён адчайна адштурхнуў рукi Казаковай, iмпэтна крутнуўся, закрычаў:

– Не ведаю я нiякага маёра Бараны! Сюды мяне прывяла смерць Шапавалава. Не веру, што ён памёр сам!..

Апошняе вырвалася мiжвольна, Хмара так не думаў, але чамусьцi сказаў. Гэта падзейнiчала на жанчыну. Яна войкнула, прыкрыла грудзi рукамi i кiнулася да канапы.

– Дык Вы не?.. – нацягнуўшы прасцiну да самай шыi, няўпэўнена i расчаравана перапытала Казакова. У наступны момант у вялiкiх блакiтных вачах заскакалi гарэзлiвыя смяшынкi. – Вы ручку адарвалi…

Хмара нават не заўважыў, як адарваў дзвярную ручку, i цяпер стаяў у позе карацiста, якi чакае нападу i гатовы даць адпор. Ён апусцiў рукi, нiякавата зiрнуў на Казакову, iх вочы сустрэлiся.

– Ну i дзела! – уздыхнуў лейтэнант i адчуў, як iстэрычны смех рвецца з грудзей, не ўтрымаць.

– А я, – пырснула Казакова, – прыняла Вас за…

Хмары было цiкава даведацца, за каго прыняла яго сястра Шапавалава, але смех праглынуў прызнанне жанчыны. Хвiлiн пяць яны глядзелi адно на аднаго i рагаталi.

– Ад мяне ўпершыню ўцякае мужчына! Нават ручкi паадрываў!

– А я думаю, правакацыя… усё – трапiў у пастку…

Першай ачомалася Казакова. Яна ўвiшна, не зважаючы на Хмару, устала з канапы, загарнулася ў прасцiну, знайшла халат, выцягнула ключы i адамкнула дзверы, якiя пяць хвiлiн таму штурмаваў Хмара. З ваннай данеслася плескатанне вады. Казакова вярнулася апранутая, быццам нiчога не здарылася, прывяла ў парадак канапу, падбiла падушкi i, прыладзiўшы на ранейшае масца перламутравую шпiльку, зiрнула на гадзiннiк.

– Я i сапраўды чакаю гасцей.

– Пагаворым на кухнi, – прапанаваў Хмара i зноў адчуў няёмкасць. У гэтай жанчыне было столькi спакуслiвай жыццёвай сiлы, што лейтэнант вымушаны быў хаваць вочы, каб не выдаць свайго душэўнага стану.

– Ручку адарвалi! – са скрухай упiкнула лейтэнанта гаспадыня. – Можа, i ў агульны калiдор дзверы адамкнуць? Там ручка дарагая, зробленая на заказ.

– Я адкуплю замок, – вiнавата буркнуў Хмара i, спадылба зiрнуўшы на Казакову, прапанаваў: – Калi спяшаецеся, я пакiну позву, пагаворым заўтра ў аддзеле.

Поделиться с друзьями: