Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Французам супрацьстаялі лейб-гвардзейцы Гарадзенскага палка, якіх праціўнік з павагаю называў «сінімі гусарамі». Баявыя штандары ў «сініх» былі амаль такія, як у згаданых кавалерыстаў Дамініка Радзівіла, толькі ў адных з двухгаловым царскім арлом, а ў другіх — з вершнікам «Пагоні».
Авангардам камандаваў папулярны ў расійскіх войсках генерал-маёр Якаў Кульнеў, чыё дзяцінства прайшло ў Віцебскай губерні. Гэта ён 31 ліпеня адбіў Клясціцы, захапіў амаль увесь абоз Удзіно і блізу тысячы палонных. Безразважна адарваўшыся ад галоўных сілаў ён пераправіўся праз Дрысу, трапіў у засаду і ў баі каля вёскі Сівошына быў смяротна паранены. Большасць аўтараў пішуць, што непрыяцельскае ядро трапіла Кульневу ў ногі, аднак француз Марбо, які бачыў гэтую смерць на свае вочы, сцвярджаў, што генерала ўдарамі шаблі ў горла забіў конны напалеонаўскі стралок. Тымі днямі Банапарт паслаў у Парыж дэпешу: «Адзін з найлепшых афіцэраў расійскай лёгкай кавалерыі генерал Кульнеў забіты пад Дрысаю».
Героя пахавалі паблізу месца гібелі, пад бярэзінамі ў сутоку Нішчы і Дрысы — якраз там, дзе ў Лівонскую вайну стаяў замак Сокал. Пазней прах перанеслі ў маёнтак Кульневых Ільзенберг (па-латышску — Ільзенскалнс), што недалёка ад сучаснага латвійскага горада Рэзэкнэ.
Пра тыя ліпеньскія баі сённяшняму падарожніку нагадае помнік у Клясціцах. У 1830-м па волі Мікалая I месца смерці генерала Якава Кульнева на стромкім дрысенскім беразе таксама было адзначанае помнікам, што, як ні дзіўна, захаваўся да нашых дзён. На ім — радкі з верша Васіля Жукоўскага:
Где Кульнев наш, рушитель сил, Свирепый пламень брани. Он пал, главу на щит склонил И стиснул меч во длани. Где жизнь судьба ему дала, Там брань его сразила. Тде колыбель его была, Там днесь его могила.Пяты радок вымагае тлумачэння: паводле сямейнага падання, маці будучага генерала, едучы некалі на конях, першы родавы боль пачула менавіта там, дзе яе сыну наканавана было развітацца з жыццём.
Пасля Клясціцаў Напалеон узмацніў сваё левае крыло — корпус Удзіно — дзвюма баварскімі дывізіямі пад камандаю генерала Гувіяна Сен-Сіра. У выніку кароткага бою з Вітгенштэйнам каля вёскі Свольна злучаныя сілы французаў адступілі да Полацка. Натхнёныя ўдачай расійскія войскі выйшлі да Дзвіны і 17 жніўня атакавалі непрыяцеля. Бітва доўжылася чатырнаццаць гадзін. Маршал Удзіно атрымаў у ёй сваю 27-ю па ліку рану, і яго замяніў Сен-Сір. Частка напалеонаўскіх сілаў пачала перапраўляцца на дзвінскае левабярэжжа. Адтуль, з Экімані, іх батарэі абстрэльвалі Запалоцце і падыходы да моста цераз Палату.
Наступнага дня афіцэры Вітгенштэйна ўбачылі, як за французскімі ўмацаваннямі адбываецца нешта накшталт вучэнняў Сен-Сір выставіў на валах шэсцьдзесят гармат і раптам, па сігналу званоў езуіцкага касцёла, шасцю калонамі рушыў у наступ. Бой ішоў з пераменным поспехам. «Сінім гусарам», што помсцілі за смерць камандзіра, удалося прарвацца на полацкія вуліцы. Калі верыць звесткам, што падае ў сваёй кнізе «Полоцкий кадетский корпус» (Полоцк, 1910) падпалкоўнік В. Вікенцьеў толькі баварскія дывізіі страцілі за два дні 117 штабных і обер-афіцэраў ды пяць тысяч ніжэйшых чыноў. Сам Напалеон нібыта пашыраў чуткі, што пад Полацкам супроць яго змагалася 100-тысячная армія. (Думаю, што падпалкоўнік у сваім патрыятызме часам перабірае.)
Горад урэшце застаўся ў руках у французаў Сен-Сір адагнаў непрыяцеля да Сівошына і атрымаў маршальскае званне. Пасля гэтага баявыя дзеянні ў полацкім наваколлі да кастрычніка абмяжоўваліся дробнымі сутычкамі.
За колькі дзён да апісаных падзеяў 15 жніўня, імперыя Напалеона — ад Гішпаніі да Беларусі — адзначала яго дзень нараджэння. У Полацку, як і ў іншых гарадах былога Вялікага Княства, віселі партрэты са святочнымі надпісамі накшталт такіх: «Уся цвердзь зямная памятае: у гэты дзень прыйшоў на свет той, хто пакараў пыхлівых і вызваліў слабых» або «Усемагутны і справядлівы Госпад выяўляе волю сваю ў Напалеоне». Газеты пісалі пра «веліканскія крокі непераможных палкоў вялікага імператара» і пра ахвяраванні на Вялікую армію, сярод якіх былі дзесяць валоў і дванаццаць бараноў ад князёўны Радзівіл і рэшата яек з трыма фунтамі масла ад нейкага дробнага шляхціча. У шляхецкіх дамах падымалі тосты і крычалі «віват», аднак келіхі звінелі зусім не так радасна, як паўтара месяца таму.
Літва-Беларусь афіцыйна называлася «вызваленай ад расійскага прыгнёту», але на сапраўднае адраджэнне дзяржавы гэта было падобна мала. Створаны Часовы ўрад мусіў падпарадкоўвацца імператарскім камісарам. За абяцанне аднавіць Вялікае Княства Напалеон патрабаваў 100-тысячнае войска і велізарных паставак фуражу і харчу. Апрача новых падаткаў ён загадаў заплаціць у яго казну і ўсе старыя даўгі цару. Пачаліся бясконцыя рэквізіцыі. Сяляне марна чакалі скасавання прыгону, патрыёты Княства — дазволу на федэрацыю з Польшчай.
Французскі імператар вёў сваю буйную гульню.
Роўна праз месяц пасля Вільні ён уступіў у Віцебск. У баях на падыходах да горада вызначыліся 3, 11 і 23-я расійскія дывізіі, дзе служылі пераважна палачане, віцябляне і віленцы. Яны бачылі, што ніякай палёгкі для Беларусі Напалеон на сваіх штыках не прынёс, а таму біліся зацята. На дзесяці вёрстах дарогі ад Астроўна да Лучосы тры пералічаныя дывізіі страцілі па 375 жаўнераў на кожную вярсту, прыкладна столькі ж загінула і французаў. Паранены ці забіты ляжаў на кожным метры. Такім коштам была выратаваная 1-я расійская армія, што адступала на Смаленск.
Чытач мемуарных «Запісак» маркіза Амедэя Пастарэ, якога прызначылі французскім губернатарам Віцебска, даведаецца, што ключы ад горада Напалеону перадала дваранская дэпутацыя пад кіраўніцтвам адстаўнога армейскага брыгадзіра і былога кацярынінскага фаварыта графа Храпавіцкага. Сустрэча з аточаным войскамі імператарам так паўплывала на старога адстаўніка, што праз тры дні ён звар’яцеў. Ва ўладзе жаху знаходзілася і яго жонка, якая ўвесь дзень стаяла на парозе свайго дома, частуючы віном французскіх жаўнераў. Такім спосабам жанчына спадзявалася ўратаваць сямейнае гняздо, але толькі спрыяла яго рабаванню.
Не зважаючы на цяжкія страты, Банапарт прайшоў ад памежнага Нёмана сотні вёрст і набыў пяць мільёнаў новых падданых. Гэта дапамагала яму адпрэчыць думкі пра дэзерцірства жаўнераў, пра сялянскія бунты і паразу пад Клясціцамі, пра тое, што ў яго «літоўскіх» палках замест 100 тысяч у лепшым разе толькі чвэрць гэтага, і той бракуе рыштунку і зброі.
У Віцебску імператар быў яшчэ ў добрым гуморы. А шостай гадзіне раніцы абавязкова прысутнічаў на разводзе войскаў. Кіраваў праз кур’ераў парыжскім жыццём. Штодня пісаў па сто лістоў. У царкве святога Сімяона ён паставіў гарматы, ператварыўшы вокны храма ў амбразуры. Успенскі сабор зрабіў шпіталем, царкву Уваскрэсення на рынку — фуражным складам.
Перад паходам ён казаў маршалам: «Я скончу кампанію ў Смаленску і ў Менску. У Вільні, дзе ў гэтую зіму будзе мая галоўная кватэра, я займуся ўпарадкаваннем Літвы, якая прагне скінуць з сябе расійскае ярмо. Я не перайду Дзвіны. Рухацца сёлета далей — значыць ісці насустрач сваёй гібелі». У першы віцебскі дзень ён адшпіліў шпагу, кінуў яе на завалены разгорнутымі картамі стол і абвясціў: «Тут я спынюся, злучу карпусы маёй арміі, дам ёй спачын і вазьмуся за ўладкаванне гэтай краіны. Кампанія 1812 года — скончаная! 1813 год убачыць мяне ў Маскве, 1814-ы — у Пецярбургу».
Хто ведае, як павярнулася б кола гісторыі, каб Банапарт папраўдзе спыніўся, прыслухаўся да сваіх прыхільнікаў з Беларусі і Літвы, даў волю сялянам, як зрабіў гэта ў Варшаўскім герцагстве? Але ў Віцебску, напярэдадні дня нараджэння, ён прыняў фатальнае рашэнне ісці на Маскву. Былы рэвалюцыйны генерал-рэспубліканец, а цяпер валадар велізарнай імперыі, страціў пачуццё рэальнасці. Імкненне народаў да незалежнасці мала хвалявала яго: у галаве выспяваў план сусветнага панавання, на картах з’явіліся стрэлкі, што пазначалі будучы паход на Індыю. Чым усё закончылася, нам добра вядома.