Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тутэйшыя

Купала Янка

Шрифт:

Я н к а. Нам і без мора, пане вучоны, хапае дзе тапіцца, як павее пошасцяй праз усходнія ці заходнія «акошкі».

У с х о д н і в у ч о н ы. (запісваючы). О Дарданелах, о Індзійскіх морях і о какіх-лібо окошках не помышляют і помышляць не жэлают, ібо, no іх жэ словам, і без того імеют гдзе топіться, когда повеет сквознякамі із Запада.

З а х о д н і в у ч о н ы. (запісваючы ўперамежку з Усходнім). О розшэжэнню своіх граніц од можа до можа не мажон і мажыць собе не жычон, поневаж, як самі твердзон, маён гдзе топіць сень і бэз можа, гды повеён пшэцёнгі зэ Всходу.

У с х о д н і в у ч о н ы. (скончыўшы пісаць). Благодару вас!

З а х о д н і в у ч о н ы. (скончыўшы пісаць). Дзенькуе пану!

Вучоныя кланяюцца і выходзяць кожны ў праціўныя дзверы, якімі прыйшоў быў.

З'ява V

Гануля, Гарошка, Аленка, Янка, Мікіта.

Я н к а. (да Мікіты). Ну і дурыгаловы гэтыя вашы вучоныя!

М і к і т а. Усе гэта, меджду протчым, тутэйшыя людзі: адзін дзякавы сын, а другі — арганіставы.

А л е н к а. Хоць яны і вучоныя і тутэйшыя, а усе ж такі надта смешныя.

М і к і т а. Для асоб з глухой вёскі, мамзэль, можа, яны і смешныя, а для менскай рускай, меджду протчым, інтэлігенцыі яны зусім сур'ёзныя вучоныя.

Я н к а. Такія сур'ёзныя, пане совбур, як і сягонешні выгляд вашай хаты, асабліва гэтыя хвасты ад шпалераў ды абразы задам наперад.

М і к і т а. Гэта, пане профэсар, ёсць вынік майго апошняга, меджду протчым, службовага становішча і апошняй політычнай сытуацыі, якая ўтварылася ў Растискай, меджду протчым, імпэрыі. Усе гэта вымагала тое-сёе змяніць і ў хатніх абставінах, каб такім споса бам надаць болей, меджду протчым, дэмократычнасці і прастаты.

Я н к а. Лёгкі і танны спосаб у вас дапасоўвацца да сытуацыі.

М і к і т а. Надта лёгкі і танны. Глядзіце. (Пераварачвае абразы.) Раз, два! і гатова.

Я н к а. Цікава толькі, як гэта вы з сваім апошнім саўбураўскім становішчам дапасуецеся да самай навейшай політычнай сытуацыі, што круціцца ўжо каля Пярэспы?

М і к і т а. Аб гэтым я таксама, меджду протчым, не забыўся. Мой профэсар гэр Спічыні працуе са мной у даным кірунку ўжо некалькі часу і памагае мне расця-рэбліваць дарогу да будучай маёй кар'еры ў губарнатарскай канцылярыі. Бяру ў яго лекцыі таго «языка», з якім прыходзіць новая сытуацыя.

Я н к а. Глядзеце толькі, каб гэты гэр Спічыні вам не ўставіў і тут спіц, як і перад нямецкай сытуацыяй.

М і к і т а. Меджду протчым, гэр Спічыні таму не вінен, што напладзілі сабе людзі языкоў, як тая трусіха трусянят, і мне, меджду протчым, як ідуць немцы — вучыся па-нямецку, як ідуць палякі — вучыся па-по-льску, а як будуць ісці нейкія іншыя — вучыся па нейкаму па-іншаму. I гэр Спічыні тут ні пры чым. Эх, каб я быў, меджду протчым, даром! Завёў бы я ад Азіі да Аўстраліі, ад Афрыкі да Амэрыкі і ад Смаленску да Бэрліну адзін непадзельны рускі язык і жыў бы сабе тады прыпяваючы. А то круці галавой над языкам! як баран які над студняй.

Я н к а. Бачыў бог, што не даў свінні рог, а рэгістра-тару панавання. Але чаму б вам, колежскі рэгістратар Нікіцій Зносілов, не стацца тым, чым вы самдзеле ёсць: Мікіта Зносак— І мілагучна,і патутэйшаму, ды языкоў не трэба мяняць, як цыган коні?

М і к і т а. Як гэта разумець, меджду протчым?

Я н к а. А надта проста: стаць на свой тутэйшы грунт, на той грунт, на якім узраслі вашы бацькі, дзяды.

М і к і т а. Меджду протчым, вы напамыкаеце, сябра беларус, каб я стаў не на свой, а на ваш — беларускі, хэ-хэ-хэ! грунт.

Я н к а. А хоць бы и так.

М і к і т а. Меджду протчым, пане настаўнік, яшчэ я не ўпаў з сваім гонарам так нізка, каб лезці ў вашу, выбачайце, мужыцкую беларускую кампанію. Вы, можа, параіце мне яшчэ і вашага Тарашкевіча граматыку зубрыць?

Я н к а. А чаму ж бы не?

M i к і т а. Ха-ха-ха! Ха-ха-ха! I жартаўнік жа вы, дзядзька беларус, незвычайны вы жартаўнік! Ха-ха-ха! Не маючы што рабіць, інтэрнацыянальная інтэлігенцыя выдумала гэты нейкі нацыянальны беларускі язык, а вы хацелі б заставіць нас, руска-ісціную тутэйшую, меджду протчым, інтэлігенцыю, сушыць над ім свае апошнія мазгі. Ха-ха-ха! Вось дык дадумаліся! Ха-ха-ха! Меджду протчым, пане беларус, мне ваш (з націскам) «дэмократычны» язык непатрэбен, калі я маю свой, меджду протчым, мацярынскі рускі язык.

Я н к а. О так, так! Для вашага гонару падавай вам мацярынскі язык цароў, Мурауёвых-вешацеляу, Распуцінаў, Азэфаў і ўсея кампаніі падобных ім, а на свой, папраўдзе для вас родны, як вы кажаце, язык вам напляваць. Эх, русацяп вы, русацяп! Але годзе аб гэтым! Калісь вы, пане рэгістратар, апомніцеся, але каб не было запозна. (Да Ганулі.) Цяпер я да вас, цётачка, толькі не з спрэчкай, а з просьбай: ці няможна будзе ў вас мне з маёй кампаніяй пераначаваць? Шукаць іншага месца для начлегу неяк не хочацца.

Г а н у л я. А начуйце, мае дзеткі, начуйце, колькі хочаце! Гэны пакой, дзе вы кватаравалі, свабодны, дык і лезьце пакуль што туды.

Я н к а. Шчыра дзякую!

Выходзіць з Аленкай і Гарошкам. Уваходзіць Спічыні.

З'ява VI

Гануля, Мікіта, Спічыні.

М і к і т а. Вельмі паважанаму профэсару мае шчырае, меджду протчым, прывітанне! Як гэта міла з вашага боку, што нават і ў гэтакі трывожны крыху час вы не забываецеся аб маёй адукацыі!

С п і ч ы н і. Я толькі выпаўняю сваю місію, як і вы, мусье Зносілов, сваю місію. А ўзяўся за гуж — не кажы, што не дуж.

М і к і т а (выкладаючы слоўнікі). Зусім справядліва, мусье профэсар. Мы з вам! высока трымаем свае сцягі: вы сцяг, меджду протчым, навучання, а я — сцяг, медж ду протчым, вартавання. I наша патомства калісь зана-туе, меджду протчым, нашы іменні на залатой дошцы. Меджду протчым, мамаша, можа, пакінеце на хвіліну гэты пакой, пакуль у нас будуць цягнуцца лекцыі.

Гануля выходзіць.

З'ява VII

Мікіта, Спічыні.

С п і ч ы н і. Можам прыступіць, мусье рэгістратар!

М і к і т а. Я ужо гатоу, мусье профэсар!

С п і ч ы н і. Мы ужо з вамі прайшлі прывітанні звычайныя і учора пачалі так званыя прывітанні шыварат-навыварат. Пауторым тое, што пачалі. Як будзе: сабачая твая кроў?

М і к і т а. Пся крэў, затрацона душа.

Поделиться с друзьями: