Вясна ўвосень
Шрифт:
І стаў з таго часу верабей скакаць адразу дзвюма ножкамі.
А саве ўсе птушкі і да гэтага часу аніяк не могуць дараваць, што яна праспала. Надта ўжо сваіх пер’яў шкада.
І вось варта саве раніцай не дабрацца да дупла і заснуць недзе пад ялінай ці кустом, - тут усе птушкі навальваюцца на яе цэлай хмарай, скубуць ды крычаць:
– Аддай маё пер’е! Ад-дай маё пер-р-р’е!
Не верыш - спытай у старых людзей, у паляўнічых, якія гэта на свае вочы шмат разоў бачылі.
І хаця сава і суцяшае сябе, што арол ды сокал яе не чапаюць, а скубуць яе, бязвінную, адны вароны, сарокі ды пахучыя ўдоды - дрэннае гэта, па-мойму, суцяшэнне.
Дробязь тая - самае гэта нікуды не вартае на свеце. Лепей ужо з арлом схапіцца, абы толькі розная жамяра ды малеча цябе не шчыкалі і не скублі.
...Адзін толькі верабей, нават і цяпер, жыве сабе і не шманае. Ну, ногі скруцілі. Падумаеш, бяда вялікая. Скача сабе на абедзвюх адразу ды заліваецца:
Я - вясёлы верабей, Я - арол-верабей, Вельмі смелы верабей, Верабей, Верабей, Вера- Вера- бей!Жабкі і чарапаха
На беразе маленькага ляснога возера-балотца разгарлаліся, разышліся і наладзілі канцэрт жабы. Церушыў на іхнія галоўкі цёплы дожджык, свяціла праз яго сонца. Весела было жабкам - вось яны і спявалі.
І тут прыплыла пратокай з такога самага суседняга балотца-возера вялікая балотная Чарапаха. Жыла яна адна, пачула вясёлыя спевы і вось прыплыла, вынырнула, напалову вылезла на бераг і ўся аж зморшчылася ад асалоды. Надта добра спявалі жабкі.
– Жабкі, жабкі, дзень добры.
– А ты што за цуда-юда?
– спыталі жабкі.
– Я Чарапаха.
– Бачыць такое не бачылі, чуць гэткае не чулі. Значыць, не можа цябе
быць.
– Ды ёсць жа я, - сумна сказала Чарапаха.
– І як жа вы добра спяваеце! Паўтарыце, калі ласка. Проста салаўі.
– Можам, - сказалі ўлешчаныя жабкі.
Ку-ма, кума Бор-ршчык вар-рыла.
– Выдатна, - сказала Чарапаха.
– Выключна. Жабкі-жабкі, прыміце мяне ў
свой хор.
– А ты спяваць умееш?
– Не. Я слухаць люблю.
– Дык слухай. Здалёк. Ці прывядзі сястру, якая ўмее.
– І яна не ўмее, - сумна сказала Чарапаха.
– Мы, чарапахі, не ўмеем спяваць. Голасу нам не дадзена.
– Дык нашто ты нам тады?
– спыталі жабкі.
– А слухаць вас хто будзе? Хваліць?
– Нас і так усе чуюць. І ўсе хваляць
– Ну і я ціхенька сядзела б ды хваліла, - сказала добрая і разумная Чарапаха.
– Дык ты, можа, яшчэ нешта ўмееш?
– спытала Галоўная Жаба ў хоры, якая аж дзьмулася ад важнасці.
– Плаваць умею. Ныраць.
– Гэта й мы ўмеем. А скакаць умееш?
– Не, - уздыхнула Чарапаха.
– Нічога ты не ўмееш... А мы яшчэ нясём ікру. Жабурынне.
– Я замест яе яйкі нясу, - сказала Чарапаха.
– Вялікія.
– Ф-фу, - сказала Галоўная, - яйкі... Ну, паспрабуй усё ж заспяваць.
І Чарапаха зарыпела:
Свеціць месячык з гары На шчытах у чарапах
На глыбокія віры. Сіняе святло гарыць.
– Словы нішто сабе, - сказалі жабы, - але ж голас? Бр-р-р!
– Дык я б вам - словы, а вы б - спявалі.
– Словы ў нас не горшыя. Самі прыдумалі:
Што вар-рыла, кум-ма, кум-ма?
Борш, бор-ршч, бур-ракі.
– Добрыя словы, - сказала Чарапаха, - але галасы ў вас лепшыя.
– І што гэта за “шчыты ў чарапах”?
– спытала Галоўная Жаба.
– А вось тое, што на мне.
– Гэта карычневае?
– усхваляваліся жабы.
– Гэта брыдкае? Ну не. Мы вось такія прыгожыя. Зялёныя. Бліскучыя. Як лакіраваныя.
– Жывыя, - сказала Чарапаха, - усе прыгожыя.
– А чаму гэта брыда завецца шчытом?
– спытала Маладзенькая Жабка.
– Яна цвёрдая.
– Няўжо-о? Во-ой! Быць не можа.
Самая смелая з жабак падплыла асцярожна і дакранулася да панцыра
лапкай.
– Вой! Яна ж як жалезная!
– Ну і што?
– сказала Чарапаха.
– Цвёрдая!.. Голасу не мае!
– Усё роўна вы мне падабаецеся. Спяваеце прыгожа. Мне адной сумна.
Але жабы ўжо разышліся:
– Жалезная жаба, - зарагатала самая насмешлівая.
– А мы мяккія жабкі. Зялёныя.
– Жалезная! Гы-гы-гы!
Чарапаха пачала крьіўдаваць:
– Кожная жывёла - розная. А я - карысная.
– І мы кар-рысныя... А ў цябе голасу няма... Кар-рычневая...
– Жаба ў танку, - пажартавала насмешніца.
Пакрыўдзілася бедная Чарапаха, нырнула і паплыла ў пратоку, а пасля ў сваю азярынку. А жабы, гледзячы на яе бурбалкі, зноў завялі сваю валынку з катрынкай:
Бур-ракоў не было -Бр-ручкі навар-рыла.
.Ну і што? І ці добра гэта атрымалася? Тут сабе жабкі весела спяваюць дурныя словы добрымі галасамі. А там Чарапаха, што не мае голасу, але ведае добрыя словы, ляжыць сабе пад вадой, пад святлом месяца, пакрыўджаная і адна-адзінюсенькая.
І нашто, калі ты зялёны і мяккі, лаяць таго, хто карычневы і цвёрды? Ты вось ходзіш на дзвюх нагах, а кот - на чатырох. І няхай сабе.
Дрэнна вы зрабілі, жабы. Ану, марш адразу ж у Чарапахі прабачэння прасіць, перапрашаць яе.
Вясна ўвосень
Маленькі Янка цяжка захварэў. Ляжыць увесь чырвоны, нічога не бачыць і не чуе. Нават Аленкі не пазнае. І не ведае яна, чаго дактары ў доме. Чаго мама плача, калі думае, што ніхто не бачыць яе?
А Янку здаецца: шуміць цёмнае мора пад хмарамі. Ад берага адплываюць чорныя караблі, і завозяць яны некуды ў свет усе ягоныя цацкі. Вось салдацікаў павезлі. Ну хай салдацікаў. А нашто яны Мішку забіраюць? Заўтра дзень нараджэння, а Янка з ім нават не пагуляў.
Апошняга павезлі мардастага шчанюка. Той вішчыць - цёмна ў моры.
– Можа, ты хочаш чаго, сынок?
– спыталася мама.
– Сонейка, - сказаў Янка. Нават вачэй не расплюшчыў.
Якое там сонейка! Восень. Льюць шэрыя дажджы. На клёнах дурное лісце. Дурное, бо даўно яму трэба ўпасці.