Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Вольны час рэкамендавалася бавіць з двухтыднёвікам пад прывабнаю назвай «Журнал для чтения воспитанников военно-учебных заведений». Пазнаёмімся са зместам аднаго з выпускаў за 1840 год: «Медный крест», стихи; «Роща и огонь», басня Крылова; путевые письма из Англии, Германии и Франции; история и нынешнее состояние Черногории; дело под Витебском и действия князя Багратиона от Несвижа до Мстиславля». Пад рубрыкай «Смесь» друкаваліся нататкі «Резиновая лодка» и «Похищение ребенка орлом».
Аматарам добра пад’есці (да якіх, прызнаюся, належу і сам) прапаную тыднёвае абедзеннае меню полацкіх кадэтаў за 1841 год. Панядзелак: суп бульбяны; адбіўная з ялавічыны; пірагі са свежай капустай і яйкамі. Аўторак: капуста; ялавічына пад соусам з бручкі і морквы; кнышы (ватрушкі). Серада: локшаны; ялавічына пад бульбяным соусам; пірагі з варэннем. Чацвер: суп манны; смажаная ялавічына з гуркамі; пірагі з грэцкаю кашай. Пятніца: суп бульбяны; адбіўная з ялавічыны; слаёныя пірагі з капустай і яйкамі. Субота: суп з каранёў; ялавічына з бульбай; рысавая каша з маслам. Нядзеля: капуста і да яе пірагі з грэцкаю кашай; смажаная ялавічына з гуркамі; слаёныя пірагі з варэннем. Штораніцы выхаванцам давалі яшчэ збіцень з булкай. Аўтар выдадзенай у 1910 годзе кнігі «Полоцкий кадетский корпус» падпалкоўнік Васіль Вікенцьеў называе гэтае меню «малоразнообразным». Трэба меркаваць, што недахоп быў выпраўлены. Дарэчы, у вялікай сталоўні са скляпеністай столлю яшчэ з часоў езуітаў вісела велічэзная копія «Сіксцінскай мадонны» Рафаэля, што нязменна выклікала раздражненне ў корпусных праваслаўных святароў.
Падобныя, як два боты, кадэцкія будні напрыканцы снежня асвятляла радасць калядных вакацый. На полацкіх вуліцах звінелі бомы прысланых па хлапчукоў коней. Падлеткі марылі, як дома пад захопленымі позіркамі сясцёр і малодшых братоў выйдуць да святочнага стала ў сваіх цёмназялёных мундзірах з чырвонымі каўнярамі і пагонамі, з залатымі галунамі і нашараванымі да бляску гербавымі гузікамі. Адпускалі толькі тых, чые бацькі жылі не далей чым за 75 вёрст, але на Каляды корпус пусцеў: большасць выхаванцаў паходзіла з былога Полацкага ваяводства.
Яшчэ адзін прасвет у аднастайнасці — першы летні паход з біваком. Кадэцкія роты ў поўным узбраенні шыхтаваліся на корпусным пляцы. Выгляд яны мелі самавіты і досыць ваяўнічы: мундзіры і ківеры, стрэльбы на пасах з чырвонага юхту, лакаваныя ладункі з патронамі і гранатамі, ранцы з бляшанымі біклажкамі…
Здараліся ў строга рэгламентаваным жыцці і падзеі непрадугледжаныя. Аднае чэрвеньскае ночы 1837 года загарэўся прыватны дом на пляцы. Вецер імкліва разносіў полымя, і за тры гадзіны пажар знішчыў у горадзе тры сотні дамоў. Колькі разоў за ноч загараўся і двухпавярховы будынак корпуса, але яго ўдалося выратаваць. Тады ж, у чэрвені, Дзвіна затапіла берагавую частку горада і шмат прыбярэжных вёсак ды мястэчак. Корпус збіраў пагарэльцам і ахвярам паводкі грошы.
1839 год — першы выпуск у сталічны Дваранскі полк, дзе кадэты праходзілі адмысловы курс і атрымлівалі афіцэрскі чын. У сувязі з гэтым выхаванцы не раз’ехаліся на летнія вакацыі, а жылі ў лагеры за Віцебскай заставай і правялі манеўры: паходным маршам прайшлі праз вёску Гараны і фарсіравалі раку Обаль. Услед за гэтым восем вялікіх тарантасаў павезлі выпускнікоў у Санкт-Пецярбург.
У траўні 1845 года Полацк наведаў Мікалай I. Агледзеўшы Мікалаеўскі сабор, ён накіраваўся да кадэтаў. Тых развялі па ротах і паставілі пры ложках. Яго вялікасць зазірнуў у класы і ў рэкрэацыйную залу грэнадзёрскай роты, прайшоўся па спальнях. Выхаванцу Нагорнаву ён загадаў распрануцца і зняць шкарпэткі. Паглядзеўшы на кадэтавы ногі і бялізну, цар, павярнуўшыся да генерал-ад’ютанта графа Арлова, зазначыў: «А они почище нас с тобой». У спальні мушкецёрскай роты Мікалай пытаўся ў кадэтаў прозвішчы і звяраў іх з шыльдачкамі над ложкам. Сэнс гэтае працэдуры застаецца для мяне загадкаю.
Пасля адбыліся паказальныя выступленні: «Во время ученья было произведено 36 перестроений, и, несмотря на нестерпимый зной и на усталость, кадеты, одушевленные присутствием обожаемого Монарха, были бодры, внимательны, и ни один из них не оставил строя». Задаволены імператар узнагародзіў дырэктара корпуса Фёдара Арэўса ордэнам святой Ганны першай ступені.
1848 год. У Полацк прыйшла збіраць свой страшны ўраджай халера. Гадаванцаў пасялілі ў намётах у корпусным садзе. Поўная ізаляцыя ад горада дапамагла выратаваць усіх падлеткаў, а вось паручнік князь Пуцяцін і некалькі ніжніх чыноў сталі ахвярамі паморка.
1850-ы запомніўся корпусу ўдзелам у адкрыцці помніка героям вайны з Напалеонам. Праз чатыры гады кадэты аплаквалі Мікалая I і прысягалі новаму цару Аляксандру II.
Ішла Крымская вайна. На чорных мармуровых дошках у корпуснай царкве з’явіліся імёны выпускнікоў, што загінулі на севастопальскіх валах: капітан Мікалай Фядотаў, паручнікі артылерыі Васіль Маркевіч, Андрэй Пісарэўскі і Аляксандр Бушкоўскі. Кадэты сабралі на патрэбы параненых і знявечаных маракоў чарнаморскай эскадры 163 руб. 80 кап.
Гэтым часам дырэктарам стаў генерал-маёр Павел Кіновіч, нястомны змагар за дысцыпліну і маральнасць. Ён забараніў выхады ў горад без суправаджэння, загадаў пакараць розкамі кадэта, які залез у сялянскі гарод па рэпу і моркву. Адначасова генерал клапаціўся і пра «пернік» — запрашаў заезджых артыстаў, на масленку кадэтаў каталі на тройках.
У корпусе адчынілі адмысловыя класы, выпускнікі якіх адразу паступалі на вайсковую службу прапаршчыкамі. Тут разам з агульнаадукацыйнымі дысцыплінамі выкладаліся ваенныя: тактыка, артылерыя, вайсковая гісторыя і фартыфікацыя. На лагерных зборах праводзіліся практычныя заняткі ў тактыцы, тапаграфіі, інжынернай справе і асвойваўся грунтоўны курс стральбы. Дваране з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй, а таксама юнакі нешляхецкага паходжання з дыпломам універсітэта або інстытута маглі атрымаць афіцэрскае званне экстэрнам. Такім чынам, з 1859 да 1861 года корпус даў расійскай арміі 172 афіцэры.
Надышоў 1863-і — год, калі ўслед за Польшчаю Літва-Беларусь зноў паднялася супроць іншаземнага прыгнёту.
Першымі звестунамі паўстання сталі нумары нелегальнае газеты «Мужыцкая праўда», што з’явіліся ў полацкіх ваколіцах. Найбольшы страх ва ўладаў выклікала тое, што газета ўжо сваёй назваю была звернутая да сялянаў і друкавалася лацінскімі літарамі, але на «местном наречии», якое русіфікатары ў сваіх планах даўно асудзілі на смерць. Колькі нумароў апынулася і ў сценах корпуса. Можна ўявіць, з якімі пачуццямі чытала іх кадэцкае кіраўніцтва, якімі эпітэтамі ўзнагароджвала таямнічага Яську-гаспадара з-пад Вільні [24] , што ставіў пад газетаю свой подпіс.
24
Псеўданім К. Каліноўскага.
А пісаў гэты Яська і сапраўды страшныя рэчы: «Глум, здзерства і несправядлівасць выходзяць ад самога цара, — ён то з нас выбірае войска, ён то з нас выдзірае грошы нібы на патрэбы народу, а, узяўшыся з усімі гіцлямі за рукі, адно нас цяменжыць, трымае ў няволі. Но прыходзіць яму ўжо канец, бо мужык пачуў вольнасць, а мужыцкая вольнасць — гэта ўсё роўна, што шыбеніца для ўсіх здзерцаў і глуміцеляў народу!..
Помняць яшчэ нашы дзяды, паказваюць яны, што з іх часоў мужыкі рэкрута і не зналі. Было войска, то праўда; но войска было ўсё са шляхты, а калі мужыкі часам і захацелі ісці на вайну, так зараз з іх знімалі мужыцтва да і паншчыну: давалі зямлю, а ўсю вёску рабілі шляхтаю. Стуль то ў нас і парабіліся гэтыя аколіцы шляхецкія. Так за тое, што чалавек ішоў на вайну, бараніў сваю бацькаўшчыну, то ронд (урад. — У. А.) даваў зямлю, даваў вольнасць, даваў шляхецтва, а маскаль чы так робіць? За тое, што мы яму 25 лет на войнах служым, без людскай стравы і адзежы, мала таго, што не дае шляхецтва, но, сабача юха, не дае нават куска зямлі, каб, хаця цяжка гаруючы, дабіціся да спакойнай смерці. Праслужыўшы 25 лет, да і торбу ўзяўшы, ідзі жабраваці! А што грэху набярэшся перад Богам, спрыяючы маскалю, таго ніколі Бог не даруе. Ідзе француз даваці вольнасць мужыкам, бунтуюцца местачковыя да і маладзёж за сваю і нашу вольнасць і веру, а мы то даем рэкрута, і нашымі грудзьмі цар маскоўскі застаўляецца, і нашымі рукамі ўсмірае бунты і запрагае нас усіх у вечную няволю. Таго, хто нам добра думае, мы выганяем, таму, хто нам ліха робіць, мы памагаем, чы ж не грэшна перад Богам, а не стыдна перад цэлым светам?..
Гэта цар маскоўскі, перакупіўшы многа папоў, вялеў нас у сызму загнаці, ён то плаціў грошы, каб толькі пераходзілі на праваслаўе, і, як гэты антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую уніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі; а зрабіў гэта для таго, каб мог нас без канца драці…
Падумайце добра да, памаліўшыся Богу, станьма дружна разам за нашую вольнасць! Нас цар ніц не падмане — не падвядуць маскалі: няма дпя іх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба, для іх мы глухія і нямыя — нічога не бачылі і не чулі. А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшаць з віламі ды з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды, а мы, іх бацькі да жонкі нашы, сцерагчы будзем да ўведамляць, адкуль на іх сягне нячыстая маскоўская сіла, да ад душы памагаць усялякімі спосабамі дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца. А будзе ў нас вольнасць, якой не было нашым дзядам ды бацькам».
Паўстанне 1863–1864 гадоў застанецца адным з нешматлікіх у гісторыі XIX стагоддзя прыкладаў, калі, па сутнасці, купка ўзброеных людзей, баронячы сваю чалавечую і нацыянальную годнасць, выступіла супроць велізарнай імперыі.
Тры еўрапейскія народы — беларусы, палякі і літоўцы — коштам жыццяў сваіх найлепшых сыноў выказалі пратэст расійскаму феадалізму, абсалютызму і дэспатызму, засведчыўшы прыхільнасць да канстытуцыйнасці і дэмакратыі.
Баі паўстанцаў з царскімі карнікамі грымелі яшчэ далёка на захадзе. Прынамсі, з вонку ў Полацку ўсё было ціха, але ўвесну на вуліцах з’явіліся людзі, дэманстратыўна апранутыя ў даўнейшыя шляхецкія строі з чатырохвугольнымі шапкамі-канфедэраткамі. У дамініканскім касцёле распачаліся палітычныя маніфестацыі: гучалі патрыятычныя казанні, вернікі спявалі пад арганы рэвалюцыйныя гімны. Горад напоўніўся чуткамі пра арышты навакольных паноў, якія спачувалі інсургентам. То ў карчме, то ў краме ці нават у казённым прысутным месцы знаходзілі «подмётные письма» з паведамленнямі, што пад Полацкам збіраюцца ў лясах вялікія сілы паўстанцаў і горад будзе ўзяты. У рукі паліцыі траплялі перапісаныя ад рукі песні накшталт вось гэтай: