Вечары на хутары ля Дзіканькі
Шрифт:
Назаўтра, ледзь толькі пачало змяркацца ў полі, дзед надзеў світку, падперазаўся, узяў пад паху лапату і рыдлёўку, надзеў на галаву шапку, выпіў кухаль сіраўцу [82] , уцёр губы крысом, і пайшоў проста да паповага гароду. Вось мінуў і заплот і нізенькі дубовы лес. Праміж дрэў віецца сцяжынка і выходзіць у поле. Здаецца, тая самая! Вышаў і на поле: месца кропля ў кроплю ўчарайшае: вунь і галубятня тырчыць, але гумна не відаць. «Не, гэта не тое месца. Тое, значыць, далей; трэба, відаць, павярнуць да гумна!» Павярнуў назад, пачаў ісці іншаю дарогаю — гумно відаць, а галубятні няма! Ізноў павярнуў бліжэй да галубятні — гумно схавалася. У полі, як знарок, пачаў накрапваць дожджык. Пабег ізноў да гумна — галубятня прапала; да галубятні — гумно знікла. «А каб ты, пракляты шайтан, не даждаў дзяцей сваіх бачыць!» А дождж прыпусціў, як быццам з вядра. Вось, скінуўшы новыя боты і абгарнуўшы іх хусткай, каб не пакарабаціліся ад дажджу, задаў ён такога драпака, нібыта панскі інаходзец. Улез у курэнь, прамокшы наскрозь, накрыўся кажухом і ўзяўся бурчаць нешта праз зубы і прылашчваць чорта такімі словамі, якіх мне яшчэ зроду не здаралася чуць. Прызнаюся, я-б, напэўна, пачырванеў, калі-б здарылася гэта сярод дня. Назаўтра прачнуўся, гляджу: ужо дзед ходзіць па баштане, нібыта нічога не здарылася, і прыкрывае лопухам кавуны. За абедам ізноў старычына разгаварыўся, пачаў палохаць малодшага брата, што змяняе яго на курэй замест кавуна; а, паабедаўшы, зрабіў сам з дрэва пішчык і пачаў на ім іграць; і даў, нам забаўляцца, дыню, скурчаную ў тры пагібелі, быццам змяю, якую называў ён турэцкаю. Цяпер такіх дынь мне нідзе і не траплялася бачыць. Праўда, насенне яму штосьці здалёк дасталося. Увечары, павячэраўшы ўжо, дзед пайшоў з рыдлёўкаю пракапаць новую градку для позніх гарбузоў. Пачаў праходзіць паўз тое зачарованае месца, не вытрымаў, каб не прабурчаць праз зубы: «праклятае месца!» узышоў на сярэдзіну, дзе не вытанцоўвалася пазаўчора, і ўдарыў усердзіўшыся рыдлёўкаю. Зірк, наўкол яго зноў тое самае поле: з аднаго боку тырчыць галубятня, а з другога гумно. «Ну, добра, што здагадаўся ўзяць з сабою рыдлёўку. Вунь і дарожка! вунь і магілка стаіць! вунь і галіна навалена! вунь-вунь гарыць і свечка. Як-бы толькі не памыліцца». Ціхенька пабег ён, падняўшы рыдлёўку ўгару, як быццам хацеў ёю пачаставаць япрука, які ўбіўся на баштан, і спыніўся перад магілкаю. Свечка пагасла, на магіле ляжаў камень, заросшы травою. «Гэты камень трэба падняць!» падумаў дзед, і пачаў яго абкопваць з усіх бакоў. Вялікі пракляты камень! вось, аднак-жа, упёршыся моцна нагамі ў зямлю, папхнуў ён яго з магілы! «Гу!» пайшло па даліне. «Туды табе і дарога! Цяпер ямчэй пойдзе справа». Тут дзед спыніўся, дастаў ражок, насыпаў на кулак табакі, і быў зрыхтаваўся паднесці да носа, як раптам над галавою яго «чыхі!» чхнула нешта так, што пахіснуліся дрэвы і дзеду апырскала ўвесь твар. «Адвярнуўся хоць-бы ўбок, калі хочаш чхнуць!» прамовіў дзед, праціраючы вочы. Азірнуўся, нікога няма. «Не, не любіць, відаць, чорт табакі!» гаварыў ён далей, кладучы ражок у пазуху і беручыся за рыдлёўку. «Дурань-жа ён, а такой табакі ні дзеду, ні бацьку яго не даводзілася нюхаць!» Пачаў капаць — зямля мяккая, рыдлёўка так і плыве. Вось нешта бразнула. Выкідаўшы зямлю, убачыў ён чыгун. «А, галубок! вось дзе ты!» ускрыкнуў дзед, падсоўваючы пад яго рыдлёўку. «А!.. галубок, вось дзе ты!» запішчаў птушыны нос, клюнуўшы чыгун! Адступіўся дзед і ўпусціў рыдлёўку. «А, галубок, вось дзе ты!» замэкала баранова галава з верхавіны дрэва. «А, галубок, вось дзе ты!» зароў мядзведзь, высунуўшы з-за дрэва сваё рыла. Дрыжыкі пранялі дзеда. «Ды тут страшна слова сказаць!» прабурчэў ён сам сабе. «Тут страшна слова сказаць!» піскнуў птушыны нос. «Страшна слова сказаць!» замэкала баранова галава. «Слова сказаць!» раўнуў мядзведзь. «Гм…» сказаў дзед, і сам перапалохаўся. «Гм!» прапішчаў нос. «Гм!» прамэкаў баран. «Гум!» зароў мядзведзь.
82
Квас.
Са страхам павярнуўся ён: божа ты мой, якая ноч! ні зор, ні месяца; наўкол прорвы; пад нагамі строма без дна; над галавою звесілася гара, і вось-вось, здаецца, так і хоча абарвацца на яго! і ўяўляецца дзеду, што з-за яе міргае нейкая храпа: у! у! нос, як кавальскія мяхі; ноздры — хоць па вядру вады ўлі ў кожную! губы, дальбог, як дзве калоды! чырвоныя вочы выкаціліся наверх, і яшчэ і язык высунула і дражніць! «Чорт з табою!» сказаў дзед, кінуўшы кацёл. «На табе і клад твой! Гэткая-ж паскудная храпа!» і прыўдарыўся быў бегчы, ды агледзеўся і стаў, убачыўшы, што ўсё было паранейшаму. «Гэта толькі палохае нячыстая сіла!» Узяўся ізноў за чыгун — не, цяжкі! Што рабіць? Тут-жа не пакінуць! Вось, сабраўшы ўсе сілы, ухапіўся ён за яго рукамі: «ну, разам, разам! яшчэ, яшчэ!» і выцягнуў! «Ух! цяпер панюхаць табакі!» Дастаў ражок; перш, аднак-жа, чым насыпаць, агледзеўся добра, ці няма каго. Здаецца, што няма; але вось уяўляецца яму, што пень дрэва сапе і надзімаецца, паказваюцца вушы, наліваюцца чырвоныя вочы; ноздры раздзьмуліся, нос паморшчыўся, і вось, так і збіраецца чхнуць. «Не, не панюхаю табакі!» падумаў дзед, схаваўшы ражок: «ізноў заплюе шайтан вочы!» Схапіў хутчэй кацёл, і давай бегчы, колькі ставала духу; толькі чуе, што ззаду нешта так і хвошча дубцамі па нагах… «Ай, ай, ай!» пакрыкваў толькі дзед, прышпорыўшы на ўсю сілу. І як дабег да паповага гароду, тады толькі перавёў крыху дух.
«Куды гэта зайшоў дзед?» думалі мы, чакаючы гадзіны са тры. Ужо з хутара даўно прышла маці і прынесла гаршчок гарачых галушак. Няма, дый няма дзеда! Пачалі ізноў вячэраць самі. Пасля вячэры маці памыла гаршчок і шукала вачыма, куды-б выліць памыі, бо наўкола ўсё былі грады, як бачыць, ідзе проста да яе кухва [83] . На небе было такі цемнавата. Мусіць, хто-небудзь з хлопцаў, дурэючы, схаваўся ззаду і падпіхае яе. «Вось, дарэчы, сюды выліць памыі!» сказала і выліла гарачыя памыі.
83
Род кадушкі, падобнай да перакінутай дагары бочкі. (Слоўн. Гогаля.)
«Ай!» закрычала басам. Зірк — дзед. Ну, хто яго ведае! Дальбог, думалі, што бочка лезе. Прызнаюся, хоць яно і грэшнавата, а, дапраўды, смешна здалося, калі сівая дзедава галава ўся была акунута ў памыі і абвешана лупінамі з кавуноў і дынь.
«Бач, чортава баба!» сказаў дзед, уціраючы галаву крысом: «як апарыла! як быццам свінню перад Калядамі! Ну, хлопцы, будзе цяпер вам на абаранкі. Будзеце, сабачыя дзеці, хадзіць у залатых жупанах! Паглядзіце адно, паглядзіце сюды, што я вам прынёс!» сказаў дзед і адчыніў чыгун. Што-ж бы вы думалі, такое там было? Ну, прынамсі, падумаўшы добра, а? золата? вось у тым-то і рэч, што не золата: смецце, друз… брыдка сказаць, што такое. Плюнуў дзед, кінуў чыгун, і рукі пасля таго памыў.
І ад таго часу закляў дзед і нас верыць чорту, хоць калі. «І не думайце!», казаў ён часта нам: «усё, што ні скажа вораг госпада Хрыста, усё зманіць, сабачы сын! У яго праўды і на капейку няма!» І, бывала, ледзь толькі пачуе стары, што ў каторым месцы неспакойна: «А ну, хлопцы, давайце хрысціць!» закрычыць да нас, «так яго! так яго! як мае быць!» і пачне класці крыжы. А тое праклятае месца, дзе не вытанцоўвалася, загарадзіў пераплотам і загадаў кідаць усё, што ні ёсць паганага, увесь бур'ян і смецце, якія выграбаў з баштана. Дык вось як марочыць нячыстая сіла чалавека! Я ведаю добра гэтую зямлю: пасля таго наймалі яе ў бацькі пад баштан суседнія казакі. Зямля слаўная! і ўраджай заўжды вырастаў на дзіва; але на зачараваным месцы ніколі не было нічога добрага. Засеюць, як належыць, а ўзыйдзе такое, што і разабраць нельга: кавун не кавун, гарбуз не гарбуз, гурок не гурок… чорт ведае, што такое!