Вечары на хутары ля Дзіканькі
Шрифт:
На працягу гэтага часу пачуўся стук брычкі. Вароты зарыпелі; але брычка доўга не ўз'язджала на двор. Гучны голас лаяўся са старою, якая трымала тракцір. «Я ўз'еду», пачуў Іван Фёдаравіч: «але калі хоць адзін клоп укусіць мяне ў тваёй хаце, дык прыб'ю, дальбог, прыб'ю, старая вядзьмарка! і за сена нічога не дам!»
Праз хвіліну дзверы адчыніліся, і ўвайшоў, ці, лепей сказаць, улез таўсты чалавек у зялёным сурдуце. Галава яго нерухома спачывала на кароткай шыі, якая здавалася яшчэ таўсцейшай ад двухпавярховага падбародка. Здавалася, і з выгляду ён належаў да ліку тых людзей, якія ніколі не ламалі галавы над глупствам і ў якіх усё жыццё кацілася, як па масле.
«Добрага здароўя, міласцівы гасудар!» прамовіў ён, убачыўшы Івана Фёдаравіча.
Іван Фёдаравіч бязмоўна пакланіўся.
«А дазвольце спытаць, з кім маю гонар размаўляць?» гаварыў далей таўсты прыезджы. Пры такім допыце Іван Фёдаравіч міжволі падняўся з месца і стаў на выцяжку, што звычайна ён і рабіў заўсёды, калі яго аб чым-небудзь пытаўся палкоўнік. «Адстаўны паручык Іван Фёдараў Шпонька», адказаў ён.
«А ці можна спытаць, у якія мясціны маеце ласку ехаць?»
«Ва ўласны хутар, Вытрэбенькі».
«Вытрэбенькі!» выгукнуў суровы дапытвальнік. «Дазвольце, міласцівы гасудар, дазвольце!» гаварыў ён, падступаючы да яго і размахваючы рукамі, як быццам-бы хто-небудзь яго не дапускаў, або ён прадзіраўся праз натоўп, і, наблізіўшыся, прыняў Івана Фёдаравіча ў свае абдымкі і аблабызаў спачатку ў правую, пасля ў левую, і пасля зноў у правую шчаку. Івану Фёдаравічу вельмі ўпадабалася гэтае лабызанне, бо вусны яго прынялі вялікія шчокі незнаёмага за мяккія падушкі.
«Дазвольце, міласцівы гасудар, пазнаёміцца!» гаварыў далей таўстун: «я памешчык таго-ж Гадзячскага павета і ваш сусед. Жыву ад хутара вашага Вытрэбенькі не далей за пяць вёрст, у сяле Хартышча; а прозвішча маё Грыгорый Грыгор'евіч Сторчанка. Абавязкова, абавязкова, міласцівы гасудар, і знаць вас не хачу, калі не прыедзеце ў госці ў сяло Хартышча. Я цяпер спяшаю па патрэбе… А што гэта?» прамовіў ён рахманым голасам увайшоўшаму свайму жакею, хлапчуку ў казацкай світцы, з залатанымі локцямі, які з недацямнай мінаю стаўляў на стол скруткі і скрынкі: «Што гэта? што?» і голас Грыгорыя Грыгор'евіча непрыкметна рабіўся гразней і гразней. «Хіба гэта я сюды загадаў стаўляць табе, даражэнькі! Хіба гэта я сюды казаў стаўляць табе, падлюга? Хіба я не казаў табе, наперад разагрэць курыцу, шэльма? Пайшоў!» ускрыкнуў ён, тупнуўшы нагою. «Чакай, морда! Дзе паграбец са штофікамі? Іван Фёдаравіч!» гаварыў ён, наліваючы ў чарку настойкі: «прашу пакорна лякарственнай!»
«Дальбог, не магу… я ўжо меў выпадак…» прамовіў Іван Фёдаравіч з запінкаю.
«І слухаць не хачу, міласцівы гасудар!» узвысіў голас памешчык: «і слухаць не хачу! з месца не сыйду, пакуль не апарожніце…»
Іван Фёдаравіч, убачыўшы, што нельга адмовіцца, не без прыемнасці выпіў.
«Гэта курыца, міласцівы гасудар», гаварыў далей тоўсты Грыгорый Грыгор'евіч, разразаючы яе нажом у драўлянай скрынцы. «Патрэбна вам сказаць, што кухарка мая Яўдоха любіць часамі кулікнуць, а таму часта перасушвае. Гэй, хлопча!» тут павярнуўся ён да хлапчука ў казацкай світцы, які прынёс пярыну і падушкі: «пасцялі мне пасцелю на падлозе пасярод хаты! Глядзі-ж, сена накладзі вышэй пад падушку! ды высмакні ў бабы з мычкі шматок кудзелі заткнуць мне вушы на ноч! Патрэбна вам ведаць, міласцівы гасудар, што я маю прызвычаенне затыкаць на ноч вушы ад таго праклятага выпадку, калі ў адной рускай карчме залез мне ў левае вуха таракан. Праклятыя кацапы, як я пасля даведаўся, ядуць нават капусту з тараканамі. Немагчыма апісаць, што дзеялася са мною: у вусе так і казыча, так і казыча… ну, хоць на сцяну! Мне дапамагла ўжо ў нашых мясцінах простая бабулька. І чым-бы вы думалі? проста шэптамі. Што вы скажаце, міласцівы гасудар, пра лекароў? Я думаю, што яны, проста, марочаць і дураць нас. Іншая бабуля ў дваццаць разоў лепей ведае за ўсіх гэтых лекароў».
«Сапраўды, вы маеце ласку гаварыць чыстую праўду. Іншая сапраўды бывае…» Тут ён спыніўся, як-бы не знаходзячы належнага слова. Не шкодзіць тут і мне сказаць, што ён наогул быў не шчодры на словы. Можа, гэта тлумачылася нясмеласцю, а, можа, жаданнем выразіцца прыгажэй.
«Добра, добра ператрасі сена!» гаварыў Грыгорый Грыгор'евіч свайму лакею: «тут сена такое паскуднае, што так і глядзі, як-небудзь трапіць сучок. Дазвольце, міласцівы гасудар, пажадаць спакойнай ночы! Заўтра ўжо не ўбачымся: я выязджаю да зары. Ваш жыд будзе шабашаваць, бо заўтра субота, і таму вам няма чаго ўставаць рана. Не забудзьце-ж мае просьбы, і знаць вас не хачу, калі не прыедзеце ў сяло Хартышча».
Тут камердынер Грыгорыя Грыгор'евіча сцягнуў з яго сурдут і боты і нацягнуў замест гэтага халат, і Грыгорый Грыгор'евіч пакаціўся на пасцель, і, здавалася, вялізная пярына лягла на другую.
«Гэй, хлопча! куды-ж ты, падлюга? Ідзі сюды, папраў мне коўдру! Гэй, хлопча, падмасці пад галаву сена! Ды што, коней ужо напаілі? Яшчэ сена! сюды, пад гэты бок! ды папраў, падлюга, добра коўдру! Вось так, яшчэ! ох!..» Тут Грыгорый Грыгор'евіч яшчэ ўздыхнуў разы два і пусціў страшны ********** насавы свіст па ўсім пакоі, пахропваючы часамі так, што старая, якая драмала на ляжанцы, абудзіўшыся, раптам глядзела ў абодва вокі на ўсе бакі, але, не бачачы нічога, супакойвалася і засынала зноў.
Назаўтра, калі прачнуўся Іван Фёдаравіч, ужо таўстога памешчыка не было. Гэта была толькі адна прыкметная падзея, якая здарылася з ім па дарозе. На трэці дзень пасля гэтага набліжаўся ён да свайго хутарка.
Тут адчуў ён, што сэрца ў ім моцна забілася, калі выглянуў, махаючы крыламі, вятрак і калі, па меры таго, як жыд гнаў сваіх кляч на гару, паказваўся ўнізе рад вербаў. Жыва і ярка блішчала праз іх сажалка і дыхала свежасцю. Тут некалі ён купаўся. У гэтай самай сажалцы ён некалі з хлапчукамі брадзіў па шыю ў вадзе за ракамі. Кібітка ўз'ехала на грэблю, і Іван Фёдаравіч убачыў той самы старасвецкі дамок, накрыты ачарэтам [79] ; тыя-ж самыя яблыні і чарэшні, па якіх ён калісьці крадком лазіў. Толькі што ўз'ехаў ён на двор, як збегліся з усіх бакоў сабакі ўсіх гатункаў: рудыя, чорныя, шэрыя, пярэстыя. Некаторыя з брэхам кідаліся пад ногі коням; другія беглі ззаду, заўважыўшы, што вось вымазана салам. Адзін, стоячы каля кухні і накрыўшы лапаю костку, заліваўся ва ўсё горла; другі брахаў здалёк і бегаў узад і ўперад, павільваючы хвастом і як быццам прыгаварваючы: паглядзіце, людзі хрышчоныя, які я цудоўны малады чалавек! Хлапчаняты ў запэцканых кашулях беглі глядзець. Свіння, якая хадзіла па дварэ з шаснаццаццю парасятамі, падняла ўгору з дапытлівым выглядам свой лыч і рохкнула тучней, як звычайна. На дварэ ляжала на зямлі мноства пасцілак з пшаніцаю, просам і ячменем, што сушыліся на сонцы. На страсе таксама сушылася не мала рознастайных траў: Пятровых батагоў, нячуй-вітэра ды іншых. Іван Фёдаравіч так быў заняты разгляданнем гэтага, што схамянуўся толькі тады, калі пярэсты сабака ўкусіў за лытку жыда, які злазіў з козлаў. Збеглася дворня, якая складалася з кухаркі, адной бабы і двух дзевак у шарсцяных спадніцах, пасля першых выгукаў: та се-ж паныч наш! абвясцілі, што цётухна садзіла ў гародзе пшанічку, разам з дзеўкаю Палашкаю і фурманам Амелькам, які часта выконваў абавязкі і гародніка і вартаўніка. Але цётухна, якая яшчэ здалёк убачыла рагожную кібітку, была ўжо тут. І Іван Фёдаравіч здзівіўся, калі яна амаль падняла яго на руках, як быццам не даючы веры, ці тая гэта цётухна, што пісала да яго пра сваю старасць і хваробу.
79
Трысцём.
III. Цётухна
Цётухна Васіліса Кашпораўна ў гэты час мела год каля пяцідзесяці. Замужам яна ніколі не была, і звычайна гаварыла, што жыццё дзявочае для яе даражэй за ўсё. Зрэшты, колькі мне помніцца, ніхто і не сватаў яе. Гэта паходзіла ад таго, што ўсе мужчыны адчувалі пры ёй нейкую нясмеласць і ніяк не мелі духу зрабіць ёй прызнанне: «Вельмі з вялікім характарам Васіліса Кашпораўна!» гаварылі жаніхі, і казалі чыстую праўду, бо Васіліса Кашпораўна хоць каго ўмела зрабіць цішэй травы. П'яніцу-мельніка, які зусім быў ні да чаго не здатны, яна, уласнаю сваёю мужнаю рукою тузаючы штодня за чуб, без усякага старонняга сродку, умела зрабіць золатам, а не чалавекам. Рост яна мела амаль волатаўскі, самавітасць і сілу зусім суразмерную. Здавалася, што прырода зрабіла недаравальную памылку, прызначыўшы ёй насіць цёмнакарычневую ў буднія дні капоту з дробнымі зборкамі і чырвоны кашаміраўскі шаль на Вялікдзень і на свае імяніны, тады як ёй больш за ўсё пасавалі-б драгунскія вусы і доўгія батфорты. Затое заняткі яе зусім адпавядалі яе выгляду: яна каталася сама на лодцы, кіруючы вяслом майстэрней за ўсякага рыбалова; страляла дзічыну; стаяла неадступна над касцамі; ведала на зубок лік дынь і кавуноў на баштане; брала пошліну па пяць капеек з воза, які праязджаў цераз яе грэблю; узлазіла на дрэва і трэсла ігрушы; біла ляных васалаў сваёй страшнаю рукою і падносіла дастойным чарку гарэлкі з тае-ж грознай рукі. Амаль у адзін час яна лаялася, фарбавала пражу, бегала на кухню, рабіла квас, варыла мядовае варэнне, і захаджавалася ўвесь дзень і ўсюды паспявала. Вынікам з гэтага было тое, што маленькі маёнтачак Івана Фёдаравіча, які складаўся з восемнаццаці душ паводле апошняй рэвізіі, квітнеў у поўным сэнсе гэтага слова. Да таго-ж яна надта горача любіла свайго пляменніка і старанна збірала для яго капейку. Пасля прыезду дамоў, жыццё Івана Фёдаравіча рашуча змянілася і пайшло зусім іншаю дарогаю. Здавалася, натура іменна стварыла яго для кіравання восемнаццацідушным маёнткам. Сама цётухна заўважыла, што ён будзе добрым гаспадаром, хоць, зрэшты, не ва ўсе яшчэ галіны гаспадаркі дазваляла яму ўмешвацца. «Воно ще молода дытына!» звычайна казала яна, не зважаючы на тое, што Івану Фёдаравічу было без малога сорак год: «дзе яму ўсё ведаць!» Аднак-жа ён неадлучна знаходзіўся ў полі пры жанцах і касцах, і гэта давала асалоду невыказную яго рахманай душы. Аднадушны ўзмах дзесятка і болей зіхатлівых кос; шасценне травы, якая падала роўнымі радамі; зрэдку пераліўныя песні жней, то вясёлыя, як сустрэча гасцей, то тужлівыя, як расстанне; спакойны, чысты вечар, і што за вечар! як вольна і свежа паветра! як тады ажыўлена ўсё: стэп чырванее, сінее і гарыць кветкамі; перапёлкі, дрофы, кнігаўкі, цвіркуны, тысячы казюлек, і ад іх свіст, гудзенне, трэск, крык і раптам суладны хор; і ўсё не маўчыць ні на хвіліну. А сонца садзіцца і хаваецца. У! як свежа і добра! Па полі, то там, то сям, раскладаюцца агні і стаўляюць чыгуны, і наўкол чыгуноў сядаюць вусатыя касцы. Пара ад галушак сцелецца. Змярканне шарэе. Цяжка расказаць, што рабілася з Іванам Фёдаравічам. Ён забываў, далучаючыся да касцоў, пакаштаваць іхніх галушак, якія вельмі любіў, і стаяў нерухома на адным месцы, сочачы вачыма за прападаўшай у небе кнігаўкай, або лічачы копы нажатага збожжа, якія ўнізвалі поле.
За кароткі час пра Івана Фёдаравіча ўсюды пайшлі размовы, як пра вялікага гаспадара. Цётухна не магла нарадавацца з свайго пляменніка, і ніколі не мінала выпадку ім па выхваляцца. За адзін дзень, — гэта было пасля ўжо сканчэння жніва, і іменна ў канцы ліпеня, — Васіліса Кашпораўна, узяўшы Івана Фёдаравіча з таямнічым выглядам за руку, сказала, што яна цяпер хоча пагаварыць з ім пра справу, якая з даўніх пор яе займае.
«Табе, шаноўны Іван Фёдаравіч», так яна пачала: «вядома, што ў тваім хутары восемнаццаць душ, зрэшты, гэта паводле рэвізіі, а без таго, можа, назбіраецца болей, можа, будзе каля дваццаці чатырох. Але не аб гэтым справа. Ты ведаеш той лясок, што за нашаю левадаю [80] і, пэўна, ведаеш за тым-жа лесам шырокі луг: у ім дваццаць амаль дзесяцін; а травы столькі, што можна кожны год прадаваць болей, як на сто рублёў, асабліва, калі, як гавораць, у Гадзячы будзе конны полк».
80
Сядзібаю. (Слоўн. Гогаля.)
«Як-жа, цётухна, ведаю: трава вельмі добрая». «Гэта я сама ведаю, што вельмі добрая; але ці ведаеш ты, што ўся гэтая зямля, па-сапраўднаму, твая. Чаго ты так вылупіў вочы? Слухай, Іван Фёдаравіч! Ты помніш Сцяпана Кузьміча? Што я кажу; помніш! Ты быў тады такі маленькі, што не мог нават вымавіць яго імені. Куды-ж! я помню, калі прыехала на самыя запускі, перад Піліпаўкай, і ўзяла была цябе на рукі, дык ты ледзь не сапсаваў мне ўсяе сукенкі; на шчасце, што паспела перадаць цябе мамцы Матроне. Такі ты тады быў паскудны!.. Але не аб гэтым справа. Уся зямля, што за нашым хутарам, і самое сяло Хартышча, было Сцяпана Кузьміча. Ён, патрэбна табе абвясціць, яшчэ цябе не было на свеце, як пачаў ездзіць да твае матухны; праўда, у такі час, калі бацькі твайго не было дома. Але я, аднак-жа, не ў дакор гэта ёй гавару. Упакой, госпадзі, яе душу! — хоць нябожчыца была заўжды няправая супраць мяне. Не аб гэтым справа. Як-бы там ні было, толькі Сцяпан Кузьміч зрабіў табе даравальны напіс на той самы маёнтак, пра які я табе гаварыла. Але нябожчыца, твая матухна, паміж намі будзь сказана, мела вельмі дзівацкі нораў. Сам чорт, госпадзі даруй мне за гэта брыдкае слова, не здолеў-бы зразумець яе. Куды яна падзела гэты запіс — адзін бог ведае. Я мяркую, проста, што ён у руках гэтага старога халасцяка Грыгорыя Грыгор'евіча Сторчанка. Гэтаму пузатаму шэльму дастаўся ўвесь яго маёнтак. Я гатова стаўляць, бог ведае што, калі ён не ўтаіў запісу».
«Дазвольце далажыць, цётухна: ці не той гэта Сторчанка, з якім я пазнаёміўся на станцыі?» Тут Іван Фёдаравіч расказаў пра сваю сустрэчу.
«Хто яго ведае!» адказала, крыху падумаўшы, цётухна: «можа, ён і не нягоднік. Праўда, ён, усяго толькі поўгода, як пераехаў да нас жыць; за такі час чалавека не ўведаеш. Старая, матухна яго, я чула, вельмі разумная жанчына і, кажуць, вялікая майстроўка саліць гуркі. Дываны ўласныя дзеўкі яе ўмеюць адменна добра вырабляць. Але паколькі ты гаворыш, што ён цябе добра прыняў, дык паедзь да яго. Можа, стары грэшнік паслухае сумлення і аддасць, што належыць не яму. Бадай што, можаш, паехаць і ў брычцы, толькі праклятыя хлапчаняты павыцягвалі ззаду ўсе цвікі; трэба будзе сказаць фурману Амельку, каб прыбіў усюды лепей скуру».