Уліс з Прускі
Шрифт:
Пасля вяртання з уловам начаваў тут жа, на караблі. Часам ішоў у барак, але ўмовы там былі не лепшыя. Ноччу ўжо не раз снілася, што ўсчалася бура і на іх маленькі смак вось-вось наваляцца высокія хвалі. Прачынаўся звычайна яшчэ да ўсходу сонца…
Вядома, усё залежала ад улову. Апошнім часам шанцавала ўсё менш. Капітан выглядаў сярдзітым і задуменным. Усе з нецярпеннем чакалі таго моманту, калі адкрыецца сезон лоўлі вустрыц. Вустрыцамі тут называлі ракавінкі, што пладзіліся на плыткіх азёрных мясцінах — водмелях. «Вось гэта — дзела!» — цмокаў языком Спайдэр і ўспамінаў мінулагодні сезон, калі яны, паводле яго слоў, ледзьве не сталі мільянерамі. Работа, праўда, нялёгкая. Гадзінамі боўталіся ў халоднай вадзе, пакуль некалькі разоў не напоўняць шлюпку і не адвязуць яе на смак. Вустрыцы, расказваў Спайдэр, калі адчуваюць небяспеку, шчыльна зачыняюць свае створкі і зарываюцца глыбей у пясок. Але іх знаходзілі — нават у пяску, кідалі ў шлюпку і адвозілі на смак, складвалі, як і рыбу, у трум, і калі трум запаўняўся, смак плыў у прызначанае месца, дзе капітана чакалі спажыўцы гэтага тавару. Асабліва цікавіліся ім гаспадары рэстаранаў, салунаў Аматары елі вустрыц сырымі, запіваючы півам і віскі.
Пакуль што, аднак, трэба было пачакаць — вустрычны сезон яшчэ не наступіў…
Калі смак стаяў ля прычала, капітан Лукас амаль не выходзіў са сваёй каюты. Загады перадаваў праз боцмана. На гэты раз ён загадаў сабрацца, калі ўжо добра звечарэла.
Каманда апранула цёплыя світэры, на нагах тыя самыя рыбацкія боты. Пасярэдзіне стаяў капітан. У зубах — люлька.
— Прашу ўвагі. Ідзём за вустрыцамі,— сказаў капітан і, не вымаючы з зубоў люлькі, чмыхнуў чырвоным носам.
«Але ж і нос, — падумаў Лявонка, — як бы хто паміж шчок моркву прыткнуў».
— Уэл? — азваўся боцман, акінуўшы вокам усіх прысутных.
— Але ж гэта браканьерства, — сказаў Спайдэр.
Капітан і боцман амаль адначасова павярнуліся да яго.
Матрос адразу змоўк. Капітану падпарадкоўваліся поўнасцю і безагаворачна.
Смак скрануўся з месца і ціха адышоў ад берага.
— Поўны ўпярод! — скамандаваў капітан і пыхнуў астылай люлькай.
Лавіць вустрыц дазвалялася ў сезон — пад восень, а пакуль што — Спайдэр меў рацыю — гэта лічылася браканьерствам. Таму яны і пайшлі ноччу. Лявонка, як бы адчуваючы нешта нядобрае, супакойваў сябе: «Гэта апошні раз. Зараблю на дарогу і паеду. Хопіць! Надаела бадзяцца па свеце. Пара ўжо і да сваёй гаспадаркі вярнуцца. Тое-сёе, здаецца, зразумеў…»
Пазіраючы на хвалі, ён уяўляў, як красуе жыта на прускаўскіх палях, што падступаюць да самай Бярэзіны. А лугавая раніца над Лосьнай! Апошнім часам ізноў усё часцей яго наведвала абвостранае пачуццё шкадобы да тых, што засталіся там, далёка, дома. Адны. Без чыёй-небудзь дапамогі. А ён жа іх кармілец! Часам настальгія, з'яўляючыся невядома адкуль, пранізвала ўсю яго істоту, перахоплівала дыханне. Сёння, калі яны ішлі за вустрыцамі, гэтае пачуццё ізноў востра нагадала пра сябе.
Злева наперарэз плыла шырокая баржа, на якой грамаздзіліся горы скрынак з нейкім таварам. Капітан падаў каманду, і смак абышоў баржу, развярнуўшыся перад самым яе носам. Выплыўшы з вусця Гудзона, павярнулі на поўдзень, да мелкаводдзя. Праз якую гадзіну, калі бераг быў блізка і плысці стала небяспечна, сталі на якар і спусцілі шлюпку. Некалькі рыбакоў, у тым ліку і Лявонка, селі ў яе і падаліся ў бок берага.
— Уважліва глядзіце ў ваду! Чуеце? Уважліва! — наказваў боцман.
Побач з ім знаходзіўся капітан Лукас. Ён стаяў нерухомы і непахісны, упёршыся ў палубу нагамі, як бы ўросшы ў яе і не адчуваючы гайданкі. Люлькі не курыў, мусіць, каб не выдаць сябе агеньчыкам.
— Што можна ноччу ўбачыць? — незадаволена круціў галавой Спайдэр.
— Убачыш! — строга адказаў яму боцман, які разам з капітанам і машыністам заставаўся на смаку. — Нагой намацаеш і ўбачыш.
Спайдэр казаў праўду: убачыць ракавінку з вустрыцай цяжка — трэба будзе абмацваць дно рукамі ці нагамі. Пара. Бераг знаходзіўся побач. Яны пакінулі шлюпку і, пераваліўшыся цераз борт, апынуліся ў вадзе.
Апошнім часам здароўе ў прускаўца пайшло на папраўку, кашаль адступіў. Затое распухлі і пачалі трэскацца рукі. Праўда, трэскаліся, калі абсыхалі, а ў вадзе скура мякчэла і можна было трываць. Ракавінкі ён намацваў нагамі, потым даставаў рукою і, напоўніўшы кош, нёс у шлюпку. Так працягвалася некалькі гадзін, але стомленасці ён не адчуваў, працаваў як заведзены…
Вецер між тым мацнеў, узбуйняў і пеніў хвалі, і тыя кідаліся на збіральнікаў ракавінак усё больш варожа, як бы хацелі прагнаць іх з абсягаў гэтай воднай прасторы. Прагнаць, каб папярэдзіць што благое? Бо насоўваўся, не іначай, шторм, і трэба было вяртацца дадому. Матросаў паклікалі на смак.
— Тэмпо! Тэмпо! — прыспешваў боцман.
Лявонка ўзабраўся на палубу па вераўчанай лесвіцы, і тут жа зазвінеў якарны ланцуг. Смак нібы ажыў і загайдаўся на хвалях. Вецер дуў з паўднёвага захаду. «Той самы тарнада!» — падумаў ён і пачуў, як над ім, уверсе, голасна закрычалі нейкія птушкі. У шуме вады пазнавалася стоеная трывога. Выраслі і добра-такі ўспеніліся хвалі. Разбіваючыся аб борт, яны абдавалі веерам халодных пырскаў. Смак натужна скрыпеў усімі сваімі снасцямі. Прыбавілі абароты, і карабель стаў набіраць хуткасць. Хвалі раз'юшваліся ўсё больш, пачалі ўжо абрушвацца на палубу і з пенай перакатвацца цераз яе, губляючы сілу і знікаючы за другім бортам.
Раптам наперадзе з'явіліся нейкія агні.
— Патруль! — занепакоіўся боцман і разгублена паглядзеў у бок капітанскага мосціка.
Гэта і сапраўды быў быстраходны шлюп, які мог без асаблівых намаганняў дагнаць не разлічаны на вялікую хуткасць стары рыбацкі смак, і ў ім упаўне магла быць канадская паліцыя. Пражэктарныя агні пагрозліва абмацвалі хвалі.
— Эй, за рулём! — крыкнуў капітан. — Трымай да ветру!
Смак павярнуў убок, і вецер туга дыхнуў у твар. Агні таксама некуды адсунуліся, адсталі, быццам зніклі, але потым ізноў пачалі набліжацца. Адчувалася, што са шлюпа іх заўважылі. Капітан яшчэ раз памяняў курс. Боцман загадаў выкінуць з трума вустрыц, іх выгружалі тымі самымі кашамі, а Лявонка са Спайдэрам высыпалі за борт.
Машына надрывалася, вібрыруючы ўсімі сваімі механізмамі. Кола хрыпла, з перабоямі лапатала па вадзе. У цемнаце Лявонка бачыў, як капітан і боцман нервова пазіралі адзін на аднаго. Смак тыкаўся ў вецер, як у якую сцяну. Усё роўна як нешта павінна было адбыцца.
— Slack here а bit! [11] — крыкнуў капітан, маючы на ўвазе, відаць, машыніста, які стаяў на карме, ля машыны.
Але было позна. Смак, як нейкі падбіты арол, узнёсся ўверх, на грэбень хвалі, і раптам абрынуўся ўніз, захлынаючыся вадой. Наступная хваля ўдарыла яшчэ мацней і змыла з палубы ўсіх, хто на ёй знаходзіўся. Гэта — апошняе, што запомніў прускавец, апынуўшыся ў вірлівай каламуці. Вада выштурхнула яго на паверхню, але з-за хваляў нічога і нікога нельга было ўбачыць, і ён з жахам зразумеў, што дапамогі не будзе, што яе няма адкуль чакаць, што ён адзін у гэтым бязлітасным віры. У свядомасці нібы ў сполахах бліскавіцы адзін за адным узнікалі імгненні пражытага. Выразна паўсталі ў памяці маці, сястрычкі, дзед Кірыла. «І Ганна не дачакаецца. Абяцаў вярнуцца, і раптам такое…» Ён па-сабачы доўга валтузіўся ў вадзе, змагаўся з хвалямі, адплёўваўся і нечакана для сябе заўважыў, як яго прыціснула да нечага цвёрдага. Гэта была перавернутая шлюпка з іх смака, на ёй яны падплывалі да берага за ракавінкамі. З цяжкасцю, кожны раз саслізгваючы, абламваючы пазногці, яму ўсё ж такі ўдалося ўчапіцца за кіль і разам са шлюпкай аддацца на волю лёсу.
11
Зменш абароты! (англ.)
А Спайдэр? А астатнія? І зор чамусьці не відаць. Вада здавалася густой і вязкай, як дзёгаць. Гайдаліся і біліся аб абернутую шлюпку хвалі, заліваючы тапельца. Некуды знік і патруль, як бы яго і не было.
Чалавекам авалодаў нясцерпны адчай: «А можа, я чужы для гэтага свету? Калі чужы, то не выплыву…» Дзесьці ў глыбіні істоты самі па сабе пачалі ўзнікаць словы малітвы. Гэта было дзіўна і нечакана для яго самога — вусны самі шапталі забытыя словы: «Божа міласціў, будзі мяне, грэшнага, саздаве імя Госпадзі, памілуй мя, Госпадзі, без чысла саграшыма, Госпадзі, памілуй…»
Ён паўтараў і паўтараў словы малітвы, пранікаючыся яе містычным сэнсам. Сіл, здаецца, ужо не было, і яму спатрэбіліся невераемныя намаганні, каб не страціць прытомнасць. «А Пруска? Няўжо так і не ўбачу? Нават ведаць нічога не будуць. Што благое падумаюць… Я павінен, павінен змагчы, у мяне павінна хапіць сілы, каб зрабіць гэта…» У галаве мітусілася нейкая бяссэнсіца, абрыўкі думак: «Ну, вось табе і Амэрыка. Гэта ж трэба было ехаць за свет, каб утапіцца». Зноў успомнілася маці. З глыбіні свядомасці выплыў вобраз Ганны. «Не, я павінен жыць, я мушу жыць, я хачу жыць!» Ён яшчэ мацней учапіўся за кіль.