ЖАНРЫ

Тартак (на белорусском языке)
Шрифт:

– I я, Наста, чуў. Аж з калёс, едучы, - кашлянуў Панок.

– Якi тут у чорта чалавек... Маюць жа вушы...
– загаманiў быў моцна Боганчык.

– Цiш... Сам жа чуў...
– шыкаў на яго Махорка.

– Што вы ўсё шыкаеце... Стогне, стогне... Дзяўчына на возе стогне. Ехаць трэба, калi што думаем. Ну i людзi...

– Адыдзi...
– Махорка махнуў быў на Боганчыка рукой.

Усе тады як ураслi ў зямлю.

Нiчога не было чуваць.

Выплыў з-за лесу месяц i вiсеў цяпер ля цёмнай, што конь з нагамi i галавой, хмары. Павiднела. У тумане была знаць уперадзе дарога - iшла прагалам - i было вiдаць, як на моху ля ног ляжаць леташнiя белыя сасновыя шышкi.

Пасля далёка ў прагале, на балоце, мусiць, закрычала патрывожаная кнiгаўка. Кнiгавак, вiдаць, было многа, бо адна не спраўлялася б так часта крычаць. Турчалi жабы, моцна, на ўвесь лес - аж iшлi адгалоскi...

Алёша доўга глядзеў у прагал - у вачах ужо зрабiлася аж два месяцы: адзiн адбягаўся ад другога i кацiўся па небе да самага лесу.

На зямлю, на голую дарогу, ад сосен падаў цень, шырокi, разгаты, i ляжаў, як на чыстым абрусе.

Алёша пачуў, што холадна ў ногi. Пасля стала холадна за плячыма.

– Паедзем... Дзяўчына на возе стогне. Агнём бы яно ўсё пайшло ад маёй галавы...
– вылаяўся быў Боганчык i ступiў да Махоркi - невядома чаго.

– Што затросся, як спалiржаваны? А калi чалавек там?
– крутнуўся да яго Махорка.

– Чалаве-е-к...
– перадражнiў Махорку Боганчык.

– Дык што? Мiнаць чалавека? Чалавека я нiколi не мiнаў...
– Махорка адразу тады ўзлаваўся... Лапаў за кiшэнi ў штанах, як чаго там не знаходзячы.

– Не мiнаў... А дзе дзенеш, падабраўшы? Хоць тата з таго свету - дзе дзенеш? Сваiх поўныя калёсы. I хворых i здаровых. Стогнуць. Дзяўчына вун...

– Вiш, бацька знайшоўся. Горлам браць... Не крычы. Чалавек стогне. У сасоннiку, мусiць, - паказаў Махорка раптам зноў рукой у прагал.

– Ну i чорт з iм, хто дзе цяпер стогне. Зямля ўся стогне. Усiх не наслухаешся. У нас свае, вун... Вёска цэлая стогне...

– Цiш...
– махнуў на яго рукой Махорка.

Тады Алёша пачуў, як збоку ля iх, на прагале ў соснiку, нехта стагнаў. Пасля закашляўся Панок, i зноў нiчога не было чуваць.

Калi яны прыйшлi за Махоркам у соснiк, Алёшу здалося, што ў высокай белай мятлiцы ляжыць, выцягнуўшы ногi, конь - чорны, задам да iх. Конь быў адразу застагнаў, тады пачаў храпсцi недзе пад сябе ў густую траву... Здавалася, нават не пачуў, як падышлi людзi...

Ло-ось...
– загаманiў Махорка.
– Iдзiце блiжэй... Са спiны толькi... Ля ног не стойце... Не стойце... Ён нагой аглабню сячэ. Адступiся, хлапец, не лезь усмоль... Чаго ты тут?.. Сядзеў бы на калёсах. Пазбягалiся ўсе...

Алёша тады адышоўся ад Махоркi i стаў ззаду за Настай.

Махорка ступiў да лася, нагнуўся i глядзеў недзе ў траву, дзе кашляў лось...

Лось быў кароткi i тоўсты, але здаваўся вялiкiм - каб устаў, зраўняўся б з Буланчыкам. У яго была шырокая i кароткая шыя, i на ёй расла маленькая грыва. Галава ў лася была доўгая, вузкая, з гарбом ля храп i з вялiкiм блiскучым вокам, якое глядзела некуды ўверх - на месяц. Нiжняя губа ў яго абвiсла, як мокрая ануча; вушы, круглыя i шыракаватыя, што ў каровы, натапырылiся i стаялi.

Лось быў не чорны, як здалося спачатку. Толькi на спiне ў яго iшла чорная паласа, вузкая, на руку; ногi i галава ў яго былi бурыя, а сам ён увесь цяпер, зблiзку, здаваўся шэрым i блiскучым, бы ўсё роўна ў расе... Можа, што на яго свяцiў месяц...

Рогi Алёша згледзеў пасля ўжо: яны, чорныя i вялiкiя, што саначкi, ляжалi ў белай траве, усё роўна як асобна ад галавы. Краталiся разам з галавой толькi, калi лось кашляў, i тады паролi зямлю...

– Падбiлi...
– зноў загаманiў на ўвесь соснiк Махорка.
– Уся шыя пасечана... Аж мяса павыпiрала... Крывi пад iм чорная лужына ў траве. I з храп кроў цячэ. Не падыходзьце... Падурнелi?.. Адступiцеся!..

Лось захроп i пачаў круцiць галавой... Угару з-пад рагоў паляцела зямля. Пасля сцiшыўся i стаў часта дыхаць, ажно хадзiў у яго хадуном жывот.

– Не падыходзь, Наста!
– крыкнуў цяпер Панок.

Мужчыны самi адышлiся далей, i Панок пацягнуў Насту назад за руку.

Лось раптам падагнуў пад сябе пярэднiя ногi, крутнуўся на бок, падняўшы галаву з рагамi, i ўстаў на заднiя. Пярэднiя ў яго былi цяпер сагнуты, i ён, дрыжучы, апiраўся на каленi. Пастаяўшы на каленях, ён задзёр яшчэ вышэй галаву, паклаўшы на спiну рогi, што дзве шырокiя лапаты, i зарыкаў. Моцна, як толькi мог, - прагалам далёка пайшлi адгалоскi; балюча i жаласна, што карова, калi ад яе адсаджваюць цяля; пасля цiха, задыхаючыся i круцячы галавой у бакi... Тады раптам асеў, грукнуўшы грудзьмi на карэнне i ўдарыўшы пысай аб зямлю, i сцiх, лежачы на жываце i на падкорчаных пярэднiх нагах. Пасля ўсхапiўся зноў на заднiя ногi i скочыў уперад, дзе не было людзей, неяк пiхнуў сябе аднымi заднiмi нагамi, пярэднiя ў яго былi сагнуты ў каленях i цягнулiся па зямлi, i адразу ўпаў на траву ў свежым месцы i стаў бiць нагамi па зямлi. З-пад яго паляцеў мокры мох i дзёран, тады сыпанула шорсткiм жвiрам...

Пасля лось зноў стаў на заднiя ногi i, ужо не могучы падняць ад зямлi пярэднiя, пачаў круцiцца на адным месцы, як ушчамiўшы ў што галаву. Абвалiўшыся на зямлю, ён качаўся з боку на бок i страсаўся, як ад вады, з-пад яго зноў паляцела зямля i пырскi ад крывi. Бiў заднiмi нагамi, рвучы з карэннем малады соснiк i рыючы ля сябе яму. Ён ляжаў ужо на адным баку, не пераварочваючыся, i бiў нагамi толькi ля сябе пад бокам... Памалу - ногi ў яго дрыжалi i выпроствалiся, як ад сутаргi... Пасля ён зноў рвануўся з зямлi, хочучы ўстаць на ногi, i ссунуўся ў яму, якую вырыў нагамi збоку... Застагнаў цiха i цяжка, што чалавек.

Адразу стала цiха; не грукала зямля, i было чуваць, як у лася з рагоў сыплецца на траву жвiр - шапоча - i кратаецца высокая белая мятлiца ля заднiх ног...

Мужчыны доўга маўчалi, стоячы, тады Махорка сказаў, нiбы сам сабе:

– Во i смерць, Наста... Падбiлi!.. Баi на Палiку пачалiся. З Палiка лось. Каля нас iх цяпер няма...

Пацямнела на прагале: на месяц насунулася краем чорная хмара - конь з нагамi i галавой, пашырэла, распаўзлася ў бакi.

Ля чорнага на зямлi лася вiдаць быў жоўты пясок, цьмяны, рассыпаны; здавалася, было чуваць, што пясок сыры i халодны. Запахла свежай зямлёй, як пахнуць дома ля лесу ямы, дзе хаваюць на зiму бульбу.

Алёшу схапiлi дрыжыкi, ён пачуў, што яму холадна ўсяму i коле ў плечы; пасля пачуў, як у яго ляскаюць зубы.

Наста была ўзяла яго за руку.

...Калi яго на калёсах пачало кiдаць з боку на бок i зноў сталi злiпацца вочы, яму здалося, што ён дома пад хатай на качэлях. У бульбеўнiку ля варыўнi, седзячы на каленях, зарагатала Вандзя, моцна, на ўвесь гарод. Яна нават не ўдарылася аб каменне - смяецца.

Калi ён адплюшчваў вочы i падымаў галаву, чуў, як глуха стукалi на карэннi калёсы.

8

Далёка ззаду, у тым баку, дзе яны мiнулi прагал, зарыкаў лось, моцна, на ўвесь лес.

Апёршыся на локцi, Панок усцягнуў на мяхi ногi.

Зноў зарыкаў ззаду лось, i Панок, натапырыўшыся, слухаў. Спаць не хацелася. Але калi ён слухаў, лася нiдзе чуваць не было - ляскалi толькi калёсы i хроп конь.

Тады Панок падумаў, што лось недзе цяпер i не рыкаў, што рык стаiць у яго, Панка, у вушах, усю дарогу: цi спiць, цi не спiць - яшчэ з Карчаватак, ад учарашняга.

...У Карчаватках ранiцай ён баяўся класцi агонь, хоць у Лазе стаяў туман, як дым. Сюды, у Карчаваткi, у Лазу, яны перайшлi ўчора вечарам, як сталi блiзка ззаду страляць - мiнулi кладкi i крынiцу ўсiм канцом вёскi...

Поделиться с друзьями: