Вечары на хутары ля Дзіканькі
Шрифт:
Ухапіўся, аднак-жа, казак за сук, і адзін толькі конь паляцеў на дно. Пачаў ён брацца, з сынам за плячыма, угару; мала ўжо і не дабраўся, падняў вочы і ўбачыў, што Пятро наставіў дзіду, каб сапхнуць яго назад. „Божа ты мой, праведны, лепей-бы мне не падымаць вачэй, чым бачыць, як родны брат настаўляе дзіду сапхнуць мяне назад. Брат мой любы! калі мяне дзідай, калі мне ўжо так напісана на раду, але вазьмі сына! чым бязвіннае дзіця вінавата, каб яму загінуць такою лютаю смерцю!“ Засмяяўся Пятро і папхнуў яго дзідай, і казак з дзіцем паляцеў на дно. Забраў сабе Пятро ўсё дабро і пачаў жыць, як паша. Табуноў ні ў каго такіх не было, як у Пятра. Авечак і бараноў нідзе столькі не было. І памёр Пятро.
Як памёр Пятро, паклікаў бог душы абодвух братоў, Пятра і Івана, на суд. „Вялікі ёсць грэшнік гэты чалавек!“ сказаў бог. „Іване! я не выберу яму хутка кары; выберы ты сам яму кару!“ Доўга думаў Іван, прыдумваючы кару, і нарэшце сказаў: „Вялікую крыўду зрабіў мне гэты чалавек: здрадзіў брату свайму, як Іуда, і пазбавіў мяне шаноўнага майго роду і патомства на зямлі. А чалавек без шаноўнага роду і патомства, што насенне збожжа, якое кінута ў зямлю і марна прапала ў зямлі. Руні няма — ніхто і не дазнаецца, што кінута было насенне.
Зрабі-ж, божа, так, каб усё патомства яго не мела на зямлі шчасця! каб апошні ў родзе быў такі злачынца, якога яшчэ і свет не трываў! І ад кожнага яго злачынства, каб дзяды і прадзеды яго не знайшлі-б спакою ў трунах, і, церпячы пакуту, невядомую на свеце, падымаліся-б з магіл! І Іуда Пятро, каб не меў сілы падняцца, і ад таго цярпеў-бы пакуту яшчэ горшую; і еў-бы, як шалёны, зямлю, і курчыўся-б пад зямлёю!
І калі прыдзе час меры ў злачынствах таму чалавеку, уздымі мяне, божа, з тае прорвы на кані на самую высокую гару, і няхай прыдзе ён да мяне, і кіну я яго з той гары ў самую глыбокую прорву, і ўсе мерцвякі, яго дзяды і прадзеды, дзе-б ні жылі пры жыцці, каб усе пацягнуліся з розных бакоў зямлі грызці яго, за тыя пакуты, што ён рабіў ім, і вечна-б яго грызлі, і павесяліўся-б я, гледзячы на яго пакуты! А Іуда Пятро каб не мог падняцца з зямлі, каб рваўся грызці і сябе, але грыз-бы самога сябе, а косці яго раслі-б, чым далей, болей, каб праз тое яшчэ мацней рабіўся яго боль. Тая пакута для яго будзе самая страшная: бо для чалавека няма большай пакуты, як хацець адпомсціць і не мець сілы адпомсціць“.
„Страшная кара, што выдумаў ты, чалавеча!“ сказаў бог. „Няхай будзе ўсё так, як ты сказаў, але і ты сядзі вечна там на кані сваім, і не будзе табе царства нябеснага, пакуль ты будзеш сядзець там на кані сваім!“ І тое ўсё так спраўдзілася, як было сказана: і дагэтуль стаіць на Карпаце на кані дзівосны рыцар, і бачыць, як у бяздоннай прорве грызуць мерцвякі мерцвяка, і чуе, як мярцвяк, што ляжыць пад зямлёю, расце, грызе ў страшных пакутах свае косці і страшна трасе ўсю зямлю…»
Ужо сляпы скончыў сваю песню; ужо зноў пачаў перабіраць струны; пачаў ужо спяваць смешныя прыказкі пра Хаму і Ярому, Сткляра Стаказу… але старыя і малыя ўсё яшчэ не думалі схамянуцца і доўга стаялі, панурыўшы галовы, раздумваючы пра страшную справу, што здарылася ў старыя часы.
Іван Фёдаравіч Шпонька і яго цётухна
З гэтай гісторыяй здарылася гісторыя: нам расказваў яе Сцяпан Іванавіч Курачка, які прыязджаў з Гадзяча. Трэба вам ведаць, што памяць у мяне, немагчыма выказаць, што за дрэнь: хоць кажы, хоць не кажы, усё адно. Тое-ж самае, што ў рэшата ваду лі. Ведаючы за сабою такі грэх, знарок прасіў яго спісаць яе ў сшытак. Ну, дай бог яму здароўя, чалавек ён быў заўсёды добры для мяне, узяў і спісаў. Паклаў я яе ў маленькі столік; вы, думаю, яго добра ведаеце: ён стаіць у кутку, калі ўвойдзеш у дзверы… Але, я і забыўся, што вы ў мяне ніколі не былі. Старая мая, з якою жыву ўжо год трыццаць разам, грамаце зроду не вучылася; няма чаго і граху таіць. Вось заўважаю я, што яна піражкі пячэ ўсё на нейкай паперы. Піражкі яна, шаноўныя чытачы, наўздзіў добра пячэ; лепшых піражкоў вы нідзе не будзеце есці. Зірнуў неяк на сподку піражка, гляджу: пісаныя словы. Як быццам сэрца ў мяне ведала: прыходжу да століка — сшытка і палавіны няма! Рэштку лісткоў усю расцягала на пірагі. Што загадаеш рабіць? Не пабіцца-ж на старасці год. Летась здаралася праязджаць цераз Гадзяч. Знарок яшчэ, не даязджаючы горада, завязаў вузельчык, каб не забыцца папрасіць аб гэтым Сцяпана Іванавіча. Гэтага мала: узяў абяцанне з самога сябе, як толькі чхну ў горадзе, каб пры гэтым успамянуць пра яго. Усё дарэмна. Праехаў цераз горад, і чхнуў і высмаркаўся ў хустачку, а ўсё забыў; ды ўжо ўспамянуў, як вёрст шэсць ад'ехаў ад заставы. Няма чаго рабіць, давялося друкаваць без канца. Зрэшты, калі хто жадае абавязкова ведаць, пра што гаворыцца ў гэтай аповесці, дык яму варта толькі сумысля прыехаць у Гадзяч і папрасіць Сцяпана Іванавіча. Ён з вялікай прыемнасцю раскажа яе, хоць, калі будзе ахвота, зноў ад пачатку да канца. Жыве ён недалёка ад каменнае царквы. Тут ёсць зараз маленькі завулак: як толькі звернеш у завулак, дык будуць другія ці трэція вароты. Але, вось лепей: калі ўбачыце на дварэ вялікую жэрдку з перапёлкаю і выйдзе вам насустрач тоўстая баба ў зялёнай спадніцы (ён, не шкодзіць сказаць, вядзе жыццё халастое), дык гэта яго двор. Зрэшты, вы можаце яго стрэць на рынку, дзе бывае ён кожную раніцу да дзевятай гадзіны, выбірае рыбу і зеляніну для свайго стала і размаўляе з айцом Анціпам, або з жыдам-адкупшчыкам. Вы яго адразу пазнаеце, бо ні ў каго няма, апрача яго, нагавіц з каляровай выбойкі і кітайчатага жоўтага сурдута. Вось яшчэ вам прыкмета: калі ходзіць ён, дык заўжды размахвае рукамі. Яшчэ нябожчык тутэйшы засядацель, Дзяніс Пятровіч, заўсёды, бывала, убачыўшы яго здалёк, гаварыў: «глядзіце, глядзіце, вунь ідзе вятрак!»
I. Іван Фёдаравіч Шпонька
Ужо чатыры гады, як Іван Фёдаравіч Шпонька ў адстаўцы і жыве ў хутары сваім Вытрэбеньках. Калі ён быў яшчэ Ванюшам, дык навучаўся ў гадзячскім павятовым вучылішчы, і, трэба сказаць, што быў вельмі дабрадзейны і вельмі старанны хлапчук. Настаўнік расійскай граматыкі, Нікіфар Цімафеевіч Дзеепрычасце, казаў, што калі-б усе ў яго былі такія старанныя, як Шпонька, дык ён не насіў-бы з сабою ў клас кляновай лінейкі, якою, як сам ён прызнаваўся, зморваўся біць па руках ляных і гарэзнікаў. Сшытак у яго быў заўсёды чысценькі, наўкруга аблінаваны, нідзе ні плямінкі. Сядзеў ён заўжды ціха, склаўшы рукі і ўтаропіўшы вочы на настаўніка, і ніколі не прывешваў таварышу, які сядзеў наперадзе яго, на спіну паперак, не рэзаў лаўкі і не гуляў да прыходу настаўніка ў цеснай бабы [73] . Калі каму патрэбен быў ножык навастрыць пяро, дык ён не марудзячы зварочваўся да Івана Фёдаравіча, ведаючы, што ў яго заўсёды быў ножык, і Іван Фёдаравіч, тады яшчэ проста Ванюша, даставаў яго з невялікага скуранога футлярчыка, прывязанага да пятлі свайго шэранькага сурдута, і прасіў толькі не скрабсці пяра лязом ножыка, упэўняючы, што для гэтага ёсць тупы бок. Такая добранраўнасць хутка прыцягнула да яго ўвагу нават самога настаўніка лацінскае мовы, адзін кашаль якога ў сенях, перш чым высоўваўся ў дзверы яго фрызавы [74] шынель і твар, развузораны воспаю, наводзіў страх на ўвесь клас. Гэты страшны настаўнік, у якога на кафедры заўжды ляжала два пучкі розаг, і палавіна слухачоў стаяла на каленях, зрабіў Івана Фёдаравіча аудыторам [75] , не зважаючы на тое, што ў класе было шмат з куды лепшымі здольнасцямі. Тут нельга прапусціць адзін выпадак, які зрабіў уплыў на ўсё яго жыццё. Адзін з даручаных яму вучняў, каб схіліць свайго аудытора напісаць яму ў спісу scit [76] , у той час як ён свайго задання ў зуб не ведаў, прынёс у клас загорнуты ў паперу, абліты маслам, блінец. Іван Фёдаравіч, хоць і прытрымліваўся справядлівасці, але на той час быў галодны і не мог супраціўляцца спакусе; узяў блінец, паставіў перад сабою кніжку і пачаў есці. І так быў заняты гэтым, што нават не заўважыў, што ў класе надыйшла раптам мёртвая цішыня. Тады толькі з жахам схамянуўся ён, калі страшная рука, працягнуўшыся з фрызавага шыняля, ухапіла яго за вуха і выцягнула на сярэдзіну класа. «Падай сюды блінец! Падай, кажуць табе, нягоднік!» сказаў грозны настаўнік, схапіў пальцамі масляны блінец і выкінуў яго за акно, сурова забараніўшы бегаўшым на дварэ школьнікам падымаць яго. Пасля гэтага тут-жа вельмі балюча высек Івана Фёдаравіча па руках. І дарэчы: рукі вінны, нашто бралі, а не іншая частка цела. Як-бы там ні было, толькі ад гэтага часу нясмеласць, і без таго неразлучная з ім, павялічылася яшчэ болей. Можа, гэтае самае здарэнне было прычынай таго, што ён не меў ніколі жадання паступіць на штацкую службу, бачачы з практыкі, што не заўсёды ўдаецца прыхаваць канцы. Было ўжо яму без нечага пятнаццаць гадоў, калі перайшоў ён у другі клас, дзе, заместа скарочанага катэхізіса і чатырох правіл арыфметыкі, узяўся ён за пашыраны, за кнігу аб прызначэннях чалавека і за дробы. Але, убачыўшы, што чым далей у лес, тым болей дроў, і атрымаўшы вестку, што бацюхна загадаў доўга жыць, прабыў яшчэ два гады і, са згоды матухны, паступіў потым у П*** пяхотны полк. П*** пяхотны полк быў зусім не такога гатунку, да якога належаць шмат якія пяхотныя палкі, і, не зважаючы на тое, што ён пераважна стаяў па вёсках, аднак-жа быў на такой назе, што не ўступаў некаторым і кавалерыйскім. Большая частка афіцэраў піла вымаразкі і ўмела цягаць жыдоў за пэйсікі не горш за гусараў; некалькі чалавек нават танцавала мазурку, і палкоўнік П*** палка ніколі не мінаў выпадку зазначыць гэта, размаўляючы з кім-небудзь у кампаніі. «У мяне», казаў ён звычайна, ляпаючы сябе па чэраве пасля кожнага слова: «многія танцуюць мазурку; вельмі многія; вельмі многія». Каб яшчэ болыш паказаць чытачам адукаванасць П*** пяхотнага палка, мы дададзім, што двое з афіцэраў былі заўзятыя ігракі ў банк і прагульвалі мундзір, фуражку, шынель, цямляк і нават сподняе, а гэта не ўсюды і паміж кавалерыстаў можна адшукаць. Абыходжанне з такімі таварышамі, аднак-жа, ні на кроплю не зменшыла баязлівасці Івана Фёдаравіча. І паколькі ён не піў вымаразак, аддаючы перавагу чарцы гарэлкі перад абедам і вячэраю, не танцаваў мазуркі і не гуляў у банк, дык, натуральна, павінен быў заўсёды заставацца адзін. Такім чынам, калі іншыя раз'язджалі на абыватальскіх па дробных памешчыках, ён, седзячы на сваёй кватэры, практыкаваўся ў занятках, уласцівых толькі добрай і сціплай душы: то чысціў гузікі, то чытаў варажбітную кнігу, то стаўляў мышалоўкі па кутках свайго пакоя, то, нарэшце, скінуўшы мундзір, ляжаў на ложку. Затое ў палку не было нікога больш упраўнага за Івана Фёдаравіча. І ўзводам сваім ён так камандаваў, што ротны камандзір заўсёды ставіў яго за прыклад. Затое ў хуткім часе, праз адзінаццаць год пасля атрымання прапаршчыцкага чыну, ён быў падвышаны ў падпаручыкі.
73
Гульня, у якую гуляюць школьнікі ў класе: ціснуцца цесна на лаўцы, пакуль адна палавіна не выцісне другую. (Слоўн. Гогаля.)
74
З тоўстай шарсцяной тканіны.
75
Аудытор — старэйшы вучань, які правяраў веды малодшых.
76
Ведае.
На працягу гэтага часу ён атрымаў вестку, што матухна сканала, а цётухна, родная сястра матухны, якую ён ведаў толькі таму, што яна прывозіла яму ў маленстве і пасылала нават у Гадзяч сушапыя ігрушы і робленыя ёю самою вельмі смачныя пернікі (з матухнай яна была пасварыўшыся, і таму Іван Фёдаравіч пасля не бачыў яе), гэтая цётухна, з свае дабрадушнасці, узялася кіраваць невялікім яго маёнткам, пра што паведаміла яго ў свой час пісьмом. Іван Фёдаравіч, будучы зусім упэўнены ў разважлівасці цётухны, пачаў паранейшаму выконваць сваю службу. Іншы на яго месцы, атрымаўшы такі чын, заганарыўся-б; але гордасць зусім была яму невядома. І, зрабіўшыся падпаручыкам, ён быў той самы Іван Фёдаравіч, якім быў некалі і ў прапаршчыцкім чыне. Прабыўшы чатыры гады пасля гэтай значнай для яго падзеі, ён рыхтаваўся выступіць разам з палком з Магілеўскай губерні ў Вялікаросію, як атрымаў пісьмо такога зместу:
«Шаноўны пляменнік, Іван Фёдаравіч!
Пасылаю табе бялізну: пяць пар ніцяных шкарпэтак і чатыры кашулі тонкага палатна; ды яшчэ хачу пагаварыць з табою пра справу: паколькі ты ўжо маеш чьн немалаважны, што, мяркую, табе вядома, і прышоў у такія гады, што час і за гаспадарку ўзяцца, дык у воінскай службе табе няма чаго болей служыць. Я ўжо старая і не магу ўсяго даглядзець у тваёй гаспадарцы; дый сапраўды, шмат чаго маю табе адкрыць асабіста. Прыязджай, Ванюша; у чаканні сапраўднай прыемнасці цябе бачыць, застаюся многалюбячая твая цётка
Васіліса Цупчэўська.
Цудоўная ў гародзе ў нас вырасла рэпа, болей падобна да бульбы, чым да рэпы».
Праз тыдзень пасля атрымання гэтага пісьма, Іван Фёдаравіч напісаў такі адказ:
«Міласцівая гасударыня, цётухна Васіліса Кашпораўна!
Надта дзякую вам за прысылку бялізны. Асабліва шкарпэткі ў мяне вельмі старыя, што нават дзяншчык цыраваў іх чатыры разы і вельмі ад таго зрабіліся вузкія. Наконт вашай думкі пра маю службу, я зусім згодзен з вамі, і пазаўчора падаў адстаўку. А як толькі атрымаю звальненне, дык найму рамізніка. Ранейшай вашай камісіі [77] , наконт насення пшаніцы, сібірскай арнауткі [78] , не мог выканаць: ва ўсёй Магілеўскай губерні няма такой. Свіней-жа тут кормяць у большасці брагаю, падмешваючы крыху адыграўшага піва.
З выключнай пашанай, міласцівая гасударыня цётухна, застаюся пляменнікам
Іванам Шпонькаю».
77
Даручэнне.
78
Гатунак пшаніцы.
Нарэшце, Іван Фёдаравіч атрымаў адстаўку з чынам паручыка, наняў за сорак рублёў жыда ад Магілева да Гадзяча, і сеў у кібітку ў той самы час, калі дрэвы апрануліся маладымі, яшчэ рэдкімі лісцямі, уся зямля ярка зазелянела свежай зелянінаю і па ўсім полі пахла вясною.
II. Дарога
У дарозе нічога не здарылася надта прыкметнага. Ехалі з нечым два тыдні. Можа, яшчэ і хутчэй-бы прыехаў Іван Фёдаравіч, але набожны жыд шабашаваў па суботах, і, накрыўшыся сваёй папонай, маліўся ўвесь дзень. Зрэшты, Іван Фёдаравіч, як ужо меў я выпадак зазначыць раней, быў такі чалавек, які не дапускаў да сябе нуды. У той час развязваў ён чамадан, даставаў бялізну, разглядаў яе, ці так памыта, ці так складзена, здымаў асцярожна пушок з новага мундзіра, пашытага ўжо без пагончыкаў, і зноў усё гэта складаў найлепшым чынам. Кніг ён, наогул сказаць, не любіў чытаць; а калі і заглядаў часамі ў варажбітную кнігу, дык гэта таму, што любіў страчаць там знаёмае, чытанае ўжо некалькі разоў. Так гарадскі жыхар накіроўваецца кожны дзень у клуб, не для таго, каб пачуць там што-небудзь новае, але каб спаткаць там тых прыяцеляў, з якімі ён ужо з незапамятных часоў прызвычаіўся дзейкаць у клубе. Так чыноўнік з вялікай асалодаю чытае адрас-каляндар па некалькі разоў на дзень, не для якіх-небудзь дыпламатычных вымудраў, але яго надзвычайна цешыць друкаваны роспіс імёнаў. «А! Іван Гаўрылавіч такі-та!» паўтарае ён глуха сам сабе. «А! вось і я! гм!» І наступны раз зноў перачытвае яго з тымі-ж выгукамі.
Пасля двухтыднёвай язды Іван Фёдаравіч дасягнуў вёсачкі, якая знаходзілася за сто вёрст ад Гадзяча. Гэта было ў пятніцу. Сонца даўно ўжо зайшло, калі ён уз'ехаў з жыдам і кібіткаю на пастаялы двор. Гэты пастаялы двор нічым не адрозніваўся ад іншых пабудаваных у невялікіх вёсачках. У іх звычайна з вялікай стараннасцю частуюць падарожніка сенам і аўсом, як быццам ён быў паштовым канём. Але калі-б ён захацеў паснедаць, як звычайна снедаюць прыстойныя людзі, дык захаваў-бы ў непарушнасці свой апетыт да іншага выпадку. Іван Фёдаравіч, ведаючы гэта, загадзя прызапасіў два вяслы абаранкаў і каўбасу і, заказаўшы чарку гарэлкі, у якой не бывае нястачы ні ў адным пастаялым двары, пачаў сваю вячэру, сеўшы на лаўцы перад дубовым сталом, нерухома ўкапаным у гліняную падлогу.