Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Вясна ўвосень

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

карміць.

Дзеці не засынаюць. Тады пайшла кабета, назбірала на полі дробных каменьчыкаў (а іх было сапраўды як бобу), высыпала ў кацёл і паставіла на агонь. Настолькі бедная была хата, што і печкі няма.

Варацца каменьчыкі. Паснулі дзеці. Супакоіліся. Разбудзіць матка -наядуцца. Варацца каменьчыкі - да канца свету ім варыцца. Да канца свету плакаць матцы.

Ажно ўваходзіць у хату нейкі чалавек. Сам доўгі, кашчавы, з кіем, торбай, адкуль нейкія травы тырчаць. І вочы пранізлівыя:

– Добры вечар у хату. Пусціце абагрэцца.

Грэйся, добры чалавек. Толькі пачаставаць цябе няма чым.

– А што ж у катле варыш?

– Гэта, добры чалавек, каб дзяцей прысыпіць да заўтра, - і прыўзняла крышку катла.

– Гэт-та што такое?

– Камні. Муж у войску - можа, й забілі. Прасіла ў суседа чагосьці - не даў. Толькі й засталося на гэтай зямлі беднаму чалавеку каменьчыкі есці.

– Што ж ён?! Дзецям не даў?! Проста дзецям?!

– Не даў.

– Д-добра, - сказаў незнаёмы.
– Бяры кацёл. Пайшлі.

Прыйшлі на надзел. Незнаёмы паставіў кацёл, азірнуўся: ля хаты Ігнат стаіць. Цікуе. А што гэта яны там робяць? Чаго кацёл прынеслі?

А незнаёмы той быў Вялікі Чараўнік. Толькі чараваць яму ў жыцці дадзена было тысячу разоў і засталіся лічаныя разы. І нічога ён тым сваім чараўніцтвам не дабіўся. Як дагэтуль ішло, так і пасля.

“Але тут, - думае, - здужаю”.

Узяў ён з катла жменю каменьчыкаў і са свістам, як з сявенькі, сыпануў па раллі. І яшчэ, і яшчэ, і яшчэ.

– Што ж ты, - паскардзілася Мар’я.
– Так загон благі, а ты яшчэ й каменьчыкамі, што сабрала, падсяваеш.

– Маўчы, - сказаў той.
– Глядзі, што будзе.

– Так ёй, - сказаў Ігнат.
– Таксама мне, дзеці. Ва ўсіх дзеці. Муж на вайне. Гм, таксама мне, страшная штука вайна.

А незнаёмы сыпе і сыпе. Увесь загон каменьчыкамі засеяў. Россып. Дзецца

няма дзе.

Мар’я плача. Ігнат смяецца. Балаган на кірмашы, і толькі.

Глядзі, жанчына, - сказаў незнаёмы.

Тая зірнула - і вачам не паверыла: растуць каменьчыкі. Вунь ужо камяні сталі. Памерам з два кулакі.

– Збяры частку, пакладзі ў кацёл, - сказаў незнаёмы.
– Пастаў варыць

дзецям.

У Ігната вочы на лоб палезлі. А жанчына панесла кацёл з каменнямі ў хату. Прыйшла - камяні яшчэ падраслі.

– Глядзі, жанчына, за адзін дзень я табе ўсё пакажу. Заўтра будзеш капаць. А ва ўсе наступныя разы будзе гэта цягнуцца цэлае лета. Глядзі.

І тут камяні пачалі зарывацца ў зямлю. Як ружовыя, жоўтыя і белыя парсючкі. Ігнат аж счумеў. Вачыма толькі водзіць, нібы ў чужы гарох залез, а яго, злодзея, заспелі.

Пачакалі яны крыху - з’явіліся з зямлі парасткі, гусцець пачалі.

— Прынясі, кабета, матыку, - сказаў незнаёмы.

Тая прынесла. Расточкі ўжо ў кусцікі ператварыліся.

– Пацяпай вось так. Загарні ім ножкі ў кажушок... І яшчэ раз загарні.

А кусцікі ўжо амаль кусты.

І вось ужо на кустах заззяла мора кветак. Белыя, ружовыя, лілаватыя, ружова-белыя зорачкі. І ўсе з жоўтым сэрцайкам.

— Вось цяпер можаш яе памацаць на выбар, - сказаў незнаёмы.
– Гэта як дзеці галодныя.

І выняў два камяні з-пад куста.

Пасля засумавалі кусты, паблякла іх лакіравана-шурпатая, зялёная зверху і матавая спадыспаду паверхня, пасохла гікаўё.

– Ну вось, заўтра будзеш капаць. На ўсю зіму хопіць, - сказаў незнаёмы.
– І з суседзямі падзяліся.

– Ясна, - сказала Мар’я, бо ўжо далятаў з хаты сыты, некаменны дух.
– З суседзямі найперш.

– Мне! Мне!
– кінуўся Ігнат.
– Мне перш за ўсё! Мне! Я іх кармлю-паю!

– І на работу наймаеш?
– спытаў незнаёмы. Выняў адзін камень, і той закурэў у ягоных руках, а чалавек разламаў яго, пасаліў і стаў есці.
– І не адмовіў ім у ежы, калі галадалі?

– Мне! Мне! Наймаю, кармлю.

– Добра, - сказаў незнаёмы.
– Набяры мне кацёл каменьчыкаў са свайго поля. Ды хутчэй.

Ігнат чуйдух прыляцеў з катлом. Самых буйных, з кулак, камянёў нацягаў.

– Во! Во! У мяне ж і каменьчыкі. Во ў мяне, дык камні з кулак. А гэтыя ж лайдакі, хіба ў іх камні. Слёзы, а не камні.

– Слёзы, - сказаў незнаёмы.
– Дык хочаш, каб у цябе яшчэ больш стала? Усё ж ёсць. Што даў - такі і плод.

– Мне! Мне! У мяне і камні.

– Глядзі-і, - сказаў незнаёмы і сыпануў камяні па Ігнатавым полі. І яшчэ. І яшчэ. Засеяў усё поле.

– Ну вось. Даў сёння хлеба яе дзецям?

– А што? Галадранцы. Самога з’ядуць, як мяккі будзеш.

Незнаёмы махнуў рукой.

Камні пачалі расці. Усе трох стаялі і глядзелі, як яны растуць: каменьчыкі -камні - камяні - камяніскі. Усё поле закрылі - Ігнат аж падскокваў.

— Ну чакайце, за такімі вы яшчэ й да мяне ўсе прыбяжыце.

Прыйдзеце, любенькія, як прыпрэ.

Паглядзеў на яго незнаёмы, плюнуў.

– Ну вось, маеш, - сказаў.

– А чаму яны не зарываюцца?

– А таму, што вечна ім заставацца на вачах у людзей, як кожнаму скнарству, як кожнай жорсткасці, як кожнай нелюбові да людзей, як кожнай Несправядлівасці.

І пайшоў з жанчынай да яе хаты.

Кінуўся шчаслівы гаспадар да поля - не поле, а суцэльная каменная крушня. Валуны велічынёю з хату. На тысячу год наперад з зямлі вылезлі.

Пакуль дзеці, незнаёмы і жанчына елі ў хаце “камяні” - усё наваколле чула з-за каменнага мура дзікі віск і выццё. Выў і рыкаў Ігнат.

А пасля незнаёмы ўстаў.

– Пайду, - сказаў ён, закінуўшы за плечы торбу.

– Чым мне табе аддзячыць?

– Нічым. Дабрынёю да людзей. Ды гэтага дабра ў цябе заўжды хапала.

– Пайду пагляджу, як сусед. Звар’яцеў, пэўна.

– Нічога. Я ж кажу... дабра ў нас хапала. Залішне.

І пайшоў у свет, абапіраючыся на кій. Пад касыя асеннія хмары. Насустрач пералётам, што, калючыя, каціліся яму пад ногі. Ужо зводдаль азірнуўся -Мар’я і дзеці глядзелі яму ўслед, маленькія на чорнай раллі.

– Гэй! А імя ёй будзе - Бульба!
– крыкнуў ім незнаёмы.

Поделиться с друзьями: