Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Маці і бабулі апавядалі дзецям пра трох каралёў: кашэчага — Варгіна, пеўневага — Будзіміра і мышынага — Паднора.
Малыя туліліся бліжэй, чуючы пра волатаў Дубіну, Пруда і Гарыню або пра шматаблічную нечысць, што ахоўвае закапаныя вакол Полацка скарбы. Мурашкі густа бегалі ў слухачоў па спіне, калі згадвалі вадзяніка, што жыў у Палаце па вірах і краў людзей: жанчыны рабіліся зеленакосымі русалкамі, а мужчыны самі ператвараліся ў вадзянікоў. Праўда, Бог не даваў нячысціку спакою: на зімовае свята Вадохрышча выганяў яго ў лазу і толькі ў жніўні, пасля Спаса, дазваляў зноў нырцануць у раку.
Убачыць у Прыдзвінні чорта сто гадоў таму было значна прасцей, чым сёння, — адно падпільнуй, як будзе каціцца па зямлі віхура (чортава вяселле), плюнь у яе тройчы і скажы: «Чорт, чорт, пакажы хвост!» Чэрці любілі музыку і сходкі, жаніліся між сабою, і ў іх нават нараджаліся дзеці.
Меліся надзейныя сродкі распазнавання ведзьмаў. Казалі, што дастаткова сабраць з дзесяці цэркваў святую ваду і зварыць на ёй аўсяны кісель — жур, як ведзьмы збягуцца на яго з усіх ваколіцаў. Быў іншы спосаб: схаваць на загавінах перад вялікім постам кавалак сыру і насіць да Вялікадня ў мяшэчку пад пахай. На велікоднай ютрані, як толькі святар абвесціць: «Хрыстос уваскрэс!» — трэба ўслед за ім прамовіць: «А ў мяне сыр ёсць», і тады ўсе ведзьмакі пачнуць слёзна прасіць у вас сыру.
У насельнікаў прыдзвінскага краю жыла вера ў варажбу і ў розныя магічныя дзеянні. Вось, напрыклад, не вельмі апетытны рэцэпт, «як закахаць у сябе любую жанчыну», выпісаны мною з даўнейшай зачытанай кнігі без пачатку і канца, якую знайшоў у Полацку ў старой прыватнай бібліятэцы: «Забіць чорнага ката, вырваць у яго вочы і ўкласці іх у яйкі ад чорнай курыцы — два вокі ў два яйкі. Пасля яйкі павінны адляжацца і пратухнуць пад кучай конскага гною. 3 кожнага яйка вылупіцца па д’ябляняці, і абодва будуць служыць, прыносячы гаспадару ўсе ўцехі, якія бываюць на свеце».
Ёсць звесткі пра цікавы супрацьпажарны сродак. Калі ў каго загараўся дом, дык у суседзяў, каб туды не перакінулася полымя, голая дзяўчына ці маладзіца аббягала з поўным гарлачом малака вакол свайго дворышча і кідала гарлач у агонь. Відаць, у цывілізаваным XIX стагоддзі гэты спосаб барацьбы з чырвоным пеўнем ужо адміраў, а калі і не — дык быў малаэфектыўны, бо ў 1837 годзе пажар знішчыў у Полацку трыста дамоў у 1848-м — усю цэнтральную частку горада.
Найбольшую папулярнасць мелі, бадай, гісторыі пра пярэваратняў-ваўкалакаў. У святочны дзень на кірмашы ці каля карчмы можна было пачуць аповед чалавека, якому самому давялося пабегаць у воўчай шкуры. Людзі, затаіўшы дыханне, слухалі, як небарака пасварыўся з суседкай-ведзьмаю і тая адплаціла яму страшнаю помстаю. Аднойчы ў дарозе цёмная сіла змусіла яго, маўляў распрэгчы каня і пралезці праз хамут. А як пралез — ваўком зрабіўся і ў лес пабег. Тры зімы і тры леты бегаў адзінцом, пакуль не прынялі ў гайню. А самае страшнае: баяўся забыцца, што ён не звер, а чалавек. Таму кожнае раніцы мыўся, водзячы пысаю па роснай траве, а ўвесну, калі людзі аруць і сеюць, разграбаў лапамі зямлю. Так і жыў гаротнік, пакуль аднаго разу, як цягнуў з чарады авечку, пастух не перахрысціў яго дванаццаць разоў пугаю, пасля чаго воўчая шкура і злезла.
Даруйце, што захапіўся. Але ж я — палачанін, а нас хлебам не кармі, а дай паслухаць нешта загадкавае ды вусцішнае.
Можа, каб засцерагчыся ад шматаблічнай нячыстай сілы, продкі часта давалі паселішчам і іх наваколлю чыстыя «святыя» найменні. Ёсць на Полаччыне Святыя ручаі, азёры Свяцец і Свяцінец, вёскі Свяціца і Свяцілішча.
У працяг размовы пра натуру жыхароў Прыдзвіння пазнаёмімся з тым, якімі ўбачыў іх у сярэдзіне XIX стагоддзя гісторык і этнограф генерал-маёр М. Без-Карніловіч: «Незнакомый с роскошью белорусец довольствуется малым: не скучает своею жизнью, ни трудами; от него все можно получить справедливостью, умеренностью, ласкою: верный и признательный за добро, не стерпит оказанной ему несправедливости. Мужчины — охотники курить табак; оба пола любят попировать на похоронах, свадьбах, крестинах. Потомки принявших христианство кривичей откровенны, суеверны, до сих пор сохранили одежду, язык и некоторые обычаи своих предков».
Беларускія святы і звычаі Полаччыны зачаравалі мастака I. Захарава. У сваёй кнізе «Путевые записки русского художника» (Санкт-Пецярбург, 1854) ён пісаў: «Надарылася мне быць на кірмашы ў Беларусі. На гэтыя святы з’язджаецца звычайна безліч народу, што танцуе да позняе ночы… Беларускія танцы разнастайныя і вельмі падобныя да неапалітанскай тарантэлы: такія самыя павароты, жвавасць і амаль тыя ж матывы музыкі. Пачынаюцца танцы так: дзве дзяўчыны, дамовіўшыся танцаваць, бяруцца за рукі і падыходзяць да дудара, што сядзіць улетку на прызбе каля карчмы, а ўзімку — у самой карчме. Кожная дзяўчына павінна заплаціць яму за танец капейку срэбрам або падараваць яйка, абаранак ці блін. Потым яны пачынаюць танцаваць — спярша проста адна перад адной, потым укругавую, зноў проста і завяршаюць танец вальсам; некаторыя скачуць з прыпевам і пстрыкаюць пальцамі. Ледзь паспее адна пара закончыць танец, як адразу з’яўляецца другая, і беднаму дудару ўвесь дзень не дадуць ні хвілінкі спакою».
Уражлівая натура мастака ўбачыла падабенства Полаччыны з Італіяй не толькі ў танцах, але і ў краявідах: «Дзівосны від адкрываўся на Полацк: сабор, манастыр і царква святой Сафіі — разам на схіле гары, а на беразе паўразбураныя яўрэйскія хаціны; на рацэ Дзвіне мільгацелі лодкі з ветразямі і без іх. Людзі ў розных уборах: рускія, яўрэі, яўрэйкі, беларускія сяляне… а ў дадатак да гэтай прывабнай карціны — сонца, што, заходзячы, асвятляе рэдзенькія аблачынкі такім спякотным каларытам, якога мне не даводзілася бачыць і ў Італіі. Бераг і будынкі былі зацененыя, адно вярхі люстраваліся ў вадзе, і паміж ценямі мільгалі ад хуткае плыні залацістыя струменьчыкі. Я не мог стрымацца, каб не замаляваць гэты краявід, апотым намаляваў карціну алейнымі фарбамі». Апавядаючы пра выдатнасці полацкага дойлідства, Захараў зазначаў: побач з імі «забываеш, што ты не ў сталіцы, а ў павятовым горадзе».
Дарэчы, захапленне падарожніка тутэйшымі храмамі было настолькі вялікае, што з-пад яго пяра выйшлі такія словы: «Мікалаеўскі сабор — вялізных памераў і надзвычай цікавай архітэктуры; потым — Сафійская царква, з архітэктурай такой лёгкай і вытанчанай, што нельга налюбавацца, дый не дзіўна: кажуць, нібыта дзве гэтыя царквы пабудаваны па малюнках Мікеланджэла».
Дадам да гэтых цытатаў і сказанае пазней, ужо ў 1912-м, выдатным расійскім пісьменнікам Іванам Буніным: «Гостил, между прочим, у A. С. Черемнова, в северной части Витебской губернии. Громадный лесной край, необычайно интересный в бытовом отношении. Мне довелоеь очень много ходить пешком, вступать в непосредственные отношения с местными крестьянами, присматриваться к ним, изучать их язык. У крестьян этой полосы, по-моему, в наиболее чистом виде сохранились неиспорченные черты славянской расы. В них видна порода. Да и живут они хорошо, далеко не в тех ужасных некультурных условиях, как наш мужик в средней России».
Пісьменнікава жонка, Вера Мурамцава, у лісце з таго самага беларускага маёнтка Клееўкі Себежскага павета пісала: «Имение очень благоустроенное, чувствуется, что хозяева культурные люди. Да и сами мужики чище, лица определеннее наших. Есть и особая поэзия этого края: в саду живет семейство аиста, коров сзывают рожком…»
Да болю шкада некаторых крывічанскіх звычаяў, жывых яшчэ на пачатку XX стагоддзя. Вось, скажам, імёны. Нас паспяхова прывучылі да, как бы мовіць, «агульнасаюзных». Цяпер становішча выпраўляецца, з’яўляюцца Янкі, Усяславы, Вітаўты, Адэлі, Францішкі, Міхаліны, ды па-ранейшаму набор імёнаў у школьным класе ў Полацку мала чым розніцца, напрыклад, з уладзівастоцкім.
Даўней імёны і ў гарадскіх, і ў сялянскіх беларускіх сем’ях давалі па святцах — царкоўнай кнізе, з пералікам усіх святых і іх дзён у каляндарным парадку. Прыйшоў на свет хлопчык у дзень апосталаў Пятра і Паўла — будзе Пятрусь ці Паўлюк, нарадзілася дзяўчынка на святую Ганну — наканавана ёй быць Ганусяй. Апрача таго, кожнае імя мела звычайна пяць формаў. Нататкі пра гэты звычай пакінуў знаўца нашае старасвеччыны Вацлаў Ластоўскі, радзіма якога — былы фальварак Калеснікаў пад Мёрамі.
Зусім малых дзяцей, што бегалі без порткаў у даўгіх кашулях, звалі пяшчотна: Анцік, Гаўрык, Петрык, Юрцік. Ды вось хлопчыку надзелі порткі, і ён з пестуна стаўся работнікам — пасвіць гусі і куры, скубе пёры, едзе з бацькам у лес ці на поле. Такіх памочнікаў называюць ужо больш самавіта: Антук, Гаўрук, Пятрук, Юрка. Калі хлапцы падрастуць і пачнуць хадзіць на вячоркі ды ігрышчы, Пятрук абавязкова ператворыцца ў Петруся, Юрка — у Юрася. Набяжыць час жаніцца, пераходзіць «з рабяцкага стану ды ў мужчынскую славу», і Пятрусь стане звацца Пятром. Палятуць гады «мужавання і баявання», неўпрыкмет падыдзе пара жаніць сына. Нявестка будзе зваць Пятра — Петрашом, Астапа — Асташом, Рыгора — Грынём. Вось некалькі такіх поўных імянных ланцужкоў Аляксандр: Вольцік, Валюк, Алесь, Алехна, Вольша. Уладзімір: Валодзік, Валодзька, Валодусь, Валадар, Валодша або Ладзік, Ладук, Ладысь, Ладамір, Ладша. Раман: Ромцік, Рамук, Рамась, Раман, Рамаш. Трохі меней формаў мелі жаночыя імёны: Наська, Настка, Настуля, Наста; Верця, Верка, Вяруся, Вера.
Хто захоча адрадзіць гэты звычай у сваёй сям’і, няхай знойдзе «Расійска-Крыўскі (беларускі) слоўнік» Вацлава Ластоўскага, а ў ім — «Крыўскі іменнік».
…У свой час, прааналізаваўшы творчасць полацкіх літаратараў я прапанаваў увесці паняцце «полацкі менталітэт». Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін падтрымаў гэтую ідэю, адгукнуўшыся на яе аднайменным вершам:
Ёсць полацкі менталітэт — Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, Ад той абрынутай адрыны, Дзе сон шукаў Свой сонны след… Ад Полацка пачаўся свет. Пра небачолых кажам: 3 нашых! Ёсць Беларусь, А гэта значыць — Ёсць полацкі менталітэт!