Уліс з Прускі
Шрифт:
— Спайдэр, — адрэкамендаваўся дзяцюк у капелюшы і працягнуў Лявонку шклянку з пітвом. — На, выпі! — прапанаваў ён, ссунуўшы на патыліцу капялюш і шырока ашчэрыўшы белыя дзёсны.
Яго таварышы весела глядзелі на незнаёмца. Бесцырымоннасць ужо не здзіўляла. Прускавец зрабіў некалькі глыткоў. Спайдэр стаяў, схаваўшы за спіну свае доўгія, нібы клешчы, рукі, потым узяў са стала сухую рыбіну і ўдарыў ёю аб край.
— У эл?
З палубнай надбудовы выйшаў чалавек, круглатвары і шыракагруды, з адтапыранымі вусамі, зірнуў на іх:
— А можа, чалавек і сапраўды не п'е! — У яго рухах адчуваліся самавітасць і стоеная сіла, вочы запытальна глядзелі на новага чалавека.
— Гэта — боцман, — ціха падказаў адзін з матросаў.
— Шукаю работы, — прадставіўся Лявонка.
— А што ты можаш рабіць?
— Усё, што загадаеце.
Следам за боцманам з'явіўся капітан з люлькай у зубах. «Бос», — здагадаўся хлопец. Грубыя складкі перасякалі яго абветраны твар з коратка падстрыжанымі вусікамі і доўгім чырвоным носам. Непаспешлівая, упэўненая паходка і ўладныя жэсты сведчылі, што гэта чалавек рашучы і валявы. Ён таксама абмацаў Лявонку пранізлівымі вачыма і абмяняўся з боцманам кароткім позіркам.
— Будзеш матросам! — сказаў боцман.
Так ён уладкаваўся на невялікі рыбацкі карабель, які называўся тут смакам, — лавіць рыбу. Атрымаў цёплы світэр, рыбацкія грубыя боты. Плавалі па азёрах. Нездарма яны называліся Вялікімі — берагоў не ўбачыш, усё роўна як мора. Ззаду ў смака непаспешліва лапатала па хвалях, распырскваючы азёрную ваду, шырокае кола. Як толькі вецер — пачыналася гайданка. Даводзілася за нешта трымацца. Але і тут ён няблага пераносіў марскую хваробу. Як і тады, колькі гадоў назад, калі з сябрамі плыў у Амерыку. Пяць гадоў прайшло, нават крыху больш. Дзе яны цяпер? Піліпко, напэўна, пайшоў уверх, а Цімоша?
На вадзе для яго было шмат новага. Рыбу тут лавілі зусім не так, як у Прусцы Захарка Руцкі з яго нязменным стаўком. Іншыя і маштабы, і падыход. Назапасіўшы лёду, выходзілі з вусця Гудзона і шукалі на шырокіх азёрных абсягах месца, дзе можна было пачаць лоўлю. Нарэшце знаходзілі, і смак спыняўся. У ваду на стальных канатах з дапамогаю лябёдкі апускаўся трал, які ўяўляў сабою даволі вялікую і ёмістую сетку. Прускавец з тым самым Спайдэрам, што пры першай сустрэчы прапанаваў яму выпіць, па камандзе капітана якраз і круцілі гэтую лябёдку.
— Апусціць трал! — махае рукой капітан, не выняўшы з зубоў нязменнай сваёй люлькі.
Містэр Лукас — так звалі капітана — ведае сваю справу.
— Хары ап! — паўтарае яго каманду боцман. — Хутчэй.
Грукоча лябёдка. Спачатку апускалася ў ваду матня, а потым і ўсё астатняе, уключаючы і стальныя канаты.
Гучыць новая каманда:
— Стоп! Замацаваць лябёдку!
Гэта зрабіць нескладана — Лявонка са Спайдэрам спраўляюцца ў адзін міг.
— Поўны ўпярод!
Смак, лапочучы колам па вадзе, набірае хуткасць, але ідзе цяжка, ажно дрыжыць, бо валачэ за сабой трал. Тралілі па дзве-тры гадзіны. Пры гэтым боцман сачыў, каб трал ішоў па самым дне, інакш рыба не патрапіць у сетку. Трэба быць пільным. Трал можа за што-небудзь зачапіцца, — тады, калі не спыніць машыну, парвецца сетка, а пра рыбу ўжо і не пытай. На вахце для пад'ёму трала звычайна знаходзілася чалавек пяць, астатнія адпачывалі. Гэтыя пяць працавалі хутка і зладжана, не дапускаючы лішніх ці адвольных рухаў. Зляталіся чайкі. Лявонка кожны раз дзівіўся, імкнуўся разгадаць, як яны прадчуваюць гэты момант. А можа, чайкам перадаецца іх хваляванне і яны бачаць рухі, жэсты рыбакоў, чуюць скрып лябёдкі і блокаў? Нарэшце смак стопарыцца, нават адыходзіць крыху назад.
— Падняць трал! — каманда з капітанскага мосціка.
Хвалюецца, мусіць, і містэр Лукас, бо забывае пра зашчэмленую між зубоў пагаслую люльку, якая недарэчна тырчыць у яго пад носам. Трал праз сістэму блокаў, якія тут называюць талямі, паднімаецца з вады так, каб яго канец — матня — завіс над палубай. Віруе, пеніцца, кіпіць вада ў тым месцы, дзе мае з'явіцца з вады матня. Ужо відаць, як паміж грабеньчыкамі хваль варушыцца рыба. Нарэшце з глыбокай воднай тоні паказваецца матня, уся ў ціне, зялёная ад безлічы донных водарасцей і Бог ведае яшчэ якіх дзіўных стварэнняў. Свежы вецер пранізвае рыбакоў халоднай азёрнай вільгаццю.
У нос б'е нязвыклы і непрыемны пах азёрнага нутра. Адзін з матросаў хуценька развязвае матню, трал раскрываецца, і на палубу сыплецца рыбнае срэбра: траска, пікша, сайда, палтус, чырвоны марскі акунь.
У 1909 годзе ў Вялікія азёры ўпершыню была запушчана рыба корушка, так што зрэдку трапляла і яна. Тут жа крабы, ракі, марскія зоркі, вожыкі. Драбната! Ні акулы, ні касаткі ў Вялікіх азёрах, вядома, не лавіліся. Тое-сёе паспяваюць схапіць чайкі, якія яшчэ больш мітусяцца, крычаць, апускаюцца на палубу. Налоўленую рыбу — большай часткай гэта быў палтус — пластамі складвалі ў трум і вярталіся ў Гудзон на сваю прыстань. Прадавалі ў той самы дзень, тут жа, на прыстані.
Улоў выгружаны, бак запраўлены гаручым, у трум засыпаны лёд, і зноў адпраўляліся ў чарговы рэйс. Калі знаходзілі ўдалае рыбнае месца, то назаўтра з'яўляліся туды зноў.
Мурожныя берагі Гудзона нагадвалі родныя паплавы. Ля берага з вады тырчэлі знаёмыя па прускаўскіх балацявінах сцябліны кугі з чорнымі пачаткамі на канцах. Смак набіраў хуткасць, і неўзабаве берагі Гудзона расступаліся, расплываліся некуды ўдалячынь, зліваючыся з густым папялістым туманам. З чыстага неба зырка свяціла вясенняе сонца, мякка дуў бадзёры паўночны ветрык. Азёрная свежасць добра-такі халадзіла цела. Каб як сагрэцца, бралі з сабой матроскі джын.
— Рус! Хадзі сюды, табе кажуць!
Гэта — Спайдэр. У руках у яго бутэлька і шклянка. Карак і твар да чарнаты абпаленыя сонцам. Лявонка дастаў сандвічы, халоднае мяса. Са Спайдэрам яны пасябравалі, і калі была пляшка джыну, бывалы матрос клікаў гірускаўца. Джын прыемна пах ядлоўцам, духмянай смалой і смакам сваім нагадваў прускаўскую самагонку. Неяк да Лявонкі прывязаўся быў кашаль.
— Страхоўку хоць атрымаў? — пацікавіўся Спайдэр, размінаючы ў руках сухую рыбіну. — Калі застрахавацца, то і ад хваробы можна мець карысць.
— Якую страхоўку? — здзівіўся Лявонка. — Эмігрантаў гэта не датычыць…
Спайдэр спачувальна пакруціў галавой.
У цэлым, аднак, справы пайшлі весялей. За адзін тыдзень ён зарабіў столькі, колькі ў лінейцы за месяц, — шэсцьдзесят даляраў. Грошы Падгурскаму — трыста даляраў — паслаў на адрас Брэсцкага банка і адчуваў невыказную асалоду ад таго, што нарэшце ўдалося расплаціцца з даўгамі. З'явілася думка аб асабістай незалежнасці.
«Ну вось, расплаціўся — цяпер на дарогу сабраць і — бывай, Амэрыка!..»
Адзін за адным цягнуліся дні. Сярод матросаў некалькі неграў. Такія ж працавітыя, як і астатнія матросы. Вечарам ля прыстані даймалі камары — тут яны былі нейкія асабліва вялікія і злосныя. Лявонка, калі быў свабодны ад вахты, спускаўся ўніз, клаўся на ложак і, слухаючы, як храпуць яго таварышы-матросы, думаў пра сваё жыццё. Вясёлага, калі падумаць, не так і шмат. А свят і зусім няма. Выйшаўшы на палубу, пазіраў за борт. З азёрнай глыбіні глядзела зялёная зорка, слаба пабліскваючы сваімі зменлівымі промнямі. Як тады, на Купалле, з Ганнай.