Вечары на хутары ля Дзіканькі
Шрифт:
XI
«Супакой сябе, мая любая сястра!» гаварыў стары есаул Гарабець. «Сны мала калі гавораць праўду».
«Прыляж, сястрыца!» гаварыла маладая яго нявестка. «Я паклічу бабку, варажбітку, супраць яе ніякая сіла не ўстоіць. Яна выліе пярэпалах табе».
«Нічога не бойся!» гаварыў сын яго, хапаючыся за шаблю. «Ніхто цябе не пакрыўдзіць».
Панура, памутнелымі вачыма, глядзела на ўсіх Кацярына і не знаходзіла слоў. «Я сама зрабіла сабе пагібель. Я выпусціла яго». Нарэшце яна сказала: «Мне няма ад яго спакою! Вось ужо дзесяць дзён я ў вас у Кіеве; а гора ні кроплі не паменшала. Думала, буду хоць у цішыні гадаваць на помсту сына… Страшны, страшны прыбачыўся ён мне ў сне! Крый божа і вам убачыць яго! Сэрца маё да гэтага часу б'ецца. Я засяку тваё дзіця, Кацярына! крычаў ён, калі не выйдзеш за мяне замуж…» і зарыдаўшы, кінулася яна да калыскі; а спалоханае дзіця працягнула ручкі і крычала.
Кіпеў і ззяў сын есаула ад гневу, чуючы такія словы.
Расхадзіўся і сам есаул Гарабець: «Хай папрабуе ён, акаянны антыхрыст, прыйсці сюды; пакаштуе, ці бывае сіла ў руках старога казака. Бог сведка», гаварыў ён, падымаючы ўгару праніклівыя вочы: «ці не ляцеў я падаць руку брату Данілу? Яго святая воля! застаў ужо на халоднай пасцелі, на якой шмат, шмат уляглося казацкага народа. Затое хіба не раскошная была трызна па ім? ці выпусцілі хоць аднаго ляха жывога? Супакойся-ж, дзіця маё! ніхто не адважыцца цябе пакрыўдзіць, хіба ўжо ні мяне не будзе, ні майго сына».
Скончыўшы словы свае, стары есаул падышоў да калыскі і дзіця, убачыўшы вісеўшую на рэмені ў яго ў срэбранай аправе чырвоную люльку і гаман [72] з бліскучым крэсівам, працягнула да яго ручкі і засмяялася. «Па бацьку пойдзе», сказаў стары есаул, здымаючы з сябе люльку і аддаючы яму: «яшчэ ад калыскі не адышоў, а ўжо думае курыць люльку».
Ціха ўздыхнула Кацярына і пачала гайдаць калыску. Змовіліся перабыць ноч разам, і мала пачакаўшы заснулі ўсе. Заснула і Кацярына.
72
Род бумажніка, дзе трымаюць крэсіва, крэмень, губку, табаку, а часам і грошы. (Слоўн. Гогаля.)
На дварэ і ў хаце ўсё было ціха; не спалі толькі казакі, што стаялі напагатове. Раптам Кацярына, ускрыкнуўшы, прачнулася, і за ёю прачнуліся ўсе. «Ён забіты, ён зарэзаны!» крычала яна і кінулася да калыскі. Усе абступілі калыску і ўкамянелі ад страху, пабачыўшы, што ў ёй ляжала нежывое дзіця. Ні гуку не вымавіў ніводзін з іх, не ведаючы, што думаць пра нечуванае злачынства.
XII
Далёка ад Украінскага краю, праехаўшы Польшчу, прамінуўшы і многалюдны горад Лемберг, ідуць радамі высокаверхія горы. Гара за гарою, быццам каменнымі ланцугамі, перакідаюць яны направа і налева зямлю і абкоўваюць яе каменнай таўшчызною, каб не высыхала шумнае і буйнае мора. Ідуць каменныя ланцугі ў Валахію і ў Седміградскую вобласць і аграмадзінай сталі ў выглядзе падковы паміж галічскім і венгерскім народам. Няма такіх гор у нашай старане. Вока не адважваецца азірнуць іх; а на вяршыню некаторых не заходзіла і нага чалавека. Дзівосны і выгляд іх: ці не задорыстае мора выбегла ў буру з шырокіх берагоў, ускінула віхурай пачварныя хвалі, і яны, скамянеўшы, засталіся нерухомыя ў паветры? Ці не абарваліся з неба цяжкія хмары і заграмаздзілі сабою зямлю? бо і на іх гэткі-ж шэры колер, а белая верхавінка блішчыць і іскрыцца пры сонцы. Яшчэ да Карпацкіх гор пачуеш рускую гаману, і за гарамі яшчэ, там-сям, адгукнецца як быццам роднае слова; а там ужо і вера не тая, і гаворка не тая. Жыве не малалюдны народ венгерскі; ездзіць на конях, сячэцца і п'е не горш за казака; а за конную збрую і дарагія кафтаны не шкадуе даставаць з кішэні чырвонцы. Прывольныя і вялікія ёсць паміж гор азёры. Як шкло нерухомы яны і як люстра адбіваюць у сабе голыя вяршыні гор і зялёныя іх падэшвы.
Але хто сярод начы, блішчаць ці не блішчаць зоры, едзе на велізарным вараным кані? які асілак з нечалавечым ростам скача пад гарамі, над азёрамі, адсвечваецца з валатоўскім канём у нерухомых водах, і бясконцы цень яго страшна мільгае па гарах. Блішчаць чаканеныя латы; на плячы дзіда; грыміць пры сядле шабля; шалом насунуты; вусы чарнеюць; вочы заплюшчаны; вейкі апушчаны — ён спіць. І, сонны, трымае паводдзе, і за ім сядзіць на тым-жа кані дзіця паж, і таксама спіць, і сонны трымаецца за асілка. Хто ён, куды, навошта едзе? — хто яго ведае. Не дзень, не два ўжо ён пераязджае торы. Блісне дзень, узыйдзе сонца, яго не відаць; зрэдку толькі прыкмячалі горцы, што па гарах мільгае нейчы доўгі цень, а неба яснае, і хмары не пройдзе па ім. Як толькі-ж ноч навядзе цемру, зноў ён відзён і адбіваецца ў азёрах, і за ім дрыжучы скача цень яго. Ужо шмат праехаў ён гор і ўз'ехаў на Крыван. Вышэй за гэту гару няма паміж Карпатаў: як цар узвышаецца яна па-над іншымі. Тут спыніўся конь і коннік, і яшчэ глыбей ахінуўся ў сон, і хмары, спусціўшыся, закрылі яго.
XIII
«Тс… ціха, баба! не стукай так, дзіця маё заснула. Доўга крычаў сын мой, цяпер спіць. Я пайду ў лес, баба! Ды што-ж ты так глядзіш на мяне? Ты страшная: у цябе з вачэй выцягваюцца жалёзныя клешчы… ух, якія даўгія! і гараць, як агонь! Ты, пэўна, вядзьмарка! О, калі вядзьмарка, дык згінь адгэтуль! Ты ўкрадзеш майго сына. Які бесталковы, гэты есаул: ён думае, мне весела жыць у Кіеве; не, тут і муж і сын мой; хто-ж будзе глядзець за хатай? Я пайшла так ціха, што ні кот, ні сабака не пачуў. Ты хочаш, баба, зрабіцца маладою — гэта зусім не цяжка: трэба танцаваць толькі; глядзі, як я танцую…» і прагаварыўшы такія бязладныя словы, ужо імчалася Кацярына, шалёна паглядаючы на ўсе бакі і падпіраючыся рукамі ў бокі. З вішчэннем прытупвала яна нагамі; без меры, без такту звінелі срэбраныя падковы. Незаплеценыя чорныя косы кідаліся па белай шыі. Як птушка, не спыняючыся, ляцела яна, размахваючы рукамі і ківаючы галавою, і здавалася, быццам знясілеўшы грымнецца вобземлю, ці вылеціць са свету.
Сумна стаяла старая нянька, і слязамі наліліся яе глыбокія зморшчыны; цяжкі камень ляжаў на сэрцы ў верных хлопцаў, якія глядзелі на сваю пані. Ужо зусім аслабла яна і лена тупала нагамі на адным месцы, думаючы, што танцуе горліцу. «А ў мяне маністы ёсць, парубкі!» сказала яна нарэшце, спыніўшыся: «а ў вас няма!.. Дзе муж мой?» закрычала яна раптам, выхапіўшы з-за пояса турэцкі кінжал. «О, гэта не такі нож, як трэба». Пры гэтым і слёзы і туга паказаліся ў яе на твары. «У бацькі майго далёка сэрца, ён не дастане да яго. У яго сэрца з жалеза выкута. Яму выкула адна вядзьмарка на пякельным агні. Што-ж не ідзе бацька мой? хіба ён не ведае, што час закалоць яго? Відаць ён хоча, каб я сама прышла…» і не дакончыўшы, дзіўна засмяялася. «Мне прышла ў галаву пацешная гісторыя: я ўспамянула, як хавалі майго мужа. Яго-ж жывога пахавалі… які смех браў мяне… слухайце! слухайце!» і замест слоў пачала яна спяваць песню:
Бижыть возок кровавенькій; У тим возку козак лежить, Постреляный, порубаный. В правій ручци дротык держить, С того дроту кривця бижыть. Бижыть рика кровавая. Над ричкою явор стоить. Над явором ворон кряче. За козаком маты плаче. Не плачь, маты, не журыся! Бо вже твій сын оженывся. Та взяв жинку паняночку, В чистом поле земляночку, И без дверець, без оконець. Та вже писни вышов конец. Танціовала рыба з раком… А хто мене не полюбить, трясця его матерь!Так пераблытваліся ў яе ўсе песні. Ужо і дзень і два жыве яна ў сваёй хаце і не хоча слухаць пра Кіеў, і не моліцца, і цураецца людзей; з раніцы да позняга вечара блукае па цёмных дубровах. Вострае сучча абдзірае белы твар і плечы; вецер блытае расплеценыя косы; даўняе лісце шуміць пад нагамі яе — ні на што не глядзіць яна. У час, калі вячэрняя зара гасне, яшчэ не з'яўляюцца зоры, не гарыць месяц, а ўжо страшна хадзіць у лесе, па дрэвах драпаюцца і хапаюцца за сучча нехрышчоныя дзеці, рыдаюць, рагочуць, коцяцца клубам па дарогах і ў шырокай крапіве; з дняпроўскіх хваль выбягаюць шнурам загубіўшыя сваю душу дзяўчаты; валасы ліюцца з зялёнай галавы на плечы, рада, гучна буркочучы, бяжыць з даўгіх кос на зямлю, і дзяўчына свеціцца праз ваду, нібыта праз шкляную кашулю; вусны дзівосна ўсміхаюцца, шчокі палаюць, вочы выманьваюць душу… яна згарэла-б ад кахання, яна зацалавала-б… Бяжы! хрышчоны чалавек! вусны яе — лёд, пасцель — халодная вада; яна заказыча цябе і зацягне ў раку. Кацярына не глядзіць ні на каго, не баіцца, шалёная, русалак, бегае позна з нажом сваім і шукае бацькі.
З самага рання прыехаў нейкі госць, зграбны сабою, у чырвоным жупане, і пытаецца пра пана Данілу; чуе ўсё, уцірае рукавом заплаканыя вочы і паціскае плячыма. Ён, бачыш, ваяваў разам з нябожчыкам Бурульбашам; разам секліся яны з крымцамі і туркамі, ці чакаў ён, каб такі канец быў пана Данілы. Расказвае госць аб шмат чым іншым і хоча бачыць пані Кацярыну.
Кацярына спачатку не слухала нічога, што гаварыў госць, на астатак пачала, як разумная, услухвацца ў яго гаворку. Ён распачаў пра тое, як яны жылі разам з Данілам, быццам брат з братам; як схаваліся аднойчы пад грэбляю ад крымцаў.. Кацярына ўсё слухала і не зводзіла з яго вачэй.
«Яна адыйдзе!» думалі хлопцы, пазіраючы на яе. «Гэты госць яе вылечыць! яна ўжо слухае, як разумная!»
Госць пачаў расказваць тым часам, як пан Даніла, пад час шчырай гаворкі, сказаў яму: «Глядзі, брат Капран, калі воляй божаю мяне не будзе на свеце, вазьмі да сябе жонку, і няхай будзе яна тваёю жонкаю…»
Страшна ўстроміла ў яго вочы Кацярына. «А!» ускрыкнула яна: «гэта ён! гэта бацька!» і кінулася на яго з нажом.
Доўга бораўся той, тужачыся вырваць у яе нож. На рэшце вырваў, замахнуўся — і адбылася страшная справа: бацька забіў звар'яцелую дачку сваю.