Вока тайфуна
Шрифт:
— Ну, а завуць як?
— Яўгенія… Жэня… Аўгіння па-нашаму… Антонаўна.
Нешта апусцілася ўнутры ў Дубаўца. Адчуваючы незямны, нечалавечы холад і пустату, але ўсё яшчэ без надзеі спадзеючыся на нешта, ён глуха сказаў:
— Метэаролаг з Рагвольда… Т-так… Прозвішча часам не Арсенцева?
— Угу. А вы што, ведаеце яе?
— Здаецца, не ведаю. Але чуў неяк… Так, здаецца, я пра яе калісьці нешта чуў.
Ён хацеў сказаць яшчэ штосьці, і ён баяўся сказаць, баяўся, што сарвецца, зарыкае ад ярасці і болю.
Выручылі яго званы гучнага бою. Яны крычалі нібы не над тральшчыкам, не над свінцовай бухтай, над якой бляднела перадсвітанне, не над рабрыстымі голымі сопкамі, а нібыта ў вушах, у грудзях, у галаве.
Час было брацца за справу. Уваходзіць у гэты тлумны, пахмурны, абрыдлівы і, аднак, будзённы, калі не лічыць болю, дзень. Самы для яго пракляты з усіх дзён, якія былі калі-небудзь і будуць.
Павольна цурчала за кармой тральшчыка густая, масляная вада. Скупавата свяціла праз тонкія, але частыя аблокі сонца, што яшчэ амаль не давала цеплыні. Хвалі ў яго слабым, рассеяным ззянні здаваліся зялёнымі.
З левага борта, вельмі далёка, можна было заўважыць яшчэ некалькі тральшчыкаў, якія скарадзілі мора. Там, калі глянуць дакладна ў напрамку на норд у моцны марскі бінокль, далёка за тральшчыкамі можна было заўважыць шэрую палоску: аблокі, што ляжалі над высокімі сопкамі нябачнага адсюль берага.
Справа, з зюйдавага боку — караблі ішлі курсам "ост", — быў вiдзён тральшчык-напарнік. Толькі ён ішоў марысцее "Тайфуна", быў далей за яго ад берага.
У той дзень работы было да д'ябла. Знішчылі чатыры міны. Мінёр "Тайфуна" старлей Андрэй Сцівен, той самы, што паслаў кудысь не таго, каго трэба, цадзіў праз зубы:
— Чартаўня нейкая. Не мора, а суп з клёцкамі. З д'яблавымі фрыкадэлькамі, тры чарты ім ніжэй хваста.
Высачэзны, бялявы, з вечна прыжмуранымі светлымі вачамі ён ад свайго дабрадушша і лаяўся проста так, дзеля парадку. І мічман думаў, што дарэмна яму тады нагарэла, дарэмна ён займае месца, на якім цудоўна справіўся б і лейтэнант.
Чатыры разы шлюпка адвальвала падрываць міны. На вёслах Анатоль Каня. З ім здаравенны, кубічны, старшына Іван Красоўскі. Чатыры разы ўставалі за кармой гейзеры шалёнай вады, узносіліся проста ў неба і ападалі, і нехта быццам біў магутнаю далонню па барабанных перапонках, і, каб часова не аглухнуць, даводзілася разяўляць рот.
І ўвесь гэты дзень мічман мімаволі сачыў за мінёрамі, i думаў аб ім. Вось ліхаманкава вяслуюць да карабля, вось узлятае за імі белы слуп вады, і, калі асядуць апошнія пырскі, Каня крычыць нешта здзеклівае, весела выскаляючы белыя зубы.
Дзіўна, ён, Дубавец, ён жа быў амаль спакойны, пакуль ведаў, што побач з ёй нікога няма. Ён прымірыўся б нават з яе замужжам, што з ёю муж, калі б толькі не ведаць яго. Але вышэй усякага цярпення было думаць, што яе кахаюць і, магчыма, кахае яна, што гэты чалавек увесь час побач, што не ўцячэш ад яго, не схаваешся, што з ім трэба гаварыць, хай сабе толькі на службовыя тэмы.
"Ідзе на шлюпцы. Прыгожыя, эканомныя, дакладныя рухі рук. Чаму я быў амаль спакойны да гэтай раніцы? Спадзяваўся? Не, проста суцяшаўся — нічыя. Свінства!"
Дубавец ненавідзеў сябе за гэтае вартае жалю суцяшэнне, за ідыёцкую рэўнасць, за ўсё. І аднак не мог думаць іначай, бо ніколі не думаў, што гэта так цяжка.
"Пісакі пісалі: "сэрца баліць". Брахня. Нічога такога ніколі не было на свеце ні ў яго, мічмана Дубаўца, і ні ў кога іншага. Пабрахенькі!"
І вось зараз ён адчуваў такі неадольны, фізічны боль у сэрцы, што яму здавалася: ён памірае.
…Калі ўзарвалі другую міну, аднекуль з глыбінь, з таго, што нават думкай не назавеш, усплыло цёмнае…
"Мабыць, не балела б так, мабыць, было б лягчэй, каб Каня схібіў".
Ён адразу ж, нават не асэнсаваўшы ясней, жахнуўся гэтаму, пачварнаму, што ў адну хвіліну перакрэслівала і бездакорнасць ягонай працы, і жыццё. Да фізічнага болю недзе з левага боку грудзей прыбавілася яшчэ і пякучая пагарда да сябе. І гэты боль, гэтая пагарда нібы далі яму зразумець, што ён ненавідзіць мінёра так, як яшчэ ніколі і нікога ў жыцці.
"Чаму ж яго? Чаму менавіта яго? Чаму не кагосьці іншага, з якім яны не асуджаны быць на адным караблі?"
Ён думаў, што каб яна пакахала кагось сталага, мужнага, вопытнага, тады ўсё было б іначай. Ён не мог не думаць, што мінёр на год старэйшы за яе і гэта добра, але ён глушыў гэтую думку.
"Маладзён, шчанюк, салага зялёная. Што ў ім, халера яго забірай, можна было ўбачыць? Фарбамі мажа? Умее мянціць наконт ар-рэола вакол агнёў? Пэцкаль. Прыпёрлі б цябе, як нас у шхерах у сорак трэцім — тросся б, як сабачы хвост, бабзно!"
Ён знаходзіў для яго самыя жорсткія, грубыя, знішчальна-крыўдныя словы. І сам жа чырванеў, быццам гэта яму, Дубаўцу, кідалі іх у твар.
"Добра, няхай я малпа на твар. Ты паводзінамі — малпа".
А ў сэрца нібы рыўкамі ўваходзіла тонкая, востая ігла.
Размыты, ці то шэры, ці то сонечны, нерэальны дагараў над морам дзень. Няпэўны, нібы зусім бясшкодны. І, адначасова, сама гэтая няпэўнасць нечым насцерагала, прымушала з трывогаю чакаць чагосьці ўстойлівага, каб ужо добра ці дрэнна, але нешта было.
Мічман меў рацыю ў сваім прадчуванні: вецер падвячоркам рэзка пасвяжэў, а пасля стаў "дужа свежым". Гэта яшчэ не быў шторм, але тое, што адбывалася вакол, было на грані яго. Хвалі кіпелі, віравалі, узблісквалі пад зусім ужо нізкім, трывожным сонцам, усплёсквалі белымі грывамі. Грабяні іхнія, па меры таго як паміралі сонечныя праменні, бы нейкім злым чарадзействам ператвараліся ў цяжкое волава і свінец. Злавесныя валы каціліся з-за далягляду і былі цёмныя і нават на выгляд цяжкія, як базальт.
…Апошні, ледзь не праз ваду ўжо, пробліск сонца быў пранізліва-трагічны і журботны.
Амаль такое ж страшнае сонца мічман бачыў год восем назад, калі ўраганны вецер кінуў іх у самае "вока тайфуна", напаўжывых, закатаваных утрапёным шаленствам стыхіі. Шмат гадзін з верхавіны ў бяздонне між тытанічных валоў. І ведаеш, што гэта вар'яцтва на многія дзесяткі міль вакол цябе, і раптам — роўнядзь вады, а вакол, па коле, бягуць шматтонныя вадзяныя волаты. І скачок у гэтую цішыню, і раптам поўная ціша, і вакол, як сцены, круцяцца непраглядныя смярчы, а над галавой, у маленькім, як пятачок, прасвеце, гнеўнае сонца. Студня, з якой ужо няма выхаду. "Вока тайфуна", сэрца яго. Быццам з дна чорнай прорвы глядзіш, быццам няма табе іншай дарогі, акрамя дарогі да неба.