Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

— Здзекуюцца тут над намі! Формана трэба пад суд!

— І боса!

Тыдні са тры праляжаў у бальнічнай пасцелі. Моцны жар удалося збіць пілюлямі, але доўга ляжаць не давялося. Дзень у бальніцы каштаваў два даляры. Крыху ачуняўшы, зноў падаўся на завод. Працаваў да канца зімы, адчуваючы, аднак, што не зусім здаровы. Да знясіленасці дадалася прастуда, і зноў, калі кашляў, паказвалася кроў. На ім усё часцей спыняўся погляд формана. «Чаго гэта ён? — думаў ліцейшчык. — А можа, да яго дайшло, што тады на мітынгу на тым быў? Але ж, здаецца, мяне там ніхто не бачыў… Не, мяняць трэба работу, шукаць нешта іншае…» І ён ужо канчаткова вырашыў гэтак і зрабіць, калі аднойчы перад зменай пачуў ад формана:

— На тваім месцы ўжо працуе чалавек.

Лявонка як абамлеў, а калі да яго вярнулася здольнасць гаварыць, формана побач ужо не было.

Так ён зноў застаўся без работы, апынуўшыся на вуліцы сярод беспрацоўных. Як на тое і грошы скончыліся. Пасля бальніцы іх было не шмат, але на жыццё хапала. Цяпер у кішэні заставалася ўсяго дзесяць даляраў, яшчэ менш, чым у дзень прыезду, калі ён упершыню ступіў на амерыканскую зямлю. Знайсці работу самому — справа практычна безнадзейная. Пагэтаму з раніцы ішоў на біржу працы. Гатовы быў узяцца за любую, самую чорную работу, але яе не было. З фабрык і заводаў звальнялі, начлежкі і паркі былі перапоўнены беспрацоўнымі… Ля біржы ўжо стаяў натоўп беспрацоўных — людзі самых розных узростаў, мужчыны, жанчыны… На абліччах — пячатка нястач і страху. Пагляды скіраваны ў акенца, дзе сядзеў чыноўнік у накрухмаленай сарочцы, шоўкавай камізэльцы, пры гальштуку. Біржавая акула — так беспрацоўныя называлі гэтага чалавека. У зубах у «акулы» — тоўстая сігара. Пагляды беспрацоўных гарэлі надзеяй, але яна не спяшала спраўджвацца. На твары ў «акулы» застыў тупы і нерухомы выраз. Прускавец стаў у канцы. Народу ўсё прыбывала і прыбывала. Падыходзілі і проста цікаўныя, якія мелі працу.

Адзін з такіх цікаўных, чалавек з сытым абліччам, сказаў:

— Тыя, хто хоча атрымаць працу, збіраюцца, каб вы ведалі, на прыватнай біржы.

Прыватнай біржы трэба было плаціць, калі яна прадаставіць работу. Пяць даляраў ён адклаў даўно — на ўсякі выпадак. Вырашыў заўтра падацца на прыватную біржу. У галаве раіліся невясёлыя думкі — на чыесьці спачуванне і дапамогу разлічваць не даводзілася. Прыгадаўся Кляновік: «Калі гэтак здзекавацца над чалавекам, дык сапраўды можна выклікаць рэвалюцыю».

Між тым колькасць беспрацоўных з кожным днём павялічвалася, а работы — ніякай. Хоць у Пруску ўцякай! Былі б грошы, каб тады Падгурскаму не паслаў, дык узяў бы білет і памінай як звалі.

Дома яго якраз і чакаў ліст з радзімы. Пасля звычайных прывітанняў і паклонаў паведамлялася пра будаўніцтва панскай крухмальны «…У нас ужо цёпла. На крухмальні ў Падгурскага самы разгар работы. Ужо выкапалі ставы, падвысілі берагі. Насупраць панскага саду, дзе канчаюцца насыпныя берагі, паставілі запруду. Цяпер, Лявонка, калі прыедзеш, дык Плісу не пазнаеш. Сапраўдная рака. Пад абсталяванне пачалі ўжо будаваць і сам будынак. Прывезлі і тое абсталяванне, якое пан Станіслаў выпісаў ажно з Прусіі. Каб надзейна правезці яго ў двор, давялося рамантаваць не адзін мост па дарозе. Услед за абсталяваннем прыехаў лысы немец — для яго ўстаноўкі. Прозвішча — Лявар. Родам ён з Сілезіі. На жываце целяпаецца ланцужок ад гадзінніка, а сам гадзіннік у кішэні. Усе былі вельмі здзіўлены, калі даведайся, што ён мажа галаву варотамі яйкамі, каб раслі валасы…»

Далей сямейнікі пісалі пра сваё жыццё, якое ішло сваім ходам і было нязменным, пра Ганну, якая «чакае». Ліст заканчваўся спачуваннем Лявонку ў яго становішчы (чужына — гэта заўсёды не соладка) і пажаданнем хуткага вяртання.

Ён прачытаў ліст, падняўся і пастукаў у пакой да Юджына. Той моўчкі сядзеў на сваёй кушэтцы. Гаспадыня ўсё яшчэ трымала яго на кватэры, хоць ён, як і Лявонка, таксама быў без работы. Погляд ірландца ўтаропіўся ў водаправодную трубу, што праходзіла пад самай столлю.

— Жыццё, брат, танная рэч! — сказаў Юджын, калі Лявонка ўвайшоў у яго пакойчык. — Шкада, што ў Дэтройце няма Бруклінскага моста…

Прускавец ведаў: Бруклінскі мост — у Нью-Йорку, нядаўна пабудаваны. Яго паспелі прызвычаіць да сваіх патрэб самагубцы, якія, развітваючыся з жыццём, час ад часу кідаліся з яго ўніз.

— Аднойчы я бачыў,— працягваў Юджын, — на самым версе, — ён паказаў пальцам уверх, якраз туды, дзе была прымацавана водаправодная труба, — маленькую фігурку. Чалавек! — Юджын усміхнуўся. — Праз нейкае імгненне фігурка плаўна, — ён ізноў правёў рукой, — паляцела ўніз. Можа, ён што крычаў, але я нічога не пачуў.

— Знаходзяцца ж людзі,— развёў рукамі прускавец, — якіх настолькі перастала цікавіць жыццё…

— Знаходзяцца…

Лявонка бачыў, што чалавека трэба было як-небудзь падтрымаць. Ён збегаў у магазін і амаль на апошнія грошы купіў хлеба і паўфунта каўбасы. Гэта падбадзёрыла сябра, ён нават павесялеў.

Назаўтра прускавец пайшоў на прыватную біржу, але таксама безвынікова. Вярнуўшыся дадому, адчыніў дзверы ў Юджынаў пакой і ўбачыў, што ірландзец нерухома вісіць на вяроўцы, прычэпленай да водаправоднай трубы. Побач з перавернутай табурэткай валяліся стаптаныя чаравікі. Ён упершыню бачыў самагубцу. «Няўжо такое можа здарыцца з кожным? Хто яны — тыя, хто на гэта рашыўся, — безнадзейныя аўтсайдэры або гумарысты, якім абрыдла цягнуць жыццёвую лямку, ці, наадварот, не хапае дзівакам пачуцця гумару, бо калі б хапала, дык яны таго б не зрабілі…» Смерць ірландца ціснула і прыгнятала жорсткасцю і безвыходнасцю чалавечай долі. Успомніўся Букер. Букер Вашынгтан. Не, там быў няшчасны выпадак. Тут іншае. Хоць, калі падумаць, адно падобна на другое.

Гаспадыня выклікала паліцыю.

— Бывае так, што чалавеку захочацца павесіцца, сам у пяцельку лезе, — сказала яна пасля пахавання.

Лявонка ўспомніў, што яго сусед і сапраўды заглядаўся на столь, на тую злашчасную водаправодную трубу. «Некалі, можа, на гэтым месцы чыясьці калыска вісела… У жыцці ўсё побач…»

Праз колькі дзён, вярнуўшыся з біржы працы, ён убачыў, што яго драўляны чамаданчык выстаўлены ў калідор. «Не інакш прыбіраюць пакой», — падумаў ён, але ўспомніўшы, што не плаціў ужо некалькі тыдняў, зразумеў усё. Джаана праводзіла яго моўчкі, апусціўшы вочы і нават не згадаўшы пра доўг. Кватарант паабяцаў расплаціцца першымі грашыма — як толькі заробіць.

Некалькі начэй спаў у парку, потым нехта параіў яму адну начлежку — начны прытулак. Называлася яна чамусьці — па іроніі лёсу, ці што? — «Каралеўская» і каштавала дзесяць цэнтаў у суткі. Пастаяльцы спалі проста на падлозе. Некаторыя, добра стомленыя, храплі так, што здавалася, разваляцца сцены. У пакоі стаяў застарэлы пах карболкі і нейкіх лекаў. Гаспадыня ці хто з пастаяльцаў часта, відаць, звярталіся да валяр'янавых кропель. Місіс Айрыс — так звалі гаспадыню — на сваёй палавіне трымала шмат катоў. Гэта была худая метыска няпэўнага ўзросту, прыгорбленая, з выцвілымі вачыма. У роце ў яе пастаянна тырчала папяроса. Лявонка запэўніў, што ён не валацуга які-небудзь, а сапраўды шукае работу.

— Зразумела, — пыхнула яна папяросным дымам, — няма работы, няма грошай, а калі няма грошай — нічога няма!

— А якую ж работу вы шукаеце? — умяшаўся ў размову адзін з пастаяльцаў — прысадзісты мужчына з рудымі адтапыранымі вусамі.

— Сам не ведаю, — шчыра прызнаўся новы пастаялец.

— Час зараз цяжкі,— чалавек правёў рукою па вусах, як бы жадаючы іх крыху прыгладзіць.

Лявонка даведаўся, што ён слесар, але ўжо даўно не мае работы.

— А самі адкуль? — пацікавіўся рудавусы.

— Russian.

— О! Гэта вельмі далёка.

— Чаму? Гэта Еўропа.

— І нашто вам было ехаць сюды? Злятаюцца, як мухі на мёд, — дзівілася пані Айрыс, заціснуўшы папяросу ў куток рота.

— Трэба ж свет пабачыць! Як жа без гэтага? — адказаў прускавец, каб заадно падбадзёрыць і сябе самога.

— Свет пабачыць? — паціснула сухімі плячыма пані Айрыс. — Хіба ён не ўсюды аднолькавы?

Слесар з рудымі вусамі — эмігрант з Даніі. Праўда, імя ў яго амерыканскае — Боб. Прызнаўшы ў Лявонку земляка з Еўропы, пазычыў яму два даляры.

Поделиться с друзьями: