Вясна ўвосень
Шрифт:
Нядзеля надыходзіць - прыбягае з двара брат у страшэннай трывозе. Глянулі - шляху пад вужамі не бачна. Наперадзе вужынага войска паўзе вуж з сінім вянком на галаве ды яшчэ й папярок тулава нечым белым перацягнуты, быццам сват ручніком. Падняўся ён на хвасце і сказаў, б’ючы чалом:
– Дзень добры, бацькі. У вас тавар, у нас гандляр...
Паплакалі бацькі, ды рабіць нечага. Тое, што маці кветку ад яго, вужа, узяла - гэта яшчэ б паўбяды, ды дрэнна тое, што сама дачка вужынаму каралю абяцала і клятву давала. А клятвы трымацца трэба, хоць лопні, а зрабі.
Сабралі яны дзяўчыну плачучы, быццам у труну клалі зажыва. І толькі спыталася маці ў вужа-свата, калі ж яна ў госцейкі прыйдзе, ды той толькі чорнай галоўкаю кіўнуў. Два браты ўзяліся было за сякеры, калі вужы іхнюю сястру вялі, ды як пабачылі, што тых шмат - паступіліся. Плача Яліна.
Вось ужо і хата яе за бугром схавалася, вось апошні раз буслава гняздо на грушы відаць. Бывай, родная хата!
Плача Яліна-красуня, гарачымі слязамі заліваецца: “Аддалі мяне, прапілі мяне, збылі ў край далёкі. А там і сонца не ззяе, там і людзі злыя, усё сякерамі б’юцца. І па буднях там дождж, дождж, дождж, і па святах там дождж, дождж, дождж”.
Падплыў да берага дубовы човен, аплецены белаю лілеяю, і павезлі яе цераз раку, цераз межытокі дрыгвяныя, дзе толькі аднаму вузкаму палескаму чоўну плысці. К заходу сонца прыплыў човен на далёкую выспу. Уся яна пушчаю дрымучай абрасла, хмелем перавілася, павуціннем пераблыталася. І пасяродку гэтага царства мёртвага, бязлюддзя суворага стаіць палац закінуты з дзевяццю вежамі, а вакол яго па ставу нячутна плаваюць чорныя лебедзі. І ўсё як быццам сон здушыў: ціха, як на могілках.
Ходзіць Яліна па багатых пакоях - закінуты палац. Нават вужы знадворку
засталіся.
А ўжо і ноч бліжэй, пачалі ў вежах кажаны лятаць, калышучы павуцінне. Ціха-ціха, ноч на балоты сядае, зоры запальвае, увесь свет ад верху да нізу зорамі гарыць.
У замку святла няма і вакол хоць бы дзе людскі, цёплы, пяшчотны аранжавы агеньчык бліснуў, толькі бегаюць па куп’і сінія балотныя агні.
І раптам ззаду чалавечы голас загучэў, ды такі мяккі, малады, прыгожы.
– Чакай, не павяртайся, Яліна гожая, спудзішся ты нават выгляду майго, мая любая. Што ж казаць табе, чым прывеціць цябе, дрэўца маё маёвае? Звыкла ты жыці на цёплай зямлі, дзе сонца свеціць, дзе кветкі квітнеюць міласныя - не прыйдзецца табе даспадобы мой замак балотны. Цемра ў ім, багна на яго дыхае, сонца сюды не зазірае. Ах як цяжка жыці сярод камянёў балотных. Пашкадуй жа ты мяне, караля вужынага, пашкадуй маё прапашчае жыццё, пакахай мяне, гада падкалодн ага.
Адказала Яліна:
– Чую цябе, кароль вужоў, халоднае тваё жыццё ў шэрых камянях, шкадую я цябе. Аддалі мяне табе бацькі мае, таму буду я вернаю жонкай: не здраджу, не прадам ворагу, вернай буду да сканчэння дзён, але не прасі ты кахання майго, бо не маю яго я...
Вось і гады прайшлі, шмат разоў адляталі і зноў прыляталі на замкавыя ставы чорныя дзікія лебедзі. Жыве Яліна - вужыная каралева ў палацы ўжо не адна. Разам з ёю сустракаюць зімы з завірухамі белымі, вёсны з квітненнем балотных траў і восені, якія забіваюць на багнішчах балесную вольху, дзеці: сыны - Дуб ды Ясень і дочкі - Бяроза ды Асінка. Старэйшы, Дуб, моцны быў, каржакаваты, моц сваю пытаць любіў. Бярозка была пяшчотная, і з вачэй быццам святлом ззяла. У яе ж і Ясенька пайшоў, прыгожы, страмкі, светлы. Ды й Асінка была прыгожая: ломкая гэткая, пужлівая, тоненькая.
Але ўсё ж такі сумна Яліне. Мужа яна так і не бачыць удзень, бо ён не жадае, каб яна выгляду яго вужынага баялася. Ды й роднай хаты не відаць столькі год - таксама не жартачкі. Пачала яна мужа прасіць, каб той адпусціў яе з бацькамі пабачыцца. Паслухаў ён яе і кажа ціха:
– Што ж, з’ездзі, калі жадаеш. Сумна мне будзе. Адпускаю я цябе на тры дні і тры ночы, а потым, калі спознішся - будзе мне кепска. Буду я жыць гэты час у рацэ, калі вернешся - адламі ад крывой вольхі галінку і кінь яе ў струмень - я выпаўзу. Толькі дзеткам пра гэта накажы не казаць нікому. Яны ў палацы застануцца. І вось яшчэ што: кожны ранак прыходзь да межытокі і кажы такое:
Калі жывы ты, калі чуеш ты,
Як заву цябе, змарнелая, -Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь,
Закруціся, пена белая.
Калі ж вочы твае мілыя Не глядзяць на свет, яскравыя,
Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь,
Пена алая, крывавая.
Паехала Яліна дадому ў дубовым чоўне, абвітым белаю лілеяю. Вось хутка-хутка родная хата, вось выглянула ўжо яна з-за бугра, вось і бацька з маткаю стаяць на парозе і глядзяць на яе.
Гэткае шчасце! Добра пасля цёмнага вужынага каралеўства ў родным краі, дзе кожную сцежку сгаптаў ты па расе босы. Толькі-толькі распытала маці Яліну аб яе жыцці, як раптам кажа ёй старэйшы брат:
– Ну, досыць. Жыві з намі. Сама ж прызналася, што ніколі яму слова “каханы” не сказала.
– Не, не магу, дзяцей там пакінула я.
– Дзеці! Ці ж гэта дзеці, гэтыя нехрысці. Нашто табе дзеля іх жыці там, дзе й сонца не бывае.
– Мо таму й жыву, што сонца там няма, бо калі б добра там было - пайшла б адтуль прэч.
Ранак настаў, пайшла Яліна да межытокі. Усё як трэба, маці і дзеткі жывыя: паявілася, закруцілася белая пена з вадзяной глыбы. Вярнулася дадому, а братоў няма, недзе на сенажаць пашкандыбалі. Толькі не ведала Яліна, што зусім не на сенажаць паехалі яны, а на тую самую выспу, дзе яна жыла. Яліна ж ім, дрэннага не прадчуваючы, аб гэтым апавяла. І тыя парашылі, што, калі заб’юць яны вужа, вернецца іх сястра ў родны дом.
Адшукалі яны выспу з закінутым палацам, выцягнулі з ладдзі мячы і пакрочылі тудой. І яшчэ болей жахнуліся, калі ўбачылі шэрыя муры з вузкімі вокнамі, павуцінне і кажаноў пад зводамі. І тут жа ўбачылі чатырох дзяцей, але, колькі не шукалі - не здолелі знайсці вужынага караля. Падступіліся да дзяцей:
– Кажыце, шчанюкі, дзе ваш бацька?
Тыя нічога не сказалі, толькі Дубок плюнуў на падлогу і адвярнуўся. Скруцілі браты дзяцей па руках і нагах, распалілі вогнішча і пачалі іх біць і менчыць, каб дапытацца, чаго жадалі. Шмат часу сціналі Дубка, а ён маўчыць, сціснуў вусны, як дарослы, і толькі як падгрэблі да яго ног жар - вылаяўся і змоўк зусім. А ні стогну, а ні крыку. Пакінулі яго браты, узяліся за Бярозку. У той вялікія вочы абурэннем наліліся, слёзы на іх варам ускіпелі. Плюнула яна ім у вочы. За Ясеньку ўзяліся, падралі на ім вопратку, катавалі цела белае, а Ясень смяецца ім у вочы, песні пачаў спяваць, здзеквацца пачаў да таго, што ў братоў вочы крывёю наліліся:
– У, змяіныя вырадкі.
Адказаў Ясень:
– Чаго лічыць, хто ад каго нарадзіўся. У нас бацька змей, а справы чалавечыя, а ў вас бацькі людзі, а ўчынкі вашыя, як у змяі.
Схапілі браты малодшанькую, Асінку. А тая, як пабачыла гэта, -затрымцела і заплакала.
– Кажы, дзе бацька, бо мы зараз братоў тваіх заб’ем і сястру заб’ем.
Заплакала Асінка і ўсё распавяла. Браты кінулі ўсё і пабеглі да крывой
вольхі. Дно там чыстае, пясчанае. Выманілі яны караля вужоў на бераг, пасеклі яго мячамі і кінулі ў ваду, а потым паехалі дахаты. Ранак трэцяга дня падходзіць. Кліча Яліна на беразе ля межытокі мужа:
Калі жывы ты, калі чуеш ты,
Як заву цябе, змарнелая, -Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь,
Закруціся, пена белая.
Калі ж вочы твае мілыя Не глядзяць на свет, яскравыя,
Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь,
Пена алая, крывавая.
Ціха ўсё на паверхні. Збіралася ўжо дадому ісці, як раптам гайданулася вада, і выплыў на паверхню, разгарнуўшыся, як дзіўная кветка, алы згустак крыві. І потым распырскалася, закіпела ў глыбіні крывавая чырвоная пена.
Кінулася Яліна ў хату, схапіла вёслы, а ўжо матка зразумела, у чым справа: стала сярод хаты на каленях, не пушчае: