Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Але Ясё пачуў, хоць сказаў Міхаль і ціха. Гэта была яго вясковая мянушка, вельмі для Яся абразлівая, хоць ніхто не помніў і не мог сказаць, як яна да яго прыстала.

— Ну, пачакай! — Ясё памахаў пальцам і злосна выцяў каня. — Но-о-о!..

На тым і разышліся. «Ведае, што творыць зло, але творыць, — думаў Кірыла, — нават задавальненне ад гэтага мае. Можа, ён і сапраўды, таго, нашчадак той лютвы? Людзі тыя быццам бы і сапраўды вылучаліся лютасцю, былі драпежныя і няўступчывыя».

…Поўныя мяшкі мужчыны клалі на воз, і Міхаль адвозіў іх дадому, ссыпаў у склеп, вяртаўся назад.

— Ой-ёй-ёй, што ж гэта будзе? — бедавала Марыля, думаючы аб той пагрозе, што прагучала ў Ясевых словах. — Паскудны чалавек, зайздрослівы і прагавіты надта.

— Нічога, Бог не выдасць, свіння не з'есць, — супакоіў яе Кірыла. — І ты, Міхалка, — павярнуўся да сына, — таго, махні на яго рукою! Злая душа! Нарадзіўся такім.

Лявонка зірнуў на суседа, і Кірыла пераняў яго позірк:

— Не любіць яго ніхто. Эх, і суседа Бог паслаў — хоць ты плот ад яго стаў!..

К вечару ўсё навокал аціхла, устанавілася нейкая асаблівая цішыня, якая бывае асенняй парой. Цямнела. Людзі вярталіся з поля, думаючы, як адпачыць і што рабіць заўтра. Паклаўшы на воз мяхі з бульбай, накіраваліся дадому і Кужалі. У іх у дадатак яшчэ і клопат пра Камянец, куды неўзабаве меўся ехаць Лявонка. Дома Тоня сустракала іх гарачымі праснакамі, якія толькі што дастала з печы.

Марыля пахваліла дачку:

— Ой, Тонечка, дык ты ж лепш пячэш, чым я!

Фядорка з Барбаркай ужо спалі. Высыпаўшы бульбу ў склеп, прыйшлі ў хату мужчыны. Яшчэ адзін дзень быў пражыты.

III

Наступная раніца, можна сказаць, на ўсё жыццё засталася ў Лявонкавай памяці. Дзед Кірыла яшчэ звечара падмазаў восі, паклаў паміж драбінамі кельню з бярэмам саломы, каб было на чым мякчэй сядзець, — падрыхтаваўся да дарогі. Выехалі, як толькі пачало світаць. Праводзілі бацькі — Міхаль з Марыляю. Міхаль запрог Орліка, пад'ехаў да веснічак, Марыля паклала ў торбачку кавалак сала, хлеб, бутэльку малака, заткнутую драўляным коркам. Як і кожная маці, яна шкадавала сына. Лявонка апрануў новую ясёнку з даматканага сукна, абуў юхтовыя боты. Думку пра боты Кірыла падаў яшчэ вясной:

— Калі Лявонка ў Камянцы вучыцца будзе, то трэба яму чобаты справіць, не чакаючы, калі да вянца ісці.

Боты ў Прусцы звычайна спраўлялі хлопцу пад вяселле, калі ён станавіўся «кавалерам». Летам жа прускаўцы, як і іх суседзі ў іншых навакольных вёсках, увогуле не мелі звычаю насіць які-небудзь абутак. Хадзілі босыя. Глыбокай восенню і зімой абувалі пасталы — так тут называлі лапці. Плялі іх з ліпавага лыку. Кірыла рабіў гэта выдатна і лічыў пасталы лёгкім і зручным абуткам. Атрымліваліся яны ў яго вельмі, як тут казалі, зацнымі — гэта значыць зграбнымі. Карысталіся імі ўсе — мужчыны і жанчыны, хлопцы і дзяўчаты. Вядома, для мястэчка, якім быў Камянец, лепш падыходзілі боты — у іх чалавек адчуваў сябе больш салідна і ўпэўнена. Боты выйшлі на славу — дабрэнныя, з высокімі бліскучымі халявамі, амаль як у Кузёмкі.

Яшчэ звечара Марыля нагрэла вады, і Лявонка добра памыўся ў драўляным карыце.

— Ой-ёй! Як жа ты будзеш там адзін! — бедавала маці.

Лявонка маўчаў. Яго дробны тварык пасур'ёзнеў і як бы завастрыўся, на нешта нацэліўшыся. Не вытрымалі, прачнуліся і прыліпні да шыбін Тоня з Фядоркаю — глядзелі на браціка, які выпраўляўся ў горад на вучобу.

— Таго! Мамо! — чуюцца іх тонкія пісклявыя галасы.

— Дзедо! Купіце абаранка, — сарамліва папрасіла Тоня.

— Блазнота! — нібы просячы прабачыць малых, сказала Марыля.

Нарэшце падарожнікі селі ў кельню на падасланую салому. Кірыла цмокнуў на каня, і воз скрануўся з месца. Зазвінеў ланцугом, заекатаў Курцік, так і не даведаўшыся, куды паехалі гаспадары.

На душы было клопатна і трывожна. Як яно ўсё зложыцца?.. Выехалі пазаклунню, затым скіравалі на камянецкі гасцінец. Справа, амаль адразу ж, паказаліся могліцы — над крутым абрывам, пад якім рассцілалася лугавая пойма Лосьны.

Кірыла ўздыхнуў, паглядзеўшы ў бок старажытных прускаўскіх кладоў:

— Цяпер там дзяды нашы жывуць. Перасяліліся з гэтага свету ў той.

— Дзедо, а што такое смерць? Жыў чалавек і раптам яго няма — як бы пайшоў некуды?..

— Душа пайшла, а цела тут засталося, на зямлі.

— А куды ж душа пайшла?

— Цяжка сказаць куды, — уздыхнуў Кірыла, — але ж некуды пайшла…

Па абодва бакі гасцінца разляглося поле. Гоні яго ад гасцінца прасціраліся да далёкага небакраю і губляліся ў сіняватай смузе. Дзе-нідзе відаць было, як адскочыла ад зямлі бледна-зялёная азіміна — блішчыць на сонцы, радуецца жыццю, не ведаючы, напэўна, што праз месяц які, а можа, і раней настануць халады, і давядзецца мерзнуць, пакуль зіма не акрые сваім цёплым снежным кажухом. Паабапал гасцінца паўсталі ў шматкаляровых строях па-асенняму спакойныя дрэвы — бярозы, асіны, рабіны, клёны… Далей ад вёскі іх станавілася больш, побач з высокімі, стромкімі дрэвамі ўзнімаўся, цягнуўся ўверх падлесак, там-сям кусціўся хмызняк, сінеў ядловец. Звычайна сціплая і малапрыметная брызгліна апранулася ў густа-чырвоныя, ліловыя і залаціста-аранжавыя барвы.

— Бачыш, па якой дарозе мы едзем?

— Па якой, дзедо? Па прыгожай?

— Па старажытнай, ліцвінскай. Некалі тут лес вакол стаяў, пушча.

— І што з ім зрабілі? Спалілі?

— Вывеўся…

Кірыла надоўга змоўк, пра нешта думаў. Раней гэта зямля ўся была панская. Праўда, прускаўцы не з'яўляліся прыгоннымі ў поўным сэнсе гэтага слова. Яны мелі невялічкія казённыя надзелы вакол хат і абавязаны былі толькі тры дні ў тыдзень працаваць на панскім полі, уладальнікам якога пасля падзей 1830 года стаў рускі генерал-маёр Якубоўскі, а пасля яго — удава з сынам Мартынам. Генеральша лічыла за лепшае жыць у Маскве і кіраваць маёнткам адтуль. Прыбыткі паступова змяншаліся, справа хірэла, маёнтак спачатку аказаўся закладзеным у казну, а потым, перад самым скасаваннем паншчыны, яго прыдбаў ранейшы гаспадар — багаты варшавяк, калежскі асэсар Падгурскі. Зямлю прускаўцы — праз казну — выкуплялі ўжо ў яго. Дапамог сялянскі банк у Гродне, які набыў у Падгурскага даволі вялікі кавалак поля, каб падзяліць яго паміж сялянамі. Зямельныя надзелы наразаліся ў адпаведнасці з колькасцю мужчын у сям'і. Уласнасцю Кірылы сталі дзесяць дзесяцін — палавіна ўчастка, уключаючы і сенажаць. Няшмат. Таму, акрамя надзельнай зямлі, ён песціў надзею купіць яшчэ. Але ж на што купіш? Выплачвалі банку. Казённую пазыку даводзілася вяртаць з вялікімі працэнтамі. Поле трапіла не з лепшых. Больш урадлівы бок застаўся ў пана. Прускаўцы заўладалі Срачом — чамусьці так называлася гэтае поле. Напачатку і саху цяжка было ўбіць у той суглінак. Даймала каменне — з ім змагаліся. Дробнае збіралі ў крушні, а калі пападаўся такі камень, што зрушыць з месца не было як, капалі каля яго глыбокую ямку, падважвалі жэрдкай, каб сапхнуць на дно, і засыпалі. Але што значыць свая зямля — хоць якая яна, хоць мала яе! Была б зямля, казалі ў Прусцы, а ўсё астатняе прыдасца. Бо і сапраўды, чаго варты селянін без зямлі, каня, кароў і свіней, без уласнага бацькоўскага даху над галавой?..

У Кірылы разам з гэтымі думкамі не выходзіла з галавы ўчарашняя сварка з Ясем.

— Нягоднік! — прамовіў ён услых.

Лявонка насцярожыўся.

— Пра каго вы, дзедо?

— Ды пра Яся, суседа нашага!

— А чаму ён такі? — памаўчаўшы, спытаў Лявонка.

— Я і сам, унучак, не ведаю — ці нарадзіўся такім, ці такім яго, таго, жыццё зрабіла… Зямлі ў яго больш, чым у нас, а прагнасці, здаецца, канца няма! Не чалавек, а гад, мярзотнік!

Ён яшчэ доўга разважаў, а потым раптам, страсянуўшы Лявонкаў плячук, з нейкай гарачнасцю ні з таго ні з сяго сказаў:

— Унучак, трэба заўсёды быць чалавекам.

Па праўдзе кажучы, унук не надта добра ўсведамляў тое, пра што гаварыў дзед. «Быць чалавекам? Дык хіба ён не чалавек? Як жа яшчэ ім быць?»

— Дзедо, раскажыце пра што-небудзь!

Унук ведаў дзедавы аповеды — былі тут розныя, нават незвычайныя гісторыі. І не толькі з уласнага жыцця. Пры выпадку Кірыла любіў расказаць, як яго дзед Мікодым паналіваў французам у стрэльбы вады. Гэта было тады, калі армія Напалеона ўроссып адступала з-пад Масквы і ўжо пад Берасцем апынулася. Берасцейшчына тады ўваходзіла ў створанае Напалеонам у 1812 годзе новае Вялікае княства Літоўскае, пра што Мікодым не паспеў яшчэ даведацца. Бо, калі б ведаў, то таго, магчыма б, і не зрабіў. Некалькі салдат забрылі да Мікодыма ў хату. Стрэльбы тым часам у сенях паставілі. А быў мароз. Мікодым ім і наліў вады. Дык за ноч дулы тыя так параспірала, што яны і паадвальваліся. Калі пад раніцу французы спахапіліся, Мікодым ужо даўно збег у Бярэзіну і вярнуўся, калі тыя, злыя, без стрэльбаў, пашкандыбалі далей.

Кірыла хмыкнуў у вусы:

— Расказаць? А што расказаць? Цяпер жыццё незразумелае нейкае. Вось даўней! Даўней, браце, таго, прыгоннае права было. Гадоў якіх-небудзь сорак, як скасавалі. Пан і станавы прыстаў загадалі нам сабрацца там, дзе цяпер Пан Ян стаіць, на перакрыжаванні дарог. Зачыталі царскі маніфест. Лягчэй стала, а да гэтага… Бацька расказваў. Працуюць прускаўцы ля ракі. Поўдзень. Гарачыня. Піць хочацца. А паспрабуй зачарпні з ракі! Тут жа цябе цівун плёткай агрэе. Каля цяперашняга Пана Яна стаяў слуп, укопаны ў зямлю. Прывяжуць чалавека грудзьмі да слупа, а ззаду кат стаіць з бізуном. Народу кругом назганяюць — каб усе бачылі, як вінаватага караюць. Дык гэтага яшчэ мала! Прывяжуць, бывала, чалавека да дрэва, каля якога мурашнік. О-ёй-ёй!.. — Кірыла ўздыхнуў.— А каго пан не ўпадабае — на дваццаць пяць год у салдаты адправіць. Дзед Мікодым аж тры разы з вёскі сыходзіў. І кожны раз вяртаўся — дзе дзенешся?

Поделиться с друзьями: