Тартак (на белорусском языке)
Шрифт:
Цяпер Алёша не мог сказаць i слова: гэтулькi многа яна гаварыла. Нагнулася зусiм над iм: вочы ў яе былi шэрыя i блiскучыя i стаялi на адным месцы, калi глядзелi на яго.
Яму хацелася сказаць, каб яна не iшла дамоў у Паляне, бо яе ж заб'юць палiцаi. За брата. Зловяць i заб'юць... Яны спалiлi хату, заб'юць i яе. Але яна гаварыла i гаварыла без аддухi, i ён маўчаў.
Пасля яна адышлася i апёрлася плячыма на слуп ад качэляў.
– А я ўсё роўна пакалышуся...
– сказала - i адразу як падмянiў яе хто. Ускочыла на лавачку, схапiўшыся рукамi за палкi, i крыкнула на ўвесь гарод, Алёша аж спужаўся:
– А ты падбi мяне!.. Пакуль адна раскалышу-уся...
Калi высака, уровень са страхой, падлятала лавачка, у зямлi краталiся слупы. Мiж зямлёй i слупамi былi ўжо ладныя ямкi, i туды сыпаўся перацёрты нагамi сухi пясок. Вось уверсе ў слупах была падмазана старым сухiм дзёгцем, i цяпер, разагрэты i развэдзганы, ён цёк па слупе - пiсяга была ўжо нiзка ля зямлi: ля самай лавачкi...
– Сукенку глядзi!.. Запэцкаеш... Не падбiвай!..
– паказаў ёй рукой на слуп Алёша.
– Хэ-хэ-хэ...
– яна засмяялася моцна, недзе было чуваць аж у хаце, i закруцiла галавой. Каса зляцела ў яе з плячэй i сцёбнула па слупе.
– А я не баюся... I ўдваiх калыхацца не баюся... А ты маўчаў. Не хацеў мяне пускаць... Сазнайся... А на лавачцы можна стаць i ўдваiх. З аднаго i з другога боку. Удваiх лягчэй падбiваць...
Яна згiнала ногi ў каленях, аж прысядаючы, i пасля з усёй сiлы падбiвала лавачку, падлятаючы вышэй страхi. Краталiся ў зямлi слупы, i падпоры, здавалася, выскачаць, i на Вандзю было боязна глядзець. А яна не сцiхала:
– А я не баюся... I дамоў схаджу, не баюся. Гэта ты баiшся... I немцаў я не баюся, а ты баiшся... А мой брат цяпер партызан... I яго заб'юць палiцаi, калi зловяць. А яны яго не зловяць... I мяне не зловяць. I ты мяне цяпер не зловiш...
– яна зноў памаўчала была.
– А гэта праўда, што нам трэба было ўцякаць, калi брат перайшоў у партызаны? А я не хацела ехаць з дому...
Летучы разам з лавачкай, яна гнала перад сабой вецер, i Алёша пачуў, як яму робiцца холадна. Ён бачыў, як вецер задзiрае Вандзiну белую сукенку вышэй калень, i не мог тады глядзець на Вандзю... А яна, прыцiхшы, усё падбiвала i падбiвала нагамi.
Алёша тады закрычаў. Пачуў пасля, як ззаду стукае нехта ў шыбiну з хаты. Аглянуўся - апёршыся на падаконнiк, ля акна стаяла мацi i трасла пальцам.
Ён зноў тады закрычаў, не могучы злавiць лавачкi i не ведаючы, што рабiць...
– Баiшся... Баi-iшся...
– смяялася Вандзя.
– Я-ткi знала...
Тады Алёша падумаў, што Вандзя можа звалiцца на каменне, якое ляжыць пад прызбай пад варыўнёй; можа зляцець i на плот ад вулiцы, якраз туды, дзе пралазяць i дзе выбiта нагамi бульба па пярэчцы...
– Паляцiш!..
– ён падскочыў да слупа i хацеў злавiць лавачку. Яму ўдарыла па руцэ ля костачкi i счасала скуру...
Махнулася ў акне мацi - пайшла на двор - з хаты ўсё вiдаць...
– Баi-iшся!..
– засмяялася зноў Вандзя, адкiнуўшы галаву. Каса з-за плеч пераляцела ёй на грудзi i акруцiлася ля шыi. Ён згледзеў пасля, як Вандзя, летучы ад вулiцы, ад плота назад да варыўнi, аж прысеўшы на лавачцы, падбiла яшчэ нагамi, як на край варыўнi, над страхой, з-за якой тырчаў асвер, узляцела ракета i павiсла ўгары. Чырвоная i яркая, яна доўга стаяла ў хмурным небе, тады стала ападаць, як перавалiўшыся цераз што, i рассыпалася над варыўнёй на iскры. Яму здалося, што сцебанулi нечым калючым па веках...
Тады за гумнамi, на Карчаваткi, зайшоўся кулямёт, доўга i несцiхана. Калi ён быў сцiх, захлопалi стрэлы, часта, адзiн за адным, як хто кiдаў з вулiцы каменнем па варыўнi па страсе.
– Дзецi... Марш дамоў... Знайшлi гулi...
– загаварыла на двары мацi, азiраючыся на вулiцу.
– I нiкуды не адыходзiцца ад вуглоў...
– папраўляючы на галаве хустку, мацi вярнулася ў сеначкi. За варыўнёй на Карчаватках ацiхла, пасля там зноў пачалi страляць.
"Немцы iдуць з Даўгынава...
– падумаў Алёша.
– Праз Вiлiю..."
Калi ён глянуў пад прызбу на пярэчку, убачыў, што ў бульбеўнiку ля варыўнi ля камення сядзiць на каленях Вандзя. Адвярнулася ад яго, глядзiць праз плот на лог, папраўляючы ў дзве рукi касу. Маўчыць, кратаючы ўсё плячыма...
Ён здагадаўся, што яна звалiлася на каменне, i падбег да яе.
На рог варыўнi, на шэрыя i халодныя воблакi зноў выскачыла з-за лесу ракета. Зялёная i цьмяная, яна не даляцела ўгару да асвера i патухла над самай страхой... Тады адразу перасталi страляць.
Калi Алёша апёрся на локцi на мяхах, убачыў, што цёмна i што яны стаяць у лесе.
Балела рука ля костачкi - ссунулася на ляжэйку, i ён адцiснуў яе пад галавой. Ён пачуў, як гавораць недзе наперадзе мужчыны.
– Дзе гэта магло быць?
– пытаўся ў некага Панок.
– Недзе на шашы... Вiдзiш, правей ад iмшары, якраз на прагале...
– Чорт яго, Мiрон, знае... I Тартак у тым баку...
– гэта зноў гаварыў Панок.
– Тартак лявей, ты што?.. Вунь, дзе месяц узышоў, там Тартак...
– А ракеты якраз там i былi... Едзем... у божы свет... А раптам н-немцы?..
– Панок пачаў заiкацца.
– А можа, гэта i не ракеты... У вас ужо ў каторага ў вачах...
– Ды не-е, Наста... Яшчэ не паслеплi. Хто гэта храпе там ззаду на ўвесь лес?
– Хлапец хроп... Не злазiць з воза...
– Спiць усю дарогу... Во сон напаў. Глядзi, баба, ваўкi з'ядуць у лесе... Вiнавата будзеш...
– Махорка быў засмяяўся...
– Сцiхнi, Мiрон...
– азвалася Наста.
– А дзе Iван?
– Наперадзе. Вунь ля жарабка на дарозе.
– Клiч сюды. Чаго стаiш?..
– Яно, Наста, само сталася! I ў Боганчыка i ў нас. Сунься лесам чорту ў зубы. Ноч. Ракеты не дзецi пускаюць. Не сходзiш жа, не паглядзiш? Не стралялi, не было чуваць?
– Я не чула. I так ад стрэлу за дзень галаву адбiла... I калёсы барабаняць...
Пасля Наста клiкнула Боганчыка. Той адразу азваўся - быў блiзка наперадзе - iшоў да iх. Падышоўшы, паказаў рукой на прагал у лесе:
– Ракеты. Аж дзве. Вiдзiлi? На шашы недзе...
На дарозе стала цiха, хроп толькi ўперадзе Махоркаў Сiбiрак - сышоў з дарогi i скуб з-пад ног траву.
Алёша ўбачыў, што ўперадзе над дарогай, якраз ля прагалу, за лесам узышоў месяц-поўня. Свяцiў двума крывымi круглымi краямi, мусiць, з-за дрэва. Недзе ў тым баку за iм дрыжала ад агню неба, як ад далёкай блiскавiцы.
Алёша падумаў, што быў заснуў ля Завiшына, калi пераехалi раку. Спаў i не бачыў ракет.
Нiзка, над самымi калясьмi праляцеў кажан, шапочучы крыллем.
Усхадзiўся быў вецер, падзьмуў дарогай, адагнаў машкару, што ўсмоль лезла ў вочы, i зноў сцiх.
Дарогу ззаду, адкуль яны ехалi, схаваў туман, падпоўз аж да самых вазоў, заслаўшы, як палатном, прагал у лесе.
Над прагалам дрыжала не сцiхаючы неба. Ля месяца над самым лесам яно было жоўтае; вышэй стаяў вялiкi белы круг: на вецер i на безгалоўе.