Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

— Прыгожая яна ў вас! — пагадзіўся Кірыла, нібы намякаючы на тое, што прыгожым дзяўчатам звычайна выпадае няпросты лёс.

— Ой-ой-ой, я наглядзецца на яе не магла! — пагадзілася Малка, выціраючы слёзы. — Такі ўдар! А быў жа хлопец!

«От, бачыш, — падумаў Лявонка, — і тут нелады, і тут спакою няма».

— Усё было дамоўлена! — як бы самой сабе сказала Малка.

— Ну, яшчэ невядома, ці ўзяў бы… — Нохім глуха кашлянуў, нібы стрымліваючы залішнюю жончыну ўпэўненасць.

Кірыла не раз бачыў Нохімаву дачку Лейку — прыгажуня, чарнявая, косы да калень.

— Ой, я не перажыву!.. — схапілася за галаву Малка. — Гэта замест таго, каб паслухаць бацькоў!

Прускаўцам стала іх шкада.

— І так нас любіла і шанавала заўсёды, такая ветлівая — «татэ, татэ, татэ» — і раптам збегла! — роспачна паціскаў плячыма шавец. — Але нічога, — дадаў ён. — Бог суровы, але справядлівы і міласцівы да чалавека. Гэта пацвярджаецца на кожным кроку.

— Дачка — выхрыстка, зяць — гоім… Уй-уй, гора нам, гора… — Не знаходзіла сабе месца Малка. — Такога яшчэ не было, каб наша дачка закахалася ў гоя.

— Ну, надта ўжо так не кажы, — Нохім пяшчотна дакрануўся да жончынай рукі.— Я ж у цябе таксама напалавіну ліцвін.

Малка яшчэ больш завойкала.

— Але ж і з яго боку тое самае, — сказаў, падумаўшы, Кірыла, маючы на ўвазе зяця, але яшчэ не ведаючы, хто ён такі.

— Вось, я ёй і кажу, цяпер не той час… — падтрымаў яго Нохім.

— А якія халы яна ўмела пячы! — усхліпвала Малка. — Ой, не перанясу, не перанясу… — у яе словах гучалі гора і роспач.

— А хто ён? — пацікавіўся госць. — Калі так, дык, відаць, вельмі, таго, самастойны чалавек.

— Сын Залатоўскага з Замастоў! Можа, чуў?

— Вядома, чуў! Але ж яго, таго, заўсёды залатаром звалі. Дык, можа, паспеў шляхціцам стаць? Здараецца і такое…

— Шляхта? — скрывілася Малка. — Пхе! Ён бедны, як сакол. Адно слова — залатар.

Сапраўды, Залатоўскія жылі даволі бедна, нічым асабліва не вылучаліся, і як ён мог прывабіць прыгажуню Лейку, ніхто не ведаў.

— Яна, таго, зацяжарала, ці што? — з уласцівай яму наіўнасцю і прастадушнасцю спытаў Кірыла.

— Ой, што вы, Кірыла! — замахала рукамі Малка. — Такое скажаце… Гэтага толькі не хапала, ой-ой-ой…

— Казалі пра яго, я сам чуў, што ён дэмакрат… — разлучна і крыху як бы загадкава сказаў Нохім. — Адным словам, асляпіў ён яе. Маладая…

Кірыла з Лявонкам не ведалі, хто такія дэмакраты, але спытаць не адважыліся.

— А-а-а! Пачакайце, успомніў! — недарэчы ўзрадаваўся Кірыла. — Дык я яго знаю — гэта Іван. — Затым, як бы сам з сабою разважаючы, пачасаўшы патыліцу, дадаў: — Хлопец відны, рослы, кучаравы. Ды і вясёлы! Як прыйдзе на кірмаш…

Малка перабіла яго:

— Ой, не дай Бог, калі пра ўсё дазнаецца рабін! — падзялілася апасеннямі Малка.

— А то ён не ведае… — махнуў рукой Нохім.

Кірыла выказаў сваё меркаванне:

— А можа, вашай дзяціне якраз і ўсміхнецца шчасце?! А то што б яна тут рабіла — селядцы прадавала?

Нохім перавёў размову на другое:

— Ты лепш мне скажы, пане муй, як там у Прусцы мой швагер?

Прускаўскі карчмар Мордка Вінаград даводзіўся Нохіму родзічам.

— Жыў, здароў.

— Гандлюе?

— Дзіва што!

Лявонка з цікавасцю глядзеў на незнаёмых людзей, да якіх яны з дзедам прыехалі.

— Ну, то зайдзіце пагрэцца?

— Дзякуй, няма часу.

— А куды ж гэта вы так спяшаецеся?

— Ды вось такая справа — унука ў вучылішча прывёз.

— О-о-о! Справа добрая! — пахваліў Нохім, і разам з жонкай падаліся ў хату.

Кірыла ад'ехаў у глыб двара і, не распрагаючы каня, паставіў воз у дальнім кутку, прымацаваўшы лейцы да плота. На галаву каню павесіў торбу з сечкай, перамешанай з аўсом. Лявонка прыхапіў з сабой паперу, чарніла і ручку, якія склаў у торбачку яшчэ ўчора звечара, і разам з дзедам рушылі насустрач невядомаму.

З хвіліну якую пастаялі каля стаўпа — гэтага старажытнага збудавання, падзівіліся яго магутнасці.

— Сажняў дваццаць будзе, не менш! — з павагай заўважыў Кірыла.

Доўга аглядаць помнік не мелі часу і амаль адразу, не марудзячы, павярнулі на Берасцейскую вуліцу і неўзабаве апынуліся перад аднапавярховым драўляным домам, што стаяў у засені дрэў. «Вось яно!» — Закалацілася, заскакала Лявонкава сэрца. Кірыла, наадварот, каб падтрымаць унука, захоўваў спакой. Прачынілі веснічкі. Прайшлі па сцяжынцы, якая за лета паспела зарасці травой, падняліся на ганак. Лявонка выглядаў бледным і напалоханым.

— Што, баішся? — усміхнуўся дзед.

— Саромеюся…

— Саромеюцца, калі баяцца. Няма чаго саромецца.

Пры ўваходзе сустрэла нейкая цётка з мятлою ў руках — вартаўніца ці прыбіральшчыца.

— Вам да каго?

— Да начальства, — суха адказаў Кірыла.

— Паступаць? — выпытвала яна нейкім хрыплым, як здалося Лявонку, голасам.

— Яго, таго, павінны ўжо былі залічыць яшчэ з лета, — растлумачыў Кірыла.

Цётка кінула погляд на Лявонку.

— Самога Васіля Іванавіча няма, ідзіце да інспектара! — параіла яна і паказала на дзверы ў глыбіні калідора.

Тут нават у Кірылы ногі сталі нейкімі непаслухмянымі, аднак, што зробіш, трэба было ісці. Ён асцярожна «панукаў» у дзверы і, не дачакаўшыся адказу, прачыніў іх і разам з унукам прасунуўся ў пакой. Інспектар — малады чалавек з глыбокімі залысінамі — сядзеў у плеценым крэсле, унурыўшыся ў паперы. Апрануты ён быў у зялёны сурдут вайсковага крою. (Як потым аказалася, гэта быў настаўнік рускай мовы і літаратуры.) Калі ён разагнуўся, Лявонка ўбачыў мноства блішчастых гузікаў на грудзях і жываце. Спрабаваў іх палічыць, але гэта ў яго чамусьці не атрымлівалася. Відаць, ад хвалявання. Інспектар спытаў, адкуль яны і па якой справе. Лявонка набраў у грудзі паветра і адчуў, што яму заняло мову, — ні слова не мог вымавіць.

— А дакументы аб заканчэнні пачатковай школы ёсць?

Кірыла падаў пасведчанне.

Інспектар паглядзеў на Лявонку:

— Пяцёркі!..

— Таго, в-выдатнік, — пацвердзіў Кірыла.

Пасля гэтага Лявонка крыху пасмялеў. Інспектар пасміхнуўся неяк аднымі вачыма, агледзеў хлопчыка, потым адшукаў спіс тых, каго павінны былі залічыць на казённы кошт.

— Прозвішча?

— Кужаль, — адказаў за Лявонку дзед.

— А вы пачакайце ў калідоры! — загадаў інспектар.

Кірыла нехаця выйшаў.

Поделиться с друзьями: