У палескай глушы
Шрифт:
Панна Марына кудысь схавалася, а сястра яе, жонка Курульчука, угневалася і сказала:
– Не, кумок, не пайду я больш да вас.
– Ну, не буду, не буду, - давячыся дымам махоркі, смехам і кашлем, прамовіў Бабініч.
– Не буду, няхай вас халера падушыць!
Лабановічу ўрэшце абрыдла гэта п'яная гульня і гэта гразь распушчанага языка. Яго толькі вельмі дзівіла, як магла быць у такой кампаніі панна Марына. Яму было брыдка і за сябе, і за яе. Устаць і пайсці, што ён ужо колькі разоў памыкаўся зрабіць, Лабановіч не рашыўся, не хочучы пакрыўдзіць гаспадара і гасцей. Ён мусіў дасядзець да вечара, пакуль Бабініч не ўстаў, хістаючыся, і не знік за дзвярамі надоўга.
Разам з Курульчукамі і паннай Марынай выйшаў настаўнік ад Бабініча. Курульчукі і панна Марына прасілі яго быць з імі знаёмымі і заходзіць да іх.
XIII
– А вас, панічыку, пыталася паненка, - далажыла бабка настаўніку, як толькі ён вярнуўся з гасцей.
– «Дзе ж, кажа, бабка, твой паніч?» - «Пайшоў, кажу, паненачка, кудысь на чыгунку».
– «А я, кажа, хацела папрасіць кніг у паніча».
– Добра, бабка, кніг я выберу.
Лабановіч пакапаўся ў сваіх кнігах і адабраў дзве: томік дробных апавяданняў Караленкі і невялічкае апавяданне Сельмы Лагерлёф «Легенда аднаго дома».
Лабановічу хацелася перадаць кнігі самому, і панна Ядвіся, як дагадваўся настаўнік, напэўна хацела, каб ён сам прынёс іх. Кнігі тут былі толькі як зачэпка. Лабановіч крыху зафанабэрыўся. «Не, не пайду!» - сказаў ён сам сабе.
– Вось, бабка, кнігі, занясі іх, калі ласка, паненцы.
– Добра, панічок.
Бабка крыху пастаяла, як бы разважаючы, але нічога не сказала і выйшла.
Лабановіч, сказаць праўду, гневаўся на панну Ядвісю - пасля таго вечара, калі быў у пана падлоўчага Сухавараў, - і рашыў не паказвацца там. Апрача таго, вобраз другой дзяўчыны яго моцна зацікавіў і таксама крыху засланяў сабою Ядвісю.
І само сабою напрашалася параўнанне гэтых дзяўчат. Панна Марына, без спрэчкі, мела перавагу над Ядвісяю ў харастве, але разам з гэтым уступала Ядвісі ў разнастайнасці праяўленняў жыцця. Марына была ціхая, сталая і, напэўна, вельмі добрая душа, але гэта была простая дзяўчына. Адлучыўшы ад Марыны хараство, гэту дзявочую шыльду, ад яе засталося б мала, тады як Ядвіся была натура больш мнагалучная, больш жывая, якая яшчэ не выявілася і не сфармавалася ў пэўны характар.
Лабановіч усміхнуўся сам сабе: яму прыпомнілася казка пра асла. Галодны асёл папаў між двух стагоў. Ён спыніўся і пачаў разважаць, да якога стога яму накіравацца. Разважаў да таго часу, пакуль не выпрастаў ногі.
У канцы Лабановіч вывеў такое заключэнне, што гэтыя дзве дзяўчыны ахаваюць яго ад таго, каб закахацца ў адну з іх, і яму стала весела.
– Занесла, панічыку, вашы кнігі. Паненка дзякавала вам. А чаму, кажа, паніч не прыйшоў?
– сказала, вярнуўшыся, бабка.
Па праўдзе сказаць, настаўніку хацелася пабачыць Ядвісю, тым болей што пасля таго, як быў там Сухавараў, яны не сустракаліся. І як ні хітрыў ён сам з сабою, як ні тлумачыў гэты факт, але аднаго не мог пабароць у сабе - не думаць аб панне Ядвісі. І што б ён ні рабіў, аб чым бы ён ні думаў, не-не дый устане перад ім Ядвіся. І чым бліжэй быў ён да яе, тым больш адчувалася ўлада гэтай дзяўчыны над ім. Калі ён быў у гасцях і бачыў перад сабою другую дзяўчыну, ён ні разу не ўспомніў аб сваёй суседцы. А цяпер, як бы ў помсту за гэта, вобраз панны Ядвісі стаяў неадступна ў вачах, дражніў яго, кудысь зваў і смяяўся. А вокны ў пакоі пана падлоўчага святлелі прынадным бляскам. Цяпер там, напэўна, адна панна Ядвіся з сястрою, бо пан падлоўчы цэлымі днямі ездзіў прымаць сена ад палешукоў для графа Патоцкага; паненкі, напэўна, разглядалі, а можа, чыталі яго кнігі. Хата пана падлоўчага выглядала так, як бы хацела сказаць настаўніку: «Хлусіш! Ты ўсё ж такі да мяне прыйдзеш».
– Што за насланне!
– прамовіў сам сабе Лабановіч.
– Або ў мяне няма сілы ўзяць сябе на павадок?.. Яловыя шышкі! Сказаў сёння: гарэлкі піць не буду, і не піў. А сказаў, не пайду да Ядвісі, значыцца, і быць так!
Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Іграў ён зусім слаба, але ўзяўся за скрыпку, каб разагнаць думкі. Ён нават імкнуўся выявіць ігрою свой настрой, але з гэтага нічога не выйшла. Скрыпка, як зазначыў сабе сам музыка, раўла, нібы галодная жывёліна, загледзеўшы свайго гаспадара. Ён кінуў скрыпку на стол, звярцеў папяросу і, момант падумаўшы, адзеўся, узяў палку і пайшоў.
У кухні каля грубкі стаяла бабка, а на зэдліку пры стале сядзела яе прыяцелька Наста.
– А куды ж гэта вы, панічок?
– запыталася бабка.
– Пайду, бабка, лавіць таго чорта, што твайго Міхалку напалохаў, - сур'ёзна адказаў Лабановіч і выйшаў на двор.
Ужо даўно звечарэла, і ў хатах усюды свяціліся агні.
У адным канцы сяла, ад пераезда, спявалі вясковыя дзяўчаты, і водгулле іх аднатоннай песні, адбіваючыся дзесь каля чыгункі, даносілася сюды цэлымі хвалямі мяккіх жалобных гукаў. Простыя матывы, крыху змякчаныя адлегласцю, хвалявалі маладога настаўніка, як нейкі няясны прываб, і разам з гэтым паглыблялі яго смутны настрой. Цёмны лес, што стаяў недалёка за вёскай і глядзеў хмурна, як бы казаў: «Не слухай ты гэтых песень: у іх твая атрута. Уцякай ты адгэтуль - тут усё пранята атрутаю сэрца». Але настаўнік стаяў і слухаў дзявочыя песні.
«Чаму яны такія жаласныя? Чаму мала разнастайнасці ў іх матывах, так мала, што трудна сказаць, аб чым спяваюць дзяўчаты: аб смутку ці радасці, бо калі толькі ні пачуеш іх спевы, яны заўсёды невясёлыя? Ці не аднатоннасць тутэйшага краявіду, гэтыя доўгія, бясконцыя дарогі між лясоў і балот адбіліся на іх?»
За колькі крокаў ад Лабановіча, вынырнуўшы з цемнаты, без шуму, як цень, выступіла жаночая постаць. Параўняўшыся з агароджай школы, яна прытрымала крок, пайшла павальней, прыглядаючыся на вокны кватэры настаўніка. Вокны свяціліся: выходзячы, настаўнік забыўся патушыць лямпу.
Угледзеўшы настаўніка ці толькі дагадваючыся аб тым, што гэта ён, жанчына прыбавіла крок, ледзь падаючыся ў бок Лабановіча. Цёмная постаць, крыху адышоўшыся, павярнула назад і накіравалася да настаўніка.
– Вам, мусіць, нявесела аднаму?
– спытала жанчына ціха глыбокім маладым голасам, у якім чуўся нейкі прывабны смех.
Лабановіч пачуў, што галава яго закружылася, як бы ад хмелю, а ў крыві і па ўсім целе нібы прабеглі іскры. Ён быў ужо крыху папярэджан і ведаў, што па глухіх вёсках Палесся, у звязку з так званаю «культураю», сустракаліся такія маладзіцы, якія набіваліся самі на кампанію. Цэлы віхор розных пачуванняў пранёсся ў маладым хлопцу. Але ён перамог сябе і груба адказаў:
– Ці не думаеш ты, што мне было б весела з табою?
Маладзіца, відаць, не чакала такога адказу. Яе жаночае самалюбства было моцна абражана гэтым грубым адказам і балюча ўшчымлена. Але яна не паказала гэтага.
– Ха-ха-ха!
– засмяялася яна спакусным смехам.
– Хіба ж вы святы або калека?
– І ўжо другім тонам, з відочнай знявагай дадала: - Вы, можа, думаеце, што я ішла дзеля таго, каб вас развясельваць?
Лабановіч, раз стаўшы на пэўны грунт і пачуўшы сябе таксама ўколатым, ужо не мог змяніць тон і лінію паводзін і ў нейкай злосці, трасучыся, сказаў:
– Няма чаго тут табе паказваць зубы, бо я іх усё роўна не бачу і бачыць не хачу.
Лабановіч чуў, што ён гатоў падскочыць да гэтай спакусніцы, каб пагнаць яе ў шыю. Таксама не ручаўся ён і за іншы вынік, і, каб быць далей ад спакусы і захаваць чыстым сваё імя як настаўніка, ён борздымі крокамі пайшоў праз вуліцу, накіроўваючыся ў той бок, дзе была старая карчма, якраз па дарозе ў Сяльцо.
Маладзіца хіхікнула ўслед, і да яго даляцелі словы:
– Гэта мужчына: ад бабы ўцёк... Неданосак! Стоптаны лапаць!