Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Сказаў і сумеўся, бо звычайна ён не любіў вытыркацца наперад, але тут неяк атрымалася само сабой.

Станіслаў Арцёмавіч прайшоўся паміж радамі. Раз і два. Павярнуўся да класа:

— Н-не. Нармандцы, ці, як іх яшчэ называлі, вікінгі, к таму часу — гэта ж трынаццатае стагоддзе — ужо збавілі сваю актыўнасць, іх час мінуў. А зрэшты… Першы камень у дзяржаўны падмурак у тую эпоху часта закладвалі менавіта прыхадні… Словам, прызнаюся, што гатовага адказу на гэтае пытанне ў мяне пакуль што няма…

Географ Пётр Пятровіч таксама адорваў немалымі адкрыццямі, вандруючы са сваімі вучнямі па неабсяжных прасторах свету.

Лявонка разам са Змітраком Зубам любілі разглядваць геаграфічную карту, што вісела ў класе, учытвацца ў назвы заморскіх краін, астравоў і мацерыкоў. Аднойчы быў выпадак, калі Пётр Пятровіч пацікавіўся дасведчанасцю вучняў у гэтай галіне сваёй навукі.

— Хто мне назаве ўсе часткі свету? — спытаў ён.

Узяўся назваць Змітрок, выкінуўшы ўверх руку. Пералічыў пяць і спыніўся.

— А колькі ўсяго частак свету?

— Шэсць! — крыкнуў нехта з задніх радоў.

— Дык якая шостая, хто ведае?

Падняў руку Лявонка.

— Калі ласка, Кужаль.

— Амэрыка! — сказаў Лявонка.

Калі б хто тады сказаў, што з гэтай Амерыкай у яго будзе звязана цэлая старонка жыцця, ніколі б не паверыў. Якіх толькі нечаканасцей не дае жыццё!..

Па-свойму цікавымі былі ўрокі свяшчэннай гісторыі, якую выкладаў святар камянецкай царквы айцец Нікадзім. Уразіла тое, што адбылося з Вавілонскай вежай.

— Гэта, — распавядаў айцец Нікадзім, няспешна пасоўваючыся па класе і падмятаючы падлогу сваёй доўгай апранахай, — было ў глыбокай старажытнасці, даўно, яшчэ калі ўсе людзі на адной мове гаварылі.

Клас прыціх.

— На адной мове гаварылі, і ўсе адзін аднаго добра разумелі,— патлумачыў айцец Нікадзім, — але гардыню сваю ўмерыць не маглі.— Бацюшка шматзначна падняў уверх палец. — Захацелася гэтым людзям пакінуць пасля сябе памяць на векі вякоў! Камусьці з іх скорапаспешна прыйшла ў галаву думка сабрацца разам і пабудаваць высокую вежу, ажно каб да самага неба! Усе згадзіліся — і закіпела праца ды яшчэ як! Знайшлі для вежы высокую гару, і будаўніцтва пачалося. Адны гліну месяць, другія з яе цэглу робяць, трэція гэтую цэглу абпальваюць, чацвёртыя — наверх падаюць…

Айцец Нікадзім расказваў настолькі маляўніча, быццам ён і сам удзельнічаў у тым будаўніцтве, быў сведкам усіх падзей.

— Будавалі некалькі гадоў. Расла вежа, і рос вакол яе горад, у якім жылі будаўнікі. Гэта і быў горад Вавілон — з раскошнымі дамамі і паркамі, у якіх спявалі птушкі і, канечне, памнажаліся грахі.

Пра якія такія грахі ішла гаворка, вучні не ведалі (ды і сам айцец Нікадзім, напэўна, таксама), але слухаць было цікава.

— А вежа ўзнімалася ўверх — знізу шырокая, а чым вышэй, тым вузейшая. — Бацюшка наблізіў адну да другой далоні, паказаўшы, якой вузкай стала вежа. — Будавалі ўступамі.— Для нагляднасці расказчык ізноў выкарыстаў далоні.— Да самага неба. Машын розных напрыдумлялі. Нарэшце, прадстаўце сабе, і хмары блізка.

Лявонка спрабаваў уявіць, якая гэта была вежа, што ўзнялася да самых хмар.

— І, упаўне зразумела, не спадабалася гэта Богу — наслаў ён вялікую буру. Вецер пазносіў з вуснаў будаўнікоў усе словы, якія людзі прывыклі гаварыць адзін аднаму. Калі бура скончылася, будаўнікі ізноў хацелі ўзяцца за работу. Пачалі перамаўляцца паміж сабой, і аказалася, што адзін аднаго не разумеюць. Патрэбных слоў не было. Што рабіць? Давялося кінуць працу, і вежа ўрэшце развалілася.

Калі айцец Нікадзім скончыў аповед, клас ад нечаканасці доўга маўчаў. Усе надта дзівіліся. Верыць гэтаму ці не верыць? Чаго толькі на свеце не здараецца!..

— А можа, вежа развалілася ад таго, што цэгла была сырая? — пачулася з таго боку, дзе сядзеў Яшка Пац з Вуглян.

Айцец Нікадзім памахаў у яго бок пальцам, не ўдастоіўшы нават адказам, хоць у Яшкавым запытанні прагучалі ўсяго толькі чалавечыя цікаўнасць і наіў.

У нядзелю ўсё вучылішча хадзіла ў царкву — вучні абавязаны былі выстойваць царкоўную службу ад пачатку да канца…

Шавец Нохім, у якога кватараваў Лявонка, быў неблагім чалавекам, але ўвесь час занятым сваёй справай. Дома Тоня з Фядоркай заміналі рыхтаваць урокі, а тут ціха. Чытай, пішы… Нохім звычайна сядзеў ля акна на нізенькім столаку і, ні на што не зважаючы, займаўся сваім шавецтвам. На падлозе валяліся абрэзкі рознага матэрыялу, ніткі, дратва, якія надавалі хаце свае пахі. Да ўсяго гэтага густа прымешваўся водар шавецкага вару і свежадублёнай скуры. Тут жа, пад рукой, балванкі на розныя памеры. Самая вялікая — сорак дзевятага памеру.

Лявонка падзівіўся:

— Дзядзьку! У каго ж нага такая?

— Што значыць — такая нага? А ў Марка з Зінькоў якая нага?

Марка з Зінькоў Лявонка добра ведаў — ён жа побач з Прускай, за могілкамі. Яго так і звалі — Марка Замагільны. Асілак на ўсю акругу.

— Людзі, мушу табе сказаць, — Нохім намыліў дратву, — не роўныя. Адзін — як той дуб, другі — так сабе. Адзін разумны, другі, можна сказаць, дурны…

Лявонка згаджаўся з довадамі гаспадара: сапраўды, свет такі…

— Мне здаецца, дзядзьку Нохім, вы ўвесь час як бы пра нешта думаеце?..

— А хіба няма пра што думаць, га?

Часцей за ўсё па нейкай дзіўнай звычцы і Нохім, і Малка адказвалі пытаннем на пытанне.

— Некалі, скажу я табе, усе шаўцы былі філосафамі.

Да сябе самога Нохім адносіўся з павагай. Як-ніяк, ён ведае і Тору, і Талмуд і ўмее глядзець на жыццё паводле гэтых свяшчэнных кніг.

У сенях нехта затупаў, дзверы адчыніліся, і на парог ступіў чалавек з вялікай бутэлькай у руках, напоўненай, відаць, малаком.

— Эйк-сінай! [2] — бадзёра гукнуў яму гаспадар.

2

Хадзі сюды! (яўр.)

Гэта быў малочнік Штрыкман, які прынёс кашэрнае малако.

— Ну, што?

— Ён ужо ўсё ведае.

Гаворка, як аказалася, ішла пра мясцовага рабіна, якому быў ужо вядомы ўчынак Лейкі і Івана, бо тыя звярталіся да яго. Потым Лявонка падрабязней даведаўся пра ўсю гэту гісторыю.

…Закахалася дзяўчына. Шлюб мог быць законным, калі б Лейка прыняла хрысціянства. Сумнымі вачыма пазірала яна на раку і на шырокі зарэчны прастор, які віднеўся з акна бацькавай хаты, пра нешта думала. Камянецкія яўрэі моцна трымаліся абшчыны, і Іван з Лейкай напачатку вырашылі звярнуцца да рабіна. Вядома было, што ён, хоць і прапагандаваў рэлігійны аскетызм, сам па натуры быў мяккім чалавекам. Прыйшоўшы да яго на кватэру, якая знаходзілася побач з сінагогай, яны ўбачылі поўнага барадатага чалавека ў акулярах. Лысіну яго прыкрывала ярмолка. Лейка выказала яму сваю просьбу і папрасіла дапамогі. Іван стаяў побач. Рабін выслухаў і апусціў вочы: «Ведаеце, што я вам скажу? Гэта немагчыма». Лейка глыбока ўздыхнула. Рабін, ужо звяртаючыся больш да Івана, дадаў: «Лепшая вера тая, у якой чалавек нарадзіўся. Мяняць веру я вам не раю».

Што рабіць? Пайшлі да айца Нікадзіма. «Павянчайце нас». — «А чые вы? Дык ты шаўца Нохіма дачка?» З слоў айца Нікадзіма выходзіла, што, калі так, дык Лейка павінна перайсці ў праваслаўе, як тады і рабілі некаторыя яўрэі. Потым святар паглядзеў на Івана: «А хто ж дазволіць з праваслаўя пераходзіць у іншую веру? Такога закону няма».

Яўрэйская рэлігія была няўступчывая, але і праваслаўе таксама. «Мяняць веру не варта. Якім нарадзіўся — такім і паміраць трэба», — як бы суцешыў айцец Нікадзім. З гэтым яны выйшлі ад святара. Як ні дзіўна, пасля размоў з рабінам і папом яны і сапраўды адчулі нейкую прыкрасць гэтага пераходу з адной веры ў другую. Выходзіла, што і сама вера станавілася прадметам гандлю.

Поделиться с друзьями: