Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Не заклікаючы сучасных настаўнікаў неадкладна запасацца «дысцыплінамі», распавяду яшчэ сёе-тое з педагагічнай практыкі айцоў-езуітаў.
У іх школах дзейнічаў прынцып канцэнтрацыі, што вымагаў ад выкладчыка засяродзіцца падчас уроку толькі на адной праблеме. У адзін дзень, напрыклад, праходзілі не больш аднаго граматычнага правіла. Прынцып практычнасці патрабаваў выкарыстання засвоеных ведаў у жыцці. Завяршыўшы тэму, вучні пісалі адпаведныя ёй лісты і вершы, выступалі з прамовамі і ставілі спектаклі. Перагружаць выхаванцаў забаранялася. Дзённая норма навучальнага матэрыялу ў другім класе складалася з аднаго правіла і чатырох сказаў антычнага пісьменніка. Гэтулькі ж прафесар задаваў на дом.
Педагогі кіраваліся таксама прынцыпамі індывідуальнага падыходу і паступовага ўскладнення заданняў. Вучні малодшых класаў пачыналі з дыктантаў, якія перакладалі на родную мову, а потым рабілі пераклад выпраўленага настаўнікам тэксту назад на лаціну. У класах паэтыкі і рыторыкі пісалі празаічныя і паэтычныя наследаванні старажытным аўтарам.
Глыбейшаму засваенню лаціны служыў метад заглыблення ў моўную стыхію, які цяпер выкарыстоўваюць на курсах паскоранага вывучэння замежных моваў. Яго сутнасць у забароне вучням старэйшых класаў гаварыць на ўроках і наогул паміж сабой па-свойму. Езуіцкія настаўнікі вынайшлі просты і надзейны спосаб кантролю за гэтым патрабаваннем. Аднаму з найлепшых у класе вучняў уручалі драўляны жэтон — знак мовы. Пачуўшы, што нехта загаварыў па-беларуску ці па-польску, гаспадар жэтона аддаваў яго вінаватаму. Той адразу настаўляў вушы, каб найхутчэй пазбыцца небяспечнай рэгаліі. Уранні і па абедзе прафесар пачынаў урок з пытання, у каго знак мовы. Няўдальца брыў на «асліную» лаву, а мог і пакаштаваць розкаў. Цяперашнія школьнікі часам «губляюць» дзённікі з двойкамі. Вучань, які спрабаваў «згубіць» знак мовы, нічога не выйграваў, бо настаўнік пытаўся, хто меў знак перадапошнім, і лёгка выкрываў любыя хітрыкі. Былі яшчэ жэтоны, якімі «ўзнагароджвалі» неахайнікаў ці парушальнікаў школьных інструкцый. Тым не менш шкаляры не вылучаліся ціхмянасцю. Убачыўшы наперадзе шумную гурму навучэнцаў калегіума, полацкі месціч на ўсякі выпадак зварочваў з дарогі куды-небудзь у завулак. Зняважаныя кімсьці студэнты лічылі справаю гонару расквітацца з крыўднікамі і няраз карысталіся прыёмамі, засвоенымі на ўроках фехтавання.
Аднак дачыненні з месцічамі вызначала, безумоўна, не гэта. Горад быў шмат за што ўдзячны калегіуму. Напрыклад, за тэатр, заснаваны яшчэ ў 1585 годзе, дзякуючы чаму Полацк можа лічыцца найстарэйшым тэатральным горадам Беларусі.
У трупу набіралі юнакоў, што скончылі курс рыторыкі і вытрымалі экзамен у дэкламацыі. Першым спектаклем, што ўбачылі палачане, стала трагікамедыя «Навухаданосар» з інтэрмедыямі, балетнымі і опернымі фрагментамі. Актрыс у трупе не было, жаночыя ролі выконвалі юнакі ў масках. На дэкарацыі, уборы і асвятленне некаторыя сённяшнія нашы тэатры глядзелі б з пякучай зайздрасцю. Удзельнікам усіх сцэнічных відовішчаў быў хор.
Спектаклі прымяркоўвалі да Калядаў, Вялікадня, да заканчэння навучальнага года. Ідэя і змест пастаноўкі мусілі адпавядаць падзеі. На масленку гледачам прапаноўвалі «Баляванне сярод голаду і смагі» або «Чару памяці з чэрапа кіеўскага князя Святаслава», перад святам Хрыстовага Уваскрэсення — «Бязмежную любасць да крыжа». Напярэдадні выпускнога дня на сцэну выходзілі персанажы п’есаў, дзе ўслаўлялася любоў да навукі, — «Увянчаная мудрасць», «Паэзія Вергілія, узвышаная да хрысціянскай філасофіі». У 1710 годзе студэнты калегіума, магчыма з нейкім намёкам, паказалі князю Аляксандру Меншыкаву драму «Аляксандр Вялікі».
У камедыях i інтэрмедыях дзейнічалі месцічы i сяляне, цыганы і яўрэі. Гледачы бачылі знаёмыя сцэнкі, нярэдка пазнавалі на падмостках саміх сябе. На пачатку XIX стагоддзя полацкі тэатр ставіў спектаклі на лацінскай і французскай мовах, а таксама на польскай, прычым персанажы з ліку паспалітых людзей гаварылі на сцэне па-беларуску.
Ордэнскае кіраўніцтва пільна сачыла за школьнымі тэатрамі і загадвала рэктарам увесь час абнаўляць рэпертуар «дзеля славы нашых вучэльняў, каб гледачы пазбеглі сумоты». Раз на год у зале ці пад адкрытым небам Полацкі калегіум ладзіў вялікі публічны спектакль, дзе акцёры выступалі перад педагогамі, бацькамі і ўсімі ахвочымі. Найлепшыя месцы займалі знаныя гараджане. Пабожная маці захоплена глядзела на сына ў абліччы святога ці анёла. Бацька задаволена падкручваў шляхецкі вус і думаў, што аддаўшы спадкаемца да езуітаў не памыліўся.
Пры калегіуме, дарэчы, існаваў так званы канвікт для дзяцей з багатых сем’яў. Тут выкладаліся тыя самыя навукі, але падбор педагогаў быў лепшы і час навучання не абмяжоўваўся. У канвікт прымалі хлопчыкаў ад васьмі да чатырнаццаці гадоў. Правілы былі даволі суровыя: галоўнай дабрачыннасцю лічылася паслушэнства, забаранялася начаваць у іншым месцы, усё жыццё ішло на вачах у выхавацеляў. Уяўленне пра побыт юных шляхцічаў дае пералік рэчаў, што гадаванец набываў сваім коштам: пасцель, шырма, святочнае і будзённае адзенне, шлафрок, канапка да стала, рукамый, куфар… Езуіты, як заўсёды, клапаціліся пра харчаванне: абед складаўся штодня з пяці разнастайных страваў, а вячэра — з чатырох.
Пры ўсіх езуіцкіх калегіумах Вялікага Княства ствараліся музычныя бурсы, якія зрабілі неацэнны ўнёсак у развіццё музычнага мастацтва Беларусі. Дзейнасць полацкай бурсы можна прасачыць з 1597 года, калі яна была адчыненая, да 20-х гадоў XIX стагоддзя. У ёй звычайна займаліся дванаццаць-шаснаццаць адораных юнакоў. Кола абавязкаў навучэнцаў бурсы было досыць традыцыйнае: касцёльныя ўрачыстасці, свецкія прыёмы знакамітых гасцей, тэатральныя пастаноўкі. 3 1668 года аркестр калегіума штопятніцы граў у касцёле святога Ксаверыя. У 1671 годзе «трубы і капела» бурсакоў аздобілі гарадское свята з нагоды кананізацыі Францыска Борджыа, а ў 1705-м бурсакі дэманстравалі свае здольнасці разам з аркестрам Пятра I.
Музыкі з езуіцкага калегіума ніколі не адмаўлялі і уніятам. Яны ўдзельнічалі ва ўрачыстасцях з нагоды беатыфікацыі Ясафата Кунцэвіча і ў пахаванні грэка-каталіцкага мітрапаліта Фларыяна Грабніцкага (нягледзячы на тое, што ўладыка ледзь не ўсё сваё жыццё судзіўся з Таварыствам Ісуса з-за маёмасці).
Я дагэтуль не сказаў, што ў Полацкім калегіуме выкладалі асобы, вядомыя па ўсёй Еўропе.
Шэпцік захаплення прабягаў па аўдыторыі, калі да кафедры падыходзіў Мацей Казімір Сарбеўскі (1595–1640), філосаф і слынны паэт-лацініст. Студэнты ведалі, што вершы ён пісаў з дзесяці гадоў, што, аддаўшы ў юнацтве колькі гадоў выкладанню ў Полацкім калегіуме, паступіў у Віленскую акадэмію, а адтуль за выдатныя здольнасці быў пасланы вучыцца ў Рым. Там, у Вечным горадзе, яго паэтычны дар так расквітнеў, што Мацей заслужыў найменне «хрысціянскага Гарацыя». Папа Урбан VIII, першага са славянаў, увянчаў яго лаўровым вянком на Капіталійскім узгорку, дзе з часоў імператара Аўгуста ўшаноўвалі найталенавіцейшых паэтаў, а перад ад’ездам Сарбеўскага на радзіму падараваў яму залаты ланцуг са сваім партрэтам.
3 Італіі «хрысціянскі Гарацый», абрабаваны і жорстка збіты на еўрапейскіх дарогах разбойнікамі, вярнуўся ў 1626 годзе ў Полацк, дзе некалькі семестраў чытаў рыторыку, паэтыку і антычную міфалогію і ўдалечыні ад сталічнага тлуму плённа займаўся паэтычнай творчасцю і навукай. Неўзабаве ён пераедзе ў Вільню, дзе стане дэканам філасофскага і тэалагічнага факультэтаў. Полацкія курсы лекцый Сарбеўскага лягуць у аснову яго трактатаў «Пра дасканалую паэзію», «Пра трагедыю і камедыю». «Пра жарт ідасціпнасць», «Адметнасці лірыкі».
Першая паэтава кніга «Лірычныя творы» выйшла ў 1625 годзе ў Кёльне і вытрымала пры жыцці аўтара пяць перавыданняў у розных гарадах Еўропы. Самым дарагім ён лічыў антверпенскае: яго ілюстраваў Пітэр Паўль Рубенс. У Полацку Мацей Сарбеўскі напісаў даследаванне з антычнай міфалогіі «Багі паганскіх народаў» і «Паэтыку», якім таксама была наканаваная еўрапейская слава. Яго вершы два стагоддзі вывучаліся ва універсітэтах і гімназіях як дасканалы ўзор новалацінскай паэзіі, уплывалі на творчасць Сімяона Полацкага і Мялеція Сматрыцкага, паэта-лацініста XVIII стагоддзя Міхала Карыцкага і народжанага ў Віцебску польскага паэта і драматурга Францішка Князьніна, які нейкі час таксама спасцігаў навуку ў полацкіх езуітаў. Зборнікі паэтычнай спадчыны Сарбеўскага перавыдаваліся ў Парыжы, Лейпцыгу, Дрэздэне, Страсбургу, Вільні, Варшаве, Львове, Лос-Анджэлесе…
Паэзію ён лічыў сферай духоўнай свабоды, а створаны ёю мастацкі свет — ідэальнай рэальнасцю, што існуе побач са светам, які нарадзіла Божая воля. Гэтую ідэальную рэальнасць доктар філасофіі і тэалогіі Мацей Сарбеўскі ствараў не толькі паэтычным словам, але і музыкаю, бо выдатна граў на клавесіне і арфе, меў цудоўны голас.
«Чалавек— сімвал свету, бо ўтрымлівае ў сабе дасканаласць усяго існага». Мне здаецца, менавіта гэтымі сваімі словамі Сарбеўскі пачынаў лекцыі перад студэнтамі Полацкага калегіума, якім чытаў універсітэцкія курсы паэтыкі і рыторыкі. Падкрэсліваючы высокі ўзровень выкладання ў Полацкім калегіуме, паэт і вучоны называў яго акадэміяй.