Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Вока тайфуна

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Караблі рыхтаваліся да выхаду ў мора.

Мічман дастаў папяросу, пераканаўся, што ў пачку запалак няма, ляснуў сябе па кішэнях.

— Вазьміце, таварыш мічман.

За ціхім спевам дызеляў, што пачаўся хвіліну назад, Дубавец не пачуў крокаў мінёра Кані. "Карабельны мастак" працягваў яму запалкі.

— Дзякуй.

Пакурваючы, яны глядзелі, як агеньчыкі караблёў цягнуліся да выхаду з гавані.

— Вам, мабыць, яшчэ ў вайну даводзілася сто разоў такое бачыць?

— У вайну пры выхадзе ані агеньчыка. Ані гуку.

Нейкая насцярожанасць заўсёды непакоіла Дубаўца, калі побач быў мінёр Анатоль Каня. Занадта ўжо непадобныя яны былі між сабою. І параўнанне тое было невыгаднае для мічмана, а таму ён увесь час думаў над гэтым непадабенствам.

Не дужа высокі, але да таго ладны, што глядзець весела. Сядзіць на ім усё зграбна, падагнана. У двухсотрублёвым гарнітуры іншы так не выглядае, як гэты ў звычайнай шапцы, целагрэйцы, ватовых штанах і ботах. Такога хаця ў дзяружку зашый — усё адно фацэт.

Нічога ён супраць яго не меў: служыць, працаўнік, сябра не заложыць, на чужой спіне ў рай не палезе, а ўсё ж… Мо таму, што мінёру ўсё на свеце ўдавалася ў сто разоў лягчэй, чым яму, мо таму, што ён са шчаслівай лёгкасцю, гуляючы, заваёўваў усё, што ён, мічман, браў цяжкай працай. Нават сябрамі людзі яму рабіліся пасля першага слова, а то й пасля першай усмешкі.

Усмешка і праўда добрая. Кепскія людзі такой не выціснуць. І вочы адчайдушна-вясёлыя, цёмныя, злёгку міндалевідныя. І чуб хвалісты. Крыху выліцаваты, але вакол рота ніжэй гэтых скул такая цвёрдая прыгожая гульня мускулаў, што скул гэтых і не заўважаеш.

Адсюль, пэўна, і насцярожанасць. Адчуванне, што каб давялося сядзець за адной партай, танцаваць на адной пляцоўцы і ўсё такое — гэты гуляючы ўзяў бы верх. Ужо не кажучы пра тое ягонае маляванне. Шмат у якіх сяброў, дый у камандзіраў многіх напісаныя ім партрэты. Дужа жывыя, толькі што не гавораць, і — гэта мічману здавалася містыкай — падобныя з арыгіналам, як два кітайцы адзін на аднаго.

— Гляньце, агні цягнуцца да выхаду з бухты, — сказаў Каня.

— Ну.

— Вясёлкавы які арэол вакол кожнага агня! Ле-едзь прыкметны. А колерам… вось зімой такое кола вакол поўні бывае.

Мічману стала ніякавата і нават крыху сорамна.

— Агні як агні, — сказаў ён. Бадай што пад вечар будзе вецер. Са снегам.

Тут жа ён не пахваліў сябе за сухі тон.

— Чаго ж гэта ты, Анатоль, не спіш?

— Не спіцца нешта.

Ён усміхнуўся так прасветлена і шчасліва, што Дубавец зразумеў: бясссонніца тут і не з'яўлялася. Матросу перашкаджала спаць нейкая вялізная радасць, нейкае лікаванне, што аж распірала яго. І радасць гэтая была з тых, якімі абавязкова неабходна падзяліцца, як бывае неабходна падзяліцца горам. Мічман разумеў гэтую патрэбу ў чужой зацікаўленасці, хаця сам ніколі на такое не пайшоў бы.

— Пра дзяўчыну задумаўся? — штучна ўдаўшы гэтую зацікаўленасць, спытаў Сцяпан.

Матрос толькі яшчэ шырэй усміхнуўся, непрыкметна схіліўшы галаву.

"Чаму гэта людзі, калі яны шчаслівыя, усміхаюцца заўсёды дурнавата, — падумаў мічман. — Вось і гэты. Хаця, што з яго ўзяць? Юнак яшчэ. Амаль дзіця. Я ў яго гады ўжо дзевяць год адплаваў"

Ён забыў, што ягонае "плаванне" пачалося, мякка кажучы, супраціўна натуры і здароваму чалавечаму сэнсу.

— І добрая хаця дзяўчына? — ён задаваў пытанні толькі таму, што работы ўсё адно яшчэ не было. — Дзе пазнаёміліся хаця?

— Ды вы ж сведкам былі… Хаця не… Вы тады ў водпуску былі. Гэта падчас таго лістападаўскага выхаду, калі хворых з Рагвольда здымалі.

— Казалі мне нешта такое… Я тады на поўдні ўпершыню быў. У Сачaх… Ну…

Анатоль закурыў.

— Мы ўжо назад тады вярталіся. Радаваліся, вось-вось база, а там і горад. Драіліся, прасаваліся, усё такое. І раптам загад: ісці на востраў, зняць і даставіць хворых. Ведаеце, як пасыплюцца ўжо няшчасці — падстаўляй торбу. Усе злыя. Камандзір маўчыць. Галоўны мінёр чорта прыпамінае.

"Ясна чаму, — адзначыў мічман. — Раней ён, бывала, у выпадку чаго і матам мог. Я гэта до-обра памятаю. Завязаў, бо аднойчы ўпрыцемку не разабраў, дый пусціў да мамы не таго, каго трэба. Нічога добрага з гэтага для яго не атрымалася".

А ў голас сказаў:

— То што?

— Лаяўся больш так, прывычка… Таму што справы былі сур'ёзныя. Матарыста аднаго з кавасакі кінула хваляй — клетку грудную памяла. Ну і жанчына: цяжкі выпадак апендыцыту… Добра, пайшлі. А тут не мора — вадзяное пекла: ваду нясе, пену з валоў зрывае. Дыхаць амаль немагчыма, не паветра, а ледзяны перасолены суп.

"Бач ты, паeзію развёў, — з іроніяй падумаў Дубавец, напэўна, цябе, пяюна, бабы слухаць любяць".

— Падыходзіць наш "Тайфун" да месца высадкі, і мы ўсе бачым: не толькі караблю — шлюпцы падысці да берага не ўдасца, такі накат. Валы б'юць, назад са скал сплываюць. Зялёныя, каламутныя, шкляныя. А там чакаюць. Паміраюць, можа. Тады старлей вырашыў: няхай двох са шлюпак дабіраюцца да берага проста так.

— Ножкамі? — спытаў мічман.

— Гэ-э, ножкамі. Дзе ножкамі, а дзе й турманам. Таму што як нападдасць хваля, як адвесіць ляшча ў кармавы абвод, дык пасля хоць месяц задраты бегай. Ад трусоў і то балюча.

У абодвух былі іранічныя твары, ды і ў словах гучала іронія. Гаварыць аб такіх звычайных рэчах, калі небяспека мінула і забылася, было чамусьці сорамна.

— Пакуль да берага ракам далезлі — выгляд у нас быў, нібы нас праз земнаснарад прапусцілі. А назад яшчэ горш. Нясём іх на руках. Ну, ясна, кожны канцом абвязаўся, так што цягнуць. І то, пакуль дабраліся, насёрбаўся я салоных гуркоў па глотку і яшчэ вышэй. І, верыце, таварыш мічман, сіняк ад шыі да кіля цэлы месяц не сходзіў.

— Марна. Гэта ж не кожны дзень такое, — сказаў Сцяпан. — Запомні першы запавет падначаленага: с… на берасцень, не будуць біць кожны дзень.

Каня ўсміхнуўся і раптам сказаў, нібы прызнаваўся:

— Я ж амаль не магу, калі вада ледзяная. Іншы плыве, і нічога, а ў мяне адразу сутаргі. І такія, што ўзвыў бы, як шэры на каляды. І ногі, і рукі, і ўсё…

— А дзяўчына?

— Ну, даставілі мы іх на карабель. Я й не разгледзеў яе амаль. Веі толькі. Цень на палову шчакі. А потым яна мне ліст напісала з падзякай… Я адказаў.

— Сустракаліся?

— Ды разы тры.

— І як, цікава ёй з табою?

— Думаю — так. А пра мяне й казаць няма чаго. Асвета мая крыху падкачала — нічога, дацягну. Мне ж дваццаць два толькі.

"Усё яшчэ наперадзе, — падумаў мічман. — І тут табе, малец, сто ачкоў дадзена перад іншымі. Што ж, памагай бог".

— Харошая жанчынка. Засмяецца, дык і ў мяне ад смеху ўсё нутро хвалюецца. Я, таварыш мічман, каб убачыў што нехта яе пакрыўдзіў, я б таму свінюку за гэта такога чуба даў, што ён бы лысы з бальніцы выйшаў. І то — толькі праз месяц. Дужа добры чалавек. І ведае шмат, хаця тут чаго ж здзіўляцца… Метэаролаг… Станцыя іхняя на Рагвольдзе.

Невядома чаму, але Дубавец раптам адчуў сябе так, нібы нехта выліў яму за шкірку спачатку конаўку гарачай, а пасля конаўку ледзяной вады. Усёй падсвядомасцю ён быў ужо ўпэўнены ў адказе, нейкім невядомым інстынктам ведаў яго і ўсё ж спытаў, не мог не спытаць:

Поделиться с друзьями: