Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Пры гэтым дырэктары ў Аляксандраўскай зале корпуса быў пастаўлены бюст-помнік Раману Кандраценку. На цырымоніі прысутнічала каралева Грэцыі Вольга, што прыбыла ў горад з нагоды пераносу мошчаў святой Еўфрасінні. У тым самым 1910 годзе корпусу стукнула семдзесят пяць. Да юбілею і выйшла няраз цытаваная тут кніга Вікенцьева. Дзякуючы яму мы ведаем, што корпус даў адукацыю і выхаванне тром тысячам афіцэраў расійскай арміі. Чатырнаццаць з іх былі на той час георгіеўскімі кавалерамі.
Прамаўляючы да першых кадэтаў, епіскап Смарагд хацеў бачыць іх вернымі слугамі праваслаўнага трона. Шмат хто з гадаванцаў корпуса меў сваё ўяўленне пра абавязак перад Бацькаўшчынай. Расійскі дэмакрат Мікалай Агароў аднойчы трапна назваў кадэтаў пакутнікамі, якіх вузкае, нярэдка тупое і бесчалавечнае выхаванне «домучило до разумения свободы».
3 тых, для каго свабода была не абстрактным паняццем, — выхаванец корпуса ўкраінскі шляхціч з Палтаўшчыны Андрэй Патабня. Прапаршчыкам ён трапіў служыць на польскія землі і стаў адным з кіраўнікоў падпольнага «Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы». Быў знаёмы з Герцэнам, з Яраславам Дамброўскім і Зыгмундам Серакоўскім. Калі край паўстаў, былы полацкі кадэт не бачыў іншага выйсця, апроч пераходу на бок інсургентаў. Жыццё Андрэя Патабні абарвалася на дваццаць пятым годзе ў баі з карнікамі пад Кракавам, каля мястэчка Пяскова Скала, дзе захавалася яго магіла з мемарыяльнай плітой.
Афіцыйны спіс кадэтаў-«палачанаў», забітых ці памерлых ад ранаў, сведчыць, што не ўсе яны гінулі так годна, як Патабня. (Яго ў пераліку, вядома, няма.) Прапаршчыка Эдуарда Дамброўскага сустрэла ў 1845 годзе куля вальналюбнага каўказскага горца. Капітан Мікалай Абухаў сканаў пасля бою з «польскими мятежниками». Паручнік Фёдар Сандзецкі быў пасечаны шаблямі ў захопніцкім паходзе расійскага войска ў Туркестан. Забіты «при подавлении бунта» ў 1906 годзе паручнік Уладзімір Нішчынскі. Прозвішчы кажуць: большасць гэтых афіцэраў — не з расійскіх дваранскіх фамілій, а са шляхты далучаных на захадзе земляў. Значыцца, гінулі за чужую палітыку, чужыя інтарэсы. Нехта заліваў сумленне гарэлкаю, як капітан Пора-Леановіч з навелы Караткевіча «Паром на бурнай рацэ». А нехта аддана служыў «Отечеству», што душыла яго паднявольны народ. Кожны рабіў свой выбар.
У Полацкім кадэцкім прайшлі юначыя гады яшчэ адной выбітнай асобы, палачаніна з нараджэння Дзмітрыя Кайгародава. Развітаўшыся пасля корпуса з вайсковым жыццём, ён заслужыў у сучаснікаў імя бацькі расійскай феналогіі, летапісца прыроды. Колішні кадэт унікліва вывучае лясную гаспадарку ў Нямеччыне, Швецыі і Швейцарыі, у трыццаць шэсць гадоў робіцца прафесарам. Дзесяць выданняў вытрымлівае яго адрасаваная педагогам і дзецям кніга «Беседы о русском лесе».
Вежы Сафійскага і Мікалаеўскага сабораў корпусныя калідоры і класы снілі сакратар Расійскай акадэміі навук, аўтар кніг пра вайну 1812 года і Крымскую кампанію Мікалай Дубровін, расійскія гісторыкі Васіль і Міхаіл Сямеўскія, полацкія дваране браты Леў, Канстанцін, Віктар, Міхаіл і Ніл Кірпічовы — вядомыя ваенныя навукоўцы, генералы, прафесары вайсковых акадэмій. Полацкім кадэтам быў літаратар Уладзімір Тунашэнскі, чыя п’еса «Губернская Клеопатра» ў канцы XIX стагоддзя часта ставілася на сталічных і правінцыйных сцэнах. У Полацку вучыўся аўтар рамана «Порт-Артур» Аляксандр Сцяпанаў.
Выхаванцам корпуса быў і сын шляхціча Менскай губерні Ян Тарасевіч. Яго вайсковыя студыі завяршыліся паступленнем… на фартэпіянны факультэт Пецярбургскай кансерваторыі. Пасля яе паспяховага заканчэння Ян робіцца студэнтам кампазітарскага аддзялення. Талент бліскучага піяніста і кампазітара падаруе яму сяброўства з Сяргеем Рахманінавым і Янам Сібеліусам. У кансерваторскія гады Тарасевіч пазнаёміцца з адным з лідэраў Беларускай Сацыялістычнай Грамады, фактычным кіраўніком выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца» Вацлавам Іваноўскім і зробіцца гарачым прыхільнікам ідэі нацыянальнага адраджэння. Ён напіша першыя музычныя творы на вершы Максіма Багдановіча, назаўсёды захавае захапленне беларускай народнай песняй. Апошняя частка доўгага жыцця Яна Тарасевіча пройдзе ў Беластоку, дзе ён будзе мець заслужаную славу выдатнага педагога, дасць першыя ўрокі майстэрства дырыжору, піяністу і кампазітару Ежы (Юрыю) Максімюку, якім ганарыцца сучасная музычная Польшча.
Гаворка пра выпускнікоў корпуса шмат страціць, калі не ўзгадаць светлага імя Іосіфа Стаброўскага — археолага і гісторыка, заснавальніка Слонімскага гістарычна-краязнаўчага музея, унука паўстанца 1863-га, прыкутага да тачкі на царскай катарзе.
Пакінуўшы горад кадэцкага юнацтва, Іосіф скончыў Маскоўскі археалагічны інстытут, у чыне палкоўніка завяршыў Першую сусветную вайну, крыху паслужыў у Чырвонай Армйіі і вярнуўся ў родны Слонім.
Стаброўскі быў сынам афіцэра, да апошніх дзён не здымаў шыняля, ды навуковыя інтарэсы перамаглі ў ім прафесійнага вайскоўца. У Слоніме вы пачуеце пра яго сапраўдныя легенды, у якіх, аднак, няма нічога прыдуманага.
Гонарам Стаброўскага была яго калекцыя, што легла ў аснову гарадскога музея. Сабраныя гэтым апантаным чалавекам рарытэты ўпрыгожылі б любую гістарычную экспазіцыю: галава паганскага ідала, першае выданне Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, аўтографы Карамзіна, Дзяржавіна і Льва Талстога, лісты Пушкіна да Наталлі Ганчаровай… Паўстагоддзя ён шукаў і ўсё ж знайшоў і даставіў у музей метэарыт, што калісьці ўпаў у яго на вачах паблізу горада.
Напэўна, ад бацькі, удзельніка севастопальскай абароны ў Крымскай вайне, ён успадчыў неверагодную смеласць. Калі ў Слоніме з’явіліся нацысты, Стаброўскі запакоўваў і хаваў свае экспанаты. Нямецкі афіцэр зайшоў у музей акурат тады, як сівы сямідзесяцігадовы дырэктар здымаў са сцяны карціну Верашчагіна. «Для гэтай карціны знойдзецца месца ў Дрэздэнскай галерэі», — сказаў няпрошаны візітант. Полацкі кадэт закруціў «мастацтвазнаўцу» дулю і толькі дзівам пазбегнуў смерці.
Свой зямны шлях ён завяршыў у 1968-м, на дзевяноста дзевятым годзе жыцця.
За чатыры гады да гэтага Полацкі гарвыканкам узнагародзіў ганаровымі граматамі ўдзельнікаў «хорошо выполненных работ по обрушению здания бывшего кадетского корпуса».
У кожнай эпохі — уласныя героі, але мінае час, і Гісторыя робіць свой выбар.
СТАРОНКІ ПРАВІНЦЫЙНАГА РАМАНА
Жыццё горада, як і жыццё чалавека, можна ўявіць раманам — з сюжэтам, галоўнымі і другараднымі героямі, з гераічнымі, будзённымі і трагікамічнымі старонкамі. У XIX стагоддзі, пасля закрыцця Акадэміі і піярскага ліцэя, полацкі раман стаў правінцыйным. Нямала яго старонак мы ўжо перагарнулі ў папярэднім раздзеле, але багата і засталося.
Пачнём з гераічнай.
Існуе думка пра адвечную санлівую пакорлівасць нашага народа. Аднак не хто-небудзь іншы, а якраз беларусы на працягу няпоўных ста гадоў пасля захопу Літвы-Беларусі Расіяй тройчы падымаліся, каб вырвацца са смяротных абдымкаў імперыі. Пра паўстанні Касцюшкі і Каліноўскага мы казалі. Крываваю разораю пралёг праз нашу гісторыю і 1831 год.
У лютым у Оршы ў рукі таемнага агента, які праглядаў пошту, трапіў ліст надзвычайнай важнасці. Полацкі шляхціч-масон Пётра Рамановіч пісаў сваяку пра падрыхтоўку паўстання ў Беларусі і, у прыватнасці, пра існаванне папскай булы, што нібыта вызваляла католікаў ад прысягі цару. Рамановіча арыштавалі, але на допытах ён трымаўся мужна і імёнаў «своих сообщников в Белоруссии или в Санкт-Петербурге не открыл».
Нягледзячы на рэпрэсіі, прадухілідь паўстання царскія ўлады не змаглі.
У Прыдзвінні найбольш чынныя дзеянні інсургентаў разгарнуліся ў суседнім з Полацкам Дзісенскім павеце.
13 красавіка ў мястэчку Лужкі сабралася пяцьдесят шляхцічаў, якія прысягнулі змагацца за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. У склад абранага кіраўніцтва ўвайшлі прадстаўнікі вядомых родаў былога Полацкага ваяводства: прызначаны начальнікам артылерыі Міхал Храпавіцкі, Антон і Язэп Корсакі, Алейзі Буйніцкі… Паўстанцкі камітэт заклікаў да зброі, і праз дзесяць дзён у Лужках стаяла тры тысячы гатовых да бою шляхцічаў і сялянаў. Гэты аддзел заняў і колькі дзён утрымліваў Дзісну. Сілы былі, безумоўна, няроўныя, і інсургенты мусілі адступіць на Віленшчыну.
Якраз напярэдадні тых падзеяў улады і зачынілі ў Полацку піярскі ліцэй. Падбадзёраныя першымі поспехамі змагароў з царызмам, манахі марудзілі са складаннем вопісаў маёмасці і адмаўляліся прызначаць таргі. У паўстанне пайшло, паводле няпоўных звестак, блізу трох сотняў палачанаў. В. Вікенцьеў піша, што «только твердость и благоразумные решительные меры полковника Данилова, как коменданта города, держали население в повиновении и спокойствии». Тады ж у Полацку лютавала і халера, якая забрала жыцці 596 месцічаў.