Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Таямніцы полацкай гісторыі

Орлов Владимир Алексеевич

Шрифт:

Тым часам у Полацку і вакол яго стаяла 30-тысячнае напалеонаўскае войска. Штаб мясціўся ў мурах у айцоў-езуітаў. Грамадскія будынкі і вялікія прыватныя дамы былі аддадзеныя пад шпіталі. Палачане — хто з ахвотаю, хто пад прымусам — разам з французамі ўмацоўвалі горад. Жаўнеры займалі расійскі вайсковы гарадок на Ніжнім замку. Афіцэры жылі ў дамах у мясцовай шляхты. Паміж імі было, безумоўна, шмат высакародных людзей, аднак хапала і такіх, хто глядзеў на гаспадароў (хоць тыя належалі да аднаго з імі стану і часта гаварылі на бездакорнай французскай мове), быццам на пустое месца. Маўляў на вайне, як на вайне. У пакоях можна было ўбачыць, як паміж фамільнымі партрэтамі вісяць кумпята зарэзаных гаспадарскіх вепрукоў. На фартэпіянах стаялі рондалі і патэльні. Дзеншчыкі рабілі з дагледжаных садоў стайні і пашы, ламалі на дровы платы, секлі старадаўнюю мэблю. Пракарміць такую сціжму людей горад не мог, і над ім навісла пагроза голаду.

Марачы пра волю, сяляне Полацкага краю спачатку сустракалі напалеонаўскіх жаўнераў прыхільна: паказвалі дарогу, разам з імі нападалі на маёнткі верных цару паноў. Карціну прыходу французаў у прыдзвінскую вёску каларытна і з гумарам намаляваў у сваім вершы «Рабункі мужыкоў» адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі:

Як пранцузская сіла Із-за Дзвіны наступіла, Нам стала карціць, Штоб парадак прыўраціць. Аднака ж сядзелі ціха. Аж тут прыносіць ліха Пранцузаў у наш двор — І нутка дзелаць збор. Клеці паразбівалі, Паноў нашых сагналі, Нас казалі пазбіраць І гарэлку піць і браць. Пранцузы нас пахвалялі, Аб нашым краі ўпаўнялі І на мігі нас прасілі, Каб мы з імі двор лупілі. І мы доўга там гулялі, Што хацелі, пілі, бралі… Той браў плацце на вяроўку, Чым абшыць жонцы шнуроўку, Цыны, медзі, колькі мог, Чым абліць дуду і рог… Іншы быдла занімаець, Другі адзенне хапаець, Іншы толькі есць i п ’ець, Другі шабляй куры б’ець. Калі ўжо так гуляюць, Пачулі: з пушак страляюць. «Галён! галён!» ' [16] — закрычалі І ўсе з двору высыпалі. У Клясціцах, а дзве мілі, Крывавую вайну чынілі. Як французы выйшлі, самі Мужыкі былі панамі. І калі так пагулялі, Раду сабе ўкладалі. Першы Мінка сеў за стол, У куты глядзіць, як сакол, На крэсле, дзе сядзеў пан — Пуза як барабан. «Помню я тыя векі, Як жылі паноў прэдкі: Нас у рэкруты не бралі. Ах, што за паны бывалі! 3 адной палы ў тых паноў Семера б пашыў штаноў! А гэтыя і нас паелі, І самі ўжо згалелі. Полы сабе паабразалі, Хвасты ззаду паадсякалі, I цяпер ужо усякай Кусай ззаду…»

16

Ідзём! Ідзём! (франц.).

Верш датаваны 1812 годам. Паэт распавёў выпадак, які адбыўся ў маёнтку полацкага шляхціча Маліноўскага ў Шнітаўках. Гаваркі Мінка, што «першы сеў за стол», служыў у пана лёкаем і на загад гаспадара потым быў павешаны.

Дачыненні сялянаў з «пранцузам» хутка змяніліся. Па вёсках, пакідаючы за сабой пустыя хлявы і адрыны, гойсалі рэквізітары. Пад выглядам ахвяраванняў жаўнеры забіралі з кожнага двара па два пуды сена і саломы і па пяць — жыта і аўса. У жніўні Напалеон падпісаў новы ўказ аб рэквізіцыях, паводле якога з пяці заваяваных губерняў Вялікая армія павінна была атрымаць 528 тысяч тон збожжа, 100 тысяч тон аўса і 53 тысячы кароў.

Сяляне браліся за косы і сякеры. Барацьбой з французамі ў Полацкім павеце выславіліся жыхары вёсак Варонькі і Жарцы. У навакольных лясах дзейнічалі аддзелы з некалькіх дзесяткаў партызанаў, узброеных адбітымі ў непрыяцеля стрэльбамі.

Не ведаю, ці памятае хто ў сённяшніх Жарцах пра Максіма Маркава, што ў 1812-м стаў на чале тутэйшых мсціўцаў. Пасля вайны царскі ўрад узнагародзіў жарцаўскіх партызанаў крыжамі і медалямі. Героі палічылі сябе за вольных людзей і адмовіліся ісці на паншчыну. Іх пан Жаброўскі меў на гэты конт іншую думку. У дадатак да медалёў ён загадаў усыпаць кожнаму ніштаватую колькасць бізуноў і сам назіраў за экзекуцыяй, прыгаворваючы: «Вось табе вольнасць, вось табе крыж».

Вызначылася падчас напалеонаўскага нашэсця і сялянка з вёскі Пагуршчына (цяпер у межах горада) Фядора Міронава. Паклаўшы ў кошык сёе-тое на продаж, яна колькі разоў хадзіла ў Полацк, прыносячы адтуль у расійскі штаб звесткі пра размяшчэнне войскаў і сховішчаў. Фядора таксама спадзявалася вырвацца з няволі, аднак пан не ўлічыў баявых заслуг сваёй рабыні і пасля вайны прадаў яе ў іншы павет. Колішняя выведніца выправілася шукаць праўды ў Санкт-Пецярбург. Былы камандзір вітгенштэйнаўскага авангарда генерал Упастаў узяўся хадайнічаць, і ў выніку Фядора вызваліла з прыгону і сябе, і ўсю сям’ю. Апрача таго, наша прадпрымальная зямлячка атрымала срэбны медаль і пяцьсот рублёў — фантастычнае для тагачаснага селяніна багацце.

Перамена ў стаўленні з боку жыхароў Вялікага Княства істотна блытала Напалеону карты. 3 Часовага ўрада Літвы выйшаў і загінуў у жніўні пры загадкавых абставінах заўзяты банапартыст Аляксандр Сапега, што няраз выконваў асабістыя разведвальныя даручэнні французскага імператара. Перад Барадзінскаю бітвай (у ёй на баку Напалеона брала ўдзел і беларуская кавалерыя Дамініка Радзівіла) валадар Еўропы мусіў накіраваць 10 тысяч жаўнераў на дапамогу 12-тысячнаму віцебскаму гарнізону, які партызаны фактычна трымалі ў аблозе. Граф Гагендорп, што быў ваенным генерал-губернатарам Вялікага Княства Літоўскага, паведамляе ў сваіх мемуарах пра масавае дэзерцірства баварцаў, з якіх складалася значная частка полацкага гарнізона: «Баварскія жаўнеры, кідаючы сцягі, сотнямі прыходзілі ў Вільню, нібыта з прычыны хваробы, і імкнуліся трапіць у шпіталь. Я іх дапытваў і загадаў сабраць на вайсковым пляцы, каб асабіста агледзець. Іх было болей за тысячу, а згодна з афіцыйнымі рапартамі французскіх ваенных лекараў не налічвалася і сотні сапраўды хворых. Абураны гэтым падманам, я адразу ж загадаў ім пакінуць горад і вярнуцца да сваіх частак у Полацк, але замест таго, каб вяртацца да баявых сцягоў яны рассеяліся па наваколлі, рабуючы і палячы вёскі».

Увосень у расійскай і французскай стаўках зноў загаварылі пра Полацк. Корпус Вітгенштэйна, атрымаўшы падмацаванне, налічваў 40 тысяч салдат і афіцэраў і 10 тысяч пецярбургскіх апалчэнцаў барона Штэйнгеля. На пачатку кастрычніка прыйшоў загад Кутузава: узяць Полацк!

Штабныя афіцэры Сен-Сіра са званіцы сабора святога Стэфана сачылі за рухам варожых палкоў у вялізны зямны тэлескоп, пазычаны ў езуітаў. Тры расійскія калоны наблізіліся з поўначы да горада і сталі біваком. Левы фланг французскіх пазіцый пачынаўся ад берага Палаты, у цэнтры перад імі ляжала Валовая азярына, правы фланг цягнуўся да віцебскага тракта. Абозы і шпіталі ўжо былі адпраўленыя на захад. Барон Штэйнгель занатаваў уражанні апошніх гадзін перад бітваю за горад: «Мрачная октябрьская ночь спустилась над равниной, окруженной темным лесом, и на ней загорелись тысячи костров, от коих возносящийся кверху дым с искрами составлял красное, рдяное облако, и небо получало от него багряное зарево; казалось, само небо требовало крови — это предзнаменование как бы указывало на предстоящий кровопролитный бой».

А шостай гадзіне раніцы 18 кастрычніка расійскія войскі атакавалі непрыяцеля каля вёсак Юравічы і Белае. Бліжэй да паўдня бой пад нізкім восеньскім сонцам кіпеў ужо на ўсёй прасторы ад Палаты да возера. Французы раз за разам падымаліся ў контратакі. Калі на зямлю апусціўся прыцемак, поле было заваленае знявечанымі целамі, падбітымі лафетамі і мёртвымі конямі. Трава пацямнела ад застылай крыві. Без-Карніловіч сцвярджае, што расійцы мелі шмат клопату ад варожай батарэі, размешчанай у Еўфрасіннеўскім манастыры, а сцены Спасаўскага сабора былі да паловы разбураныя ядрамі.

Царскія палкі спыніліся каля Грамоў, французы ж адступілі пад абарону ўзведзеных на Ніжнім замку ўмацаванняў. Прапаршчык пецярбургскага апалчэння Зотаў пісаў пра пакінутыя пазіцыі: «В первый раз нам удалось видеть землянки, отделанные для долговременного военного житья: рамы, двери и даже камельки, столы, стулья, диваны, зеркала. Все это было набрано французами в разоренных ими поместьях вокруг Полоцка и, по их расчету, верно назначено на зимовку, но ошиблись в расчете: с 6-го октября они уж больше не видали своих роскошных жилищ».

Назаўтра а пятай гадзіне вечара Вітгенштэйн загадаў атакаваць. Маршал Сен-Сір, падпаліўшы казармы, адышоў з Ніжняга замка ў горад. Абнесены дубальтовым палісадам і глыбокім ровам, ён быў добра прыстасаваны да абароны. Расійская артылерыя засыпала Полацк гранатамі і распаленымі ядрамі. У некалькіх месцах успыхнулі пажары. Загарэўся драўляны дамініканскі касцёл на пляцы перад калегіумам. Прагучала каманда: «На прыступ!» — і на фоне крывавае паланіцы пачаўся вусцішны спектакль са смерцю ў галоўнай ролі.

3 поўначы ў горад вёў адзіны драўляны мост праз Палату, які французы трымалі пад двух’ярусным агнём з батарэяў і акопаў. Высокія і стромкія берагі таксама спрыялі абаронцам. Першыя з сякерамі ў руках кінуліся на мост і ўзяліся пад кулямі секчы завал пецярбургскія апалчэнцы. Адначасова расійцы перайшлі ўброд Палату і палезлі на вал.

А трэцяй гадзіне ночы дружына пецярбуржцаў пад камандай палкоўніка Нікалаева ўварвалася ў горад. У той самы час абарона была прарваная і з боку віцебскага тракту. На вуліцах ішоў смяротны рукапашны бой, у якім удзельнічалі, між іншым, і жарцаўскія партызаны. Зноў даю слова відавочцу:

Поделиться с друзьями: