Уліс з Прускі
Шрифт:
— Якім бунтам? Што вы такое гаворыце, Кастанцін Цярэнцевіч?
— Ты мяне не вучы! — ураднік пырснуў слінаю. — Я рэвалюцыю за вярсту чую!..
Незнаёмае слова «рэвалюцыя» прымусіла Міхаля прымоўкнуць. Крыху ахалоў і Кастанты, перабіраючы пальцамі стужку, на якой вісеў медаль.
— Давядзецца аштрафаваць і яго, і цябе за парушэнне спакойствія.
Міхаль паціснуў плячыма.
— Ты нікуды больш не хадзі! — не паднімаючы ад папер вачэй, сказаў ураднік.
— Ды як так? Ён будзе на мяне плявузгаць, абражаць мяне, крыўдзіць, а я — маўчы? — Міхаль захваляваўся, пабляднеў.— Не, я даб'юся праўды! Быць таго не можа!
— Якой праўды ты яшчэ захацеў?
— Я дамагуся нарэшце, што ён адчэпіцца ад мяне! — Рысы Міхалёвага твару абвастрыліся, у абліччы дабавілася рашучасці.
— Шкада цябе, гаспадар ты ўпраўны, падаткі плаціш…
— Я не ў чым не вінаваты, я буду шукаць правоў. Колькі можна крыўдзіць…
— Іш ты яго! Правоў ён будзе шукаць… Не правоў шукай, а сведкаў, калі на тое пайшло!
— І сведкаў пашукаю.
— Калі так, дык пакінем справу да вясны. Снег растане, і ўсё відаць будзе.
Вяртаўся Міхаль дахаты расстроены, не ў гуморы.
— Так, тато, як мы і думалі, Ясё паскардзіўся.
— От нягоднік! — Кірыла пакруціў галавой, цяжка ўздыхнуў.— Мірна жыць не можа, усё каб сварыцца…
— Кастанты гразіцца аштрафаваць і яго, і нас. Судзіцца давядзецца, не інакш.
Кірыла моўчкі глядзеў на сына.
— Тады і сапраўды сведкі патрэбны!
Судзіцца для прускаўцаў — горш смерці. Марная справа. Праўда, быў выпадак, вёска судзілася з панам Падгурскім. Здарылася гэта пасля паўстання 1863 года. Паўстанне пацярпела паразу, але такія-сякія станоўчыя вынікі яно ўсё ж такі мела. Прыгон на Берасцейшчыне, як і па ўсёй Беларусі, быў скасаваны дарэшты, зменшылася плата за зямлю, сталі дазваляцца гуртавыя выпасы жывёлы ў панскіх лясах і на выганах. ІІрускаўцы таксама дамагліся ад пана права пасвіць скаціну на даволі прасторным лузе, дзе поле апускалася і пераходзіла ў сенажаць, якая далей прымыкала да поймы Лосьны. Сенажаць належала прускаўцам. Была, аднак, адна нязручнасць: вывозіць сена і ганяць кароў даводзілася балоцістым краем сенажаці — праз зямлю пан не пускаў. Жывёлы мясілі балота, грузнучы ў ім па самае вымя. Некаторых прыходзілася нават выцягваць на вяроўках. Прускаўцы вымушаны былі цярпець. Аднойчы — пасля ўжо таго злашчаснага паўстання — яны не вытрымалі і пагналі краем панскага поля. Сярод пастушкоў завадатарам быў Пракоп Пахолак. Падтрымлівалі, вядома, дарослыя. Выбухнуў канфлікт. Пан Караль Падгурскі, выйшаўшы з палаца, крычаў сялянам: «Вы ж лесам маім карыстаецеся і лазою — ніводнай жа капейкі не заплацілі!» «Вашага мы не чапаем…» — адказвалі сяляне. Прыскочыў на брычцы Кастанты. Пан Караль махаў рукамі, намагаючыся даказаць сваё. Угледзеўшы ўрадніка, ён пачаў скардзіцца яму. «У суд на іх, пане Караль! — кіпеў, ажно пеніўся, Кастанты. — Бунтаўшчыкі! Бачыш, чаго захацелі!..» На вочы яму трапіў Кірыла. «І ты тут, Кірыла?» — «А дзе ж мне быць?» — адказаў той. «Але ж бацька твой пакорлівы быў, а ты вона што!» — ужо амаль лямантаваў, не злазячы з брычкі, пачырванелы Кастанты. «Што зробіш, калі іншага выйсця няма». — «А ты хто, што адзін за ўсіх гаворыш, — стараста?» — выскаляўся на яго Кастанты. Прускаўскім старастам тады быў Якаў Галёнка — бацька Масея Касабокага. «А што, калі не стараста, то і слова сказаць нельга?!» — агрызнуўся Кірыла.
За панам сіла. З гэтага часу ўранку і ўвечары панскія парабкі стаялі сцяной і доўгімі кіямі адганялі сялянскіх кароў. Больш таго, пан, палічыўшы сябе пакрыўджаным, падаў, як раіў яму ўраднік, у суд на «прыцясненні з боку сялян». Здарылася гэта, як сведчыць Гродзенскі гістарычны архіў, дзе захаваліся ўсе дакументы, у 1869 годзе. Скаргу памешчыка Караля Падгурскага разглядаў Брэсцкі павятовы суд. З Брэста ў Пруску, зрабіўшы ёй гонар, прыехаў сам міравы пасрэднік Аненкаў. Пасля адмены прыгоннага права былі ўведзены такія пасады — міравы пасрэднік, міравы суддзя. Сялян сабралі перад панскім палацам. На ганку стаялі Аненкаў і пан Караль. Тут жа маячыла мажная постаць урадніка Кастантага. «Вось што, рабята, — пачасаў за вухам Аненкаў,— ваш памешчык калежскі асэсар Падгурскі Караль Станіслававіч абіжан вамі і скардзіцца на вас». Прускаўцы маўчалі. Нарэшце падаў голас Кірыла: «Нам дарога трэба і прагон для скаціны. Колькі можна цярпець паншчыну?!» Міравы пасрэднік Аненкаў аказаўся дзелавым чалавекам, не пазбаўленым пачуцця справядлівасці. Прускаўскія сяляне, за выключэннем старасты Якава Галёнкі, былі аштрафаваны — па адным рублі з кожнага ў карысць мірскога капіталу Ратайчыцкай воласці. Але прагон міравы пасрэднік Аненкаў, дзякуй яму, усё ж такі даў.
Значыць, нейкая праўда на свеце ёсць!
VI
І пачалося ў Лявонкі камянецкае, гарадское, можна сказаць, жыццё. Не лёгкім яно здалося, але затое надта цікавым. Хлопец улёг у вучобу, разам з усімі вучнямі карпеў над задачкамі, пісаў дыктоўкі і практыкаванні, вучыў на памяць вершы і байкі. Займаўся без прымусу, з ахвотай, нават са смакам. Адначасова з ім у вучылішча, у першы клас, паступіў Змітрок Зуб з Бабіч, з якім Лявонка пасябраваў яшчэ ў прускаўскай школе. Перад першым урокам, займаючы парты, Змітрок пабіўся з Яшкам Пацам — пракідкім хлопцам з Вуглян, але потым памірыліся. Нялёгка ім — пачаткоўцам. Настаўнікі пільна правяралі ўчарашнія ўрокі, тлумачылі заданне на заўтра. Старшакласнікі — тыя, хто вучыўся трэці ці чацвёрты год, — адчувалі сябе даволі вольна. У адрозненне ад іх, пачаткоўцы паводзілі сябе нясмела. Лявонку дасталася апошняя парта. Ён трымаўся сціпла, саромеўся прымаць удзел у вучнёўскіх гульнях. Выглядалі вучні па-рознаму. Некаторыя былі апрануты ва ўсё крамнае, у хромавых ботах. Тыя, хто бядней, насілі сваё, прывязнёвае, вытканае на кроснах.
Перад пачаткам урокаў маліліся. Потым пачыналіся заняткі. Вучылішча расчыніла дзверы ў новы, нязнаны свет. Найбольш займалі ўвагу гісторыя і геаграфія.
Гісторыю вёў малады настаўнік Станіслаў Арцёмавіч. Выглядаў ён прыгожа, хоць і з барадой: на галаве стог валасоў колеру спелай пшаніцы, густая барада, вусы, сінія вочы.
На першым уроку, прыязна ўсміхаючыся, ён сказаў:
— Нехта можа падумаць, што не варта вывучаць старажытную гісторыю, бо цяпер іншыя часы, а тых людзей даўно няма ў жывых.
Вучні ўважліва слухалі.
— Не, нам якраз важна ведаць пра сваіх продкаў і іх жыццё. Гісторыя, дзеці, побач з намі. Хіба не глядзіць яна на нас байніцамі Камянецкага стаўпа — вунь, што на беразе Лосьны, на ўзгорку? — Вочы настаўніка загараліся жывымі іскрынкамі, твар святлеў.— Між іншым, — працягваў ён, — у гэтых мясцінах захавалася мова, на якой гаварылі людзі ў часы Кіеўскай Русі. Пасля Кіеўскай Русі было тут Галіцка-Валынскае княства, а затым, з 1366 года, Вялікае княства Літоўскае, утворанае літоўскімі князямі. Вось ля гэтай вежы, — Станіслаў Арцёмавіч глянуў у акно, за якім узвышаўся Камянецкі стоўп, — стаяў Вітаўт, калі збіраўся на Грунвальдскую бітву, а ў Белавежскай пушчы білі і салілі дзічыну, рыхтуючыся ісці на крыжакоў…
Лявонка і ўвесь клас слухалі як зачараваныя. Старое ўваходзіла ў іх свядомасць як новае. Нечаканасцю з'явіліся словы настаўніка пра тое, што ў маёнтку Лышчыцы (гэта зусім недалёка ад Прускі) жыў некалі выдатны чалавек — Казімір Лышчынскі, імя якога ведала Еўропа.
— Я не здзівіўся б, — страсянуў настаўнік сваёй пшанічнай чупрынай, — калі раптам аказалася б, што сярод вас сядзіць нейкі яго далёкі родзіч — нашчадак таго Казіміра.
«Дык Лышчыцы ж усяго за некалькі вёрст ад Прускі,— падумаў Лявонка. — Аказваецца, Лышчынскі напісаў кнігу „Аб неіснаванні Бога“, у якой даказваў, што Бога няма. Грэх падумаць!»
Станіслаў Арцёмавіч узяў са стала кнігу і адкрыў на мясціне, адзначанай закладкай.
— «Блюзнерства яго цяжка было і слухаць, якое я, каб не распуснічаць, пісаць апускаю», — вось так пісаў пра Лышчынскага адзін з яго богабаязных сучаснікаў-храністаў таго часу. Царкоўны суд прыгаварыў вальнадумца да жорсткага пакарання — яго спалілі на агні.
— Жывым? — дрыжачым голасам спытаў Змітрок Зуб.
— Жывым. Было гэта амаль трыста гадоў назад, яшчэ ў часы Вялікага княства Літоўскага.
Станіслаў Арцёмавіч прайшоўся па класе.
— У нас слаўная гісторыя, аднак яна абышлася з намі, мясцовым людам, бязлітасна, сурова. Сталася так, што, на жаль, мы страцілі сваю гістарычную назву — Літва…
«Дзе ж была тая Літва? Калі?» — не пераставаў думаць Лявонка, ідучы пасля заняткаў да Нохімавай хаты. Вучні шмат спрачаліся паміж сабой, асабліва на гістарычныя тэмы. Іх цікавіла, чаму мястэчка, у якім знаходзіцца іх вучылішча, называецца Камянец-Літоўск.
Настаўнік тлумачыў:
— Гэта цэлая гісторыя. Некалі быў тут дужы народ — яцвягі. Пабілі яго крыжакі. Мы толькі невялічкі асколачак, што застаўся ад гэтых людзей. Па часе вы дазнаецеся і пра тых, хто заснаваў наш горад, і што было далей.
На вуснах Станіслава Арцёмавіча блукала добразычлівая ўсмешка. Лявонку хацелася даведацца, хто былі тыя крыжакі, але запытаць ён не адважыўся.
Аднаго разу, калі ўрок падыходзіў ужо да свайго завяршэння, Лявонка не вытрымаў, падняў руку, устаў і сказаў:
— А дзядуля кажа, што тыя князі былі не літоўскія, а нармандскія…