Тартак (на белорусском языке)
Шрифт:
Лезла ў вочы машкара, лiпла на шчокi, заядала. Калi Алёша павёў рукой па нагах, пачуў, што рукi былi мокрыя. Падумаў, што галёнкi недзе ўсе ў крывi...
Тады Алёша згледзеў, як яго конь стаў мiнаць Януковы калёсы - зафорскаў i, нагнуўшы галаву, даставаў сухую траву з канавы ля дарогi. Ззаду пайшоў i Настулiн Буланчык.
– То чаго чакаць, мужчыны?
– Хай хоць трохi адсапнуцца конi, Наста... Думаеш, яны не галодныя?
– Вiднець скора пачне, Мiрон. Не справiмся. Ты знаеш, што ты гаворыш!..
– У лесе, Наста, лягчэйшая дарога. А конi пiлi ў рацэ. Пасля вады конь слабне. Пастануць, тады... А назад улегцы, пагонiм...
– Машка заядае... Каму б гэта прыйшло ў галаву ўзяць з дому пасцiлку на ногi.
– Асталiся жыць, Наста. Машка не страх цяпер.
– Асталi-iся... З вёскi выпусцiлi, дык у рацэ пабiлi б... Як гэта нiкога не зачапiла...
– Бог яшчэ ёсць...
– Адапнi, Пан, лепш каня... Бо-ог...
– перадражнiў яго Махорка.
– Ты, Iван, што маўчыш?
– Пайду i я адапну жарабка. Конi, як i людзi, есцi хочуць...
Алёша тады падумаў, што яму вунь як хочацца есцi. Не помнiць добра, калi еў. Мусiць, учора вечарам у Карчаватках...
– Ведаеш, Наста, - зноў загаварыў Махорка, бразгаючы ў кiшэнi крэсiвам, - думаў, мусiць, закурыць.
– Калi ехаць, то толькi лесам. На Тартак... Зблiзку немцаў я не баюся. А на шашы як секануць здалёку. Ноч. Насунемся знянацку. А ў лесе ноччу яны сядзець не будуць...
– А калi парцiзаны...
– Ты ўжо, Наста, i парцiзан баiшся...
– О-ха-ха... Парцiзаны, парцiзаны...
– А што б яны памаглi? Вёска ў ваўка ў зубах. Не вырвеш.
– Парцiзанам лягчэй. Ёсць чым баранiцца...
– Цяжка, Наста, i парцiзанам. Вiдзiла, колькi на Дзвiнасу машын пёрла?..
– Сама, Мiрон, знаю. Калi ж усярэдзiне ўсё трасецца. Дзецi дома...
Махорка ёй цяпер нiчога не сказаў; змоўкла пасля i Наста.
Тады Алёша ўбачыў, што мужчыны сцiшылiся i слухаюць, пастаўшы ля Януковага воза.
Гудзела недзе ў канцы прагалу над Тартаком, дзе цьмяна свяцiла з-за лесу поўня. Гудзела глуха i густа, як усё роўна шумеў ад ветру за iмшарай лес.
Пасля Алёшу здалося, што гудзе пад зямлёй i яна дрыжыць пад калясьмi, пад нагамi ў людзей i ў коней... Ён убачыў, як вярнуўся да Януковых калёс спераду Боганчык, як Панок нагнуўся нечага над Януком, якi ляжаў нiц на мяхах.
Тады Алёша саскочыў на дарогу. Калолася ў босыя ногi - на дарозе былi сухi мох i дробненькiя патрэсканыя сасновыя шышкi.
Над прагалам у лесе пасвятлела - падняўся вышэй месяц, i Алёша бачыў, што мужчыны стаяць, задзёршы галовы.
Угары, у зацягнутым чорнымi палосамi небе, iшлi самалёты. Iшлi з Тартака. Iх недзе было многа, бо ўгары стаяў цяжкi гул, што ад грому. Ад яго, здавалася, звiнелi i лес, i дарога, i ўся зямля. Пасля гул зрабiўся глухi i працяжны, ацiхаў далёка ўгары, i здавалася, што неба ад яго стала высокае-высокае...
Самалёты ляцелi на Дальву, у той бок, дзе на небе за лесам яшчэ стаяла зялёная зара... Доўга ў тым баку стагнала зямля.
Алёша пачуў, як яго хапiлi дрыжыкi, не лучаў зуб на зуб. Ён прыцiснуўся плячыма да меха на Януковых калёсах i зашпiлiў аж уверх замочак у рубашцы.
Мужчыны доўга маўчалi ля калёс, гледзячы ў неба i круцячы галовамi ўслед за самалётамi...
– Нашы...
– сказаў тады цiха Махорка.
– Бамбiць лётаюць ноччы. Аж у Германiю...
Усе былi закраталiся ля калёс, але маўчалi. Закашляў Панок i закрактаў, узлазячы на воз. Тады, апёршыся локцямi на Янукоў воз на ляжэйку, Боганчык засiпеў, гледзячы на дарогу ў туман:
– На-шы... Такiя, як вунь ля Леснiкоў былi... Забылiся... I агнёў панакладалi, чакаючы... Як скiнулi цацку, аж стрэхi пазрывала. Акруцiлiся i яшчэ раз скiнулi. Гэтыя каб скiнулi...
– О-хо-хо... Што там дома...
– забедавала Наста, завязваючы хустку, i Боганчык сцiх. Завярнуўся пасля i пайшоў у альшэўнiк.
– I Буланчык мой не есць, апусцiў галаву... О-хо-хо... Што там робяць дзецi?
– Не адыходзься далёка...
– крыкнуў услед Боганчыку Махорка.
– Вайна не вайна, а ў кусты ганяе, не глядзiць на немцаў...
– Ты, Мiрон, свайго i перад бядой не кiдаеш...
– Мы яшчэ пажывём, Наста...
– Пажывё-ём...
Яны памаўчалi.
– Будзем кратацца, Iван. Адзiн ад аднаго не ад'язджацца. Хай конi iдуць за калясьмi. I ты свайго жарабка не пры надта. А то - не дагнаць...
– зноў загаварыў Махорка.
– Можаш заязджаць наперад...
– буркнуў Боганчык, вылазячы з кустоў.
– Не глядзi зверам, Iван. Ноч на дварэ. I ты гэта знаеш...
– гаварыў i махаў пугаўём Махорка.
– Ехаць будзем цiха. Калi што якое - не сядзець на калёсах. За дзяцьмi Наста будзе глядзець. Янук хай спiць... З яго драбiн не вывалiшся. I Таня добра што заснула. Мэнчыцца з балючай нагой...
Алёша пайшоў назад за Настай - яна памалу-памалу, як нямогучы, перастаўляла ногi. Завярнулi на дарогу коней. Пасля, сеўшы на мяхi, пад'ехалi адзiн за адным да Януковых калёс.
– Усе там, ззаду?
– загаманiў моцна Махорка.
– Не аставацца...
Прагалам пайшлi адгалоскi.
– Не спi, сын...
– Алёша пачуў, як яго клiкнула Наста, i падумаў, што яму вунь як хочацца спаць. Не служаць нi рукi, нi ногi - нават языком не кранеш.
Конь, iдучы, усё яшчэ скуб траву ля дарогi, i Алёша падумаў, што хочацца есцi, не праходзiць голад.
Яны праехалi дарогай - уехалi ў самы прагал i зноў сталi. Боганчыка зусiм схаваў з вачэй туман, i невядома было, што робiцца ўперадзе. Зноў злезла з воза Наста - iшла да яго, Алёшавых, калёс, кiнуўшы аднаго Буланчыка.
– Зноў наперадзе нешта, сын...
– зашаптала яна.
– Так бы не сталi. Не спi, глядзi... Помнi, што я сказала...
Тады Насту клiкнулi. Махорка, мусiць.
– Нехта стогне там, уперадзе... Не спi, сын...
– Яна кiнула ў яго на возе на мяхах дубец, якiм паганяла яшчэ ля ракi Буланчыка, калi той не хацеў iсцi ў ваду, i пакраталася наперад, мiнаючы Януковы калёсы. Янук замычаў, мусiць, спрасоння, лежачы на мяхах, i зноў стала цiха, нават не храплi конi. Было чуваць, як iдзе дарогай Наста: дуг, дуг. Калi Наста схавалася за Танiнымi калясьмi, Алёшу хапiла стужа. Ён ссунуўся з мяхоў на дарогу i дагнаў Насту ўжо ля Махоркавых калёс. Махоркi на возе не было, не было i ля каня. Не вiдаць было нiдзе i Боганчыка.
Ужо ля Боганчыкавых калёс Алёша згледзеў, як, сышоўшы з дарогi, у прагале стаяць мужчыны. Двое - Махорка з Боганчыкам. Панок быў ззаду, воддаль - прыхiнуўся да сасны, як прыкарэў.
Яны падышлi з Настай да Панка.
– Скажы ты...
– загаварыў Махорка да Насты, сцiха, як шаптаў.
– Не магло ж нам здацца... I мне i Iвану... Чалавек стогне.
– Дзе чалавек?
– Наста зайшла iм наперад i, натапырыўшыся, глядзела ў прагал.
– Ды тут недзе недалёка...
– паказаў Махорка рукой, усё роўна што сабе пад ногi.
– Я ўжо i клiкаў... Стагнаў быў, пасля сцiх.