Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Неба з цёмнага паступова станавілася ружовым, але чалавека пакідалі апошнія сілы. На світанні яго ахапіў страшэнны холад, і ён зразумеў, што акалее. Вяла прамільгнула думка: «Усё…» І ён страціў прытомнасць…

Выратаваў, можна сказаць, цуд. Акалелы, ён нават не адчуў, што нехта ўзяў за плечы, а потым пад рукі і пацягнуў у лодку. Гэта быў той самы патруль, ад якога ўцякаў іх смак.

Ачуняў толькі ў бальніцы.

— Запаленне лёгкіх, — сказаў нехта побач.

«Урач, мусіць». Тапелец адкрыў вочы: перад ім стаяў не ўрач, а дзяўчына ў белай сукенцы. Валасы па модзе схоплены чарапахавымі грабянцамі. На галаве быццам капялюшык з чырвоным пяром. Ён нават адчуваў яе дыханне на сваім твары. Цёплае і пяшчотнае. «Бузукова Ганна, амэрыканка! Да бацькі прыехала, на ферму. Не! Не яна. Гэта ж прускаўская Ганна!» Ён паспрабаваў падняць галаву, каб уважлівей яе разгледзець, але дзяўчына знікла. Усю істоту працяў востры нутраны боль, і, страціўшы свядомасць, хворы ўпаў на падушку.

Прыйшоў да памяці раніцай наступнага дня. Трызненне прайшло. Сэрца страпянулася ад радаснай думкі, што не загінуў, можа жыць, рухацца, бачыць святло. «А каб утапіўся, усё б страціў!»

VIII

Той раз бура на рацэ Гудзон і на возеры Эры патапіла не адзін іх смак, а ажно шэсць параходаў, забрала трыццаць пяць чалавечых ахвяр. Гэта праз колькі дзён яму паведаміў урач. Хворы глянуў на рукі з сінімі ўздутымі жыламі: «Вось табе і на! Зноў шпіталь…» Навакольны свет здаваўся яму цяпер нейкім крохкім і кволым. Зрэшты, як і ён сам. Доўга не праходзіў кашаль.

— Лёгкія ў цябе слабыя, нельга табе на вадзе! Табе сухі клімат патрэбны! — тлумачыў урач. — Ехаў бы ты, дружа, на поўдзень!

Пасля бальніцы, паправіўшыся, з'явіўся ў свой барак, у якім жыў, калі плаваў на смаку. З каманды ніхто не вярнуўся. Загінуў, мусіць, і Спайдэр, пра якога ў прускаўца засталіся добрыя ўспаміны. У бараку жылі ўжо новыя людзі — пра тых ніхто нічога не ведаў.

Тут яго дачакаўся нарэшце ліст з Прускі, і ён адразу ж пачаў чытаць. Пасля звычайных прывітанняў Тоня, відаць, пад сямейную дыктоўку, пісала:

«…Робіцца нешта і на небе, і тут, у нас. Гэта ж пабудавалі тую крухмальню. Крухмальня дае пану, вядома, добры прыбытак. Але здарылася і ў нас забастоўка. Новы настаўнік Мірон Міхайлавіч і раней казаў: „Несправядліва з вамі абыходзіцца Падгурскі. Вунь, кажа, у Амэрыцы па восем гадзін працуюць, не болей! А вы — самае малое па дванаццаць! Хаця б да дзесяці знізілі…“ Уступаць у перамовы ніхто не асмельваўся. Праца ішла па-ранейшаму, і ўсе думалі, што так і будзе. Ніхто ні разу не памкнуўся змяніць заведзены ход справы. І толькі калі Падгурскі знізіў расцэнкі: замест дваццаці капеек у дзень стаў плаціць пятнаццаць, — пачалося абурэнне. Бо пуд бульбы на базары і той каштаваў трыццаць капеек. Пачаўся склік. Людзі шумелі, спрачаліся, не пазнаць было нашых прускаўцаў. Забастоўшчыкаў пан хацеў прагнаць з работы. Але не. Нечакана для ўсіх згадзіўся пайсці на ўступку. Але хутка бульбу паварылі і праца на крухмальні скончылася, усіх распусцілі.

Як ты там? Цяжка, мусіць? Але спадзяёмся на літасць Бога, што ўсё будзе добра.

І яшчэ паведамляем табе, што з Амэрыкі вярнуўся Цімафей Хлябіч, твой таварыш. Кажуць, што гэну забастоўку ён і ўчыніў.

Яшчэ збіралі грошы на помнік трохсотгоддзю царскага дома дынастыі Раманавых. У нас ніхто дакладна не ведае, калі тое трохсотгоддзе. Бацюшка айцец Глеб і ўраднік Кастанты кажуць па-рознаму. Настаўнік Прускаўскай царкоўнапрыходскай школы Мірон Міхайлавіч Клімчук адмовіўся даваць, сказаў, што хутчэй утопіцца, чым зробіць гэта. Бацюшка айцец Глеб празваў яго вальнадумцам. Паліцэйскі ўраднік Кастанты данёс тыя словы станавому, і той чыніў допыт…»

Ліст, як звычайна, заканчваўся шматлікімі паклонамі, у тым ліку паклонам ад Ганны, пра якую было напісана:

«…Ходзіць Ганна як ружа, уся Пруска дзівіцца яе маладосці і хараству. Але ад Васіля з Амэрыкі па-ранейшаму нічога не чутно…»

Прачытаўшы, Лявонка замаркоціўся. Думаў пра Ганну, пра тое, што трэба вяртацца дадому. Там вунь якія падзеі. Успомніўся чамусьці Андрэй Кляновік. А можа, ён і мае рацыю? Яго прысутнасць на тым прускаўскім скліку была б вельмі дарэчы. І яшчэ больш захацелася дадому. Пакутлівая хвароба — настальгія. Ён адчуваў, як неадступным ценем ходзіць за ім яго адзінота. Вяртацца, вяртацца, вяртацца…

Трэба было зарабіць на дарогу і вяртацца. Але дзе знайсці работу аслабеламу пасля бальніцы? І тут у яго ўзнікла думка падацца на ферму да Бузукоў.

Стаяла лета. Білет купіў усё да той жа станцыі Маршалтаўн. Аконныя шыбіны ў вагонах былі прыспушчаны, і пасажыры адчувалі дыханне цёплага ветру, які нёс тонкі водар далёкіх траў і кветак. Лявонка ўглядаўся ў прывычныя ўжо краявіды — мільганне рэчак, азёраў, рэдкіх фермерскіх гаспадарак. Седзячы і заснуў.

У Ілінойс прыехаў пад раніцу. Нарэшце знаёмае:

— Маршалтаўн!

Трава серабрылася пад узыходзячым сонцам, але расы не было. Вось як здараецца: не спадзяваўся, што ізноў давядзецца ісці па гэтай дарозе. Тое самае наваколле, прырода, мясціны. Тыя самыя ільмы, толькі, здаецца, яшчэ больш магутныя, разложыстыя. Пад дрэвамі — каровы, авечкі. Пойма ўсё той жа Матушкі Волгі. Буслоў толькі чамусьці няма, і думка пабегла ў Пруску: а ў нас буслы — на кожнай балацявіне, на кожнай клуні. А як прыгожа ў Прусцы раніцай, калі сонца таксама толькі ўзыходзіць. Па расе прайсці, на дымок з комінаў паглядзець. Блінцамі, бульбай свежай пахне. Прускавец глыбока ўдыхнуў у сябе паветра. Цяпер хацелася толькі аднаго: крыху адпачыць, супакоіцца, сабрацца з сіламі і, зарабіўшы грошай на дарогу, вярнуцца дадому.

Нарэшце падышоў да каменнай агароджы, што з усіх бакоў абводзіла сядзібу Бузукоў. Агароджа зарасла бружмелем і шыпшынаю і стала як бы вышэй. Ён успомніў, што ёсць у ёй і яго камяні. Усё выглядала так, як і раней, аднак заўважаліся і некаторыя змены. Дом пафарбаваны ў зялёны колер.

Іван нешта рабіў на панадворку, каля хлява, і ўбачыў яго здалёк. На галаве ў яго насунуты на лоб шыракаполы капялюш з плоскімі палямі. «Не той, не саламяны», — падумаў прускавец. Але камбінезон і боты, відаць, тыя ж. Іван сардэчна паціснуў руку былому работніку. Крыху пастарэў, паддаўся націску часу. Каля вуснаў праступілі маршчыны.

— Я гляджу — агароджа ў вас стала вышэй!

Іван засмяяўся:

— Чым вышэй агароджа, тым чысцей поле.

Замест калодзежа — калонка. Пампуе ваду з глыбіні.

На ганак выйшла Мелані. Яна зусім не змянілася. Пазнала і ўсміхнулася. Павіталіся. Госця запрасілі ў хату.

Тая ж мэбля, на падаконніках усё тыя ж кветкі герані, на сцяне — знаёмая лямпа з бліскучым адлюстравальнікам. На стале стаяў грамафон фірмы «Віктор» — павеў новага. Лявонка расказаў пра сябе, пра свае прыгоды. Працаваў у «Форд мотар-компані» ў Дэтройце. І без працы доўгі час быў. Рыбачыў на Вялікіх азёрах. Прастудзіўся, плаваючы на караблі, урачы параілі падацца далей ад вады — у глыб кантынента. Доўга ў Амерыцы заставацца не плануе, з даўгамі разлічыўся, пара дадому. Што яму тут рабіць — аднаму?

— Манкі бізнес! — паспачуваў фермер.

— Здзекуюцца над прыезджымі, эмігранты здольны многае выцерпець, — уздыхнула Мелані.

— Падсмаж нам яечню з беконам, — сказаў Іван, хочучы, відаць, падмацаваць Лявонкавы падупалыя сілы, і ўсміхнуўся госцю: — Ой! Работы ў нас шмат! Сёлета я пакуль што нікога не браў — усё роўна як ведаў, што ты прыедзеш.

Іванавы словы ўзрадавалі прускаўца. Ён і сам не мог зразумець, чаму і за што людзі да яго добра адносіліся. Вось як гэты фермер. Мог жа сказаць — шукай работы ў іншым месцы, але не сказаў. Ведае, мусіць, што не падвядзе, таму і пакідае.

Поделиться с друзьями: